«Улетку пыльная, а ўвесну і восень разбітая». Жыхары прыгараднай магілёўскай вёскі не адзін год чакаюць рамонту дарогі

Дарога ў выбоінах, а аўтамабілістам даводзіцца лавіраваць паміж імі, каб начынне машыны засталося ў ёй, а не на разбітым бальшаку.

Узбочына таксама ў неналежным стане. Паколькі на вясковай дарозе не прадугледжаныя тратуары, то пешаходы, ідучы ўздоўж разбітай праезнай часткі, апынаюцца ў небяспечным становішчы. Машынам даводзіцца выязджаюць на броўку, а людзям саскокваць пад адхон.

Так, выглядае дарога да вёскі Ракузаўка. Па словах мясцовай жыхаркі праезную частку пашкодзіла сельскагаспадарчая тэхніка.

Як адзначаюць вяскоўцы колькі год таму дарогу часткова былі адрамантавалі, але гэтага аказалася недастаткова.

«З кожным днём ямінаў на дарозе становіцца больш», скардзяцца жыхары Ракузаўкі.

Дарога да яе знаходзіцца на балансе прадпрыемства ДРБУ №128. Адтуль вяскоўцам адпісалі што ў 2022 годзе яе рамантаваць не будуць, бо яна не ўключана ў пералік аб’ектаў бягучага рамонту мясцовых аўтамабільных дарог, напісана на сайце газеты «Прыдняпроўская ніва».

Ракузаўка – родная вёска журналіста Аляксандра Ўліцёнка. У 2003 годзе пра паселішча ён пісаў:

«У маёй роднай вёсцы Ракузаўка, што на Магілёўшчыне, калісьці былі тры футбольныя палі, дзве валейбольныя пляцоўкі, а сотня двароў, усе тры вуліцы літаральна патыналі ў зелені… Адна бяда – дарога: улетку пыльная, увесну ды ўвосень разбітая».

Вёска Ракузаўка за пяць кіламетраў ад Магілёва. Да чыгуначнага прыпынку Цішоўка – 2 кіламетры. Насельніцтва – 100 чалавек. Вядомая з канца 19 стагоддзя, як хутар. У 1897 годзе ў ім было 6 сядзібаў з 44 жыхарамі.

У 1990 годзе вёска налічвала 66 прыватных гаспадарак і 182 жыхары. Адносілася да калгаса «Маяк камунізму». Тут былі вытворчая брыгада, кароўнік і свінарнік, а таксама магазін ды клуб.

фота: pniva.by

У Магілёве аднаўляюць помнік ахвярам Халакосту. Як тое робіцца, выклікае здзіўленне

Мармуровая стэла развалілася на часткі, калі на яе падчас навальніцы абрынулася дрэва. Тое адбылося 29 чэрвеня.

Амаль увесь прамінулы час фрагменты помніка заставаліся на зямлі. Пляцоўку падмялі, а дрэва вывезлі. Цяпер узяліся за аднаўленне.

Ім займаецца, як удалося высветліць, будаўнічае ўпраўленне пры гарвыканкаме. Кантралююць хаду прац мясцовыя ідэолагі і пракуратура.

Для таго, каб паставіць на пастамент цяжкую з мармуру стэлу камунальнікі выкарыстоўваюць круглякі з парэзаных дрэў.

У наведнікаў яўрэйскіх могілак, дзе стаіць помнік, такі метад яго аднаўлення выклікае саркастычныя ўсмешкі. Паводле іх, у 21 стагоддзі існуе вялікі выбар тэхнічных сродкаў для гэтага. Наведнікі адзначаюць: узгрувашчванне на круглякі цяжкога фрагменту помніка небяспечнае для работнікаў.

У магіле пад помнікам пахаваныя парэшткі забітых у 1941 годзе нацыстамі нявольнікаў, створанага імі ж, гета. На выгравіраваным у мармуры надпісу няма згадкі пра нацыянальнасць пахаваных. Адзначана толькі, што тут спачываюць 2 тысячы загінулых «савецкіх грамадзян».

Пасля таго, як улада распачала кампанію збірання звестак і пошуку ахвяраў генацыду беларускага народу ля помніка сталі праводзіць пафасныя імпрэзы з удзелам школьнікаў і службоўцаў. Фотаздымкі з такіх мерапрыемстваў тыражавалі праўладныя медыі. У каментарах да іх не згадвалі Халакост і нацыянальнасць забітых.

У Магілёве паказваюць калекцыю карцін, сабраную «Белгазпрамбанкам». Віктара Бабарыку на адкрыцці не згадалі

Карпаратыўную мастацкую калекцыю збіраў Белгазпрамбанк, калі ім кіраваў Віктар Бабарыка. У 2020 годзе ён быў канкурэнтам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах і апынуўся ў няволі. Карціны год пабылі пад арыштам, як рэчавыя доказы.

Уся калекцыя налічвала 150 твораў сусветна вядомых беларускіх мастакоў, а таксама скульптуры, старадрукі. Увесь збор ацэньваўся ў 20 мільёнаў долараў. У Магілёў прывезлі 38 палотнаў, пісаў раней Магілёў.media.

Іх паказваюць у выставачнай залі Музею гісторыі Магілёва. Выстава называецца «Тихая жизнь». Яе адкрыццё адбылося 15 ліпеня.

З клопатам пра беларускую культуру і з разуменнем неабходнасці вяртання на радзіму беларускай спадчыны збіралася гэта калекцыя. На адкрыцці ніводным словам не згадалі Віктара Бабарыку, нібыта, гэтае імя забаронена называць услых.

На выставе прадстаўленыя карціны жывапісу і графікі вядомых у свеце, але паўзабытых ці невядомых на радзіме, беларускіх мастакоў.

Аснову экспазіцыі склалі пейзаж і нацюрморт. Карціны разнастайныя па стылістыцы, задаволяць самага прыдзірлівага наведніка.

Найбольшую ўвагу грамады, якая прыйшла на адкрыццё, прыцягвалі карціны касцюмера, дызайнера і сцэнографа шматграннага ў творчасці, Леона Бакста; знакамітага Фэрдынанда Рушчыца – удзельніка аб’яднання «Свет мастацтва», заснавальніка жанру мадэрнісцкага пейзажа ў мастацтве Беларусі; Абрама Маневіча – ураджэнца Магілёўшчыны, блізкага сябра Альберта Эйнштэйна. І безумоўна, Хаім Суцін! Яго творчасць прадставіла адно палатно, але вельмі экспрэсіўнае.

Выстава мастацкіх шэдэўраў «Тихая жизнь» прабудзе ў Магілёве да 28 жніўня.

Юрый Лукашоў узначаліў футбольны клуб “Днепр” – з ім каманда ўжо двойчы вылятала з вышэйшай лігі

Магілёўская каманда займае апошні радок у турнірнай табліцы, маючы па выніках 14 гульняў у Вышэйшай лізе ўсяго 6 ачкоў. Верагодна, менавіта гэта стала прычынай ратацыі ў трэнерскім штабе. 

Папярэдні галоўны трэнер, Яўген Молчан, які ўзначальваў “Днепр” са студзеня 2022 года паніжаны ў статусе, але захаваў месца ў трэнерскім штабе. На яго месца прызначаны Юрый Лукашоў, які займаў пасаду асістэнта Молчана – паведамляе прэс-служба магілёўскага клуба.

Характэрна, што Лукашоў ужо двойчы з’яўляўся галоўным трэнерам “Дняпра”, у сезонах 2014-2015 і  2018-2019, і абодва разы клуб пакідаў Вышэйшую лігу. Тады Лукашову адводзілася роля “пажарнага”, які павінен быў выратаваць каманду ад паніжэння ў статусе, і кожнага разу цуда не адбывалася. 

16 ліпеня “Днепр” правядзе хатнюю сустрэчу з мозырскай “Славіяй”, што месціцца на восьмым радку – роўна ўсярэдзіне турнірнай табліцы.

У Магілёве лютая пробка на “фацінскім” мосце – фота

У выніку авары амаль цалкамі заблакаванымі аказаліся абедзве паласы, што вядуць з боку вуліцы Каралёва ў бок вуліцы Дзімітрава. Пробка заблакавала праезд для соцень аўтамашын, іх сярэдняя хуткасць складае 10-20 км/г.

Аварыя адбылася з удзелам аўтамашын “Audi” і “Opel”, прычым першую ад сутыкнення цалкам развярнула ў паласе.

Фота: тэлеграм каналы і магілёўскія паблікі 

Магілёўскі суд разбірацца, ці прызнаваць «Магілёўсаюздрук» банкрутам

Эканамічны суд Магілёўскай вобласці пачаў разгляд пазову акцыянернага таварыства «Магілёўсаюздрук» аб прызнанні яго банкрутам.

Пра тое, што рэгіянальны манапаліст продажу газетаў і іншай прадукцыі мае фінансавыя праблемы стала вядома, калі ў Магілёве на кіёсках пачалі з’яўляцца надпісы, што яны прадаюцца. Падобнае назіралася ў Бабруйску і Горках.

«Цяпер ААТ «Магілёўсаюздрук» мае фінансавыя цяжкасці. Для таго, каб мінімізаваць затраты, мы вымушаныя пайсці шляхам закрыцця нашых гандлёвых аб’ектаў у шэрагу райцэнтраў» – тлумачыла сітуацыю кіраўніцтва прадпрыемства.

У суд «Магілёўсаюздрук» звярнуўся 16 чэрвеня. Заяву ўзялі ў вытворчасць і прызначылі пераходны перыяд. Да 16 жніўня антыкрызісны кіраўнік мае прааналізаваць бягучы фінансава-гаспадарчы стан арганізацыі і вынесці рашэнне наконт яго далейшага лёсу. У выпадку ўзбуджэння конкурснай вытворчасці работа «Магілёўсаюдруку» можа быць прадоўжана.

Як высветлілася праблемы «Магілёўсаюздруку» з’явіліся некалькі гадоў таму праз нястачу грашовых сродкаў. Фінансаў не хапала, каб разлічыцца з насельніцтвам за прададзеную прадукцыю. З ім спынілі супрацоўніцтва дзяржаўныя прадпрыемствы. Сярод іх было Бабруйскае тралейбуснае ўпраўленне, якое прадавала праз кіёскі «Белсаюздруку» талоны на праезд.

У вытворчасці знаходзіцца 289 справаў аб прымусовым спагнанні з акцыянернага таварыства сродкаў на суму пяць мільёнаў рублёў.

У студзені 2017 года суд былога дырэктара «Магілёўсаюздруку» пакараў на дзесяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за крадзеж у тым ліку грашовых сродкаў кіраванай ім арганізацыі. Было ўстаноўлена, што фігурант справы з лютага 2014 па сакавік 2015 года неаднаразова забіраў выручку з касы прадпрыемства.

 

На Магілёўшчыне за дзень двое чалавек загінулі на пажары

Трагедыі здарыліся 13 ліпеня ў Быхаве і Магілёўскім раёне.

У Быхаве гаспадар сядзібы 1953 году нараджэння атрымаў апёкі і памёр у больніцы. Прычыны пажару высвятляюцца, паведамляе прэс-служба Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

У вёсцы Таўпечыцы Магілёўскага раёну на пажарышчы знойдзены загінулы мужчына 1964 года нараджэння. Таксама прычыны пажары высвятляюцца.

 

Папулярныя начныя свяцільнікі аказаліся небяспечнымі – у Магілёве забаранілі іх продаж

Як паведамляе БелТА, інспекцыя Дзяржстандарта выявіла ў крамах адной з буйных сетак гандлю ў Магілёве начныя свяцільнікі, эксплуатацыя якіх можа быць небяспечнай.

Гэта начнікі ад кітайскага вытворцы Flarx, якія ўстаўляюцца ў звычайную штэпсельную разетку. Прэтэнзія кантралюючых органаў заключаецца ў тым, што гэты свяцільнік дзеці могуць прыняць за цацку і паспрабаваць выцягнуць з разеткі. У такім выпадку магчымае паражэнне электрычным токам праз недастатковую трываласць мацавання крышкі.

Свяцільнікі Flarx – папулярная кітайская лінейка асвятляльных прыбораў, якія могуць працаваць таксама ад батарэек, і якія найчасцей прадаюцца ў крамах з недарагім асатыментам.  

Фота носяць ілюстратыўны характар

У Магілёве аварыя на Пушкінскім праспекце. Будзьце пільнымі, магчымыя вялікія пробкі – фотафакт

Інфармацыя пра аварыю паявілася на магілёўскіх пабліках. Як відаць на фота, сутыкненне аўтамашын адбылося пасярод ажыўленай праезжай часткі недалёка ад магазіна “Перекресток”, што па праспекце імя Пушкіна, 35Б. 

Парада аўтааматарам – шукайце альтэрнатыўныя маршруты праезду.

Каляровыя здымкі Магілёва часоў Другой Сусветнай вайны – калекцыянер Алег Лісоўскі змагаецца, каб іх выкупіць

Унікальная калекцыя фотаздымкаў знаходзіцца ў прыватнай калекцыі ў Заходняй Еўропе. Іх аўтар – нямецкі фатограф Вернер Марціні, які знаходзіўся ў Магілёве прынамсі ўвесну 1942 года і служыў пры аўтамабільным парку вермахта. Пра гэта сведчыць здымак Дубравенкі адразу пасля патопу 10 красавіка 1942 года, што ўваходзіць у калекцыю.

У сваім каментарыі Магілёў.media Алег Лісоўскі распавёў, што гэта ўжо другое паяўленне інтрыгоўнай калекцыі ў продажы. Некалькі гадоў таму ўласнік фотаплёнак ужо выстаўляў негатывы на продаж, але нечакана зняў свой лот з аўкцыёна. Захаваўся толькі калаж з тымі фотаздымкамі, зроблены з прэўю-выяваў лота.

Цяпер жа магілёўскі калекцыянер, які пастаянна жыве ў Германіі, Алег Лісоўскі, здолеў знайсці сучаснага ўласніка калекцыі і вядзе з ім перамовы аб набыцці магілёўскіх фотаздымкаў з падборкі. Па словах Алега, гэта могуць быць дзясяткі здымкаў з унікальнымі выявамі і ўнікальнай якасці. Агульны кошт калекцыі можа сягаць некалькіх тысяч еўра. З ініцыятывай дапамагчы Лісоўскаму сабраць сродкі на выкуп негатываў у сваім фэйсбуку выступіў былы дырэктар Музея гісторыі Магілёва, гісторык Аляксей Бацюкоў.

Каробка з негатывамі, за якую змагаецца Алег Лісоўскі

Алег Лісоўскі на працягу дзясятка гадоў рупліва збірае і выкупляе на еўрапейскіх аўкцыёнах фотаздымкі з выявамі Магілёва. Гэтыя выявы ён размяшчае ў вольным доступе ў сваіх альбомах на сервісах Google. Плёнам яго працы сталі тры выставы фотаздымкаў “Невядомы Магілёў”, што праходзілі ў Выставачнай зале абласнога цэнтра.