Міжнародны дзень кошак.
Заснаваны з ініцыятывы Міжнароднага фонду абароны жывёлаў «Animal Welfare» дзеля развязання праблемаў бяздомных катоў.
Амаль 80% чалавецтва трымаюць кошак.
Першыя каты з’явіліся ў Беларусі ў дахрысціянскія часы і дужа каштавалі. За жывёлу ў XV стагоддзі плацілі грыўну – гэта срэбны злітак у 205 грамаў.
У Беларусі жыве 3 роды з 4-х і 20 відаў з 36 кошак.
![]()
1926 год. Нарадзіўся Аляксандр Надсан (Аляксандр Бочка).
Рэлігійны дзеяч, апостальскі візітатар беларускіх католікаў у эміграцыі.
Дырэктарстваў у Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францыска Скарыны ў Лондане.
Стваральнік і кіраўнік Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Старшыняваў у Беларускім камітэце дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікай Брытаніі.
Вызначыў год выдання «Малой падарожнай кніжкі» Францыска Скарыны, расчытаў і ўвёў у навуковы ўжытак аль-кітабы беларускіх татараў.

1945 год. Паўстаў Міжнародны ваенны трыбунал.
Яго заснавалі краіны-пераможцы нацысцкай Германіі – СССР, ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя для суда над ваеннымі злачынцамі краін, якія ваявалі на баку Германіі.
Першы працэс Трыбунала пачаўся 20 лістапада 1945 году ў Нюрнбэргу. На ім на смерць асуджаныя былі 12 вышэйшых кіраўнікоў нацысцкай Германіі.
![]()
1953 год. Нарадзіўся Уладзімір Пракапцоў.
Мастак, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музею.
Член камісіі па справах ЮНЕСКА. Кандыдат мастацтвазнаўства. Заслужаны дзеяч мастацтваў.
![]()
1976 год. Памёр Мікалай Лапіцкі.
Дзеяч беларускай эміграцыі, праваслаўны святар, публіцыст, педагог.
Актыўна ўдзельнічаў у 1942 годзе ў Мінскім царкоўным саборы, які абвясціў аўтакефалію Беларускай праваслаўнай царквы.
У нямецкім Рэгенсбургу арганізаваў беларускі праваслаўны прыход, пабудаваў царкву Еўфрасінні Полацкай, быў дырэктарам Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы.
Быў настаяцелем беларускай парафіі ў Саўт-Рыверы.
1977 год. Памёр Леў Гарошка.
Рэлігійны і грамадскі дзеяч, грэка-каталіцкі святар.
Даследчык гісторыі рэлігіі і царквы ў Беларусі, беларускай культуры, літаратар і педагог. Выдавец малітоўніка «Божым шляхам», часопісу «Божым шляхам».
Арганізатар беларускага душпастырства ў Берліне і Мюнхене. Кіраўнік Беларускай секцыі радыё Ватыкана.
Рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі, Вялікай Брытаніі.
1986 год. Памёр Вісарыён Гарбук.
Празаік, паэт і перакладчык.
Рэпрэсаваны савецкімі органамі ўнутраных спраў, быў сасланы на Калыму. Вызвалілі ў 1940 годзе. Заслужаны работнік культуры БССР.
Ваяваў з нацысцкай Германіяй. Франтавая хвароба на 14 гадоў прыкула яго да шпітальнага ложка. Стаў інвалідам 1-й групы.
Літаратурнай працай пачаў займацца цяжка хворым. Публікаваўся у беларускім друку з 1961 года. Пераклаў на беларускую мову казкі народаў Паўночнага Каўказу. Яго апавяданні займальныя, адкрываюць непаўторны свет дзіцячых уяўленняў, гульняў і забавак.
У 1971 годзе паводле яго апавядання «Твар у палоску» зняты тэлефільм.

2007 год. Памёр Уладзімір Буднік.
Кампазітар.
Ён аўтар музыкі беларускіх хітоў – «Пах чабаровы», «Палессе», «Белая лілея», «Я зачараваная табой», «Папараць-кветка», «Каця-Кацярына», «Ксеня».
Песня «Янка Купала» была паспяховай на еўрапейскіх фестывалях.

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў