У некаторых распрацаваных інвестпраектах не могуць разабрацца кантралёры.
Інвестыцыйны праект – гэта комплекс узаемазвязаных захадаў, скіраваных на дасягненне канкрэтна вызначаных мэтаў. Ён – аснова для прыцягнення інвестыцыяў на канкрэтнае прадпрыемства ці ў галіну ў цэлым. Пісьменна складзены інвестыцыйны праект – найлепшы інструмент для паскарэння прыняцця інвестарам рашэння адносна мэтазгоднасці ўкладання сродкаў у тое ці іншае прадпрыемства.
Паводле Дзяжкантролю, рэгіянальнай эканоміцы бракуе інвестыцыйных праектаў, якія прадугледжваюць стварэнне новых і мадэрнізацыю існуючых прадпрыемстваў.
Ведамства ўгледзела, што спыненая рэалізацыя шэрагу інвестпраектаў з-за адсутнасці рэальных крыніц фінансавання. А таксама, парушэння тэрмінаў выканання прац праекціроўшчыкамі і будаўнічымі падрадчыкамі ў іх ажыццяўленні, ды складанасцяў з лагістыкай у пастаўцы абсталявання, якое закупляецца ў рамках інвестпраектаў, піша “Маяк Прыдняпроўя”.
Паводле кіраўніка Камітэту дзяржкантролю Васіля Герасімава у Магілёве прыдумалі праект з сумнеўнымі інавацыйнасцю і злабадзённасцю. Ва «Удасканаленне сістэмы зімовага ўтрымання рэспубліканскіх аўтамабільных дарог на тэрыторыі асобна ўзятай Магілёўскай вобласці» закладзеная сума ў 11 мільёнаў рублёў.
«Разбіраючыся, а што яны ўвогуле збіраюцца рабіць і вывучаць за такія грошы, я да канца зразумець так і не змог», – прызнаўся Герасімаў на пасяджэнне Савету Міністраў, дзе старшыняваў Аляксандр Лукашэнка. Шчыраванні кіраўніка камітэту дзяржкантролю падае тэлеканал «ОНТ».
Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Таццяна Мацвеева
Адміністратыўную справу журналісткі адправілі на дапрацоўку.
Паводле калегаў, суддзя Уладзімір Царыкаў угледзеў у пратаколе недакладнасці.
Супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Віцебску Уладзіслаў Шышкавец, які складаў пратакол, заяўляў на працэсе, што журналістка «без дазволу райвыканкаму» размясціла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» фатаграфію з бел-чырвона-белым сцягам, чым «выказала сваю грамадска-палітычную пазіцыю».
Журналістку затрымалі 29 ліпеня на вакзале абласнога цэнтру. Яе адвезлі дадому, дзе быў праведзены ператрус.
Яна Пінчук
Этапавалі з Расіі ў Беларусь.
Яе вінавацяць у адміністраванні «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў і інкрымінуюць «распальванне сацыяльнай варожасці», закліку да “дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі” і “стварэнне экстрэмісцкага фармавання”.
Дзяўчыне пагражае да 19 гадоў пазбаўлення волі.
Яе арыштавалі ў Санкт-Пецярбургу ў лістападзе 2021 года і ўтрымлівала ў няволі. Беларускія сілавікі абвясцілі дзяўчыну ў вышук.
Камітэт правоў чалавека ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь Яны Пінчук і забяспечыць абарону яе жыцця і недатыкальнасці да разгляду камітэтам яе скаргі. У Маскве праігнаравалі рэкамендацыі.
Алеся Пісарэнкава
Паводле праваабаронцаў, затрыманая ГУБАЗіК у Круглым, Магілёўская вобласць.
Прычыны зняволення праваабаронцы высвятляюць. На сваім тэлеграм-канале яны паведамілі, што прычынай мог стаць удзел Пісарэнкі ў пратэстах 2020 году.
Вадзім Болбас
Ён бацька журналісткі Аліны Болбас, якая знаходзіцца за мяжой
У праўладных тэлеграм-каналах апублікавалі«пакаяльнае» відэа з ім.
У апісанні пад відэа адзначана: «Безадказнае патуранне да дабра не давяло, дачка збегла за мяжу, а бацька павінен адказаць перад законам».
Сілавікі паказальна разграмілі кватэру Болбасаў.
Максім Стасілевіч.
Верніка евангельскай царквы «Гефсіманія» затрымалі паводле крымінальнай справы.
Яго вінавацяць ва ўдзеле ў пратэсных акцыях.
Паводле праваабаронцаў, падчас ператрусу ў яго сканфіскавалі пакункі з улёткамі «Малітва за Беларусь» з заклікам маліцца за краіну і народ «у гэты няпросты час» і цытаты з Бібліі.
Спачатку ён атрымаў 10 дзён арышту за «хуліганства».
«Памерці, але вытрымаць» – у дні канферэнцыі «Новай Беларусі», у Мінску прайшло пасяджэнне Савету Міністраў
Пасяджэнне Савету Міністраў было прымеркаванае да тэмы функцыянавання дзяржавы ва ўмовах санкцый і прысвячалася захадам па пераадоленню іх наступстваў – паведамляе БелТА.
Аляксандр Лукашэнка, які старшыняваў на пасяджэнні, выказаў упэўненасць, што па выніках года эканоміка мае шанцы паказаць такі самы вынік, як і летась.
Пры гэтым асабліва адзначалася, што вялікая ўвага надаецца магчымасці працягваць гандаль з Еўразвязам.
«Нам ні ў якім разе нельга сыходзіць з Еўрасаюзу. Гэта наш бліжэйшы сусед. Мы палавіну там, на маю думку, працавалі па экспарту, – сказаў Лукашэнка.
Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка так ахарактарызаваў актуальную сітуацыю ў эканоміцы: знешнія ўмовы для работы эканомікі істотна пагоршыліся, таму што ўведзеныя санкцыі адносна Беларусі з боку шэрагу краін датычацца ўсіх этапаў экспарту ад дастаўкі тавару да атрымання выручкі. Каб замясціць прыбыткі, якія выпалі з-за санкцый, быў прыняты комплекс мер для нарошчвання вытворчасці і экспарту ў іншых галінах.
«Штомесяц расце экспарт тавараў, і ў чэрвені ён практычна дасягнуў узроўню мінулага года, а ў Расію – дасягнуў гістарычнага максімуму $2 млрд за месяц» – паведаміў Галоўчанка.
Самы дарагі аўтамабіль, які прадаецца на Магілёўшчыне – гэта Mersedes S-класа «Maybach» з рэстайлінгам, 4-літровым бензінавым рухавіком 2018 года. За ластаўку просяць 275 000 долараў.
За аўто з шыкоўным скураным салонам і падагрэвам сядзенняў уладальніку прыйдзецца нямала плаціць не толькі падчас пакупкі, але і падчас усёй эксплуатацыі – расход паліва па горадзе сягае 25-28 літраў, а запчасткі для аўто падыходзяць толькі арыгінальныя. Аналагаў проста не існуе.
Другі і трэці радкі па кошце на аўто ў Магілёўскай вобласці займаюць Toyota Land Crusier J300 і BMW X6M F96, за якія просяць больш за 190 000 долараў. Першае аўто мае ўсяго адзін год прабегу, другое – два.
Абодва – пяцідзверныя пазашляховікі. Лэнд Крузер, праўда, чакае свайго магілёўскага пакупніка аж у Казахстане – тыповая з’ява, калі аб’яву пра дарагое аўто ўласнікі ікнуцца размясціць на ўсіх рэгіянальных пляцоўках.
Таёты Лэнд Крузеры і BMW упэўнена займаюць першыя радкі самых дарагіх машын, што прадаюцца на Магілёўшчыне, у цэнавым дыяпазоне звыш 100 000 даляраў. Далей да іх далучаюцца Nissan, Мерседэсы, Фольксвагены і Лексусы. Самы дарагі электрамабіль у шэрагу топ-15, гэта, натуральна, Tesla. Мадэль Y 2021 года за 77 000$. І прадаецца ён, як бачна па фота, ужо з зімы.
Да рэдкіх для Магілёўшчыны сярод дарагіх аўто можна далучыць Lincoln Corsair, Genesis, Acura. Яны ўваходзяць у топ-100 па вартасці сярод б\у машын на продаж і знаходзяцца ў дыяпазоне 40 – 50 тысяч долараў.
Ёсць у продажы і рэтрамабілі. Так, за ГАЗ М20 «Победа» гаспадар просіць 19 000 $.
Іншую «Победу» можна набыць у Магілёве і танней – усяго за 5 900$, але і агульны стан у аўтамабіля трохі горшы. Хоць яна цалкам на хаду – запэўнівае прадавец.
У Бабруйску на продаж і абмен выстаўлены яшчэ два рарытэтных аўтамабіля. Opel Olympia 1938 года, аднак, не на хаду і патрабуе аднаўлення. Кошт за машыну дамоўны, але далёка не «пяцьсот баксаў» – паведамляе прадавец. Гэта, бадай, самая старая машына з тых, што можна сустрэць на рэгіянальным рынку. Бліжэйшыя па ўзросце – Масквічы 1950-х гадоў, якія прадаюцца таксама пераважна не на хаду.
Шыкоўны і рарытэтны, адрэстаўраваны Mersedes Benz W110 (выпускаўся з 1961 па 1968 гады) наогул не прадаецца – яго гаспадар гатовы толькі абмяняць толькі на нейкі іншы незавершаны і цікавы праект, напрыклад, на Mersedes 300sl – першы пасляваенны спартыўны Mersedes.
З інтэрв’ю кіраўніцы канцэрну «Беллёгпрам» Таццяны Лугіной тэлеканалу «БТ» вынікае, што беларусам няма куды падзецца, як купляць адзежу, вырабленую мясцовымі прадпрыемствамі. Лугіна апавядае праўладнаму медыя пра сітуацыю са школьнай формай. Сёлета вучні павінны ісці ў школу ў форме дзелавога стылю.
Па словах Лугіной, каб апрануць дзяўчыну-школьніцу хопіць 280 рублёў, а хлопца ад 160 да 260 рублёў.
Яна кажа, што «Беллёгпрам» прагназаваў у сакавіку і красавіку павышаны попыт на беларускае, бо людзі сталі меней перасоўвацца ў сувязі з закрыццём межаў.
Лугіна запэўнівае: блізу аднаго мільёна беларускіх вучняў не застанецца без адзежы да школы. Яе вырабляе 18 мясцовых прадпрыемстваў.
Кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам» лічыць, што цяперашні час дазваляе насельніцтву не «бегчы за нечым модным і замежным, а расплюшчыць вочы і палюбіць тое, што ў нас ёсць».
«Калі чуеш, што ZARA сышла з Расіі. ZARA сышла, і што тут такога трагічнага. У нас жа сваіх ZAR», – кажаяна ў інтэрвʼю «БТ».
Што казала раней кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам»
У чэрвені Таццяна Лугіна казала, што за 150 рублёў можна будзе купіць спрошчаны варыянт школьнай формы. Кошт шарсцяной адзежы даступным будзе не кожнай сям’і, даводзіла кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам».
Яна прызнаецца: верхняя і ніжняя планкі кошту школьнай формы знаходзяцца далёка адна ад адной, пісаў Магілёў.media.
Лугіна адзначала, што паводле падлікаў ведамства, каб сабраць вучня ў школу бацькам трэба мець ад 150 да 750 рублёў. У гэтую суму ўваходзяць абутак і заплечнік.
Беларускія ўлады заявілі пра намеры стварыць ува ўсіх рэгіёнах «Вёскі будучыні». Чыноўнікі запэўніваюць, што ў такіх паселішчах будзе забяспечанае камфортнае пражыванне і створаныя новыя працоўныя месцы ды вытворчасці.
Намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч кажа, што ўся тэрыторыя краіны ўжо падзелена на шэсць рэгіянальных груп, дзе адначасова будзе ўкараняцца гэты праект, піша краснапольскае выданне «Чырвоны сцяг».
Вернутыя з савецкай мінуўшычыны – аграгарадкі, якія і тады не далі плёну
Два дзясяткі гадоў таму заяўлялася, што аграгарадкі стануць прыкладна тым жа, што і праектаваная «Вёска будучыні».
У 2003 годзе Лукашэнка даручыў распрацаваць праграму адраджэння вёскі, каб яна стала перспектыўнай і прывабнай для моладзі.
Першым аграгарадком стала вёска Язёры Чэрыкаўскага раёну Магілёўскай вобласці.
Феномен «аграгарадка» – не выдумка цяперашняй улады ў Беларусі. Яе прататыпы ў БССР з’явіліся яшчэ ў 1950 гадах, калі ўзяліся ўзбуйняць калгасы. Новых паселішчаў стварылі 3852. Тагачасныя аграгарадкі не выратавалі вёску ад дэградацыі, не затрымалі там і моладзь.
Праз некалькі дзесяцігоддзяў савецкі досвед узгадалі. Планавалася, што да канца 2011 года будзе завершана стварэнне сеткі аграгарадкоў, а іх колькасць перавысіць 1,5 тысячы. У 2014 годзе іх было 1512. Аграгарадок стаў афіцыйным відам сельскага паселішча.
У ідэале аграгарадок меўся быць забяспечаны сувяззю, электрычнасцю, газам, водаправодам, крамамі, сталоўкамі, поштай, ашчаднай касай, установамі медыцыны, адукацыі, культуры, спорту.
На справе ж многія аграгарадкі не адпавядалі крытэрыям такой інфраструктуры. Толькі 93 % жыллёвага фонду газіфікавана, 76 % забяспечана водаправодам, 72 % каналізацыяй, 65 % цэнтральным ацяпленнем, 50% гарачай вадой. Насельнікі аграгарадкоў не маюць абяцаных высокіх заробкаў, а адсутнасць перспектыў не прываблівае ў іх моладзь.
Пра “Вёскі будучыні” чыноўнікі кажуць ужо пяць гадоў
У лістападзе 2017-га тагачасны віцэ-прэмʼер Міхаіл Русы абвясціў, што ў Беларусі выбралі пасёлкі, якія ператворацца ў «вёскі будучыні». Іх збіраліся ствараць на базе аграгарадкоў і, нібыта, тады ўжо былі падрыхтаваныя тыпавыя праекты «вёсак будучыні».
У якасці прыкладу, да чаго павінны імкнуцца такія вёскі, чыноўнік назваў аграгарадок Верцялішкі і вёску Копысь, пісала «БелТА».
Копысь адметная тым, што праз Дняпро родная вёска Лукашэнкі, а ў копысеўскай лякарні ён нарадзіўся і, таму, па словах мясцовых жыхароў, па асабліваму ставіцца да гэтага паселішча.
Як вынікала з тлумачэньняў Русага, тагачасныя намеры ў стварэнні «вёсак будучыні» не былі прапрацаваныя, бо, як ён адзначыў, толькі ў 2018 збіраліся іх «юрыдычна ўзаконьваць».
Мінула 5 гадоў і чынавенства зноў загаварыла пра “Вёскі будучыні” ўжо вуснамі намесніка міністра эканомікі Таццяны Бранцэвіч.
З яе слоў, праўда, незразумелая прынцыповая розніца паміж «вёскай будучага» і аграгарадком. Яна амаль цытуе Русага, але спасылаецца на «Канцэпцыю рэгіянальнага развіцця», якую толькі разглядае Лукашэнка.
«Ужо вызначаны населеныя пункты, падрыхтаваны комплекс мер. – запэўнівае яна – Дадаткам да гэтай канцэпцыі зʼяўляюцца палепшаныя сацыяльныя стандарты пражывання ў гэтых населеных пунктах».
Высновы…
Чыноўнікі не могуць зразумець, што толькі прыватная ўласнасць паставіць усё на свае месцы без аграгарадкоў, «вёсак будучыні», а сусветны вопыт паказвае, што без прыватніка-гаспадара свайго лёсу і не будзе гэтай «будучыні».
Кожны новы віток рэфармавання вёскі чыноўноўнікамі вядзе да змяншэння колькасці сельскага насельніцтва, дэградацыі сяла, нягледзячы на вялізныя фінансавыя затраты, датацыі ў аграпрамысловы комплекс, ад якіх не багацеюць ні краіна, ні яе грамадзяне.
Фота з рэсурсаў: komandirovka.ru, tourister.ru, pniva.by, mezcisetki.mogilev.edu.by, rodniva.by, be.wikipedia.org
Друкавацца пачала ў 1939 годзе ў беларускіх эмігранцкіх перыядычных выданнях. Жыла ў Заходняй Бларусі, якая была пад уладай Польшчы.
Выехала з сям’ёю ў Прагу ў 1937 годзе. Наладзіла сувязі з беларускай эміграцыяй, удзельнічала ў рабоце ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. У сакавіку 1943-га стала Генеральным сакратаром ураду і займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР.
5 сакавіка 1948 году чэхаславацкімі ўладамі была арыштавана, а 12 жніўня разам з мужам перададзеная савецкім уладам.
Утрымліваліся ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 году ў турме ў Мінску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў міністр Дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава, які беспаспяхова патрабаваў ад яе перадаць архівы БНР.
Па вызваленні прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КДБ, частымі гасцямі ў Зэльве бывалі паэты і пісьменнікі, мастакі, навукоўцы.
1926 год. Нарадзіўся Янка Запруднік (Сяргей Вільчыцкі).
Дзеяч беларускага руху, гісторык, журналіст, палітолаг.
Дзеяч беларускай дыяспары ў Германіі, Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі. Працаваў у беларускай секцыі радыёстанцыі «Вызваленне» у Мюнхене, Нью-Ёрку. Прафесар Калумбійскага ўніверсітэта. Удзельнік працы Рады БНР. Даследаваў гісторыю Беларусі.
1938 год. Нарадзіўся Валерый Аношка.
Географ, глебазнаўца, доктар геаграфічных навук, прафесар.
Адзін з заснавальнікаў меліяратыўна-інжынернай геаграфіі, распрацаваў канцэпцыю і склаў карту тэхнагеннай парушанасці прыродных комплексаў Беларусі.
1943 год. Памёр Хаім Суцін.
Французскі мастак-экспрэсіяніст беларускага паходжання, адзін з найбольш славутых майстроў нацюрморту.
Яго творам, напісаным пераважна паміж 1920–1929 гадамі, уласцівыя глыбока індывідуальныя бачанне свету і тэхніка. Характэрныя наўмысныя скажэнні, ахвяраванне кампазіцыяй і вымалёўкай дэталяў дзеля раскрыцця ўнутранай сутнасці прадметаў і з’яваў. Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэслена пачварнай каляровай палітрай.
На малой радзіме, у Смілавічах у 2008 годзе пры садзейнічанні ЮНЕСКА створана музейная экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна».
1976 год. Памёр Іван Мележ.
Народны пісьменнік Беларусі.
Аўтар культавых твораў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы».
Творы Мележа вызначаліся вернасцю пісьменніка жыццёвай праўдзе, глыбокім псіхалагічным аналізам чалавечых учынкаў, вастрынёй сацыяльнага і духоўнага бачання рэчаіснасці.
2020 года. Адбыліся прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.
Яны прывялі да масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў. Супраць пратэстоўцаў сілавікі ўжылі гвалт. Толькі за 9-10 жніўня было затрымана больш за 5000 чалавек.
Рэпрэсіі ў Беларусі трываюць дагэтуль.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў
Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго
Павел Вінаградаў
У палітзняволенага блогера і актывіста пацвердзілі сухоты
28 ліпеня яго перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, дзе ўтрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму гэтай хваробы.
Яму прысудзілі 5 гадоў калоніі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, распальванне варожасці ці варажнечы і г.д.
Мікалай Аўтуховіч
Па сканчэнні галадоўкі яго вярнулі на працэс, хаця раней выдалілі за парушэнне парадку.
На працэсе ён заявіў: узятыя ў яго аналізы паказалі, што арганізм цалкам абязводжаны, раскладаюцца тканкі нырак.
59-гадовы палітвязень абвясціў сухую галадоўку 11 ліпеня. Ёю ён пратэставаў супраць таго, што яму не перадаюць лісты і газеты.
Пяць дзён арыштант не наведваў судовыя паседжанні, бо не меў сілаў дайсці. Яму ставілі кропельніцу. 1 жніўня стала вядома, што ён спыніў галадоўку.
Аўтуховіча вінавацяць ва ўчыненні «Акту тэрарызму». Нібыта за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой ён кіраваў.
Па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.
Яўген Харашкевіч
Змешчаны ў штрафны ізалятар за ліст ад жонкі.
Праваабаронцы, спасылаючыся на жонку зняволенага, паведамляюць, што цэнзар угледзеў у віншавальных паштоўках «палітычны падтэкст». Ліст быў знішчаны, а палітвязня адправілі ў ШІЗА.
Харашкевіч адбывае 4-гадовы прысуд за “распальванне сацыяльнай варожасці, абразу прадстаўніка ўлады, падрыхтоўку і арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Яго ўтрымліваюць у Шклоўскай калоніі.
Дзяніс Дорах
Пра яго затрыманне паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы.
У «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца», што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту.
Ілля Даўгалец
Пра яго затрыманне таксама стала вядома з паведамлення ў праўладных тэлеграм-каналах.
На «пакаяльным відэа» ён кажа, што затрыманы з-за бел-чырвона-белай стужкі, якая вісела ў ягонай машыне, а дома ў яго былі «апазіцыйны сцяг, кепка і стыкеры».
У канцы відэа хлопца прымушаюць зняць стужку з салона машыны, паведамляюць праваабаронцы.
Заснаваны з ініцыятывы Міжнароднага фонду абароны жывёлаў «Animal Welfare» дзеля развязання праблемаў бяздомных катоў.
Амаль 80% чалавецтва трымаюць кошак.
Першыя каты з’явіліся ў Беларусі ў дахрысціянскія часы і дужа каштавалі. За жывёлу ў XV стагоддзі плацілі грыўну – гэта срэбны злітак у 205 грамаў.
У Беларусі жыве 3 роды з 4-х і 20 відаў з 36 кошак.
1926 год. Нарадзіўся Аляксандр Надсан (Аляксандр Бочка).
Рэлігійны дзеяч, апостальскі візітатар беларускіх католікаў у эміграцыі.
Дырэктарстваў у Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францыска Скарыны ў Лондане.
Стваральнік і кіраўнік Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Старшыняваў у Беларускім камітэце дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікай Брытаніі.
Вызначыў год выдання «Малой падарожнай кніжкі» Францыска Скарыны, расчытаў і ўвёў у навуковы ўжытак аль-кітабы беларускіх татараў.
1945 год. Паўстаў Міжнародны ваенны трыбунал.
Яго заснавалі краіны-пераможцы нацысцкай Германіі – СССР, ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя для суда над ваеннымі злачынцамі краін, якія ваявалі на баку Германіі.
Першы працэс Трыбунала пачаўся 20 лістапада 1945 году ў Нюрнбэргу. На ім на смерць асуджаныя былі 12 вышэйшых кіраўнікоў нацысцкай Германіі.
1953 год. Нарадзіўся Уладзімір Пракапцоў.
Мастак, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музею.
Член камісіі па справах ЮНЕСКА. Кандыдат мастацтвазнаўства. Заслужаны дзеяч мастацтваў.
1976 год. Памёр Мікалай Лапіцкі.
Дзеяч беларускай эміграцыі, праваслаўны святар, публіцыст, педагог.
Актыўна ўдзельнічаў у 1942 годзе ў Мінскім царкоўным саборы, які абвясціў аўтакефалію Беларускай праваслаўнай царквы.
У нямецкім Рэгенсбургу арганізаваў беларускі праваслаўны прыход, пабудаваў царкву Еўфрасінні Полацкай, быў дырэктарам Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы.
Быў настаяцелем беларускай парафіі ў Саўт-Рыверы.
1977 год. Памёр Леў Гарошка.
Рэлігійны і грамадскі дзеяч, грэка-каталіцкі святар.
Даследчык гісторыі рэлігіі і царквы ў Беларусі, беларускай культуры, літаратар і педагог. Выдавец малітоўніка «Божым шляхам», часопісу «Божым шляхам».
Арганізатар беларускага душпастырства ў Берліне і Мюнхене. Кіраўнік Беларускай секцыі радыё Ватыкана.
Рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі, Вялікай Брытаніі.
1986 год. Памёр Вісарыён Гарбук.
Празаік, паэт і перакладчык.
Рэпрэсаваны савецкімі органамі ўнутраных спраў, быў сасланы на Калыму. Вызвалілі ў 1940 годзе. Заслужаны работнік культуры БССР.
Ваяваў з нацысцкай Германіяй. Франтавая хвароба на 14 гадоў прыкула яго да шпітальнага ложка. Стаў інвалідам 1-й групы.
Літаратурнай працай пачаў займацца цяжка хворым. Публікаваўся у беларускім друку з 1961 года. Пераклаў на беларускую мову казкі народаў Паўночнага Каўказу. Яго апавяданні займальныя, адкрываюць непаўторны свет дзіцячых уяўленняў, гульняў і забавак.
У 1971 годзе паводле яго апавядання «Твар у палоску» зняты тэлефільм.
2007 год. Памёр Уладзімір Буднік.
Кампазітар.
Ён аўтар музыкі беларускіх хітоў – «Пах чабаровы», «Палессе», «Белая лілея», «Я зачараваная табой», «Папараць-кветка», «Каця-Кацярына», «Ксеня».
Песня «Янка Купала» была паспяховай на еўрапейскіх фестывалях.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў
Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго
Дзяніс Бычкоў
Асуджаны на тры гады абмежавання волі ў калоніі адкрытага тыпу («хіміі»).
Паводле праваабаронцаў, суд Маскоўскага раёну Мінску прызнаў яго вінаватым у «хуліганстве» за пашкоджанне банераў з выявамі вайскоўцаў.
Справу разглядаў суддзя Юрый Машкетаў.
Паводле следства абвінавачаны сваімі ўчынкамі нанёс матэрыяльную шкоду на агульную суму 1260 рублёў і 6 капеек. Сцвярджаецца, што ён кідаў у банеры з сацыяльнай рэкламай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ёмістасць з фарбай.
Валерый Кліменчанка
Асуджаны на тры гады калоніі за каментар па «справе Зельцара».
Паводле выраку Мінскага абласнога суду прызнаны вінаватым у «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, ці іншай сацыяльнай варожасці, або варажнечы» за каментары па «справе Зельцара».
Следства настойвае: жыхар Маладзечна 29 верасня 2021 года размясціў у «Instagram» выказванні, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прадстаўнікоў улады.
Справу разглядала суддзя Вікторыя Палешчук.
Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцара, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.
За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.
Аляксандр Іваноў
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 60-гадовы мужчына, які працаваў HR у IBA-Gomel, затрыманы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Ён, нібыта, даслаў «экстрэмісцкім каналам» фота і відэа вайсковай тэхнікі, паведамляюць праваабаронцы.
Вікторыя Ждановіч
Паводле праваабаронцаў 23-гадовую дзяўчыну забралі супрацоўнікі ГУБАЗіК.
Яна робіць інжынерам-праграмістам у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.
У праўладных тэлеграм-каналах з’явіўся відэазапіс, на якім схопленая сілавікамі кажа, што ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе, «перакрывала рух транспарту», а таксама была падпісаная на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы».
Алесь Рамановіч
Пінскага праваабаронцу пазбавілі апякунства над хворым братам.
Па ягоных словах, камісія, якая прымала такое рашэнне, калі ён утрымліваўся ў няволі наведалася да брата. Апекуна не заспела разам з ім, што і стала падставай для пазбаўлення апякунства. Пра тое яму паведамілі ў лісце.
Рамановіч быў затрыманы напачатку жніўня. Да суду, які аштрафаваў яго на 960 рублёў, утрымліваўся ў ізалятары.