У Хоцімскім раёне начальства скрала паўсотні тон угнаенняў, падкупала работніцу, але тая іх выдала

Крадзёж са злоўжываннем службовымі паўнамоцтвамі і замах на дачу хабару інкрымінаваны 55-гадоваму намесніку дырэктара аграрнага прадпрыемства Хоцімскага раёна і яго саўдзельніку, 51-гадоваму жыхару Краснаполля. 

Як паведамляе генеральная пракуратура, дзейнічаючы па папярэдняй змове, абвінавачаныя выкралі 47,5 тон угнаенняў коштам больш як 7 тысяч беларускіх рублёў. Затым гэтыя ўгнаенні яны вывезлі ў Расію і прадалі там.

Для ўтойвання гэтага факта зламыснікі спрабавалі падкупіць загадчыцу склада сельгаспрадпрыемства. Аднак жанчына не прыняла 30 тысяч расійскіх рублёў хабару і крадзёж быў раскрыты дзякуючы ёй.

Пасля таго як абвінавачаныя даведаліся, што пра крадзёж стала вядома, то разам з калегам з іншага сельгаспрадпрыемства, намеснік дырэктара выкраў яшчэ 48,5 тон аналагічных мінеральных угнаенняў. Гэтыя ўгнаенні даставілі на склад замест раней выкрадзеных. 

Такім чынам, сукупная шкода ад злачыннай дзейнасці намесніка дырэктара і яго саўдзельніка перавысіла 11 тысяч беларускіх рублёў. 

Зламыснікі знаходзяцца зараз пад вартай, у іх дачыненні заведзена крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Спаліўся на крадзяжы алкаголя і ласіных рагоў – сяльчанін гадамі абкрадаў аднавяскоўцаў

Уладальнік дачнага дома стаў ахвярай злодзея, аднак сістэма відэаназірання зафіксавала злачынцу.

Як паведаміў начальнік Крычаўскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Мікалай Войтаў, у доме, які пацярпелы выкарыстоўвае як лецішча, невядомы разбіў акно, пракраўся ўнутр і выкраў спіртное і ласіныя рогі. Скрадзенае гаспадар дома ацаніў у суму больш за 300 рублёў.

Аднак устаноўленая ў доме сістэма відэаназірання дазволіла гаспадару апазнаць у злодзеі аднавяскоўца – 48-гадовага жыхара аграгарадка Верамейкі. Больш за тое, падчас агляду месца здарэння спецыяліст Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз зняў след абутку, які па выніках правядзення экспертызы супаў з падэшвай гумовага бота падазраванага.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі мужчыну. Падчас расследавання вясковец прызнаўся, што здзейсніў яшчэ два крадзяжы з дамоў сваіх аднавяскоўцаў у 2020 і 2022 гадах.

Такім чынам, вынікі расследавання надзвычайнага здарэння двазволілі раскрыць цэлы шэраг злачынстваў, здзейсненых жыхаром Верамеек. У дачыненні да мужчыны Чэрыкаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацынае

Незаконная здабыча казулі пад Касцюковічамі скончылася крымінальнай справай

На Касцюковіччыне ўзбудзілі крымінальную справу ў дачыненні да мужчыны, які груба парушыў Правілы палявання.

Як распавёў начальнік Касцюковіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксандр Крымкоў, пры правядзенні палявога мерапрыемства ў студзені 2023 года супрацоўнікамі інспекцыі быў затрыманы мужчына, які вырашыў праігнараваць Правілы палявання.

Пры паляванні на пушную дзічыну (а гэта заяц, ліса, вавёрка і інш.) мужчына вырашыў здабыць што-небудзь пабольш. Мэтай палянічага стаў самец казулі, якога ў гэты час, паводле Правілаў палявання, здабываць было забаронена. Паляўнічы, пагрэбаваўшы правіламі, здабыў звера, аднак сутыкнуўся супрацоўнікамі Касцюковіцкай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету

У выніку незаконных дзеянняў была ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да парушальніка. Больш за тое, мужчына ў добраахвотным парадку ўжо кампенсаваў шкоду, якую прычыніў навакольнаму асяроддзю, у памеры 4 625,00 беларускіх рублёў.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Ветэрынар ішоў смела – расследуецца, як мужчына праваліўся ў калодзеж на ферме

У Клімавічах расследуецца крымінальная справа аб службовай халатнасці. 

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Таццяна Старасотнікава, 12 студзеня ў Клімавіцкую раённую бальніцу звярнуўся 58-гадовы мясцовы жыхар. Высветлілася, што пацярпелы з’яўляецца галоўным ветэрынарным урачом сельскагаспадарчага прадпрыемства. 

Ідучы па тэрыторыі малочна-товарнай фермы, работнік праваліўся ў адкрытую, але заснежаную студню. У выніку мужчына атрымаў закрыты пералом левай галёнкі. 

Разынкай гэтага здарэння з’яўляецца тое, што ветэрынар ведаў пра калодзеж у гэтым месцы. Аднак студня заўсёды была закрыта драўляным шчытом. Пра тое, што цяпер яна можа быць адкрытай, мужчына не мог і думаць, пагэтаму смела ішоў па заснежанай тэрыторыі фермы.

У дачыненні да выконваючага абавязкі дырэктара прадпрыемства распачата крымінальная справа за службовую халатнасць.

Фота ілюстрацыйнае

Магіляўчанка прыхапіла забыты на лаўцы чужы тэлефон

У міліцыю звярнуўся 36-гадовы мясцовы жыхар, які распавёў, што ў яго быў выкрадзены мабільны тэлефон коштам каля 1000 беларускіх рублёў – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Сышчыкі высветлілі, што чужую маёмасць забрала мясцовая жыхарка. Уладальнік гаджэта ў стане лёгкага алкагольнага ап’янення забыў свой сродак сувязі на лаўцы каля пад’езда аднаго з дамоў, дзе гасцяваў.

Пенсіянерка-жыхарка гэтага ж дома заўважыла гаджэт і неўзаметку забрала яго. 

Уладальнік выявіў згубу свайго тэлефона толькі раніцай.

У дачыненні да пенсіянеркі следчымі ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Рыдыкюль з рэчамі на 2100 рублёў скралі ў жыхаркі Магілёва

34-гадовая жыхарка абласнога цэнтра пазбавілася сумкі з маёмасцю на суму каля 2100 рублёў, калі яна выходзіла з начнога рэстарана – паведамляецца ў зводцы УУС Магаблвыканкама. 

Праваахоўнікі высветлілі, што падчас пераапранання ў гардэробе, у яе з сумкі незаўважна для уласніцы выпаў рыдыкюль з маёмасцю. Яго і прыхапіла незнаёмая наведвальніца ўстановы, што знаходзілася побач.

Незнамка на вуліцы выкінула сумку і тэлефон, пакінуўшы сабе кашалёк. Выкрадзенае канфіскавана часткова. У дачыненні да фігуранткі ўзбуджана крымінальная справа.

Спартыўны комплекс у Крычаве пераплаціў камунальнікам 650 тысяч рублёў, заведзена справа

Кантралёрамі камітэта дзяржкантроля Магілёўскай вобласці было ўстаноўлена, што Крычаўскім фізкультурна-аздараўляльным комплексам на працягу некалькіх гадоў аплачваліся завышаныя больш чым у два разы рахункі, якія прад’яўляліся яму за паслугі цеплазабеспячэння мясцовым камунальным прадпрыемствам «Камунальнік».

Як паведамляюць у абласным ведамстве, па выніках праверкі было выяўлена больш за 650 тысяч рублёў сродкаў, якія незаконна атрымлівала жыллёва-камунальная структура «Камунальнік».   

Прычынамі правапарушэння з’яўляюцца адсутнасць належнага кантролю за цеплавой энергіяй, якую спажываў Крычаўскі фізкультурна-аздараўляльны комплекс, а таксама ўтойванне камунальнікамі расходу паліва на кацельні і аб’ёмаў фактычнай яе вытворчасці.

Па матэрыялах гэтай праверкі следчымі органамі ў дачыненні да службовых асоб камунальнага прадпрыемства Крычава ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае.

Хронікі рэпрэсій – палітвязню не даюць лекаў, затрымалі архівіста, супрацоўніцу Крычаўскай бальніцы

У магілёўскай турме журналісту і палітзняволенаму Сяргею Сацуку (на фота) не даюць лекаў у неабходнай колькасці – паведамляюць праваабаронцы са словаў родных. Сваякі Сяргея Сацука атрымалі ад яго два лісты запар, у якіх ён скардзіцца, што па-ранейшаму не мае патрэбнага лячэння:

– Моцна захварэў, паднялася тэмпература і абвастрыўся гаймарыт. Піша, што гэтым разам прыхапіла грунтоўна. Але толькі калі адкрыўся рэзкі кашаль, лекар даў антыбіётык і нават дазволіў два дні пасцельнага рэжыму – само па сабе небывалае паслабленне. Па-ранейшаму праблемы з сэрцам, здарыўся прыступ мярцальнай арытміі, бо для эканоміі таблетак, якія заканчваюцца, ужывае толькі палову ад неабходнага. Лекі, што мы высылалі раней, не аддаюць, хоць ён рэгулярна звяртаецца. На жаль, хваравіты стан ігнаруюць.

Супрацоўнік архіва Магілёўскай вобласці затрыманы сілавікамі. Інфармацыя пра гэта з’явілася 27 студзеня ў набліжаным да ГУБАЗіК тэлеграм-канале. На камеру мужчыну прымусілі расказаць, што ён з’яўляецца супрацоўнікам дзяржустановы, і прызнацца ў тым, што ў 2021 годзе ён «уступіў у забароненае экстрэмісцкае фармаванне».

За каментары і пасты ў сацыяльных сетках на спецыяліста раённай бальніцы ў Крычаве ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 367 і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У выніку жанчына гарантавана пазбавіцца свайго працоўнага месца і ў лепшым выпадку павінна будзе заплаціць штраф. Пры горшым раскладзе яе могуць асудзіць і даць рэальны турэмны тэрмін. 

Фота з адкрытых крыніц

Суценёрка схіліла да прастытуцыі дзяўчыну з Магілёўшчыны, але вывесці ў Расію яе не змагла

Абодвух жанчын затрымалі на аўтавакзале ў Віцебску, адкуль яны спрабавалі з’ехаць на аўтобусе ў Расію.

42-гадовая жыхарка Віцебску пазнаёмілася з 20-гадовай жыхаркай Магілёўшчыны ў сацыяльных сетках і ўгаварыла заняцца прастытуцыяй. Дзяўчыне былі абяцаныя добрыя ўмовы пражывання ў апартаментах і зарплату ад двух тысяч долараў штомесяц, паведамляе тэлеграм-канал «МВД Беларуси».

Супраць суценёркі, якую праваахоўнікі называюць «трафікёршай» узбуджана крымінальная справа.

 

З нажом арандатар возера бараніў яго ад рыбакоў. Цяпер з ім разбіраецца міліцыя

Арандатар возера парэзаў шыны прыватнага легкавіка за тое, што без яго дазволу ўладальнік вудзіў рыбу.

Такі інцыдэнт адбыўся ў Бялыніцкім раёне на возеры ля вёскі Галоўчын. Сям’я з малымі дзецьмі прыехала адпачыць. Бацька ўзяўся вудзіць. Да іхнай машыны падбег з нажом мужчына, нічога не кажучы парэзаў шыны і з’ехаў на сваёй.

Як аказалася, нападнік быў арандатарам вадаёму. Яго абурыла, што адпачывальнікі без дазволу сталі лавіць рыбу на падрыхтаваным ім для рыбаразвядзення возеры, піша бялыніцкая раёнка «Зара над Друццю».

Супраць арандатара распачата крымінальная справа за «Хуліганства». Яму пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

фота: intex-press.by