У магілёўскай калоніі памёр палітзняволены Ігар Леднік

У барысаўскага палітыка была другая група інваліднасці праз хваробу сэрца. Трохгадовы тэрмін ён адбываў у калоніі №15 у Вейна пад Магілёвам.

“У турме, на 64-ым годзе жыцця памёр былы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), грамадскі актывіст і журналіст Ігар Леднік” – паведамляе тэлеграм-канал БСДП. Ігар Леднік быў затрыманы і асуджаны ў 2022 годзе за “паклёп” на Лукашэнку. Суддзя Ленінскага рана г. Мінска Таццяна Шоцік вынесла яму прысуд у тры гады калоніі агульнага рэжыму, нягледзячы на праблемы з сэрцам – Ігар Леднік меў другую групу інваліднасці. Пасля вынясення прысуду і разгляду апеляцыі ў лістападзе 2022 года, Леднік быў пераведзены з Барысава ў магілёўскую калонію №15.

Аднапартыйцы паведамляюць, што актывіст з Барысава Ігар Леднік актыўна выступаў за ліквідацыю Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і лічыў, што Будапешцкі мемарандум быў парушаны ў Беларусі пасля разгону Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання, што прывяло да ўсталявання ў Беларусі дыктатуры, збліжэння яе з Расіяй і падрыву еўрапейскай бяспекі ў рэгіёне. 

Фота: prisoners.spring96.org