Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Павел Абуховіч, Аляксей Грыцкевіч, Павел Бабчанок, Уладзімір Рабчанка, Уладзімір Прадкін, Іван Супрунчык, Віталь Гузаў, Аляксей Парэцкі, Роберт Кузняцоў, Аляксей Багдзей.

Прызнаныя палітвязнямі.

Праваабарончая супольнасць лічаць іх справы палітычна матываванымі.

На 25 жніўня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1307 чалавек.

Ілля Гольцаў

Асуджаны на 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму.

Суддзя з Гомельскага абласнога суду Васіль Бягун прызнаў яго вінаватым у «распальванні варожасці ці варажнечы», пішуць праваабаронцы.

Міхаіл Міхута

Асуджаны на 5 гадоў «хатняй хіміі» – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Чэмпіёна Еўропы і віцэ-чэмпіёна свету па гандболе суд Зэльвенскага раёну абвінаваціў у «абразе Лукашэнкі» і «паклёпе на Лукашэнку».

Паводле праваабаронцаў, справу Міхуты разглядала суддзя Люцыя Жук.

Нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары ў сацыяльных сетках, апублікаваныя ў 2010 годзе.

Таццяна Мацвеева

Віцебскую журналістку пасадзілі на 8 дзён адміністрацыйнага арышту.

Нагодай для пераследу сталі «аватаркі ў сацыяльных сетках», паведамляюць праваабаронцы. Іх суд кваліфікаваў, як «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

Журналістку затрымалі яшчэ 29 ліпеня, але разгляд справы адкладалі.

Ілля Сілянкоў

Адбыў пакаранне і вызвалены.

Яго асудзілі на 1,5 гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі. Іх адбываў у папраўчай установе адкрытага тыпу №9.

Як пішуць праваабаронцы, студэнт 4 курсу Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэту 13 жніўня 2020 года расклеіў і раскідаў не менш за 17 улётак з выявай Лукашэнкі і надпісамі, якія, як палічыў суд, «прынізілі яго гонар і годнасць».

Праваабарончай супольнасцю Сілянкоў прызнаны палітвязням.

Віктар Іванцоў

Вызвалены.

Яго асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму за «наўмыснае пашкоджанне чыгункі». 

Па гэтай справе асуджаныя яшчэ двое, прызнаных праваабарончай супольнасцю, палітвязняў.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Алесь Пушкін

Зняволены мастак пакараны пяццю месяцамі ў памяшканні камернага тыпу, паведамляюць праваабаронцы.

Гэтак званая камеры ПКТ – спецыяльнае памяшканне, у якою адпраўляюць вязняў за парушэнні правілаў унутранага парадку ў калоніі.

Алесь Пушкін утрымліваецца ў калоніі «Ваўчыныя норы», якая месціцца ў Івацэвічах. У калоніі мастак знаходзіцца з сярэдзіны красавіка. 

Ён асуджаны на 5 гадоў за партрэт удзельніка антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара, выстаўленне якога ўлады палічылі “рэабілітацыяй нацызму”, і “здзекам над дзяржаўнымі сімваламі”.

Наталля Таран

Асуджаная на 3 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

74-гадовую жыхарку Бабруйску мясцовы суд прызнаў вінаватай у “абразе Лукашэнкі, паклёпе на яго і знявазе прадстаўніка ўлады”.

Паводле праваабаронцаў, працэс быў закрытым і падрабязнасці абвінавачвання пенсіянеркі не вядома.

Анатоль Букас

Адпраўлены судом на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Былога галоўнага рэдактара газеты «Борисовские новости» затрымалі разам з жонкай 8 жніўня. У іхным доме быў ператрус. Жонку Букаса пазней вызвалілі.

Уладзімір Рабчанка 

Асуджаны да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 3500 рублёў.

Суддзя Алег Харошка з Гомельскага абласнога суду прызнаў 63-гадовага мужчыну ў «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці розні» і «публічнай знявазе прадстаўніка ўлады».

Паводле праваабаронцаў, Рабчанка пакінуў крытычны каментар пад пастом пра намесніка міністра МУС РБ Генадзя Казакевіча, а таксама крытыкаваў іншых міліцыянтаў, суддзяў, дзяржаўных службоўцаў.

Аляксандр Баран

Каталіцкі святар, асуджаны на 17 дзён адміністрацыйнага арышту.

Прызнаны вінаватым у «парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

Увесну ксяндзу прысуджалі былі 10 дзён арышту, але тады ён адседзеў 8 дзён – яго адпусцілі за некалькі дзён да Вербніцы.

Паводле праваабаронцаў, за кратамі ўтрымліваюцца чатыры святары.

Ксёндз Андрэй Вашчук адбывае 30 дзён арышту нібыта за перапост апошняга слова Змітра Дашкевіча. Праваслаўны бацюшка Сяргей Разановіч і пастар баптысцкай царквы Віталь Чычмароў праходзяць у крымінальных справах.

Усяго пацярпелі ад рэпрэсій за апошні час не менш за 30 святароў.

Павел Мазурэнка

Затрыманы.

32-гадовага жыхара Мінску вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і перакрыцці транспарту. Тое ён казаў у «пакаяльным відэа», якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

Валерыя Шалесная

Затрыманыя.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што дзяўчына разам з сяброўкамі прыняла ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Мінску.