1 ліпеня ў гісторыі. Люблінская ўнія. Першая Энцыклапедыя. Візіт Р. Ніксана ў Мінск. Самы доўгі мост Еўропы. Дэнамінацыя.

Міжнародны Дзень Дняпра (з 2003 года, першая субота ліпеня).

Прысвечаны адной з самых спакойных і велічных раўнінных рэк, 4-й у Еўропе па даўжыні пасля Волгі, Дуная і Урала. Даўжыня ракі 2201 км, у тым ліку 595 км – па Беларусі.

У Беларусі знаходзіцца верхняя плыня. Да басейна ракі адносіцца 51% тэрыторыі краіны. Па тэрыторыі Магілёўскай вобласці цякуць буйныя прытокі Дняпра – Сож, Бярэзіна. На Дняпры стаіць не толькі Магілёў, але і сталіца Украіны – Кіеў.

Ярылін дзень (народны каляндар).

Дзень пякучага сонца. “Усім дням дзень”. Гэты дзень славяне прысвячалі Богу Ярыле, ладзілі кірмашы і гулянні.

Калі ўвечары зара залаціста-жоўтага колеру і адлівае ружовымі водбліскамі, то варта разлічваць на паляпшэнне надвор’я.

Зялёная афарбоўка вакол Месяца прадвесціць моцную засуху, а туман з самай раніцы кажа, што дзень будзе гарачым і сонечным.

1569 год. Дэпутатамі польскага і літоўскага соймаў зацверджана Люблінская ўнія.

Акт федэрацыйнага аб’яднання дзвюх дзяржаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага ў Рэч Паспалітую Абодвух Народаў.

Унія заключана ў цяжкі час для ВКЛ у Лівонскай вайне. З канца XV стагоддзя ВКЛ было вымушана весці цяжкія войны супраць Маскоўскай дзяржавы, якая прэтэндавала на ўсходнія землі краіны.

1751 год. У Францыі пабачыў свет першы том першай у свеце «Энцыклапедыі».

Ініцыятар выдання кнігавыдавец Луі Брэтон, кіраўнік праекта – Дэні Дзідро (прысвяціў “Энцыклапедыі” 25 гадоў жыцця).

Асноўны корпус “Энцыклапедыі” склалі 35 тамоў: 17 тамоў тэксту (60 тысяч артыкулаў) і 11 тамоў ілюстрацый да тэксту.

Увогуле самыя першыя зборнікі энцыклапедычнага тыпу з’явіліся яшчэ ў Старажытных Егіпце, Кітаі.  

Першая універсальная «Беларуская савецкая энцыклапедыя» друкавалася ў 1969-1975 гадах, а 18-томавая «Беларуская энцыклапедыя» – у 1996–2004.

1855 год. Заснавана Магілёўскае Аляксандраўскае рэальнае вучылішча.

Яно было 7-класным, размяшчалася ва ўласным будынку (на сучаснай пл. Арджаникідзэ), пабудаваным згодна з праектам магілёўскага губернскага інжынера В. С. Мілянаўскага

У штатах вучылішча знаходзіліся дырэктар, 4 настаўнікі Закона Божага, 8 настаўнікаў навук і моў, настаўнік чыстапісання і малявання, 7 класных настаўнікаў, 2 памочнікі класных настаўнікаў і 4 іншыя службовыя асобы. Урокі доўжыліся па 55 хвілін з 9 раніцы да 14.30 шэсць дзён у тыдзень. У першым класе было па чатыры ўрокі ў дзень, а ў астатніх – па пяць.

Летам 1904 года зроблена двухпавярховая мураваная прыбудова.

Выкладаліся: матэматыка, руская мова, Закон Божы, гісторыя, геаграфія, геаметрычнае чарчэнне, фізіка, касмаграфія, прыродазнаўства, нямецкая і французская мовы, маляванне, чыстапісанне, законазнаўства.

У 1918 годзе пераўтворана ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча. Яго будынак захаваўся да сённяшняга дня, і зараз у ім размешчаны Магілёўскі дзяржаўны сацыяльна-гуманітарны каледж.

1903 год. У в. Прокшанічы (цяпер Магілёўскі раён) нарадзіўся Іван Ільюшын (1903-1997).

Беларускі філосаф і савецкі дзяржаўны дзеяч, міністр асветы БССР. Член-карэспандэнт АН БССР.

Скончыў БДУ. Працаваў вучоным сакратаром, дырэктарам Інстытута філасофіі, загадчыкам кафедраў у інстытуце фізічнай культуры, радыётэхнічнага інстытута. У Ташкенцкім фінансава-эканамічным інстытуце, у Бухарскім абкаме кампартыі Узбекістана, у ЦК КПБ, галоўным рэдактарам часопіса «Бальшавік Беларусі», намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР.

Аўтар каля 50 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій.

Памёр 5 кастрычніка 1997 года.

1913 год. Адкрыты Магілёўскі настаўніцкі інстытут і пры ім гарадское вучылішча.

Размяшчаўся ў цагляным трохпавярховым доме стацкага саветніка Гартынскага па Быхаўскай вуліцы (праз некалькі месяцаў – на Вялікай Садовай, зараз корпус №2 МДУ імя А. Куляшова), арэндная плата складала 3900 рублёў у год. На ўтрыманне інстытута і вучылішча адпускаліся сродкі: з казны – 31 900 руб., ад земства – 1 000 руб., ад горада – 1 000 руб.

Дырэктарам інстытута стаў Ул. Тычынін.

Студэнты інстытута за навучанне плацілі 25 руб., вучні вучылішча – 15 руб. на год.

У 1913-1914 навучальным годзе ў адзіным класе інстытута налічвалася 35 навучэнцаў, усе праваслаўнага веравызнання, ва ўзросце 20-30 гадоў. Гэта былыя настаўнікі пачатковых народных і царкоўнапрыходскіх школ, са стажам працы ў іх не менш за 2 гады. У гарадскім вучылішчы навучалася 34 чалавекі – дзеці дваран, мяшчан і сялян.

Пасля 1917 года інстытут быў перададзены ў распараджэнне Наркамасветы.

1927 год. Нарадзілася Зора Кіпель (Савёнак, 1927-2003).

Беларускі грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША, літаратуразнавец, публіцыстка.

У 1936-1941 гг. жыла ў Крычаве. Скончыла Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу, Цюбінгенскі, Лювенскі, Ратгерскі ўніверсітэты.

Адна з ініцыятараў увядзення камп’ютарнай каталагізацыі ў бібліятэчнай сістэме ЗША. Рэдактар газеты «Беларус», член Рады БНР, аўтар «Бібліяграфіі беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе», прац па гісторыі Беларусі, літаратуры, асвеце. 

1941 год. Пачалося фарміраванне магілёўскага народнага апалчэння.

Доўжылася да 12 ліпеня. Створана з асобаў непрызыўнога ўзросту пад кіраўніцтвам ваеннага камісара вобласці І. Ваяводзіна ў складзе палка і 14 батальёнаў – 12 000 чалавек.  Апалчэнне прымала ўдзел у абароне Магілёва 3-26 ліпеня 1941 года.

У 1974 г. у абласным цэнтры з’явілася вуліца Народнага апалчэння (800 м, раён Юбілейны).

1970 год. Памёр Аляксандр Мазалёў (1910-1970).

Беларускі савецкі жывапісец, графік, педагог.

Скончыў Ленінградскі інстытут пралетарскага мастацтва. Выкладаў у Віцебскім, Мінскім мастацкіх вучылішчах, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Падчас вайны прымаў удзел у дзейнасці падпольнай арганізацыі. Быў арыштаваны акупантамі і адпраўлены ў канцлагер. Пасля вызвалення з канцлагера ў 1944 годзе ваяваў у Чырвонай Арміі.

Працаваў у галіне станковых жывапісу і графікі, у пейзажным, партрэтным, бытавым і батальным жанрах. Быў аўтарам тэматычных карцін, у якіх вельмі ёміста ўвасабляліся характэрныя прыкметы таго часу і галоўныя грамадскія ідэалы.

Сярод творчай спадчыны мастака таксама шмат эцюдаў, накідаў і замалёвак. Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

А. Мазалёў. На канікулах. 1966 год.

1974 год. Адбыўся першы афіцыйны візіт дзейнага прэзідэнта ЗША ў Беларусь – Рычарда Ніксана.

Да гэтага ён 22 мая 1972 года сустракаўся з кіраўніцтвам СССР у Маскве. 

Госця прынялі ва ўрадавай рэзідэнцыі “Заслаўе”. Ніксан азнаёміўся з горадам, усклаў вянок да падножжа манумента на плошчы Перамогі, наведаў мемарыяльны комплекс “Хатынь”. 

Падчас абеду ў тосце ён ушанаваў подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і дадаў: “Я раней думаў, што Мінск і Беларусь увогуле знакамітыя толькі тым, што тут вырасла маленькая дзяўчынка Вольга Корбут”. 

А яшчэ ён разгадаў хітрыкі савецкіх палітыкаў: замест Катыні, яго прывезлі ў Хатынь.

Адзіны за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі прыезд кіраўніка ЗША ў асобе Біла Клінтана адбыўся 15 студзеня 1994 года.

1976 год. Заснаваны Магілёўскі абласны тэатр лялек.

Заснаваны групай выпускнікоў культурна-асветнай школы і ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці на чале з рэжысёрам Мікалаем Кулагам. 23 мая 1977 года адбыўся першы спектакль «Ціграня Петрык» паводле п’есы Г. Янушэўскай і Я.Вількоўскага.

У 2009 годзе будынак тэатра адкрыўся пасля рэканструкцыі на сродкі, ахвяраваныя бабруйскім прадпрымальнікам Мешчараковым. Была ўзведзена прыбудова, дзякуючы якой глядзельная зала была пашырана, у сутарэнных памяшканнях размясціліся майстэрні, гардэроб і прыбіральні.

Рэпертуар тэатра – гэта пастаноўкі для дзяцей і дарослых, творы класікаў і сучасная драматургія. Спектаклі “Беласнежка і Гномы”, “Чароўны пэндзаль”, “Самы маленькі самалёт на свеце” – пераможцы прэстыжных міжнародных фестываляў, форумаў, тэатральных прэмій. Аднак асаблівае месца ў жыцці тэатра займаюць пастаноўкі для дарослых, такія як “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Гамлет”, “На дне”, “Сіняя-сіняя”, “Кандыд, або Аптымізм”.

Пастаноўкі тэатра – гэта заўсёды смелыя творчыя рашэнні па чытанні твораў беларускіх і замежных класікаў, а таксама работ драматургаў-сучаснікаў.

2000 год. Адкрыўся самы доўгі мост у Еўропе – Эрэсунскі мост, які злучыў Данію са Швецыяй.

Аўтамабільныя і чыгуначныя пуці, якія ідуць па гэтым мосце, пачынаюцца ў шведскім партовым горадзе Мальмё і заканчваюцца на штучным востраве пасярэдзіне Эрэсунскага праліва, а затым спускаюцца ў тунэль, які выходзіць побач з капенгагенскім аэрапортам. Дзякуючы будаўніцтву гэтага новага шляху праехаць з адной краіны ў другую можна ўсяго за 20 хвілін.

2016 год. У Беларусі адбылася дэнамінацыя нацыянальнай валюты.

Таксама былі ўведзены новыя грашовыя знакі ўзору 2009 года і ўпершыню ўведзены манеты (да гэтага выпускаліся толькі памятныя).

Суадносіны абмену старых на новыя банкаўскія знакі склалі 1 да 10 000. Манеты (1, 2, 5 капеек пакрыты меддзю; 10, 20, 50 капеек — меддзю і латунню; 1 рубель – меддзю і нікелем; 2 рублі – біметал, медзь і нікель, кальцо – медзь і латунь) былі адчаканены на Літоўскім манетным двары і Манетным двары Крэмніцы.

21 чэрвеня ў гісторыі. Заўтра была вайна. Нарадзіліся медык Ж. Жылібер, этнограф А. Сержпутоўскі, рок-легенда В. Цой.

Міжнародны дзень скейтбордынгу (Go Skateboarding Day, з 2004 года).

Устаноўлены Міжнароднай Асацыяцыяй Скейтборд-кампаній. Ва ўсім свеце ў гэты дзень усе скейтэры выходзяць на вуліцы для святкавання і катання.

Першы прататып сённяшняга скейтборда з’явіўся ў ЗША у 1958 годзе. Дошка была прамавугольнай формы і слаба нагадвала цяперашнія мадэлі. Затым Р. Стывенсан прыдумаў прымайстраваць да дошкі “хвост” і захіліць яго ўверх. У такім выглядзе скейтборд дажыў да нашых дзён.

Дзень летняга сонцастаяння.

Момант, калі Сонца ў сваім руху па экліптыцы трапляе ў самы паўночны яе пункт. Некалькі пакаленняў беларусаў засвоілі, што гэта адбываецца 22 чэрвеня, у той жа дзень у 1941 годзе пачалася і Вялікая Айчынная вайна. Але ў XXI стагоддзі летняе сонцастаянне ў Паўночным паўшар’і адбываецца 20 ці 21 чэрвеня. У гэтым годзе – 21 чэрвеня.

Сёння самы працяглы ў годзе дзень і самая кароткая ноч у паўночным паўшар’і. Наступленне астранамічнага лета. Сонца знаходзіцца ў зеніце над паўночным тропікам (тропік Рака). Працягласць дня на шырыні Магілёва складае 17 гадзін і 9 хвілін (удакладнім, што такая працягласць з 20 па 23 чэрвеня, а «пік» – 21-га), а ноч, адпаведна, 6 гадзін і 51 хвіліны.

Усход сонца ў Магілёве 21 чэрвеня 2023 года, у 04:27, захад у 21:36, астранамічны поўдзень а 12:57:47.

Самы доўгі дзень у Беларусі будзе у г.п. Асвея Верхнядзвінскага раёна – амаль 17 гадзін і 43 хвіліны, а ў паўднёвым Брэсце толькі 16 гадзін і 45 хвілін.

З 24 чэрвеня дзень пачне змяншацца, а ноч павялічвацца: “Сонца на зіму, а лета – на зной”.

На працягу тысячагоддзяў Дзень летняга сонцастаяння меў велізарнае значэнне для нашых старажытных продкаў, якія падпарадкоўваліся прыродным цыклам. Для язычнікаў сонца валодала чароўнай уладай над усім жывым, а летняе сонцастаянне азначала найвышэйшы росквіт усіх сіл прыроды. Аднак сярэдзіна лета нагадвала таксама пра хуткае скарачэнне светлавога дня і немінучым набліжэнні зімы.

У паганскім календары славян гэта свята было прысвечаны богу сонца – Ярыле. Да яго рыхтаваліся з самай раніцы.

У дні летняга сонцастаяння адзначаецца адно з самых старажытных свят – Купалле. Яно прысвячаецца сонцу і росквіту зямлі і пад самымі рознымі назвамі вядома практычна ва ўсёй Еўропе. У Балгарыі гэта Янаў дзень, у Венгрыі – Святы Іван, у Іспаніі – Сан-Хуан, у Бельгіі і Чэхіі – Святы Ян, у Літве – Лада, у Латвіі – Ліга, у Польшчы – Саботкі, ва ўсходніх славян – Іван Купала, Купалле. Каталікі святкуюць яго 24 чэрвеня, праваслаўныя – у ноч з 6 на 7 ліпеня.

1503 год. Ваўкавыск атрымаў прывілей вялікага князя Аляксандра на магдэбургскае права і герб.

42-тысячны горад Гродзенскай вобласці, цэнтр раёна, на р. Рось, вядомы з 1005 года. Імаверна, тут  існаваў замак. Ваўкавыская харугва брала ўдзел у Грунвальдскай бітве.

Цэнтр езуітаў, піяраў і марыявітак. На пачатку вайны 1812 года размяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-ім Заходнім расійскім войскам генерала П. Баграціёна. 

Зараз тут працуюць  ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат», «Беллакт», «Ваўкавыскі машынабудаўнічы завод». Цэнтр турызму нацыянальнага значэння. Знаходзіцца адна з найлепшых у краіне мотакросавых трас, дзе праводзіліся два этапы чэмпіянату Еўропы ў класе матацыклаў да 250 см³ і этап чэмпіянату свету на матацыклах з каляскамі. 

1547 год. У Маскве ўспыхнуў грандыёзны пажар.

Пажар быў прадказаны Васілём Блажэнным. Напярэдадні бедства юродзівы прыйшоў ва Узвіжанскі манастыр і доўга там маліўся ў маўчанні са слязамі. На наступны ж дзень менавіта гэтае месца стала агменем пажару.

Ад агню моцна пацярпелі Крэмль, Кітай-горад, большая частка пасада, загінула больш за 2 500 чалавек. Большасць масквічоў засталіся без прытулку.

1741 год. Нарадзіўся Жан Эмануэль Жылібер (1741-1814).

Французскі і беларускі натураліст, хірург і анатам, стваральнік і кіраўнік Гродзенскай медыцынскай акадэміі.

Таксама заснаваў акушэрскую і ветэрынарную школы, клінічны шпіталь, батанічны сад. Прафесар медыцынскага факультэта Галоўнай школы ВКЛ у Вільні. У Гродна ўсталяваны помнік Ж. Жыліберу, у яго нонар назвы гарадскі парк

Прафесар медыцынскага факультэта Галоўнай школы Вялікага.

У Гродна стаіць помнік Жыліберу, у яго гонар назвы гарадскі парк.

Памёр 2 верасня 1814 года.

1835 год. Памёр Ян Рустэм (1835-1762).

Мастак, стваральнік Віленскай мастацкай школы. Акадэмік.

Па розных версіях, быў армянскага, грэчаскага або турэцкага паходжання.

Нарадзіўся ў Канстанцінопалі. Дзесяцігадовым сіратой прывезены ў 1774 годзе князем А. Чартарыйскім у Варшаву. На яго сродкі выхоўваўся і вучыўся выяўленчаму мастацтву ў Варшаве, Германіі. 

Працаваў партрэтыстам і вучыў мастацтву сярод літоўскай шляхты, працаваў мастаком у тэатры М. Агінскага ў Слоніме, у маёнтку С. Солтана у Дзятлаве, выкладаў у Віленскім універсітэце. 

Разам з графікам Джозэфам Саўндэрсам, рэфармаваў сістэму навучання – была ўведзена трохпрыступковая школа рысунку, толькі пасля сканчэння якой наступаў выбар спецыялізацыі. Упершыню ўвёў у навучальны працэс працу з натуры.

Вучнямі Я. Рустэма былі шматлікія вядомыя мастакі, у тым ліку  В. Ваньковіч, Я.Дамель, Н. Орда, І. Хруцкі, В. Дмахоўскі, К. Русецкі.

1864 год. Нарадзіўся Аляксандр Сержпутоўскі (1864-1940).

Беларускі этнограф і фалькларыст, мовазнавец, літаратар.

Удзельнік 25 этнаграфічных, антрапалагічных, лінгвістычных экспедыцый. Узнагароджаны Малым залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства за «Зборнік беларускіх прыказак і прымавак». 

Аўтар прац пра жыццё палешукоў, збора песень з Горацкага, Чавускага, Мсціслаўскага, Клімавіцкага раёнаў.

Памёр 5 сакавіка 1940 года.

1937 год.  Расстраляны Мікалай Галадзед (1891-1937).

Беларускі савецкі палітычны дзеяч.Трэці Старшыня СНК БССР (1927-1937).

Удзельнік Першай сусветнай вайны, вёў рэвалюцыйную агітацыю ў войску. Стварыў чырвонагвардзейскі атрад, які вёў баі з нямецкімі войскамі і войскамі УНР. 

У 1918-1924 гадах у Гомельскай губерні: старшыня сельсавета, сябра рэвалюцыйных камітэтаў, старшыня выканкамаў у Навызабкаўскім і Горацкім паветах, старшыня «тройкі» па барацьбе з бандытызмам. 

Быў сябрам бюро па пытаннях ўзбуйнення БССР. Сябра ЦВК СССР і ЦВК БССР.

У 1930 годзе ўхваліў выключэнне са складу акадэміі навук акадэмікаў В. Ластоўскага, У. Пічэты, Я. Лёсіка, С. Некрашэвіча, Г. Гарэцкага, А. Дубаха.

Быў сябрам Палітычнай камісіі для перагляду расійска-беларускага слоўніка і новых правіл беларускай мовы.

Арыштаваны 14 чэрвеня 1937 года, абвінавачаны ва ўдзеле ў праватрацкісцкім блоку і ўкраінскай нацыянал-фашысцкай арганізацыі. Паводле афіцыйнай версіі, выкінуўся з акна 5-га паверха ў часе допытаў у будынку НКУС БССР. Па неафіцыйных звестках, быў збіты да смерці, а потым супрацоўнікі дзяржбяспекі інсцэнавалі самагубства. Паводле іншых звестак, расстраляны.

1941 год. Нямецкія войскі, утоена засяроджаныя каля савецкай мяжы, атрымалі загад аб пераходзе ў наступ ранняй раніцай 22 чэрвеня. 

Камандзір 47-га танкавага корпуса генерал Яхім Лемельзен абвясціў сваім салдатам і афіцэрам: “Мы знаходзімся напярэдадні вялікай ваеннай падзеі. Цяпер трэба разбіць Чырвоную Армію і, тым самым, навекі вынішчыць бальшавізм – смяротнага ворага нацыянал-сацыялізму. Наш лозунг абвяшчае: “Наперад на ворага! Перамога будзе за намі! Няхай жыве наш фюрар!”

1962 год. Нарадзіўся Віктар Цой (1962-1990).

Савецкі культавы музыка, лідар рок-гурта «Кіно». 

Цой і яго “Кіно” адлюстравалі цалкам тую эпоху, у якой жылі і тварылі. Але што дзіўна – іх тэмы сёння яшчэ больш актуальныя. Іх памятаюць, іх слухаюць, іх спяваюць. Цой – гэта без сумневу герой не толькі свайго часу, а герой наогул без прывязкі да паняцця час. 

На фота. Сцяна Цоя ў Мінску, насупраць стадыёна “Дынама”. Першая сцяна была на Кастрычніцкай плошчы, але дэмантавана ў сувязі з будаўніцтвам Палаца Рэспублік). 

1967 год. Памёр Фелікс Стацкевіч (1897-1967).

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, складальнік «Эсперанта-беларускага слоўніка». Працаваў дырэктарам Радашковіцкай беларускай гімназіі, старшыней Галоўнай управы Таварыства беларускай школы, рэдактарам часопіса «Беларускі летапіс». Рэпрэсіраваўся польскімі і савецкімі ўладамі.

Управа ТБШ. Ф. Стацкевіч у першым радзе другі злева.

1986 год. Памёр Генадзь Цітовіч (1910-1986).

Беларускі кампазітар, дырыжор, фалькларыст, этнограф. Народны артыст СССР.  лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі БССР. 

Вучыўся ва Універсітэце Стэфана Баторыя, скончыў Віленскую кансерваторыю. 

Працаваў рэдактарам абласнога радыё, кансультантам Дома народнай творчасці ў Баранавічах, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Стварыў у в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна народны хор, рэарганізаваны ў Дзяржаўны народны хор БССР, яго кіраўнік да 1974 года.

Запісаў больш за 3 000 беларускіх (пераважна), украінскіх, польскіх, літоўскіх і іншых народных песень, танцаў, інструментальных найгрышаў. 

Складальнік фальклорных зборнікаў. Аўтар 12 песень на ўласныя словы і вершы беларускіх паэтаў, больш за 60 апрацовак беларускіх народных мелодый.

Яго імя носіць Нацыянальны акадэмічны народны хор.

Фота з адкрытых крыніц.