У Магілёве вынеслі завочны прысуд палітэмігранту

Магілёўскі абласны суд асудзіў па палітычных артыкулах да пяці гадоў калоніі Мікалаю Тарасенка, які знаходзіцца за мяжой.

Мікалая абвінавацілі ў паклёпе, закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі), паклёпе на на беларускага дыктатара і абразе яго.

Па сукупнасці прысудаў Мікалаю Тарасенку завочна прызначылі пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Нагадаем, што крымінальная справа Мікалая Тарасенкі была ўзбуджана ў студзені 2026 года ў форме так званай “спецвытворчасці”. Яна ўжываецца ў дачыненні да грамадзян, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Суд разглядае ў далейшым іх справы завочна.

Фотаздымак: ТГ «Специальное производство. Официально»

Магілёўскі аблсуд вынес завочны прысуд па справе Арцёма Шабунёва

У Магілёўскім аблсудзе завочна разгледжана крымінальная справа за паведамленні пра гомельскага пракурора. Вынік для падсуднага – чатыры гады зняволення.
У межах так званай спецвытворчасці судзілі 33-гадовага Арцёма Шабунёва, якога абвінавацілі ў распальванні варожасці, пагрозе гвалтам у дачыненні да супрацоўніка унутраных спраў і ў дачыненні да службовай асобы і абразе прадстаўніка ўлады.
Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна” са спасылкай на Вярхоўны суд, рэчавымі доказамі ў справе сталі восем скрыншотаў паведамленняў у Viber, дзесяць скрыншотаў старонак з інфармацыяй пра старшага памочніка прокурора Гомеля Андрэя Сідарэнку ў тэлеграм-канале “Дзікае паляванне” і тры паведамленні ў адрас таго ж Сідарэнкі – у месенджары Viber.
Магілёўскі аблсуд 3 сакавіка 2026 года завочна прызначыў Шабунёву чатыры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф 4500 рублёў і 1500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды на карысць Сідарэнкі. Да таго ж у падсуднага арыштавалі аўтамабіль Mitsubishi Lancer 2006 года выпуску.
Фотаздымак: 6tv.by

Магілёўскія следчыя выклікаюць палітэмігранта на допыт

У Магілёве Следчы камітэт узбудзіў палітычную крымінальную справу на 44-гадовага Мікалая Тарасенку. Сам ён знаходзіцца за мяжой.

Як паведамляецца ў тэлеграм-канале “Спецыяльная вытворчасць. Афіцыйна”, справа ўзбуджана па некалькіх артыкулах, а менавіта – “паклёп”, “заклікі да санкцый супраць РБ”, таксама мужчыну абвінавачваюць у паклёпе на беларускага дыктатара і абразу яго. 

“Абвінавачанаму Тарасенку Н. У. неабходна з’явіцца па адрасе: г.Магілёў, вул. Архірэйскі Вал Каніскага, 3”, – гаворыцца ў паведамленні.

Так званая спецвытворчасць распачатая 28 студзеня 2026 года. 

“Спецвытворчасць” прымяняецца ў дачыненні да грамадзян, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Суд разглядае ў далейшым іх справы завочна.

“Не даводзіцца называць гэта расследаваннем: пародыя на юрыдычныя фармальнасці, якія дазволяць прызначыць адвольныя тэрміны пазбаўлення волі ў прысудах. Нічога агульнага з сапраўдным расследаваннем злачынстваў не мае, гэта палітычны вышук, які парушае базавыя прынцыпы нацыянальнага і міжнароднага права”, – лічыць юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка.

Фотаздымак: ТГ “Спецыяльная вытворчасць. Афіцыйна”