У Бабруйску прайшоў “дармовы кірмаш” – “Дармаш”

Кірмаш па бясплатным абмене рэчамі – “Сямейны дармаш” прайшоў у Бабруйскім дзяржаўным індустрыяльна-будаўнічым каледжы.

29 і 30 траўня жадаючыя бабруйчане маглі прынесці у каледж і забраць сабе задарма вопратку, абутак, кнігі, школьныя прыналежнасці, рэчы для творчасці і хобі, інструменты. Галоўнай умовай было тое, каб рэчы былі чыстыя і цэлыя.

Праект, які прайшоў у горадзе ўжо ў 13-ы раз, накіраваны на прасоўванне ідэй ўсвядомленага спажывання і беражлівых адносін да прыроды. Галоўнай мэтай “Дармаша” абвешчана магчымасць для жыхароў Бабруйска абсалютна бясплатна абмяняцца адзеннем, абуткам і іншымі карыснымі рэчамі. Такі падыход дазваляе мінімізаваць утварэнне бытавых адходаў.

У дзень адкрыцця “Дармаша” грамадскі эколаг, выкладчык біялогіі і хіміі Наталля Чыбісава правяла лекцыю аб інвазіўных відах раслін і жывёл Беларусі – пра тое, як чужародныя віды пагражаюць мясцовай прыродзе і чаму важна захоўваць біялагічную разнастайнасць.

Фотаздымак: bgsptk.bobr.by

Бабруйская калонія просіць не прывозіць на спатканні дзяцей

У Папраўчай калоніі №2 у Бабруйску задумалі рамонт і дзіцячы гульнявы пакой ператварылі ў гасцінічны нумар.

Лічыцца, што гульнявы пакой для дзяцей, якія прыязджаюць са сваякамі на працяглыя спатканні да асуджаных, закрылі часова. Памяшканне пераабсталявалі пад гасцінічны нумар з-за рамонту ў будынку для наведвальнікаў.

Працяглыя спатканні ў ПК-2 могуць працягвацца да трох сутак. Каб не скарачаць графік сустрэч для асуджаных, адміністрацыя калоніі вырашыла выкарыстоўваць дзіцячы пакой як дадатковае месца для размяшчэння сваякоў.

Гасцініца для працяглых спатканняў знаходзіцца на тэрыторыі папраўчай установы, аднак, па словах наведвальнікаў, умовы там мала адрозніваюцца ад звычайнага гасцінічнага пражывання. Пакоі абсталяваны ўсім неабходным, а сама тэрыторыя ізаляваная ад асноўнай часткі калоніі.

Пасля завяршэння рамонту памяшканне абяцаюць вярнуць дзецям. Пакуль жа сваякам рэкамендуюць па магчымасці не прыязджаць на спатканні з маленькімі дзецьмі.

Фотаздымак: komkur.info

Супрацоўніца абменніка ў Бабруйску скрала 520 000 рублёў, каб згуляць у казіно

Суд у Бабруйску вынес абвінаваўчы прысуд мясцовай жыхарцы, якая прысвоіла давераныя ёй грашовыя сродкі ў асабліва буйным памеры.

Жанчына працавала ў абменным пункце адной з банкаўскіх устаноў.

У снежні 2023 года яна прайграла грошы ў анлайн-латарэі і вырашыла папоўніць страты за кошт банка.

У перыяд са снежня 2023 года па студзень 2026-га супрацоўніца сістэматычна выкрадала купюры з касы. Каб схаваць нястачу, падкладвала ў грашовыя пачкі паперу і кардон.

Агульная сума скрадзенага і пазней прайгранага – звыш 520 тысяч рублёў.

Згодна з заключэннем судовай экспертызы, на момант здзяйснення злачынстваў жанчына пакутавала на псіхічнае расстройства – паталагічную схільнасць да азартных гульняў.

Падчас судовага пасяджэння падсудная цалкам прызнала сваю віну і раскаялася ў зробленым.

Суд прызнаў жанчыну вінаватай і прыгаварыў да пазбаўлення волі на 5 гадоў з адбываннем у ВПК агульнага рэжыму.

Таксама суд пастанавіў спагнаць з асуджанай штраф у памеры 200 базавых велічынь і пазбавіць яе права займаць пасады, звязаныя з улікам, захоўваннем і распараджэннем матэрыяльнымі каштоўнасцямі, на тэрмін 5 гадоў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Бабруйскі таксіст уратаваў пенсіянерку ад махляроў

Толькі дзякуючы пільнасці таксіста пенсіянерка з Бабруйска засталася пры сваіх 17 тысячах долараў.

61-гадовая бабруйчанка выклікала таксі, на якім збірался даехаць да Мінску. Кіроўца Аляксандр Мажэйка (на фота) звярнуў увагу на яе заклапочаны выгляд і пастаянную размову па тэлефоне. На яго пытанне, жанчына адказала, што едзе дэклараваць ашчаджэнні. Калі дабраліся да месца прызначэння, то там аказаўся жылы дом, а не падатковая інспекцыя. Таксіст паведаміў у міліцыю аб падазрэнні, што пасажырка можа стаць ахвярай махляроў. Падазрэнні спраўдзіліся.

Як аказалася, пажылой бабруйчанцы патэлефанавалі лжэсупрацоўнікі газавай службы і папрасілі назваць код з SMS для “праверкі абсталявання”. Затым нібыта праваахоўнікі распавялі, што ад яе імя зламыснікі праводзяць незаконныя фінансавыя аперацыі. Каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці бабруйчанцы загадалі тэрмінова прыбыць у Мінск і прывезці ўсе наяўныя грошы. З 17 тыс. долараў жанчына і паехала ў сталіцу.

Толькі дзеянямі кіроўцы таксі, развіццё падзей пайшло не па запланаваным махлярамі шляху. Па факце спробы махлярства мінская міліцыя праводзіць праверку.

Скрыншот: ТГ “МУС Беларусі”

Усяго 13 дзён адпрацавала бабруйчанка ў наркамаркеце

Маці траіх дзяцей затрымалі ў Бабруйску з кілаграмам наркотыкаў.

Супрацоўнікі наркакантролю Магілёўшчыны затрымалі 33-гадовую бабруйчанку.

Паддаўшыся на абяцанні добрага заробку, маці траіх дзяцей стала працаваць на наркамаркет.

У выніку жанчына адпрацавала менш за два тыдні і была затрыманая.

Па месцы яе жыхарства, а таксама ў тайніках на тэрыторыі Бабруйска і раёна быді знойдзены кілаграм псіхатропнага рэчыва Альфа-PVP.

Распачата крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту. Бабруйчанцы пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала МУС Беларусі.

Вязняў бабруйскай калоніі пазбавілі медыцынскіх перадач

Каля двух тыдняў асуджаныя калоніі №2 у Бабруйску не атрымліваюць медыцынскія бандэролі.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пасылкі з медыцынскімі прэпаратамі для асуджаных нават не забіраюць з пошты. Такім чынам вязні з хранічнымі захворваннямі застаюцца без неабходных лекаў.

Адной з версій прычын такой сітуацыі з’яўляецца адпачынак начальніка медыцынскай часткі калоніі. 

Варта адзначыць, што атрымаць дазвол на медыцынскую бандэроль даволі складана. Яе змесціва трэба загадзя ўзгадніць і падпісаць у начмеда, прадаставіўшы копіі дыягназаў або выпіскі з бальнічных карт. На такі працэс могуць пайсці месяцы, але толькі пасля таго можна пасылаць лекі, якія ў цяперашняй сітуцый невядома калі трапяць да зняволенага пацыента.

Фотаздымак: komkur.info

На “Бабруйскаграмашы” ўзмацняецца кадравы голад

За апошні час на ААТ “Бабруйскаграмаш” пашырыўся пералік спецыяльнасцяў, на якіх адчуваецца востры недахоп працоўных рук.

Адзін з найбуйнейшых машынабудаўнічых заводаў Магілёўскай вобласці працягвае сутыкацца з сур’ёзнымі праблемамі ўкамплектавання штату. Паводле новых звестак, якія з’явіліся ў распараджэнні маніторынгавай супольнасці BELPOL, за апошнія месяцы сітуацыя з кадрамі на “Бабруйскаграмашы” не толькі не стабілізавалася, але і прыкметна пагоршылася.

Калі раней дэфіцыт супрацоўнікаў закранаў пераважна асобныя вытворчыя ўчасткі, то цяпер недахоп людзей становіцца сістэмнай праблемай для прадпрыемства. Найбольш востра завод па-ранейшаму мае патрэбу ў рабочых спецыяльнасцях, звязаных з асноўнай вытворчасцю.

На сённяшні дзень прадпрыемства шукае адразу некалькі дзясяткаў работнікаў. Асабліва не стае маляроў і слесараў механазборачных работ – па 15 чалавек на кожную пазіцыю. Пры гэтым патрэба ў слесарах за два месяцы вырасла напалову. Таксама ад сакавіка не закрыты восем вакансій машыністаў кранаў.

Адначасова завод пачаў шукаць і новых спецыялістаў, якіх раней у спісах дэфіцытных прафесій не было. Гаворка ідзе пра станочнікаў шырокага профілю і зваршчыкаў, якія працуюць на аўтаматычных і паўаўтаматычных лініях. Па кожным з гэтых кірункаў прадпрыемству патрабуецца па шэсць чалавек.

Адначасова прадпрыемства пачало адчуваць недахоп спецыялістаў, наўпрост задзейнічаных у металаапрацоўцы і зварачнай вытворчасці, што можа сведчыць аб нарастальных цяжкасцях ў забеспячэнні вытворчага цыклу. Умовы, калі вакансіі застаюцца незакрытымі месяцамі, усё мацней уплываюць на працу прадпрыемства.

Сітуацыя паказвае, што кадравы голад на “Бабруйскаграмашы” ўжо даўно перастаў быць часовай праблемай. Недахоп кваліфікаваных рабочых набывае ўстойлівы характар.

Фотаздымак: Яндэкс.Карты

Бабруйскую моладзь прымалі ў БРСМ у памяць памерлых ад СНІДу

У Бабруйскім механіка-тэхналагічным каледжы прыём навучэнцаў у БРСМ прымяркавалі да Дня памяці людзей, памерлых ад СНІДу.

Незвычайная па сваім змесце падзея адбылася 13 траўня 2026 года ў актавай зале каледжа. Навучэнцаў сабралі на т.зв. інфармацыйна-пазнавальную размову “Выбірай разумнае жыццё”. Аднак пачалося ўсё з тэмы далёкай ад прафілактыкі СНІДу і памяці аб памерлых. Прысутных навучэнцаў пачалі прымаць у шэрагі БРСМ. 

Членскія білеты выдаваліся пад вітальныя авацыі, якіх патрабавала першы сакратар Першамайскага райкама БРСМ Алена Еўладава. Вядоўца выклікаў на сцэну па чарзе каля дзясятка будучых актывістаў, якім функцыянер праўладнай арганізацыі абяцала вялікую будучыню.

Толькі пасля гэтага да прысутных звярнуўся псіхіятр-нарколаг Бабруйскага наркалагічнага дыспансера Юрый Куземка. Тут варта адзначыць, што Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу прыпадае штогод на трэцюю нядзелю траўня (у 2026 годзе – 17 траўня). 

У выніку атрымалася даволі незвычайнае спалучэнне тэм – прыём у БРСМ і памяць людзей, памерлых ад СНІДу. Магчыма, арганізатары сходу бачаць у гэтых тэмах нейкую сувязь.

Фотаздымак: Bobrlife

Пад Бабруйскам Citroen перакуліўся на дарозе з-за дзікай жывёлы

Аварыя адбылася ўвечары 14 мая на трасе Бабруйск-Мазыр. Кіроўца спрабаваў пазбегнуць сутыкнення з дзікай жывёлай, але не справіўся з кіраваннем.

ДТЗ здарылася 14 мая каля 21 гадзіны на восьмым кіламетры аўтадарогі Бабруйск- Мазыр.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 41-гадовы кіроўца Citroen Jumper заўважыў на дарозе дзікую жывёлу і паспрабаваў пазбегнуць наезду.

У выніку мужчына не справіўся з кіраваннем, пасля чаго аўтамабіль перакуліўся на праезнай частцы.

Людзей, якія знаходзіліся ў машыне, агледзелі медыкі. Трох пасажыраў даставілі ў бальніцу для аказання дапамогі.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала “Міліцыя Магілёўшчыны”.

“Бабруйскаграмаш” хочуць уключыць у холдынг сельгасмашынабудавання

Холдынг “Бабруйскаграмаш” плануюць зрабіць часткай холдынга сельскагаспадарчага машынабудаванння, стварэнне якога абмяркоўваецца ва ўрадзе.

Паводле паведамлення ва ўрадавым тэлеграм-канале, прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын правёў нараду па пытанні стварэння холдынгу сельскагаспадарчага машынабудавання. Мяркуецца, што ў яго ўвойдуць вядучыя прадпрыемствы галіны, а іх абʼяднанне дазволіць зарабляць больш. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал ураду Беларусі.

Акрамя «Кіруючай кампаніі холдынгу «Бабруйскаграмаш», у склад ствараемага холдынгу плануецца ўключыць «Кіруючую кампанію холдынгу «Лідсельмаш» і «Кіруючую кампанію холдынгу «Мінскі маторны завод». У складзе ўсіх трох суб’ектаў гаспадарання знаходзіцца 22 арганізацыі і 1 філіял.

У Савеце міністраў спадзяюцца, што стварэнне холдынгу дазволіць абʼяднаць усіх вытворцаў пад адным брэндам, у перспектыве павысіць пазнавальнасць тэхнікі на экспартных рынках, а таксама, улічваючы магчымасці канструктарскіх службаў прадпрыемстваў, выпускаць асобныя віды складанай высокапрадукцыйнай тэхнікі.

Пры гэтым не ва ўсіх кампаніяў, якія плануецца ўключыць у холдынг, справы ідуць добра. Як ужо паведамлялася, «Бабруйскаграмашу» не хапае людзей. Прадпрыемства папрасіла Мінпрамысловасці пазычыць яму працаўнікоў, інакш абваліцца экспарт.

Фотаздымак: Яндэкс.Карты