У Бабруйску грамадзяніна Украіны Юрыя Бандарэнку асудзілі да палутара гадоў калоніі за нібыта абразу Лукашэнкі. Прычынай стала выказванне меркавання ў прыватнай гутарцы.
Аб тым, што стала прычынай затрымання ўкраінца год таму і цяперашняга яго зняволення, Праваабарончы цэнтр “Вясна” даведаўся толькі цяпер. Паводле даных праваабаронцаў, Бандарэнка каля крамы выказаўся ў прысутнасці іншых грамадзян у непрыстойнай форме пра Лукашэнку. Згодна версіі абвінавачвання, матывам украінца стала нібыта «падтрымка ідэй сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады Рэспублікі Беларусь і адкрытая праява непрыязнасці да яе». Вынікам стала ўзбуджэнне супраць яго крымінальнай справы па артыкуле 368 КК РБ,
Адзін з прысутных звярнуўся ў міліцыю і нават прадставіў фотаздымак машыны, на якой з’ехаў Юрый Бандарэнка са сваім таварышам. На наступны дзень украінца затрымалі па абвінавачванні ў абразе Лукашэнкі.
20 верасня 2024 года Бандарэнка быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, паведамляецца на сайце “Вясны”.
Жыхар Чэрыкава Іван Янчанка, які быў асуджаны па палітычных прычынах, вызваліўся па заканчэнні тэрміна зняволення.
Пра выйсце на волю Івана Янчанкі паведамляе “Гомельская вясна”. У 2022 годзе яго абвінавацілі ў тым, што ён у верасні 2021 года, знаходзячыся ў Жлобіне, выказаў свае меркаванні ў каментары ў сацсетцы “ВКонтакте” пра выпадак ў Менску, калі ў сваёй кватэры быў забіты супрацоўнік ІТ-кампаніі EPAM SYSTEMS Андрэй Зельцар.
Забойства Андрэя Зельцара, які самаахвярна абараняў сваю сям’ю і дом, тады моцна абурыла беларускае грамадства і шмат хто асуджаў дзеянні супрацоўнікаў КДБ, якія ў цывільным уламіліся ў прыватную кватэру. Паводле інфармацыі ініцыятывы Dissidentby, Янчанка пакінуў каментар: “Народ адкрыў рахунак”.
За выказанае меркаванне пра дзеянні кадэбэшнікаў абвінавацілі Івана Янчанку ў распальванні варажнечы да работнікаў КДБ паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса. Відавочна, праз тое, што каментар Янчанка напісаў, знаходзячыся ў Жлобіне, крымінальную справу разглядалі ў Гомельскім абласным судзе. Ролю суддзі выконваў прызначаны туды асабіста Лукашэнкам на пасаду суддзі Аляксей Хлышчанкоў. 4 жніўня 2022 года ён прысудзіў зняволіць Івана Янчанку на тры з паловай года калоніі агульнага рэжыму.
12 жніўня 2022 года праваабарончая супольнасць Беларусі прыняла сумесную заяву, у якой вызнала Івана Янчанку палітычным зняволеным.
Праваабаронцам не ўдалося высветліць, дзе ўвесь гэты час карнікі трымалі Івана Янчанку. Але цяпер атрыманае пацверджанне, што Іван Янчанка вызвалены па сканчэнні тэрміну, які яму прысудзіў Хлышчанкоў. На волю ён выйшаў 3 красавіка 2025 года.
Палітзняволенага Яна Папковіча другі раз асудзілі за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». У зняволенне ён трапіў, атрымаўшы тэрмін за імкненне абараняць Украіну.
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 14 красавіка ў Магілёве палітзняволенага Яна Папковіча асудзілі за нібыта злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі. Яму прызначылі яшчэ дзевяць месяцаў зняволення.
Гэта другая падобная крымінальная справа супраць 32-гадовага палітвязня. Ціск за кратамі на яго не спыняецца з моманту затрымання.
Былога інкасатара «Белгазпрамбанка» і экс-спецназаўца Яна Папковіча затрымалі 2 верасня 2022 года – перад тым, як ён збіраўся з’язджаць у Польшчу. Падчас затрымання Яна моцна збілі, таксама стрэлам паранілі ягонага сабаку.
У траўні 2023 года яму прысудзілі пяць гадоў зняволення па абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў падрыхтоўцы грамадзяніна Беларусі ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання сваёй дзяржавы на тэрыторыі замежнай дзяржавы.
Як паведамляюць праваабаронцы, Яна Папковіча паказвалі ў некалькіх сюжэтах БТ, дзе прадстаўлялі яго наймітам, які збіраўся ехаць на вайну ва Украіну.
Журналісты даведаліся пра смерць Віталя Бычкова з Быхава, які быў асуджаны па палітычным артыкуле і знаходзіўся ў так званым спісе экстрэмістаў.
Віталю Бычкову было 44 гады. Па даных сайта Dissidentby, яго імя па бацьку – Міхайлавіч. Ён паходзіў з пасёлка Колас у Быхаўскім раёне – гэта населены пункт, які з цягам часу быў уключаны ў межы самога Быхава. Судзячы па інфармацыі з сацыяльных сетак і расійскіх баз дадзеных, Бычкоў час ад часу ездзіў на заробкі ў Расію.
У 2022 годзе Быхаўскі раённы суд прызнаў яго вінаватым паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса – «гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі». Такія справы не заўсёды маюць палітычны характар. Аднак, у выпадку з Бычковым сілавікі палічылі неабходным уключыць яго ў спіс асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе “Наша Ніва”.
Дакладныя дэталі справы, як і тэрмін пакарання, не агалошваліся. У згаданым спісе экстрэмістаў насупраць прозвішча Бычкова значыцца: «адбывае пакаранне». Гэта можа сведчыць пра прысуд у выглядзе зняволення ў калоніі або «хіміі» – абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу.
Жыццё Віталя абарвалося 28 кастрычніка 2024 года. Невядома, ці паспеў ён поўнасцю адбыць прызначаны тэрмін. Паводле дадзеных Digital Intelligence Team, прычынай смерці стаў інсульт.
Дзмітрый Шлетгаўэр памёр у магілёўскай калоніі №15 23 лістапада 2023 года, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. Пасля таго, як яго былыя сукамернікі выйшлі на волю і звязаліся з прадстаўнікамі рэсурса dissidentby, сталі вядомыя імёны людзей, фактычна адказных за гібель палітзняволенага.
Гэта аператыўныя работнікі выпраўленчай калоніі №15 у Магілёве Юрый Арлоў і Ілля Кіслякоў – паведамляе рэсурс. Менавіта яны, дзейнічаючы пад кіраўніцтвам начальніка калоніі Аляксея Лазарэнкі, ажыццяўлялі на Дзмітрыя Шлетгаўэра сістэматычны псіхалагічны і фізічны ціск, рэгулярна змяшчалі яго ў ШІЗА нягледзячы на наяўнасць хранічнага захворвання.
Фота: dissidentby
Прычынай жорсткага абыходжання, па звестках крыніц рэсурса dissidentby, было тое, што Дзмітрый Шлетграўэр адмаўляўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй калоніі, “не здаваў” іншых і адкрыта выказваў нязгоду з дзеяннямі адміністрацыі. “Ён трымаўся, але яны рабілі ўсё, каб зламаць” – паведамілі сведкі.
1 лістапада 2024 года праваабарончы праект “Вясна” паведаміў, што ў калоніі ў Магілёве памёр 22-гадовы грамадзянін Расіі, ураджэнец Алтая Дзмітрый Шлетгаўэр. У пасведчанні аб смерці напісалі “механічная асфіксія”. Раней Брэсцкі абласны суд прызнаў Шлетгаўэра вінаватым па артыкулах аб шпіянажы і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, прыгаварыўшы да 12 гадоў. Сутнасць абвінавачанняў невядомая да гэтага часу – працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнем фрылансера і журналіста Яўгена Глушкова. Заява з патрабаваннем вызваліць яго, і іншых журналістаў, што з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі, з’явілася 15 лютага на сайце праваабарончай арганізацыі “Вясна”.
«МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі альбо палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, што яна праводзіць, таксама экстрэмісцкімі фарміраваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў» – гаворыцца ў супольнай заяве праваабаронцаў.
Як паведамлялі mogilev.media, супраць вядомага магілёўскага відэааператара, фрылансера і журналіста Яўгена Глушкова было высунутае абвінавачанне ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні», меркавана на падставе арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім»). Паводле гэтага артыкула, у залежнасці ад часткі, яму можа пагражаць да шасці альбо сямі гадоў зняволення.
Зараз Яўген Глушкоў знаходзіцца ў СІЗА. Яму ў віну, верагодна, як і іншаму журналісту Алесю Сабалеўскаму, ставіцца супрацоўніцтва з магілёўскімі медыярэсурсамі – 6tv.by / 6tv Belarus і Mogilev.media.
Як паведамляюць беларускія праваабаронцы, сын журналіста mogilev.media Сяргея Антонава Арцём быў прызнаны палітычным знаволеным.
Арцём Антонаў быў затрыманы ў канцы 2023 года ў Быхаве і пачынаючы з 26 снежня знаходзіцца ў Магілёўскім следчым ізалятары. Яго затрыманне адбылося неўзабаве пасля таго, як Беларусь пакінуў бацька Арцёма, вядомы пісьменнік-фантаст і журналіст Сяргей Антонаў.
Арцём Антонаў абвінавачваецца паводле артыкула 368 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь – за абразу Лукашэнкі. Вядома, што сведкамі па гэтай справе выступаюць міліцыянты, якія затрымлівалі Арцёма. Нібыта падчас затрымання, знаходзячыся ў міліцэйскай машыне, ён абразіў Лукашэнку ўголас. Сёння стала вядома, што Арцём Антонаў, гэтаксама як і яшчэ адзінаццаць чалавек, быў прызнаны палітвязнем.
1773 год. У складзе Магілёўскай правінцыі створаны 12 паветаў.
Сярод іх: Бабінавіцкі (скасаваны ў 1840), Беліцкі (у 1852 перайменаваны ў Гомельскі), Клімавіцкі, Копыскі (у 1861 годзе пераўтвораны ў Горацкі), Магілёўскі, Мсціслаўскі, Аршанскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Старабыхаўскі (у 1852 перайменаваны ў Быхаўскі).
1795 год. Прэм’ерай оперы Осіпа Казлоўскага ў Маскве адкрыўся тэатр-палац “Астанкіна” М. Шарамецева.
Оперу на словы А. Пацёмкіна “Узяцце Ізмаіла або Вельміра і Смелон” напісаў ураджэнец засценка Казлоўскі каля Прапойска (зараз – Слаўгарад) Осіп (Юзаф) Казлоўскі (1757-1831).
Казлоўскі вучыўся ў Варшаўскай капэле пры касцёле Св. Яна. Быў настаўнікам музыкі Міхала Клеафаса Агінскага.
У 1780-я гады па запрашэнні Р. Пацёмкіна пераехаў у Пецярбург, дзе хутка заваяваў усеагульнае прызнанне і аўтарытэт як кампазітар і арганізатар музычнага жыцця расійскай сталіцы, як “інспектар”, “дырэктар музыкі” імператарскіх тэатраў. Пасля вяртання на радзіму, працаваў у Прапойску кіраўніком хору і аркестра графа Мурамцава.
1812 год. Салтанаўская бітва пад Магілёвам.
Адбылася 22-23 ліпеня (па стараму стылю 11-12) паміж вёскамі Салтанаўка і Фатава паміж атрадамі 7-га пяхотнага корпуса М. Раеўскага і французскімі войскамі пад камандаваннем маршала Даву.
У 9-гадзіннай бітве французы страцілі ад 1 000 да 4 200, рускія – да 2 500 чалавек.
Гарматная страляніна была чутна ў Магілёве. Значная частка корпуса Даву знаходзілася на бівуаках за Віленскай заставай.
У сувязі з боем пад Салтанаўкай вядома гісторыя пра тое, як Раеўскі ў адну з атак ішоў наперадзе палка са сваімі сынамі. Гэтая атака намалявана на знакамітай карціне Самакіша. Нягледзячы на шырокую вядомасць гэтага факта, ён з’яўляецца не больш за патрыятычнай выдумкай журналістаў, якія апісвалі ход вайны ў расійскіх газетах. Дастаткова нагадаць, што малодшаму сыну Раеўскага было ўсяго 11 год, старэйшаму – 16.
Сам Раеўскі абвяргаў гэтую гісторыю: ён сапраўды вадзіў полк у атаку са шпагай у руках, але побач з ім ішлі не сыны, а ад’ютанты і ардынарцы.
У 1912 годзе з нагоды 100-годдзя бітвы ў Салтанаўцы пабудавана мемарыяльная капліца.
1878 год. Нарадзіўся Януш Корчак (1878-1942).
Польскі педагог, дзіцячы пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Педагог-наватар, пачынальнік дзейнасці па абароне правоў дзяцей. Лічыцца прадвеснікам сучасных педагагічных тэндэнцый.
Адхіліўшы прапановы аб уцёках з варшаўскага гета, разам з 200 сваімі выхаванцамі загінуў у нацысцкім канцлагеры.
1918 год. Сфармаваны Трэці Урад БНР на чале з І. Серадой.
Гэта адбылося пасля адстаўкі кіраўніка Другога Ураду БНР Р. Скірмунта, у складанай геаплітычнай абстаноўцы.
Працаваў да лістапада 1918 года, калі быў утвораны чацвёрты Урад БНР на чале з А. Луцкевічам.
І. Серада сядзіць другі злева
1919 год. У в. Маслакі Горацкага раёна нарадзіўся Міхаіл Булахаў (1919-2012).
Беларускі мовазнавец. Заслужаны дзеяч навукі, доктар філалагічных навук, прафесар. Выхаванец Магілёўскага педінстытута.
Даследчык праблем сучаснай беларускай мовы, мовы старажытных беларускіх помнікаў, аўтар прац «Прыметнік у беларускай мове», «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы”, «Усходнеславянскія мовазнаўцы».
Памёр 4 мая 2012 года.
1930 год. У СССР уведзена сістэма працадзён для калгаснікаў.
У залежнасці ад цяжкасці працы, калгаснік мог за дзень мець 0,5-4,0 працадні (на іх налічваліся да 50% грошы, астатняе – натурай).
Але часта яны налічваліся неаб’ектыўна. Найбольш выгаднымі былі адміністрацыйныя пасады.
Працадні праіснавалі 35 гадоў ібылі заменены заробкамі.
Калгаснікам упершыню налічылі пенсіі толькі ў 1964 годзе, большасць сельскіх пенсіянераў у 1970-1980-я гады мелі ад 12,50 да 27,00 рублёў пенсіі – следства працадзён.
1932 год. У Чэрыкаве нарадзіўся Леанід Яўменаў (1932-2019).
Беларускі філосаф, пісьменнік. Доктар філасофскіх навук, прафесар, член-карэспандэнт НАНБ.
Аўтар прац па філасофіі, этыцы і эстэтыцы, зборнікаў паэзіі “Чужая планета”, “Блізкія далі”. Тэма радзімы, Беларусі, хараства роднай зямлі моцна гучаць у творах паэта. Перакладаў сучасную французскую і франкамоўную паэзію.
Памёр 6 лістапалда 2019 года.
1944 год. Заснаваны Міжнародны валютны фонд.
Мэта – садзейнічанне міжнароднаму супрацоўніцтву ў грашова-крэдытнай сферы, стабілізацыя валютных курсаў, прадстаўленне фінансавых сродкаў партнерам.
Фінансавыя сродкі МВФ фарміруюцца галоўным чынам за кошт падпіскі яго членаў – 190 дзяржаў свету. За 30 гадоў членства (з 1992), Беларусь ад МВФ атрымала падтрымку на 3,8 мільярдаў долараў ЗША.
1994 год. Першым Прэм’ер-міністрам прэзідэнцкай і другім ў незалежнай Беларусі стаў Міхаіл Чыгір.
У лістападзе 1996 года гучна сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага А. Лукашэнкам рэферэндуму.
У 1999 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.
М. Чыгір – палітвязень, вязень сумлення.
2011 год. Тэракты ў Нарвегіі.
Адбыліся два тэрарыстычныя акты, скіраваныя супраць асоб выканаўчай улады, грамадскага маладзёжнага лагера і цывільнага насельніцтва.
Першым нападам быў выбух бомбы ва ўрадавым квартале Осла перад офісам прэм’ер-міністра Енса Столтэнберга і іншых урадавых будынкаў – загінулі 7 чалавек і 15 паранена.
Наступны больш жорсткі напад адбыўся праз 2 гадзіны ў лагеры кіруючай Працоўнай партыі Нарвегіі на востраве Уцёя. Узброены чалавек, пераапрануты ў паліцэйскага, адкрыў страляніну па ўдзельніках лагера, забіўшы 86 чалавек