У Магілёве “за палітыку” асудзілі мінскага ІТ-шніка

Магілёўскі абласны суд прыгаварыў да зняволення па чатырох палітычных артыкулах ІТ-шніка з Мінска Міхаіла Горбача.

43-гадовы Міхаіл Горбач усё жыццё займаўся рамонтам камп’ютараў і наладкай тэхнікі. 

У 2003 годзе скончыў факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ, піша “Наша ніва”.

З 2014 года Міхаіл працаваў як індывідуальны прадпрымальнік: займаўся тэхнічным абслугоўваннем офіснай тэхнікі. Таксама ён быў сістэмным адміністратарам у некалькіх кампаніях у Мінску.

У верасні 2024 года мінчук адпачываў у Егіпце. Неўзабаве пасля гэтага ён знік з сацсетак.

Мужчыне інкрымінавалі адразу чатыры крымінальныя артыкулы: распальванне варожасці (ч. 1 арт. 130), абраза беларускага дыктатара (ч. 1 арт. 368), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369) і ўваходжанне ў склад «экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361-1). Дакладны прысуд пакуль невядомы, але ў любым выпадку звязаны з пазбаўленнем волі.

Фотаздымак: са старонкі Міхаіла Горбача Укантакце

Былы вязень горацкай калоніі, палітычны блогер Спірын з’ехаў з Беларусі

Палітычны блогер Павел Спірын, былі палітзняволены бабруйскай і горацкай калоній, з’ехаў у Літву.

“Усім прывітанне, вось нарэшце я выехаў з Беларусі, цяпер знаходжуся ў Літве. Усім прывітанне, вялікі дзякуй усім за падтрымку, за тое, што ўсе гэтыя гады былі са мной і іншымі людзьмі, якія не паспелі дарабіць тое, што мы павінны былі дарабіць у 2020 годзе, але ўсё наперадзе», – гаворыць Спірын у відэа, размешчаным у тэлеграм-канале грамадскага дзеяча Андрэя Стрыжака.

Экс-палітвязень выйшаў на волю ў канцы снежня 2025 года пасля больш за пяць гадоў пазбаўлення волі. Апошнім месцам яго зняволення была калонія №9 у Горках. Да гэтага большую частку тэрміну Павел Спірын правёў у калоніі №2 у Бабруйску.

Спірын – палітычны блогер, якога ў лютым 2021 года асудзілі да чатырох з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яго  затрымалі 9 верасня 2020 года пасля выпуску чарговага відэа. Падчас электаральнай кампаніі 2020-га Спірын заяўляў пра намер стаць кандыдатам у прэзідэнты, але ЦВК не зарэгістраваў яго ініцыятыўную групу. Пасяджэнне камісіі транслявалася ў прамым эфіры. Выступаючы на ім, Спірын рэзка выказваўся пра беларускага дыктатара.

Паводле звестак Праваабарончага цэнтру “Вясна”, вязням бабруйскай калоніі было забаронена размаўляць з Паўлам. За камунікацыю з палітвязнем каралі адпраўкай у штрафны ізалятар. Спірын у калоніі працаваў мыйшчыкам посуду.

Скрыншот: ТГ Андрэя Стрыжака

Магілёўская пракуратура абмежавала доступ да двух грамадска-палітычных сайтаў

Сайт “Хартыі 97” і Школы грамадзянскай асветы Sapere Aude цяпер немагчыма адкрыць у Беларусі без VPN.

Як распавядаецца на сайце Генеральнай пракуратуры, пракурор Магілёўскай вобласці вынес пастановы аб абмежаванні доступу да сайтаў sapere.online і c97.org.

Пракуратура сцвярджае, што падставай для абмежавання сталі нібыта парушэнні патрабаванняў законаў “Аб сродках масавай інфармацыі” і  “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”. Менавіта такія фармулёўкі звычайна выкарыстоўваюцца для апраўдання ціску на свабоду слова і вольнага доступу грамадзян да інфармацыі.

“На рэсурсе c97.org размяшчаліся загадзя ілжывыя дадзеныя аб палітычным становішчы Рэспублікі Беларусь і прававым статусе беларусаў. Акрамя таго, на рэсурсе ўтрымліваліся матэрыялы і гіперспасылкі на кантэнт, прызнаны экстрэмісцкім па рашэнні судоў”, – гаворыцца ў паведамленні. Прычым ніякіх доказаў таго, што звесткі былі ілжывыя, не прыводзіцца.

Працягвае змагацца пракуратура ў Беларусі і з грамадскімі навукамі. Рэсурсу sapere.online выстаўлена прэтэнзія, што “акрамя экстрэмісцкіх матэрыялаў размяшчаліся вынікі апытанняў грамадскай думкі грамадзян аб стаўленні да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне і выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Вялікую праблему у такіх апытаннях магілёўскія пракуроры ўбачылі ў тым, што праводзіліся яны без атрымання акрэдытацыі, “што супярэчыць патрабаванням п. 1 арт. 38 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Тут варта нагадаць, што атрымаць акрэдытацыю сапраўды незалежным сацыёлагам ў Беларусі проста не магчыма.

У адрозненні ад “Хартыі 97”, якая добра вядома беларусам, аб Школе грамадзянскай асветы Sapere Aude многія могуць чуць упершыню. А між тым, гэта даволі цікавы рускамоўны рэсурс, “прысвечаны падзеям, тэндэнцыям і з’явам глабальнага свету”. “Кожны дзень мы сочым за тым, што кажуць і пішуць лепшыя навукоўцы, аналітыкі, філосафы, публіцысты і грамадскія дзеячы з усяго свету і дзелімся іх самымі цікавымі думкамі – заўсёды на рускай мове”, – адзначаецца ў рубрыцы sapere.online “Пра нас”.

У выніку па патрабаванні магілёўскай пракуратуры Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі абмежавала доступ да гэтых рэсурсаў.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Палітвязень: у магілёўскай турме любяць здзеквацца над зняволенымі

Душ з фекаліямі на падлозе і прапанова на шпацыр пасля лазні – прыклады здзекаў адміністрацыі магілёўскай турмы №4 над зняволенымі.

Былы палітзняволены Арцём (імя зменена), які пэўны час пасля вынясення выраку знаходзіўся ў магілёўскай турме, распавеў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” пра некаторыя рэаліі, у якіх там знаходзяцца асуджаныя.

“Бывала, зімой прыходзіш з лазні да абеду, а яны кажуць выходзіць на шпацыр. Мы іх просім пайсці пасля абеду, бо мы мокрыя сядзім. На шпацыр, вядома, хочацца, але куды ты пойдзеш, там жа холадна. А яны сваё: або цяпер, або ніколі” – распавёў Арцём.

“Шмон”, то бок ператрус, у Магілёве адбываўся праз дзень, часам штодня, а здаралася нават некалькі разоў на дзень. “І такія сур’ёзныя “шмоны”, калі ты бярэш усе рэчы, матрац, усё да апошняй запалкі, ды выносіш на калідор. Там гэта ўсё перабіраюць, правяраюць. І ніколі пры гэтым ніхто са зняволеных не прысутнічаў. Зняволеныя ў гэты час знаходзяцца на калідоры”, – успамінае былы палітвязень.

Успамінаючы пра стаўленне адміністрацыі да зняволеных, ён распавёў гісторыю, якую даведаўся ад сукамернікаў: “Аднойчы заходзяць у душ, а там уся падлога залітая брудам — у прамым сэнсе гаўном. Яны ім крыкнулі: “Давайце распранайцеся. Будзеце мыцца або не?” Рэдкае быдла там працуе” – кажа Арцём.

“Садызм там паказвалі таксама ў іншым. У душы ёсць два вакна прыкладна 80 на 80 см. На адным з іх стаіць вентылятар. І вось мы памыліся, стаім мокрыя. Дзяжурны ўрубае вентылятар і толькі потым ідзе да нас адчыняць дзверы. І ты стаіш на адкрытым патоку ветру” – узгадавае аб здзеках з боку адміністрацыі былы зняволены турмы №4.

Арцём – адзін з 123 палітвязняў, якіх прымусова выдварылі з Беларусі. Паўтара года ён правёў у зняволенні паводле некалькіх крымінальных артыкулаў. Цяпер мужчына пачынае новае жыццё ў Польшчы, дзе праходзіць рэабілітацыю ды аднаўляе здароўе.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Спецслужбы Беларусі спрабуюць наладзіць кантакт з палітэмігрантамі з Магілёва

Да шэрагу магілёўцаў, якія з палітычных прычын пакінулі радзіму, пачалі прыходзіць паведамленні ад незнаёмых з прапановай паразмаўляць.

Такія паведамленні пачалі прыходзіць у сацыяльныя сеткі магілёўцаў, якія былі вымушаныя выехаць з Беларусі з-за палітычнага пераследу. Mogilev.media вядомы тры выпадкі, калі да былых жыхароў Магілёва ў мэсэнджары Фэйсбука пісаў нейкі Ares Rest з адраса @ares.rest.2025. Ён цікаваіўся ў таго ці іншага палітэмігранта справамі “ўдалечыні ад роднага горада” і пытаўся, якім чынам можна паразмаўляць.

Некаторыя магілёўцы вырашылі апублічыць гэтыя спробы наладжвання кантактаў з боку лукашэнкаўскіх спецслужб. Так, журналіст Уладзімір Лапцэвіч выклаў у Фэйсбук скрыншот паведамлення, суправадзіўшы словамі: “Вось такое паведамленне прыйшло днямі ў мэсэджар ФБ. Перад тым, як яго выдаліць, зрабіў скрыншот, каб засталася памяць”. 

Аб падобным паведамленні распавёў у каментары да паста Лапцэвіча экаактывіст Сяргей Пехцераў. У скрыншоце, які дадаў Сяргей, суправадзіўшы словамі “у мяне такі пакемон”, да яго аб жаданні паразмаўляць звяртаецца нейкі Антон нібыта з Магілёва.

Саркастычным расповядам суправадзіла сваю кароткую перапіску з Ares Rest актывістка Святлана Кутковіч. “Сеанс таннага гіпнозу ад “таварыша маёра”

​Знаёмцеся, гэта Ares Rest – мяркуючы па ніку, “бог вайны” на дзяржслужбе, а па факце – звычайны майстар эпісталярнага жанру ў пагонах. ​Вырашыла апублічыць гэты шэдэўр аператыўнай думкі, каб вы разумелі, на якім узроўні цяпер знаходзіцца “інтэлектуальны штурм” у РБ”, – напісала Святлана напачатку свайго расповяда ў Фэйсбуку.

Варта адзначыць, што час з’яўлення гэтых паведамленняў у магілёўскіх палітэмігрантаў супаў са з’яўленнем у пабліку “Могилев Live” у Фэйсбуку рубрыкі “Нашы за мяжой”. У мінулым незалежны, а цяпер цалкам праўладны паблік таксама  спрабуе даведацца аб жыцці эмігрантаў і прапануе ім распавесці пра сваё жыццё ў іншых краінах. 

Калі прааналізаваць паведамленні Ares Rest да Святланы Кутковіч і тэкст у “Могилев Live”, то агульнай рысай там ёсць жаданне невядомых пачуць, пра што чалавек сумуе. У гэтым яскрава бачна спроба ўзмацніць пачуццё настальгіі ў палітэмігрантаў і на гэтай падставе, хутчэй за ўсё, нешта прапанаваць. 

Такім чынам лукашэнкаўскія спецслужбы не толькі псіхалагічна чапляюць чалавека з мэтай альбо вярбоўкі, альбо вяртання, але і падстаўляюць пад імаверны крымінальны пераслед з боку праваахоўных органаў той дзяржавы, дзе знаходзіцца палітычны ўцякач. Напрыклад, у Польшчы нават заява аб гатоўнасці супрацоўнічаць з замежнымі спецслужбамі згодна з Крымінальным кодэксам з’яўляецца злачынствам і караецца вялікімі тэрмінамі зняволення. 

Фотаздымак: grodnonews.by

Ахоўнікі шклоўскай калоніі, дзе гінуць палітвязні, прызнаны найлепшымі ў Беларусі

Камісія Дэпартамента выканання пакаранняў прызнала лепшымі ў краіне ахоўнікаў са шклоўскай калоніі №17.

Начальнік ДВП Алег Маткін уручыў камандзіру 5-га асобнага стралковага батальёна вайсковай часці 6713, што ахоўвае калонію ў Шклове, а таксама канваріруе асуджаных і назірае за імі, пераходны прыз, піша Mayday. Гэты прыз носіць імя генерал-маёра ўнутранай службы Уладзіслава Кашаленкі, які фактычна ёсць стваральнікам сучаснай пенітэнцыярнай сістэмы ў Беларусі. Прыз прыдумаў у 2006 годзе тагачасны глава МУС Уладзімір Навумаў.

Шклоўская калонія №17 па шмат якіх паказчыках лічыцца адной з лепшых у Беларусі. Ацэньшчыкі ігнаруюць галоўную праблему – смерці палітычных зняволеных у ёй. Так, на пачатку 2025 года там памёр палітвязень Валянцін Штэрмер, а 21 мая 2021 года ў ёй жа загінуў палітычны актывіст Вітольд Ашурак, у памяць аб якім беларускія праваабаронцы абвясцілі 21 мая Днём палітвязня. Начальнік калоніі Аляксандр Карніенка са жніўня 2023 года знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўразвяза.

Фотаздымак: Mayday

У палітвязня бабруйскай калоніі з’явіўся сімвалічны хросны з Германіі

У межах кампаніі #WeStandBYyou сябар Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Енс Берэнс узяў сімвалічнае шэфства над палітвязнем бабруйскай калоніі Сяргеем Ботвічам.

“Выступаць за свабоду выказвання меркаванняў у Беларусі па-ранейшаму вельмі рызыкоўна. Любы, хто ўцягнуты ў грамадзянскую супольнасць, рызыкуе стаць мішэнню беларускіх сілавых органаў. Нярэдка такая ўцягнутасць заканчваецца ў судзе. Гэта адбылося з Сяргеем Ботвічам, што адміністраваў чат, які заклікаў да ўдзелу ў дэманстрацыях. Сяргей быў арыштаваны два гады таму і асуджаны да пяці гадоў турэмнага зняволення за “арганізацыю масавых беспарадкаў”. Прысуд заснаваны выключна на палітычных матывах ды парушае правы чалавека. Таму я заклікаю беларускі ўрад вызваліць Сяргея Ботвіча і ўсіх палітычных зняволеных”, – цытуе Праваабарончы цэнтр “Вясна” дэпутата нямецкага Бундэстага Енса Берэнса.

Сяргей Ботвіч працаваў піцаёлай ў адзной з гарадзенскіх піцэрый. Яго затрымалі напачатку студзеня 2023 года і змясцілі ў СІЗА. Тады ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, з’явіўся ролік з затрыманнем супрацоўнікамі ГУБАЗ і АМОН жыхара Гародні, які нібы адміністраваў дваровыя чаты, сярод якіх “Гродно Центр 97%”; удзельнічаў у пратэстных мітынгах і заклікаў іншых удзельнічаць у іх, а таксама прымяняць гвалт у дачыненні да міліцыянтаў, даслоўна, “паліць аўтазакі”.

Сяргей у судзе сваю віну прызнаў часткова. Пасля знаходжання ў Гарадзенскай турме №1 быў пераведзены ў Бабруйскую калонію №2.

Фотаздымак з сацыяльных сетак

Сталі вядомыя падрабязнасці паказнога палітычнага суда ў Магілёве

Прычынай палітычнай расправы над 45-гадовым магілёўцам сталі два лайкі ў інтэрнэце пад негатыўнай ацэнкай дзейнасці Лукашэнкі.

Mogilev.media раней паведамллі, што за нібыта паклёп на беларускага дыктатара ў судзе Ленінскага раёна Магілёва судзілі дарослага мужчыну. Як высветліў Mayday, першая частка яго “злачынства” была ў тым, што ён паставіў лайк пад пастом, які, па меркаванні пракуратуры, змяшчаў няпраўду пра дыктатара Лукашэнку і абвінавачваў нелегітымнага правіцеля ў асабліва цяжкім злачынстве. 

Праз некаторы час мужчына зноў паставіў лайк пад публікацыяй, якую выклала ў інтэрнэт нейкае так званае “экстрэмісцкае фармаванне”. Нагадаем, што “экстрэмісцкімі фармаваннямі” ў цяперашняй Беларусі лічацца, у тым ліку, усе незалежныя ад улады Лукашэнкі СМІ. У той публікацыі, якая спадабалася падсуднаму, была не толькі негатыўная ацэнка дзейнасці дыктаратара, але і змяшчалася яго выява.

На агалошванне прысуду 20 студзеня ў залю суда Ленінскага раёна прывялі навучэнцаў Магілёўскага абласнога кадэтскага вучылішча. Дапамагала ў рэалізацыі так званай “праграмы прававога выхавання навучэнцаў” памочнік абласнога суда Іна Драздова.

Сцвярджаецца, што падсудны прызнаў сваю віну і раскаяўся. Суд прызначыў яму два гады абмежавання волі без накіроўвання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Фотаздымак: Mayday

Магілёўскія следчыя выклікаюць палітэмігранта на допыт

У Магілёве Следчы камітэт узбудзіў палітычную крымінальную справу на 44-гадовага Мікалая Тарасенку. Сам ён знаходзіцца за мяжой.

Як паведамляецца ў тэлеграм-канале “Спецыяльная вытворчасць. Афіцыйна”, справа ўзбуджана па некалькіх артыкулах, а менавіта – “паклёп”, “заклікі да санкцый супраць РБ”, таксама мужчыну абвінавачваюць у паклёпе на беларускага дыктатара і абразу яго. 

“Абвінавачанаму Тарасенку Н. У. неабходна з’явіцца па адрасе: г.Магілёў, вул. Архірэйскі Вал Каніскага, 3”, – гаворыцца ў паведамленні.

Так званая спецвытворчасць распачатая 28 студзеня 2026 года. 

“Спецвытворчасць” прымяняецца ў дачыненні да грамадзян, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Суд разглядае ў далейшым іх справы завочна.

“Не даводзіцца называць гэта расследаваннем: пародыя на юрыдычныя фармальнасці, якія дазволяць прызначыць адвольныя тэрміны пазбаўлення волі ў прысудах. Нічога агульнага з сапраўдным расследаваннем злачынстваў не мае, гэта палітычны вышук, які парушае базавыя прынцыпы нацыянальнага і міжнароднага права”, – лічыць юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка.

Фотаздымак: ТГ “Спецыяльная вытворчасць. Афіцыйна”

Магілёўскі суд быў самым рэпрэсіўным у краіне за 2025 год

Суд Ленінскага раёна Магілёва па выніках 2025 года прызнаў больш за ўсё матэрыялаў «экстрэмісцкімі» ў параўнанні з іншымі судамі Беларусі.

Рэйтынг найбольш рэпрэсіўных судоў склалі праваабаронцы з цэнтру “Вясна”. Паводле іх, за мінулы год топ-5 такіх судоў, якія абвяшчалі матэрыялы экстрэмісцкімі, выглядае так:

  • суд Ленінскага раёна Магілёва — 102 рашэнні;
  • суд Ленінскага раёна Гродна — 91;
  • суд Ленінскага раёна Брэста — 83;
  • суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы — 75;
  • суд Цэнтральнага раёна Мінска — 73.

У той жа час агулам за ўвесь час с пачатку такіх прызнанняў сітуацыя выглядае так:

  • суд Цэнтральнага раёна Мінска — 513 рашэнняў;
  • суд Ленінскага раёна Брэста — 364;
  • суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы — 313;
  • суд Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці — 219;
  • суд Ленінскага раёна Гродна — 218.

Праваабаронцы адзначаюць, што заўважна, як задачу па прызанні матэрыялаў «экстрэмісцкімі» перадаюць у пэўны суд. Напрыклад, калі за ўвесь час у Мінску было прызнана судом Цэнтральнага раёна ажно 513 рашэнняў, то суд Кастрычніцкага раёна сталіцы прыняў за ўвесь час толькі адно рашэнне.

Фотаздымак з адкрытых крыніц