Супраць журналіста Яўгена Глушкова заведзеная крымінальная справа – праваабаронцы

Магілёўскія праваабаронцы з каманды Mayday.team паведамляюць, што вядомага магілёўскага журналіста Яўгена Глушкова абвінавачваюць, верагодна, па артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі, за нібыта “ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання”. Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі, альбо абмежаванне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.

Пра затрыманне Яўгена Глушкова стала вядома ў сярэдзіне студзеня. Як цяпер даведаліся праваабаронцы, журналіста затрымалі ў пачатку студзеня – дзверы яго хаты выбівалі міліцыянты, а самаго Глушкова выцягнулі з дома проста ў той вопратцы, у якой ён быў. 

Зараз Яўген Глушкоў знаходзіцца ў СІЗА. Яму ў віну, верагодна, як і іншаму журналісту Алесю Сабалеўскаму, ставіцца супрацоўніцтва з магілёўскімі медыярэсурсамі – 6tv.by / 6tv Belarus і Mogilev.media.