390 год таму Крычаў атрымаў Магдэбургскае права і гарадскі герб

23 жніўня 1633 года Крычаў атрымаў права на самакіраванне і гарадскі герб, якая сёння з’яўляецца афіцыйнай сімволікай горада. Крычаў з’яўляўся усходнім фарпостам Рэчы Паспалітай і атрымаў Магдэбурскае права за тое, што з гонарам змагаўся з захопнікамі з Усходу – маскавіцкімі войскамі.

 Нададзена Крычаву Магдэбурскага права было 23 жніўня 1633 года прывелеем князя Вялікага княства Літоўскага і караля Польскага Уладзіслава IV Вазы. Права на самакіраванне горад атрымаў за гераічнае змаганне з маскоўскімі войскамі, бо Крычаў доўгі час выконваў функцыю ўсходняга фарпоста дзяржавы. На працягу XVI-XVII стагоддзя горад неаднаразова асаджаўся варожымі атрадамі. У 1614 годзе маскоўскія захопнікі спалілі Крычаў і разрабавалі староства. 

Але самым трагічным для горада аказаўся лютаўскі паход маскавітаў на Крычаў, які датуецца 1633 годам. Дзве тысячы жыхароў (жанчын і мужчын з дзецьмі) былі ўзяты ў аблогу (гэта ледзь не ўсе крычаўляне), а сам горад быў спалены. Але пакутамі і мужнасцю людзей замак выстаяў перад варожымі атрадамі. Менавіта за гераізм і адданасць радзіме кароль і вялікі князь Уладзіслаў IV Ваза надаў Крычаву Магдэбургскае права і герб: «у чырвоным полі залаты крыж, побач зь якім срэбны меч». Сення старадаўні герб з’яўляецца афіцыйнай сімволікай, што атрымала такі статус 18 лютага 2002 года.

Што цікава, згадак пра гэтую важную і нават эпахальную падзею ў гісторыі горада няма ні ў мясцовай прэсе, ні на сайце мясцовага музея, хоць раней у Крычаве нават праводзіўся круглы стол, прысвечаны пытанню Магдэбурскага права і была ідэя закласці ратушны сквер. Пра гэта  ў свой час актыўна распавядаў начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Вадзім Рыськоў.  

Фота з адкрытых крыніц

Паход у краму для жыхаркі Крычава скончыўся накладаннем гіпсу на нагу

Непрыбраная яма каля крамы прывёў на няшчаснага выпадку — моцнага расцяжэння з накладаннем гіпса. Неўпарадкаваныя падыходы і разваленыя прыступкі ў Крычаве нерэдкасць.

Каля ўваходу ў краму «Ласунак», якая размешчана на адрасе мікрараён Камсамольскай, 1, утварылася вялікая яма. Мая дачка там спатыкнулася і атрымала моцнае расцяжэнне звязкаў, наклалі гіпс, атрымалі бальнічны. Вось такі нечаканы і непрыемны вынік паходу ў краму.

Мясцовыя жыхары звярнулася да прадаўцоў з просьбай паведаміць уладальніку прадуктовай крамы аб праблеме, каб той ухіліў небяспечны падыход да гандлёвага аб’екта. Аднак апісаная праблема пакуль што не вырашана — паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Гэта ўжо не першы выпадак у Крычаве з неўпарадкаванымі падыходамі ла гандлёвых аб’ектаў. Раней mogilev media ужо пісалі пра прыступкі друхпавярховага будынка з вялікай колькасцю крамаў, якія рассыпаліся на вачах. Будынак, дарэчы, таксама знаходзіўся ў цэнтры горада, на тэрыторыі мікрараёна Камсамольскі.

Фота “Крычаўскае жыццё”

Да крыніцы ў Крычаўскім раёне людзі пачалі звозіць смецце, а купелю засмецілі бычкамі і фанцікамі

Прайшоў усяго месяц, як у вёсцы Нізкі Крычаўскага раёна каля крыніцы правялі абрадавае свята ў гонар прарока Іллі і дзень вёскі, а ўжо прыроднае месца аказалася засмечаным. Крычаўскія ўлады абураны і здзіўлены засмечваннем купелі і вакольнай тэрыторыі каля крыніцы.

Людзі наведваюцца да крыніцы не толькі ў час рэлігійных святаў, але і ў звычайныя дні. Але далёка не кожны з добрымі намерамі прыходзіць да воднага аб’екта, які быў асвечаны праваслаўнай царквой яшчэ напачатку 2021 года. 

Нядбайныя людзі панадзіліся сюды, на крыніцу, смецце вывозіць. Несанкцыянаваныя звалкі сельсавет прыбірае, але выглядае гэта сумна. У самой купелі поўна цыгарэтных бычкоў і фанцікаў, але вось гэта яшчэ паўбяды, а вось пакеты з бытавым смеццем ужо значна сур’ёзней. Накіданае смецца, якое разлагаецца – гэта не толькі пытанне эстэтыкі, а яшчэ і экалогіі, бо ўсе шкодныя рэчывы праз глебу пойдуць у ваду –  паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.  

Ад рэдацыі. Праблема не толькі ў неахайнасці людзей, якія засмечваць крыніцу і купелю, але і ў тым, што мясцовая ўлада пафасна адкрывала і асвечвала крыніцу паўтары гады таму. Пры гэтым мала ўлічваліся народныя традыцыі ў сферы ўшанавання воднага аб’екта ў Нізках: прылеглую тэрыторыю да крыніцы залілі бетонам, паклалі плітку. Такое ўпарадкаванне крыніцы ўплывае на экалогію не менш за засмечванне воднага аб’екта людзьмі. У гэтым таксама ёсць адна з прычынаў абыякавага (і нават грэблівага) стаўлення да крыніцы.   

Фота з адкрытых крыніц

“За Беларусь” развалюсь! – Крычаўгрузаўта знік, “патрыятычны” лозунг застаўся

Прайшло тры гады, як афіцыйна ліквідавалі транспартнае прадпрыемства “Крычаўгрузаўта”. 

Эканамічны суд Магілеўскай вобласці ад 29 студзеня 2019 года прызнаў банкрутам адкрытае акцыянернае таварыства “Крычаўгрузаўта” і прыняў рашэнне аб ліквідацыі прадпрыемства, што і адбылося на працягу першай паловы 2020 года. Адзначым, што прадпрыемства з’явілася ў 1959 годзе і на працягу сваёй гісторыі ў шэсць дзясяткаў год  называлася па-рознаму, але нязменна выконвала функцыі грузаперавозак, рамонта аўтамабіляў і грузавога аўтамабільнага парка. 

Яскравым сімвалам прадпрыемства з’яўляўся тэхнапомнік – ЗІЛ-164. Гэта грузавая машына доўгі час працавала на прадпрыемстве, а пасля спісання была ўсталявана на невысокім пастаменце ў галоўнага ўезда на яго тэрыторыю. Разам са знікненнем аўтатранспартнага прапрыемства ліквідавалі і тэхнічны помнік, пра што раней пісалі mogilev.media. 

Што цікава, то некалі на сцяне адміністрацыйнага будынку транспартнага прадпрыемства быў намаляваны чырвонай і зялёнай фарбай вялікі надпіс “ЗА БЕЛАРУСЬ”. Хоць “Крычаўгрузаўтра” ужо няма, але гэты лозунг застаўся дагэтуль. 

Прычым на гэтыя падзеі наклалася крымінальная справа былога кіраўніка аўтатранпартнага прадпрыемства і дэпутата Крычаўскага райсавета 27-га склікання Уладзіміра Ільянкова, які абвінавачваўся ў выманьванні крэдытаў ў буйных памерах. Тэрмін яму прысудзілі ўмоўна (1,5 гады) і перавялі на пасаду галоўным інжынерам СПК “Маляцічы”. “Высокакваліфікаваны” кадр Ільянкоў фактычна разваліў прадпрыемства і выйшаў сухім з вады, змяніўшы працоўнае месца.

Фота mogilev media і з адкрытых крыніц

У Крычаве абнавілі два ўязных знака, а трэцці так і не ўсталявалі

Сёлета перафарбавалі адзін уязны знак, а летась ўпрыгожылі другі. Ідэя з усталяваннем новай архітэктурнай формы здзейснена не была, а з боку Мсціслава ўязнога знака проста няма.  

Уязны знак пры ўездзе ў Крычаў з боку Чэрыкава і Слаўгарада сёлета падрамантавалі і перафарбавалі. Гэтая малая архітэктурная форма з’явілася яшчэ за савецкім часам і перыядычна змяняе сваю афарбоўку. Яшчэ нядаўна розныя часткі знака былі пафарбаваны ў тры колеры: жоўты, чырвоны і чорны. Але сёлета гарадскія камунальныя службы яго перафарбавалі ў жоўты і белы колеры, ад чаго менш заўважным ён не стаў.

Яшчэ летась на ўездзе ў Крычаў з боку Расійскай Федэрацыі па аўтамабільнай дарозе рэспубліканскага значэння Р-43 быў упрыгожаны ўязны знак спецыяльна вылітымі з цэменту літаратамі і лічбамі наймення горада і афіцыйнай датай яго заснавання, што ствараюць агульную архітэктурную кампазіцыю. Гэта дадало арыгінальнасці ўяздному знаку, а ў вячерні час на гэтай лакацыі можна ўбачыць прыгожыя кадры спалучэнне прыродных і гарадскіх краявідаў. 

Што цікава, то яшчэ ў 2021 годзе была ідэя на гэтым месцы ўсталяваць іншы ўяздны знак і нават быў аб’яўлены адкрыты архітэктурны конкурс на лепшы эскізны праект малой архітэктурнай формы. Аднак новы праект уязднога знака па вуліцы Маскоўскай рэалізоўваць не сталі, проста аздобіўшы старую архітэктурную пабудову новымі элементамі. 

Варта адзначыць, што з ўязнога знака з пры ўездзе з боку Мсціслава няма да сённяшняга часу. Прыбралі яго ўжо дастаткова даўно, але архітэктурная форма, якая б пазначала ўезд у горад з гэтага накірунку, так і не з’явілася. Раней жа ўезд з боку Мсціслава быў маркіраваны жалезным знакам, які крыху нагадваў стэлу, з выявамі сярпа і молата, савецкай зоркай і рускамоўным найменнем горада. 

Фота mogilev media

У Крычаве будуюць два новых дома, а нармальную паркоўку побач уладкаваць не могуць

На тэрыторыі мікрараёна Камсамольскі вядзецца будаўніцтва дамоў №37 і №38, але парадку няма – горы смецця і пяску побач. Да таго ж побач знаходзіцца праблемная паркоўка для машын, якую зусім не заўважаюць.   

Ужо неанаразова mogilev media пісалі пра будоўлю дамоў у Крычаве, дзе шмат смецця, горы пяску, нязручнасць і небяспека для мясцовых жыхароў. На вялікі жаль шмат праблем проста ігнаруецца, інтарэсы мясцовых жыхароў не ўлічваюцца.

Пацвержаннем можа служыць паркоўка для машын недалёка ад месца будоўлі. Адзначым, што там, дзе паркуюцца машыны праваліліся пліткі ходніка, хоць гэта нязручна і для саміх жыхароў, бо можна добра падвярнуць нагу. Гэта невялікая для вырашэння праблема, асабліва калі літаральна ў дваццаці метрах ідзе будаўніцтва дамоў. Тым не меней ужо не першы год гэта ямка існуе і ўсё ніяк не можа быць адрамантавана.

Але яшчэ большай праблемай як для машын, так і жыхароў прылеглых дамоў з’яўляецца дырка ад люка, якая толькі часткова прыкрыты бетоннай плітой. Гэта дзірка таксама ўяўляе небяспеку не толькі для машыны, колы якіх могуць моцна пашкодзіцца, але для дзяцей і нават дарослых, што па неасцяроднасці могуць праваліцца ў яе, паламаўшы канечнасці. Але старыя праблемы застаюцца невырашанымі і ўсё з-за абыякавасці да жыцця мясцовых жыхароў і іх штодзённых клопатаў.

Фота mogilev media

Трава, дрэвы і сабакі – вось як выглядае тэрыторыя былога дарожнага прадпрыемства ў Крычаве

Тэрыторыя былога транспартнага прадпрыемства амаль у цэнтры Крычава цяпер закінутая і асабліва нікому непатрэбная – парасла травой і дрэвамі, дзе бегаюць дзікія сабакі. 

Гледзячы на некалі адміністрацыйны будынак і тэрыторыю СПМК-113 трапляеш у паралельную рэчаіснасць нібы гэта не цэнтр Крычава, а закінутае прапрыемства ў нейкім далёкім пасёлку ці мястэчку.  

Гісторыі будаўнічай арганізацыі СПМК-113 вельмі сумная. Дарожнае прадпрыемства СПМК-113 – арганізацыя, якая была некалі ў абласным падпарадкаванні (пра гэта сведчыць нават шыльда на ўваходзе ў адміністрацыйны будынак). На сёння яна фактычна ўжо перастала існаваць хоць, магчыма, на паперы недзе і лічыцца. Адміністрацыйны будынак СПМК-113 занядбаны, як і прылеглая тэрыторыя. 

Такое ўражанне, што тут не было жыцця год 20 як мінімум, а то і больш.

Адзначым, што яшчэ напачатку 2010-х арганізацыя крыху працавала, аднак ужо пакрысе развальвалася. Банкрутам крычаўскае СПМК-113 прызналі ў 2013 годзе, а гэта значыць роўна 10 год таму назад. На сёння тут працуе толькі адзін вартаўнік, а гаспадарчы падворак выкарыстоўваецца для стаянкі некалькіх грузавых машын. Фактычна пасля развалу будаўнічай арганізацыі, адміністрацыйны будынак і прылеглая тэрыторыя перасталі выкарыстоўвацца, а з цягам часу ператварыліся ў занядбанае месца, дзе бегаюць сабакі і іншыя жывёлы, а ганак будынка зарастае дрэвамі і высокай травой.

Фото mogilev media

Начальніца аддзела ў крычаўскай бальніцы прыпісвала сабе рабочы час, скраўшы амаль 700 рублеў

Загадчык аддзела прававой і кадравай работы крычаўскай раённай бальніцы ўносіла недакладныя звесткі ў табель уліку працоўнага часу, учыніўшы такім чынам крадзеж амаль у 690 рублёў.

Падчас расследавання ўстаноўлена, што жанчына з карыслівых памкненняў, каб завалодаць грашовымі сродкамі, выкарыстоўвала службовыя паўнамоцтвы па складанні графікаў працоўнага часу і табеляў уліку працоўнага часу і з канца студзеня па канец ліпеня 2022 складала графікі і табелі, у якіх пазначала загадзя ілжывыя звесткі аб адпрацаваным ёй працоўным часе.

Такім чынам яна ўчыніла крадзеж на агульную суму 689,7 руб.

А каб схаваць ад супрацоўнікаў міліцыі гэты крадзёж, унесла загадзя ілжывыя звесткі ў загад галоўнага доктара ўстановы аб аб’яўленні ёй працоўных дзён і адгулаў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Суд пастанавіў прызначыць работніцы раённай бальніцы пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады са штрафам у памеры 50 базавых велічынь і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі абавязкамі, тэрмінам на 5 год з адтэрміноўкай на адзін год.

Фота ілюстрацыйнае

Гісторыкі з Крычава знайшлі беларускамоўныя дакументы 1938 года і апублікавалі найгрышы нямецкіх мелодый мясцовага жыхара

Крычаўскія гісторыкі знайшлі шэраг цікавых дакументаў, а менавіта некалькі даваенных дакументаў, пасведчанне аб шлюбе 1945 года, а таксама апублікавалі найгрышы карэннага крычаўляніна, які ў час акупацыі навучыўся граць на губным гармоніку ад нямецкіх жаўнераў

Даследчыкі знайшлі ў прыватным архіве тры цікавых даваенных дакумента, два з якіх аказаліся беларускамоўнымі і датуюццца 1938 годам. Два аднатыпных дакумента напісаны жыхаркай Крычава Гнедко (у дзявоцтве Рэйда) Наталляй Кандрац’ёўнай, дзе яна на беларускай мове звяртаецца ў раённы аддзел з просьбай уладкаваць яе на працу ў дзіцячыя яслі. Прычым яна тлумачыць, што скончыла пяцімесячныя курсы па падрыхтоўцы ў педінстытут і нават была прынята на першы курс універсітэта, але “па сямейным абставінам не змагла паехаць на вучобу”. 

А вось яе маці Рэйда Васса таксама напісала ліст, але крыху пазней, у лютым 1940 года. Яго змест не менш цікавы, бо ён ілюструе як няпроста жылі людзі перадваенны час, хоць ніхто і не думаў, што можа быць вайна. У лісце 78-гадовая жанчына на руска-беларускай трасянцы звяртаецца да намесніка крычаўскага райкома каб  з яе прыбралі падатак на будынкі  і абгрунтоўвае гэты тым, што непрацаздольна, яе муж памёр, а сама яна не мае нават “тридневнаго пропитания” – паведамляе інстаграм-старонка “Невядомы Крычаў”.

Даволі цікавым таксама з’яўляецца пасведчанне аб шлюбе, якое датуецца красавіком 1945 года, калі яшчэ нават не скончылася Другая сусветная вайна, хоць Беларусь была вызвалена. Але ў Крычаве ў гэты час ва ўсю ўжо гулялі вяселлі.

Аднак вішанькай на торце стаўся апублікаваны запіс двух нагрышаў нямецкіх мелодых карэнным крычаўлянаным Крыжэвічам Васілём 1929 года нараджэння. Яго гісторыя ўнікальна тым, што будучы 11-12 падлеткам ён навучыўся граць на губным гармоніку ад нямецкіх жаўнераў і пранёс сваё музыкальнае захапленне праз усё жыццё. Ён з легкасцю мог найграць нямецкую папулярную песню “Lilli Marleen” і нават напець нямецкімі словамі, а таксама выканаць нямецкі вальс, не кажучы ўжо аб народных танцавальных мелодыях ці папулярных савецкіх песнях.

Толькі паслухайце гэтыя найгрышы на Soundcloud:

Olek · Найгрышы Крыжэвіча Васіля Фаміча (1929 г.н.) (mp3cut.net)

А яшчэ пачытайце нетыповы ўспамін пра вайну нашага героя: 

“Дык у мяне іх не адна [маецца на ўвазе губная гармошка], у мяне былі іх чорт знаіць: і двайныя гармошкі, у немцаў купляў. Карты купляў,  прадаваў розную ерунду. Прі немцах краску браў, соду прадаваў на базарі, маркі сабіраў. У мяне марак прапала большэ тышчы марак нямецкіх… – Так што маркі хадзілі тут у нас? Хадзілі маркі. Наша дзесятка, дзесяць рублей сталінскіх – адна марка нямецкая, замешчала дзесяць рублей”.

Фота “Невядомы Крычаў”.

Сямнаццаць удараў качаргой, а яна прасіла яму дараваць – побытавыя драмы на Крычаўшчыне

Адбылося выязное паседжанне суда Крычаўскага раёна, на якім разглядалася справа аб бытавым гвалце. На ім вынеслі прысуд сямейнаму скандалісту, які збіў сужыцельніцу качаргой.

Абвінавачаны і пацярпелая – сужыцелі з вёскі Іванаўкі Крычаўскага раёна. Ёй 59 год, а яму – 66. Аднак страсці ў пары зашкальваюць, ажно часам да рукапрыкладства. Такі выпадак адбыўся паміж сужыцелямі напярэдадні 8 сакавіка, які пара вырашыла добра адзначыць яшчэ за дзень да наступлення жаночай даты ў календары. З самай раніцы мужчына закупіўся бутэлькамі 0,25 і 0,5 літра гарэлкі. Меншую з бутэлек пара выпіла на дваіх, а другую разам з таварышам, які прыйшоў у госці на дапамогу.

Аднак алкаголь хутка скончыўся, а часу яшчэ было шмат, пагэтаму троіца вырашыла адправіцца да іншага таварыша, захапіўшы папярэдне яшчэ 0,5 літра гарэлкі.

Вяртаючыся ўвечары дамоў сужыцелі, якія былі напатпітку, паспелі моцна рассварыцца, успомніўшы ўсе старыя крыўды. “Напэўна, ён прыраўнаваў мяне да свайго брата” – успамінала потым на судзе жанчына. 

Жанчына, якая першай дабралася да дома, зайшла ў яго і зачыніла дзверы. Мужчына крычаў каб яму адчынілі, але жанчына не рэагавала. Праз паўгадзіны ён зламаў дзверы дома. Прайшоўшы па хаце сужыцель спачатку не змог знайсці жанчыну, пакуль не пачуў кашаль з шафы ў заднім пакоі, у якім яна хавалася. Мужчына хацеў дастаць яе з шафы, але тая збегла ў другі пакой.  

У рэшце раззлаваны мужчына схапіў качаргу і нанёс ёй сужыцельцы каля 17 удараў па галаве, тулаве, руках і нагах. Гэта доўжылася пару хвілін, пакуль жанчына не ўцякла да суседкі. Тая заўважыла кроў на галаве пацярпелай і выклікалі хуткую. А на наступны дзень абвінавачанага забрала міліцыя. У выніку пабояў пацярпелай наклалі чатыры швы на галаве. Таксама вынікам гвалту сталіся сінякі па ўсім целе жанчыны – паведамляе пра здарэнне раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

На судзе жанчына прасіла дараваць сужыцелю, але гэта ўжо не першы зафіксаваны выпадак іх сямейны-побытавых разборак і зваротаў у міліцыю. У выніку ў пары перамір’е, але на мужчыну заведзеная крымінальная справа за наўмыснае прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў. Таксама ён павінен будзе заплаціць 40 базавых велічыняў штрафу.

Фота ілюстрацыйнае