Выбары 9 жніўня 2020 года ў Магілёве і Магілёўскім рэгіёне – ўспамінаем

У гэтым матэрыяле мы будзем узгадваць, што адбывалася 9 жніўня 2020 года ў Магілёве і Магілёўскім рэгіёне. 

 

Праваабаронцы з магілёўскай “Вясны” публікавалі наступныя навіны:

08:00. Участак 110 Магілёва: раніцай яшчэ да адкрыцця ўчастка падышла незразумелая жанчына і стала фатаграфаваць працэс апячатвання. Назіральнік пацікавіўся, хто яна – апынулася, што гэта дырэктарка ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна, і яна прыйшла праверыць, як працуе камісія… З работнікаў гэтага ЖРЭУ і сфарміравана УВК 110 і іх “назіральнікі”.

10:40. Участак №2 у Мсціславе: назіральніцу вывела з участку міліцыя. Ну хаця б не затрымалі, дзякуй і на тым.

11:00. Участак №6 у Ленінскім раёне Магілёва: выбаршчык ўзяў ды вынес бюлетэнь з сабой. Сябры камісіі з крыкамі кінуліся да яго, хапалі за рукі, паклікалі міліцыянта. Выбаршчык сыйшоў, абыйшлося!

13:00. 95-ы участак у Кастрычніцкім раёне Магілёва: на датэрміновым быццам бы прагаласавала 1132 выбаршчыкі (каля паловы ўсіх на ўчастку). Зато цяпер, у асноўны дзень, назіральнікі налічваюць больш людзей, чым камісія.

15:00. Участак №38 у Ленінскім раёне Магілёва: старшыня камісіі адмовіўся прымаць скаргу ад назіральніцы. Кажа, почырк у вас неразборлівы! Ну а потым наогул сказаў што гэта паклёп на ўсіх назіральнікаў і камісію. Пагражае пазбаўленнем акрэдытацыі і тым, што выведзе з міліцыяй. Пагражае таксама і судом за паклёп.

16:30. Так даводзіцца назіраць на 91-м участку ў Кастрычніцкім раёне Магілёва: на сам участак незалежных назіральнікаў не пускаюць – усе месцы “квоты” ужо занятыя праўладнымі назіральнікамі.

 

Назіральніца
Назіральніца на ўчастку №91 Кастрычніцкага раёна Магілёва

Пра падзеі вечара 9 жніўня 2020 года вялікі матэрыял апублікаваў на сваім Youtube-канале рэсурс 6tv.by.

Дзень у гісторыі: 9 жніўня. Другая гадавіна самых пратэстных выбараў у гісторыі Беларусі, гвалт трывае дагэтуль. Нарадзіліся паэтка Ларыса Геніюш і дзеяч беларускага руху Янка Запруднік. Памёр Іван Мележ, аўтар культавага раману «Людзі на балоце»

1910 год. Нарадзілася Ларыса Геніюш.

Паэтка, празаік, грамадскі дзеяч.

Друкавацца пачала ў 1939 годзе ў беларускіх эмігранцкіх перыядычных выданнях. Жыла ў Заходняй Бларусі, якая была пад уладай Польшчы.

Выехала з сям’ёю ў Прагу ў 1937 годзе. Наладзіла сувязі з беларускай эміграцыяй, удзельнічала ў рабоце ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. У сакавіку 1943-га стала Генеральным сакратаром ураду і займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР.

5 сакавіка 1948 году чэхаславацкімі ўладамі была арыштавана, а 12 жніўня разам з мужам перададзеная савецкім уладам.

Утрымліваліся ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 году ў турме ў Мінску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў міністр Дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава, які беспаспяхова патрабаваў ад яе перадаць архівы БНР.

Па вызваленні прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КДБ, частымі гасцямі ў Зэльве бывалі паэты і пісьменнікі, мастакі, навукоўцы.

1926 год. Нарадзіўся Янка Запруднік (Сяргей Вільчыцкі).

Дзеяч беларускага руху, гісторык, журналіст, палітолаг.

Дзеяч беларускай дыяспары ў Германіі, Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі. Працаваў у беларускай секцыі радыёстанцыі «Вызваленне» у Мюнхене, Нью-Ёрку. Прафесар Калумбійскага ўніверсітэта. Удзельнік працы Рады БНР. Даследаваў гісторыю Беларусі.

1938 год. Нарадзіўся Валерый Аношка.

Географ, глебазнаўца, доктар геаграфічных навук, прафесар.

Адзін з заснавальнікаў меліяратыўна-інжынернай геаграфіі, распрацаваў канцэпцыю і склаў карту тэхнагеннай парушанасці прыродных комплексаў Беларусі.

1943 год. Памёр Хаім Суцін.

Французскі мастак-экспрэсіяніст беларускага паходжання, адзін з найбольш славутых майстроў нацюрморту.

Яго творам, напісаным пераважна паміж 1920–1929 гадамі, уласцівыя глыбока індывідуальныя бачанне свету і тэхніка. Характэрныя наўмысныя скажэнні, ахвяраванне кампазіцыяй і вымалёўкай дэталяў дзеля раскрыцця ўнутранай сутнасці прадметаў і з’яваў. Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэслена пачварнай каляровай палітрай.

На малой радзіме, у Смілавічах у 2008 годзе пры садзейнічанні ЮНЕСКА створана музейная экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна».

1976 год. Памёр Іван Мележ.

Народны пісьменнік Беларусі.

Аўтар культавых твораў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы».

Творы Мележа вызначаліся вернасцю пісьменніка жыццёвай праўдзе, глыбокім псіхалагічным аналізам чалавечых учынкаў, вастрынёй сацыяльнага і духоўнага бачання рэчаіснасці.

2020 года. Адбыліся прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

Яны прывялі да масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў. Супраць пратэстоўцаў сілавікі ўжылі гвалт. Толькі за 9-10 жніўня было затрымана больш за 5000 чалавек.

Рэпрэсіі ў Беларусі трываюць дагэтуль.

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў