аблсуд

Магілёўскі аблсуд вынес завочны прысуд па справе Арцёма Шабунёва

У Магілёўскім аблсудзе завочна разгледжана крымінальная справа за паведамленні пра гомельскага пракурора. Вынік для падсуднага – чатыры гады зняволення.
У межах так званай спецвытворчасці судзілі 33-гадовага Арцёма Шабунёва, якога абвінавацілі ў распальванні варожасці, пагрозе гвалтам у дачыненні да супрацоўніка унутраных спраў і ў дачыненні да службовай асобы і абразе прадстаўніка ўлады.
Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна” са спасылкай на Вярхоўны суд, рэчавымі доказамі ў справе сталі восем скрыншотаў паведамленняў у Viber, дзесяць скрыншотаў старонак з інфармацыяй пра старшага памочніка прокурора Гомеля Андрэя Сідарэнку ў тэлеграм-канале “Дзікае паляванне” і тры паведамленні ў адрас таго ж Сідарэнкі – у месенджары Viber.
Магілёўскі аблсуд 3 сакавіка 2026 года завочна прызначыў Шабунёву чатыры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф 4500 рублёў і 1500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды на карысць Сідарэнкі. Да таго ж у падсуднага арыштавалі аўтамабіль Mitsubishi Lancer 2006 года выпуску.
Фотаздымак: 6tv.by

← Усе навіны Магілёва