Зноў сарвалі чырвона-зялёны сцяг – цяпер у Магілёве, пасля вечарынкі

Магілёўскі суд прызначыў тры месяцы арышту.

Да трох месяцаў арышту прысудзілі магілёўцу, які сарваў чырвона-зялёны сцяг з аднаго з будынкаў. Дрэўка пры гэтым зламалася, а палотнішча мужчына кінуў на зямлю.

Перадгісторыя «нападу» на сцяг не вылучаецца ўнікальнасцю і пачынаецца са слоў «два сябры вярталіся з забаўляльнай установы ў стане алкагольнага ап’янення».

Тым самым падкрэсліваецца, што ніводзін беларус, які знаходзіцца ў здаровым розуме і цвёрдай памяці, на падобнае блюзнерства не пойдзе. 

Пры гэтым статыстыка паказвае, што стаўленне беларусаў да калькі сцяга часоў СССР – не самае цёплае. Можна нават сказаць, што не зрывае яго толькі лянівы, і п’янка тут – не галоўны пасыл.

Зрэшты, прыхільнікі Лукашэнкі, якія рвалі на кавалкі БЧБ-сцяг пасля антыканстытуцыйнага перавароту 1995 года, відавочна перад гэтым «прынялі на грудзі». Адсюль і традыцыя. 

Незразумела толькі, чаму за аднолькавыя ўчынкі адных саджаюць у міністэрскія крэслы, а другіх – у камеру.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Стаў вядомы прысуд прадпрымальніку, у якога падлетку адрэзала тры пальцы

Адзін год “хатняй хіміі” атрымаў дырэктар камерцыйнай арганізацыі за няшчасны выпадак на вытворчасці, дзе пацярпеў неабучаны падлетак.

Падзеі адбываліся ўлетку 2025 года, калі работнік камерцыйнай арганізацыі прапанаваў суседскаму сыну падпрацаваць на вытворчасці. Падлетак пагадзіўся і нават запрасіў яшчэ свайго прыяцеля. 

Хлопцы працавалі без якога-кольвечы афармлення цэлы тыдзень. Прычым адзін з іх быў дапушчаны да працы на валкавым прэсе, хоць не меў дастатковых ведаў аб бяспецы пры такой працы, не праходзіў ні інструктаж, ні ўвогуле нейкага навучання для выканання такіх работ.

У працэсе працы правая рука падлетка трапіла паміж пракатным валам прэса і штанцформай, з-за чаго яму адрэзала тры пальцы на ўзроўні сярэдняй фалангі. 

Потым правяраючыя знайшлі масу парушэнняў правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі на прадпрыемстве. Сярод іх – адсутнасць адпаведнага пазначэння небяспекі і абарончых агароджаў. Ну а самае галоўнае парушэнне – допуск да небяспечнай працы неабучанага падлетка.

Падчас працэса ў Магілёўскім раённым судзе, дырэктар фірмы цалкам прызнаў сваю віну ў няшчасным выпадку з падлеткам. Яму прысудзілі адзін год “хатняй хіміі” і выплату пацярпеламу 25 тыс. рублёў кампенсацыі. Таксама мужчына два гады не можа займаць пасады, звязаныя з забеспячэннем правіл аховы працы і тэхнікі бяспекі.

Прысуд пакуль у сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Былы начальнік магілёўскага следства асуджаны за “экстрэмізм”

Магілёўскі абласны суд вынес прысуд 59‑гадоваму былому следчаму Дзмітрыю Шышкову, якому выраблялі фэйкавы пашпарт “Новай Беларусі”.

Былога следчага асудзілі паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэкса – «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе «хіміі» з накіраваннем або пазбаўлення волі ў калоніі. Пры гэтым дакладны тэрмін пакарання не раскрываецца: не выключана, што ён мог цалкам адбыць яго ў следчым ізалятары або атрымаць умоўны прысуд. Пра гэта паведамляе «Наша ніва».

У 2010 годзе ён узначаліў следчае ўпраўленне УУС Магілёўскага аблвыканкама, а пазней працягнуў службу ў Следчым камітэце.

Пасля сыходу з праваахоўных органаў Шышкоў уладкаваўся ў праўладнае інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасці». У 2019 годзе ў “Магілёўскіх ведамасцях” яго прадстаўлялі як падпалкоўніка юстыцыі ў адстаўцы. Публікацый за яго подпісам у адкрытым доступе няма. У 2023 годзе ў эфіры тэлеканала АНТ заяўлялі, што яго звольнілі з агенцтва з-за палітычных поглядаў.

У сакавіку 2024 года той жа канал АНТ прадэманстраваў так званы «пашпарт Новай Беларусі», нібыта аформлены на імя Шышкова. Аднак прадстаўлены дакумент меў прыкметы падробкі: прозвішча было напісана па-беларуску з памылкай, а менавіта – з выкарыстаннем рускай літары «и».

Скрыншот АНТ

На Магілёўшчыне падлеткі зрывалі ЧЗ-сцяг

Пасярод ночы маладыя жыхары магілёўскай глыбінкі сарвалі чырвона-зялёны сцяг з будынка мясцовага аддзялення банка, а потым зафарбоўвалі нешта на пешаходных пераходах. 

Здарэнне, яўна падобнае на супраціўленне афіцыёзу, у афіцыйных крыніцах апісваецца досыць мудрагеліста. На сайце Вярхоўнага суда гаворыцца пра дзяўчыну, якая на кастрычнік 2025 года, ужо дасягнула паўналецця, і якая, быццам бы, вырашыла выпрабаваць пачуцці 17-гадовага хлопца. Як піша суд, яна мела ў яго аўтарытэт і карысталася даверам. Дзяўчыне раптам захацелася мець чырвона-зялёны сцяг РБ і яна папрасіла хлопца сарваць яго ўначы з будынка банка. Што той і зрабіў, заадно зламаўшы дрэўка. 

Таксама яна прапанавала зафарбаваць дарожныя знакі фарбай, якая не была хлопцу патрэбная. Той паслухмяна зафарбаваў два знакі “Пешаходны пераход”, прычыніўшы шкоду камунальнай гаспадарцы на амаль 140 рублёў.

На судзе абодва прызналі сваю віну. Хлопец па абвінавачванні ў хуліганстве і “здзеку з дзяржсцягу” атрымаў год калоніі з адтэрміноўкай на год. А дзяўчына – тры гады і шэсць месяцаў “хатняй хіміі” за падбухторванне заведама непаўналетняга.

Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак ілюстрацыйны

Крычаўскі суд прызнаў “экстрэмісцкім” ТікТок грамадскай дзяячкі Вольгі Карач

Суд Крычаўскага раёна ўнёс у спіс „экстрэмісцкіх“ матэрыялаў Тікток-акаўнт volya.by, які размяшчаў ролікі з Вольгай Карач.

Пра тое, што Тікток Карач цяпер лічыцца “экстрэмісцкім” па рашэнні Крычаўскага суда, стала вядома праваабаронцам.

Вольга Карач – ураджэнка Віцебска. Заснавальніца газеты «Витебский Курьер», зарэгістраванай у Расіі. З сакавіка 2008 па сакавік 2012 года была старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Кіраўніца Міжнароднага Цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў «Наш Дом», зарэгістраванага ў Чэхіі.

Актыўна выступае супраць рэжыму Лукашэнкі, за што пераследуецца ўладай. Апошні час жыве ў Літве. У жніўні 2023 года стала вядома, што Літва адмовіла Вользе Карач у прадастаўленні палітычнага прытулку. Потым ёй быў прадастаўлены часовы від на жыхарства на гуманітарных падставах. У 2024 годзе ўлады ў Беларусі завочна прыгаварылі жанчыну да 12 гадоў пазбаўлення волі і буйнога штрафу.

Таксама Вольга Карач рэзка крытыкуе лідараў беларускай апазіцыі, у тым ліку Святлану Ціханоўскую.

Фотаздымак Тікток-акаўнт volya.by

Бабруйчаніна адправілі на “хімію” за пагрозы забіць падчарку-падлетка

Бабруйчанін пастаянна збіваў і пагражаў забіць 12-гадовую дачку сваёй сужыцелькі. Суд адправіў яго на чатыры гады на “хімію”.

Як стала вядома на судзе ў Бабруйску, з красавіка па кастрычнік мінулага года мужчына сістэматычна збіваў дзяўчынку. З-за свайго малалетства і бездапаможнасці яна не магла аказаць крыўдзіцелю нейкага супраціву.

Адметна, што ўпершыню мужчына прымяніў фізічны гвалт да дачкі сужыцелькі на дзень яе народзінаў. Аднойчы схапіў яе за шыю і душыў – менавіта гэты выпадак прымусіў дзяўчынку ўсвядоміць, што ёй пагражае рэальная небяспека.

Падчас суда мужчына сваю віну цалкам прызнаў. За сістэматычныя пабоі і пагрозу забойствам суд Бабруйска і Бабруйскага раёна прызначыў яму чатыры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама з падсуднага спагнаны штраф у 4500 рублёў. Акрамя таго, яго накіравалі на прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магілёўскіх кадэтаў зрабілі гледачамі палітычнай судовай расправы

Перад магілёўскімі кадэтамі правялі паказны суд, дзе вінаватым быў магілёвец, які выказаў сваю думку аб беларускім дыктатары.

Крымінальная справа аб нібыта “паклёпе” ў адносінах да Лукашэнкі была разгледжана ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. Дарэчы, гэты суд за мінулы год адзначыўся як самым актыўны ў задушэнні свабоды слова, бо больш за іншыя суды ў Беларусі прызнаваў матэрыялы «экстрэмісцкімі».

Гэтым разам майстар-клас як трэба змагацца з “ворагамі Рэйху” суд Ленінскага раёна дэманстраваў перад навучэнцамі абласнога кадэтскага вучылішча. Як праходзіла пасяджэнне, што адказваў на пытанні суддзі падсудны, чаму суд вырашыў, што мужчына публічыў заведама ілжывыя выдумкі – інфармацыі аб гэтым у паведамленні тэлеграм-канала Магілёўскага аблсуда няма. Датычна непасрэдна справы ёсць толькі абвінаваўчы прысуд – два гады “хатняй хіміі”.

У той жа час у паведамленні ёсць сцвярджэнне, што наведванне кадэтамі суда “насіла прафілактычны характар і была накіравана на фарміраванне ў моладзі прававой культуры і паважлівага стаўлення да закона”.
Аднак гэтае сцвярджэнне ілжывае, бо насамрэч такі адкрытая палітычная расправа за выказванне сваёго меркавання адносна дзяржаўнай палітыкі фарміруе ў моладзі свядомасць маўклівага быдла, што ў будучым зробіць былых кадэтаў альбо падобнымі на магілёўскі суд прыгнятальнікамі людзей за вольнае слова, альбо прывядзе да высновы, што лепей плюнуць на такую “краіну для жыцця” і з’ехаць з яе. 

Фотаздымак: ТГ “Магілёўскі абласны суд”

Два гады “хатняй хіміі” за карупцыю і крадзеж даюць у Чавускім раёне

Службовыя асобы сельгаспрадпрыемства на Чавушчыне папаліся на ўтойванніі падзяжу жывёлы і крадзяжы фуражу, і атрымалі мяккае пакаранне.

Начальнік участка аднаго з сельгаспрадпрыемстваў мусіў адказваць за захаванасць буйной рагатай жывёлы і ўсё яе змяншэнне і павелічэнне адлюстроўваць у справаздачы. Аднак, калі са студзеня па красавік 2025 года памерла 75 кароў ён вырашыў гэта схаваць. У далейшым правяраючыя выявілі нястачу 16 галоў жывёлы і паведамілі аб гэтым праваахоўнікам. Каб захаваць у таямніцы адсутнасць яшчэ 59 кароў, мужчына звярнуўся да кіраўніка іншага сельгаспрадпрыемства. Той пазычыў яму недастаючую скаціну.

Акрамя гэтых хітрыкаў, у ліпені мінулага года начальнік участка згаварыўся з калегай аб крадзяжы зернесумясі. Гэтае фуражнае зерне на той момант яшчэ не прайшло бухгалтарскі ўлік. Калега знайшла пакупніка на скрадзенае, і на гэты фураж была складзены фіктыўная дакументацыя аб нібыта унутраным перамяшчэнні 6700 кг зернесумесі. Вывезеныя кармы перахапілі аператыўнікі, прычым пры ўзважванні маса скрадзенага склала 7500 кг. Злачынцам налічылі крадзеж на амаль 3000 рублёў.

На працэсе ў судзе Чавускага раёна былы ўжо начальнік участка сваю віну прызнаў і раскаяўся, а падзельніца карупцыянера сваю віну адмаўляла. Абодва атрымалі па два гады “хатняй хіміі”. Толькі яго аштрафавалі на 4500 рублёў, а яе – на 2250. Прысуд пакуль не ўступіў у сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магіляўчанка спагнала грошы з віноўніка свайго падзення на эскалатары

Бацькам магілёўскага падлетка давядзецца заплаціць за свавольствы сына на эскалатары.

Суд Ленінскага раёна Магілёва разгледзеў пазоў мясцовай жыхаркі, якая ў маі 2025 года атрымала траўмы пры падзенні на эскалатары аднаго з гандлёвых цэнтраў.

Прычынай інцыдэнту сталі паводзіны 14-гадовага падлетка, які ехаў на прыступку вышэй.

Ён убачыў знаёмых, якія спускаліся на сустрэчным эскалатары, у жарт схапіў аднаго з іх за шыю і страціў раўнавагу. Падаючы, хлопец збіў з ног дзяўчыну.

Менавіта яна падала на яго ў суд, паколькі, падаючы, атрымала шэраг траўмаў, уключаючы пералом ключыцы. 

Дзяўчына на той момант была студэнткай выпускнога курса і не магла паўнавартасна працаваць над дыпломам. 

Памер маральнай шкоды ісціца ацаніла ў 25 тысяч рублёў.

Суд прыняў рашэнне спагнаць з віноўніка здарэння на карысць дзяўчыны 7 тысяч рублёў. Пры адсутнасці даходаў у яго самога – з яго законных прадстаўнікоў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У наркакурыера, затрыманага ў Бабруйску, знайшлі рэдкі псіхатроп

Фотаздымкі месцаў закладак і іх геаграфічныя каардынаты бабруйскі наркакурыер захоўваў у смартфоне.

Наркотык «экстазі», або «молі» рэдка сустракаецца ў Магілёўскай вобласці, але ў закладчыка з Бабруйска ў кватэры знайшлі гэтыя экзатычныя для нашага рэгіёна таблеткі. Іх было 110 штук агульнай масай больш за 45 грамаў.

Акрамя таго, у жыллі бабруйчаніна былі выяўлены псіхатропныя рэчывы 4-CMC і альфа-PVP масай больш за 52 і 250 грамаў адпаведна.

Ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці правялі экспертызы.

На пакетах, у якія былі запакаваныя таблеткі, эксперты выявілі біялагічны матэрыял, які паслужыць доказам віны закладчыка. Крымінальная справа накіравана ў суд Бабруйскага раёна.

Фота ведамаснага сайта ДКСЭ.