У Магілёве бухгалтар-іграманка прайграла 268 тысяч рублёў прадпрыемства

У суд накіравана справа бухгалтара, якая пералічыла ў сваю кішэню звыш 268 тысяч рублёў прадпрыемства, каб гуляць у азартныя гульні.

Як высветлілі ў пракуратуры, 42-гадовая магіляўчанка са студзеня 2023 года па снежань 2025 года без усялякіх падстаў пералічвала на свой разліковы рахунак сродкі таварыства з абмежаванай адказнасцю, у якім працавала. З выкарыстаннем ключа электроннага лічбавага подпісу яна стварала плацежныя даручэнні, на падставе якіх ажыццяўляла неабгрунтаванае налічэнне сабе заработнай платы, матэрыяльнай дапамогі, адпускных і іншых выплат. 

Усё такім чынам налічанае жанчына траціла на гульні ў анлайн-казіно, бо, як аказалася, цярпела на гульнявую залежнасць.

Пасля таго, як нячыстую на руку бухгалтара злавілі і пачалі следства, яна часткова кампенсавала ўрон арганізацыі, аддаўшы каля 83 тыс. рублёў.

Цяпер жанчына знаходзіцца пад вартай у чаканні суда па артыкуле аб крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам у асабліва буйным памеры.

Фотаздымак: pixabay.com

У Магілёве сацыяльны работнік абкрадвала падапечнага пенсіянера

Каля 4 тыс. рублёў скрала з банкаўскага рахунку падапечнага пенсіянера 18-гадовая сацыяльны работнік.

Калі мужчына заўважыў буйную нястачу грошай на рахунку, то звярнуўся ў Ленінскі РУУС Магілёва. Як аказалася, грошы былі скрадзены праз мабільнае прыкладанне, і зрабіла гэта 18-гадовая сацыяльны работнік адной з арганізацый горада. 

Паводле міліцыі, дзяўчына прыходзіла да пенсіянера дапамагаць па дому і заўважыла пароль, праз які мужчына заходзіць у інтэрнэт-банкінг. Дачакаўшыся, пакуль падапечны пакіне тэлефон, яна ўвяла пароль і перавяла з рахунку пэўную суму грошай. Упэўнішыся, што транзакцыя прайшла паспяхова, яна ў далейшым штодня паўтарала такі крадзеж. Сродкі выдатковала на таксі і пакупкі на маркетплэйсах.

Цяпер у адносінах да дзяўчыны ўзбуджана крымінальная справа.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Бабруйску школьная заўгас папалася на крадзяжы ў дзяцей

Кулічы, ёгурты, кандытарскія вырабы і мяса спрабавала вынесці з адной з бабруйскіх школ яе загадчыца гаспадаркі.

Падазрона сябе паводзячую маладую жанчыну заўважылі падчас праверкі супрацоўнікі Бабруйскага аддзела аховы. Яна відавочна нервавалася, азіралася па баках і з цяжкасцю несла два аб’ёмныя пакеты.

Пры аглядзе рэчаў, у пакетах былі выяўленыя прадукты харчавання: кулічы, ёгурты, кандытарскія вырабы і мяса. Як высветлілася, загадчыца гаспадаркай вырашыла такім чынам разнастаіць свой рацыён за кошт школьнай каморы. Агульны кошт канфіскаванага харчавання склаў больш за 80 рублёў. У дачыненні да бабруйчанкі складзены адміністрацыйны пратакол па факце дробнага крадзяжу.

Фотаздымак: ohrana.gov.by

Сказ пра тое, як у Чавусах печ рамантавалі і кралі металалом

Пераказ міліцэйскага пратакола чавуская “раёнка” ператварыла ў займальны дэтэктыў. Як казаў класік, змяркалася…

Сутнасць справы простая, як веласіпедная спіца. Жыхарка Чавус скарысталася тым, што сусед выкарыстоўваў дом пад дачу і доўгі час там не з’яўляўся.

Суседка са сваім знаёмым вывезлі з чужога прысядзібнага ўчастка металалом і здалі яго ў прыёмны пункт. Выручылі ўсяго сто рублёў. Штраф – 30 базавых велічынь.

Пры гэтым памочнік злодзейкі не ведаў пра тое, што яго ўцягнулі ў цёмную гісторыю.

Аднак журналісты Чавус, распавядаючы гэтую гісторыю, пачалі танцаваць, як кажуць, ад печкі. У літаральным сэнсе.

Высветлілася, што “раней 49-гадовы жыхар Чэрыкава выконваў работы па рамонце печы ў доме жанчыны. У адзін з дзён, падымаючыся на дах, каб дапамагчы знаёмаму з рамонтам, жанчына звярнула ўвагу на кучу металалому на ўчастку суседа. Спакуса аказалася занадта вялікай”.

Далей, як водзіцца, супрацьпраўныя дзеянні, экспертыза і суд.

Застаецца адкрытым пытанне: якім бокам да ўсёй гэтай справы няшчасны 49-гадовы печнік? Нам разабрацца не ўдалося. Можа чытачы паспрабуюць?

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёўскім раёне пакупнік мапеда абакраў прадаўца

Прадай мапед, а то пераначаваць няма дзе. У аграгарадку Сідаравічы госць абакраў гаспадара дома.

У Магілёўскім раёне адбыўся крадзёж з характэрным сцэнарыем даверу.

У міліцыю звярнуўся 62-гадовы жыхар аграгарадка Сідаравічы, які выявіў знікненне маёмасці са свайго дома.

Устаноўлена, што да здарэння датычны 36-гадовы жыхар вёскі Пална, раней судзімы за крадзяжы. Мужчына прыйшоў да пенсіянера пад выглядам пакупкі мапеда, прапанаваў выпіць і застаўся на начлег.

Пакуль гаспадар спаў, госць выкраў прадукты, бензапілу, мабільны тэлефон і грошы. Агульная шкода перавысіла 1000 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Гаспадарчы “актыў” ВНУ ў Магілёве абкрадаў студэнтаў

Крадзеж у магілёўскім універсітэце: прарэктар, бухгалтар і кастэлянша дзялілі маёмасць навучэнцаў.

Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Магілёўскага аблвыканкама раскрылі схему крадзяжоў у адной з вышэйшых навучальных устаноў абласнога цэнтра.

У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што прарэктар універсітэта і галоўны бухгалтар дзейнічалі ў злачыннай змове з кастэляншай студэнцкага інтэрната. Зламыснікі сістэматычна выкрадалі таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, якія прызначаліся для выдачы навучэнцам. Выкрадзеная маёмасць дзялілася паміж удзельнікамі схемы і выкарыстоўвалася ў асабістых мэтах.

Агульная шкода, нанесеная ўстанове адукацыі, склала звыш 40 тысяч рублёў.

Узбуджана крымінальная справа. Фігурантам пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 12 гадоў.

Фота – скрыншот відэа тэлеграм-канала «Міліцыя Магілёўшчыны».

Склад як прахадны двор. Жыхара Чавусаў злавілі дзякуючы фотапастцы

Фотапастка дапамагла міліцыі затрымаць на месцы злачынства выкрадальнікаў камбікорму са склада сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Чавускім раёне.

Камеру на складзе аднаго з чавускіх калгасаў усталявалі толькі пасля серыі крадзяжоў, якія адбываліся на фактычна неахоўным складзе.

60-гадовы жыхар Чавусаў, які раней працаваў на гэтым прадпрыемстве, добра ведаў, дзе і як захоўваецца камбікорм для цялят.

Склад знаходзіўся на аддаленні ад іншых будынкаў фермы, тэрыторыя не была агароджаная, аховы не было, а замкі на дзвярах былі чыста сімвалічнымі. Па сутнасці памяшканне было прахадным дваром.

У лістападзе 2025 года мужчына пяць разоў уначы пранікаў унутр, адціскаючы створкі дзвярэй. Адзін раз дзейнічаў адзін, яшчэ чатыры – разам з саўдзельнікам. Кожны раз яны выносілі па два мяшкі камбікорму.

Выкрадзены корм прадавалі мясцовым жыхарам, тлумачачы, што ён нібыта атрыманы ў лік зарплаты. Грошы трацілі на прадукты і алкаголь.

Пасля чарговага крадзяжу на складзе ўсталявалі фотапастку. Дзякуючы ёй асобы падазраваных удалося ўстанавіць, а саміх мужчын затрымалі на месцы злачынства пры спробе прадаць выкрадзенае.

Суд прызнаў жыхара Чавусаў вінаватым у крадзяжы, учыненым групай асоб, і прызначыў штраф у памеры 30 базавых велічынь. Таксама задаволены пазоў аб кампенсацыі шкоды сельгаспрадпрыемству ў памеры 288 рублёў.

Акрамя таго, вынесена прыватная пастанова ў адрас раённага ўпраўлення па сельскай гаспадарцы з-за парушэнняў у працы сельгаспрадпрыемства, якія спрыялі здзяйсненню злачынства.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёве былая аднакласніца абакрала гаспадыню кватэры, што прытуліла яе

Жыхарка Магілёва стала ахвярай крадзяжу пасля таго, як пагадзілася даць прытулак былой аднакласніцы. 

57-гадовая жанчына прыехала з Мсціслава і папрасіла дазволу пажыць некалькі дзён. Гаспадыня кватэры, кіруючыся даўнім знаёмствам, не адмовіла.

На другі дзень раніцай магіляўчанка пайшла на працу, дазволіўшы госці разам з сынам застацца ў кватэры яшчэ на некалькі гадзін. Ключы планавалася перадаць суседцы. Аднак па вяртанні дадому гаспадыня вырашыла праверыць грашовую схованку ў шафе і выявіла прапажу – у канверце не хапала 300 даляраў.

Паколькі жанчына пражывае адна і іншых гасцей у гэты перыяд не прымала, падазрэнні адразу ўпалі на аднакласніцу. Спробы звязацца з ёй аказаліся марнымі: тэлефон не адказваў. Прачакаўшы да наступнага дня і не дачакаўшыся тлумачэнняў, пацярпелая звярнулася ў міліцыю.

Падчас агляду кватэры эксперт-крыміналіст канфіскаваў сляды рук з дзверцаў шафы і паліцы, дзе захоўваўся канверт з валютай і расійскімі рублямі. Судовая дактыласкапічная экспертыза ўстанавіла: след далоні на паліцы пакінуты менавіта госцяй.

У той жа дзень праваахоўнікі ўстанавілі месцазнаходжанне падазраванай у Мсціславе. Аднак, выкрадзеных грошай пры ёй ужо не аказалася. Жанчына прызналася, што, знаходзячыся ў гасцях, заўважыла, дзе гаспадыня захоўвае зберажэнні. Дачакаўшыся, калі тая сыйдзе на працу, яна ўзяла 100 даляраў, абмяняла іх у банку, затым вярнулася ў кватэру і забрала яшчэ 200 даляраў. Гэтыя грошы яна абмяняла ўжо па вяртанні ў свой горад.

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызнаў мсціслаўчанку вінаватай у крадзяжы. Ёй прызначана пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі з умоўным непрымяненнем пакарання. Акрамя таго, асуджаная абавязаная пакрыць пацярпелай прычыненую матэрыяльную шкоду.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

Магілёўскі вор з пачуццём меры – частку скрадзенага перадаў ахвяры

У Магілёве мужчына забраў пакінутую без нагляду сумку з грашыма і дакументамі, а пазней патэлефанаваў гаспадыні, каб паведаміць пра «знаходку». 

У аператыўна-дзяжурную службу Ленінскага РАУС Магілёва звярнулася 40-гадовая жыхарка суседняй дзяржавы. Жанчына паведаміла, што пакінула сваю сумку без нагляду на вуліцы, пасля чаго выявіла знікненне 300 долараў ЗША і асабістых дакументаў.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку выявілі асобу падазраванага. Як аказалася, да крадзяжу датычны 56-гадовы жыхар Магілёва, які афіцыйна не працуе. На момант здарэння мужчына быў нападпітку і вяртаўся дадому. Прайшоўшы міма пакінутых без нагляду рэчаў, ён забраў сумку.

Мужчына прысвоіў большую частку грошай, пакінуўшы толькі некалькі купюр. Скарыстаўшыся нумарам тэлефона, указаным у дакументах, ён звязаўся з уладальніцай і паведаміў пра «знаходку», маючы намер вярнуць ёй дакументы.

У дачыненні да фігуранта ўзбуджана крымінальная справа.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Магілёве пляменнік абакраў цётку. Ён хацеў купіць аўтамабіль

Беражыся аўтамабіля. Непаўналетні магілёвец здаў у ломбард ювелірныя вырабы цёткі.

У Ленінскае РУУС Магілёва звярнулася 39-гадовая жанчына. У яе скралі ювелірныя вырабы з золата і срэбра коштам 8,5 тысячы рублёў.

Аператыўнікі высветлілі, што ў крадзяжы вінаваты 17-гадовы пляменнік заяўніцы. 

Нейкі час ён жыў у кватэры цёткі разам са сваёй дзяўчынай. 

Хлопец марыў купіць аўтамабіль. Калі выпала магчымасць, доўга разважаць не стаў. Скарыстаўшыся тым, што цётка была ў ад’ездзе, ён здаў у ломбард яе ювелірныя вырабы.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.