У Магілёве прайшоў вобшук ў кватэры кандыдата ў Каардынацыйную раду

Сілавікі правялі вобшук у кватэры палітэмігранта, кандыдата ў Каардынацыйную раду Васіля Плешкунова.

Як распавёў актывіст, які цяпер жыве за мяжой, супрацоўнікі Следчага камітэта явіліся ў яго кватэру ў Магілёве 12 траўня. Паводле Плешкунова, прычынай вобшука стаў яго актыўны ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду Беларусі, якія праходзяць анлайн да 17 траўня 2026 года. 

Плешкуноў ідзе на выбары ў блоку “Кааліцыя Латушка і Рух “За свабоду”. Ён 25-ы ў спісе, які з’яўляецца самым шматлікім на гэтых выбарах. 

Васіль Плешкуноў – былы настаўнік працоўнага навучання з Магілёва. У 2020 годзе быў адміністрацыйна арыштаваны за ўдзел у пратэстах. У 2023 годзе пасля збіцця супрацоўнікамі ГУБАЗіК пакінуў Беларусь.

Фотаздымак: Радыё Рацыя

Магілёўскі аблсуд прысудзіў 10 гадоў калоніі палітвязню з Нароўлі

У Магілёве вынесены жорсткі прысуд актывісту з Нароўлі Мікалаю Віткоўскаму, абвінавачанаму ў здрадзе дзяржаве.

Суд над палітычным актывістам адбываўся за зачыненымі дзвярыма, піша “Гомельская вясна”. Таму, у чым менавіта, на думку абвінаваўчага боку, заключалася здрада дзяржаве, даведацца пакуль немагчыма.

У лістападзе 2025 года Мікалай Віткоўскі быў знойдзены ў СІЗА магілёўскай турмы №4. Да гэтага доўгі час праваабаронцы не маглі высветліць яго месцазнаходжання. Мужчына быў затрыманы ў верасні мінулага года супрацоўнікамі КДБ.

Крыніца з турмы і паведаміла пра прысуд Віткоўскаму.

Адзначым, што ў верасні разам з Мікалаем Віткоўскім знік і актывіст з Калінкавічаў Аляксанжр Елісееў. Акрамя “здрады дзяржаве”, яму інкрымінавалі абразу беларускага дыктатара. Зараз праваабаронцы намагаюцца даведацца пра лёс Аляксандра Елісеева.

Фотаздымак: “Гомельская вясна”

Глускі суд прызнаў “экстрэмісцкім” Фэйсбук памерлага Алеся Пушкіна

Старонка ў Фэйсбук памерлага ў зняволенні палітвязня і мастака Алеся Пушкіна прызнана экстрэмісцкай.

Рашэння аб такім прызнанні было прынята ў Глускім райсудзе 4 траўня. У так званым “Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў” занесена пазіцыя “акаўнт у сацыяльнай сетцы Facebook з назвай Ales Pushkin”.

Палітвязень Алесь Пушкін утрымліваўся ў турме №1 у Гродна. Ён памёр ноччу 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі «пры нявысветленых абставінах». Яго ў несвядомым стане даставілі ў гродзенскую бальніцу 10 ліпеня. Аднак лекары выратаваць 57-гадовага мастака не змаглі.

Пушкін – нонканфарміст і перформер, за гады сваёй дзейнасці шматкроць зведаў пераслед па палітычных матывах. Быў удзельнікам пратэстных акцый 2020 года і прынцыпова вярнуўся ў Беларусь, калі на яго завялі крымінальную справу. 30 сакавіка 2022 года ў закрытым судовым працэсе быў прысуджаны да пяці гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму за «здзек над дзяржаўнымі сімваламі» і «распальванне сацыяльнай варожасці або розні».

Фотаздымак: Фэйсбук Алеся Пушкіна

Айцішніцу з Бабруйска асудзілі па палітычнай справе

Тры гады зняволення прысудзіў суд у Мінску ўраджэнцы Бабруйска Вользе Буланавай за нібыта садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

43-гадовая жанчына раней працавала аператарам ПЭВМ на Бабруйскай абутковай фабрыцы. Потым змяніла сваю прафесійную дзейнасць, прайшоўшы ў 2018-2019 гадах навучанне ў IT Academy і атрымала прафесію UI/UX-дызайнеркі. Пасля знайшла працу ў IT.

Калі меркаваць па яе сацсетках, да самага свайго затрымання Вольга Буланава жыла ў Вільні. У яе ёсць муж і дзіця. Пры гэтым час ад часу жанчына ездзіла ў Беларусь, дзе яе і арыштавалі ў траўні 2025 года. 

У студзені 2026 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў ёй тры гады калоніі. Мяркуецца, што асуджэнне звязанае са справай “Беларускага Гаюна” – маніторынгавага тэлеграм-каналу, куды простыя грамадзяне паведамлялі аб перасоўванні па Беларусі расійскай вайсковай тэхнікі.

У сакавіку 2026 года праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Вольгу палітычнай зняволенай.

25 красавіка 2026 года яна была ўнесена ў пералік грамадзян, якія нібыта маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магілёўская пракуратура пахвалілася барацьбой са свабодай слова

Больш за 130 інтэрнэт-рэсурсаў, якія не падабаюцца цяперашнім уладам у Беларусі, магілёўскія пракуроры абвесцілі экстрэмісцкімі за першы квартал 2026 года.

Паводле абласной пракуратуры, барацьбой са вабодай слова яна займаецца на сістэмнай аснове. Гэта значыць, маніторыць кантэнт паведамленняў, пастоў, відэафайлаў і іншага. Калі нешта не падабаецца, а часцей за ўсё гэта крытыка цяперашніх парадкаў у дыктатарскай Беларусі, то пракуроры абвяшчаюць гэта экстрэмісцкімі матэрыяламі, накіраванымі на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне, а таксама папулярызацыю пратэстнай актыўнасці. Потым суды ўключаюць гэтыя матэрыялы ў рэспубліканскі спіс так званых “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Таксама за першы квартал 2026 года магілёўская пракуратура абмежавала доступ да пяці інтэрнэт-рэсурсаў, “на якіх размяшчаліся забароненыя да распаўсюджання звесткі”.

Праўда, колькі сэнсу ў такой руплівай працы магілёўскіх пракурораў – не паведамляецца. Так, сама пракуратура сведчыць, што на рэсурсах “Флагшток” і “Глаўк” утрымліваліся матэрыялы, “якія раней былі прызнаныя экстрэмісцкімі па рашэннях судоў”. То бок прызнаныя “экстрэмісцкімі” матэрыялы ўсё адно публікуюцца, не зважаючы на “грозныя” пракурорскія словы. Як кажуць, сабака брэша, а караван ідзе.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Незаконнае асуджэнне магілёўца ўвайшло ў рашэнне Камітэта ААН па Беларусі

Сярод беларусаў, чыё незаконнае асуджэнне стала падставай для рашэння Камітэта ААН па правах чалавека аб парушэнні свабоды слова ў Беларусі, быў прадстаўнік Магілёўшчыны.

Камітэт ААН па правах чалавека ў сваім рашэнні ад 11 сакавіка 2026 года разгледзеў групу з 20 індывідуальных паведамленняў, якія паступілі ад 13 чалавек, супраць Беларусі, якія тычыліся сістэмнага пераследу журналістаў і аўтараў за ажыццяўленне свабоды выказвання.

Заяўнікі – грамадзяне Беларусі, якія былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці ў перыяд з 2010 па 2021 год за:

  • публікацыю матэрыялаў у СМІ без дзяржаўнай акрэдытацыі;
  • супрацоўніцтва з замежнымі медыя;
  • распаўсюд інфармацыі і інтэрв’ю;
  • у асобных выпадках – удзел у мірных сходах.

Усе яны былі аштрафаваныя на падставе нацыянальнага заканадаўства, у прыватнасці артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Закона аб СМІ.

Адзіным жыхаром Магілёўшчыны сярод заяўнікаў быў магілёўскі журналіст Уладзімір Лапцэвіч. У чэрвені 2017 года ён даведаўся, што на яго складзена сем адміністрацыйных пратаколаў за супрацоўніцтва з тыднёвікам беларусаў у Польшчы “Ніва”. Па сутнасці за кожны яго артыкул, які быў апублікаваны ў тыднёвіку за папярэднія два месяцы перад пачаткам аміністрацыйнага працэса. Прычына – публікацыя матэрыялаў у СМІ без дзяржаўнай акрэдытацыі як журналіста, так званы незаконны выраб прадукцыі СМІ (ч. 2 арт 22.9 КаАП). 

У далейшым суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Алена Літвіна прысудзіла Лапцэвічу штраф у памеры 45 базавых велічынь, што на той момант складала 1035 рублёў. Журналіст беспаспяхова абскарджваў гэтае рашэнне ў нацыянальных інстанцыях, а затым звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Абагульніўшы ўсе выпадкі, з якімі па тэме свабоды слова звярталіся вышэй адзначаныя заяўнікі, Камітэт прыйшоў да ключавой высновы:

Беларусь парушыла артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (свабода выказвання), паколькі пакаранне за распаўсюд інфармацыі без акрэдытацыі не было ні неабходным, ні прапарцыйным.

У адным з выпадкаў было таксама ўстаноўлена парушэнне артыкула 21 (свабода мірных сходаў), паколькі ўдзел у мірнай акцыі не можа карацца толькі з-за адсутнасці дазволу.

Камітэт падкрэсліў, што дзяржава не правяла належнай ацэнкі неабходнасці абмежаванняў, як таго патрабуе міжнароднае права.

У рашэнні асобна адзначаецца, што гаворка ідзе не пра адзінкавыя выпадкі, а пра структурную і доўгатэрміновую практыку. Камітэт аб’яднаў 20 спраў у адно рашэнне менавіта таму, што фактычныя абставіны былі падобныя; парушэнні мелі паўтаральны характар; ужо існуе ўстойлівая практыка прызнання такіх дзеянняў парушэннем правоў чалавека.

Камітэт таксама адхіліў аргумент уладаў пра неабходнасць выкарыстання надзорных скарг, адзначыўшы, што такія працэдуры носяць дыскрэцыйны характар; не гарантуюць эфектыўнай абароны; таму не лічацца абавязковымі для вычарпання ўнутраных сродкаў прававой абароны.

Камітэт абавязаў Беларусь кампенсаваць штрафы і судовыя выдаткі пацярпелым;

прыняць меры для прадухілення падобных парушэнняў у будучыні; прывесці заканадаўства (уключаючы Закон аб СМІ і закон аб масавых мерапрыемствах) у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.

Камітэт адзначае, што гэтае рашэнне яшчэ раз пацвярджае, што беларуская практыка прыцягнення да адказнасці за «неаўтарызаваную журналісцкую дзейнасць» супярэчыць міжнародным стандартам.

З пункту гледжання правоў чалавека, ключавая праблема заключаецца не толькі ў асобных штрафах, а ў самой мадэлі рэгулявання, якая патрабуе дзяржаўнага дазволу для ажыццяўлення журналісцкай дзейнасці; выкарыстоўваецца як інструмент кантролю над інфармацыяй; не адпавядае крытэрам неабходнасці і прапарцыянальнасці.

Такім чынам, гаворыцца ў рашэнні, Камітэт фактычна канстатуе сістэмнае парушэнне свабоды выказвання ў Беларусі.

Варта адзначыць, што цяпер Беларусь афіцыйна знаходзицца па-за дзеяннем працэдуры разгляду індывідуальных скаргаў Камітэтам ААН па правах чалавека. Дэнансацыя Факультатыўнага пратакола ўступіла ў сілу 8 лютага 2023 года, пазбавіўшы грамадзян магчымасці абскардзіць рашэнні ўладаў на міжнародным узроўні.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Заснавальніка крамы Symbal.bу перавялі ў магілёўскую турму

У магілёўскай турме №4 цяпер знаходзіцца палітвязень, заснавальнік крамы Symbal.bу Павел Белавус.

Паводле інфармацыі былых палітвязняў, у турму ў Магілёве Паўла перавялі ў лютым без рэчаў і без біркі. Ёсць верагоднасць, што ў дачыненні да яго распачалі новую справу. 

Белавуса затрымалі ў лістападзе 2021 году і пасля 45 дзён адміністрацыйных арыштаў завялі крымінальную справу. Ён асуджаны на 13 гадоў зняволення. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за нібыта «здраду дзяржаве». Акрамя таго, яго прызналі вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак, у публічных закліках да захопу ўлады, у кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем.

Паўлу Белавусу цяпер 38 гадоў. На волі палітвязня чакаюць жонка і двое дзяцей.

Фотаздымак: Белсат

У палітвязня магілёўскай турмы Сцяпана Латыпава шосты дзень народзінаў у зняволенні

11 красавіка 46 гадоў адзначае ў турме №4 у Магілёве палітвязень Сцяпан Латыпаў, вядомы затрыманнем у мінскім двары «Плошчы Перамен».

Ад 15 верасня 2020 году арбарыст (спецыяліст у дрэвах) Сцяпан Латыпаў не выходзіць з-за кратаў, сёння ён ужо шосты раз адзначае свой дзень народзінаў у няволі.

Паводле апошняй інафармацыі, якую атрымалі праваабаронцы «Вясны» ў сакавіку, у турме ён сам прасіўся ў адзіночную камеру, але ці задаволілі просьбу палітвязня, невядома.

На знак пратэсту супраць пераследу Сцяпан Латыпаў ужо прынамсі тройчы здзяйсняў спробу суіцыду. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў пра ўмовы ў камеры, дзе трымалі палітвязня: там не было разеткі, кіпень давалі толькі двойчы на дзень. 

У верасні 2025 году Сцяпана Латыпава з калоніі №22 перавялі ў магілёўскую турму, дзе ён ужо быў зняволены раней – з 2022 па 2024 год. Паводле праваабаронцаў, гэта стала для палітвязня новым ударам, ён казаў, што «ня бачыць сэнсу жыцьця і ня вытрымае яшчэ аднаго тэрміну ў турэмным рэжыме».

Паводле звестак праваабаронцаў, у 2024 годзе, падчас першага знаходжання ў магілёўскай турме, Латыпаў хварэў на цынгу.

У жніўні 2021 году Сцяпана Латыпава асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту, «супраціў міліцыянтам» і «махлярства, здзейсьненае ў асабліва буйным памеры» на восем гадоў і шэсць месяцаў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму і штраф 300 базавых велічынь. На судзе Латыпаў не прызнаў віны.

Фотаздымак: Радыё Свабода

Знаёмы памерлага ў магілёўскай калоніі Дзмітрыя Шлетгаўэра вініць у яго смерці КДБ

Дзмітрый Шлетгаўэр, памерлы ў магілёўскай калоніі №15, быў малады і нават не думаў аб смерці, паведаміў яго знаёмы па брэсцкім СІЗА. Ён лічыць, што хлопца забілі па загадзе КДБ, з якім той супрацоўнічаў.

Паводле мужчыны, ён пазнаёміўся са Шлетгаўэрам у СІЗА №7 Брэста. На той момант хлопцу быў 21 год, але ён выглядаў старэй. “Гэта быў высокі рослы хлопец. Але што мне не падабалася – ён вельмі шмат курыў. Але ён вельмі быў цягавітым, заўсёды неяк на пазітыве. Ён не даваў сабе слабіны. Наадварот, ён у камеры ствараў пазітыў і падтрымліваў іншых” – распавёў Беларускаму Радыё Рацыя былы сідзелец.

Ён адзначае, што ў Шлетгаўэра было складанае і супярэчлівае жыццё. Паводле яго, хлопец захапляўся зброяй, у тым ліку халоднай, сам выкоўваў нажы і меў уласную калекцыю. Ён таксама распавядаў пра свой досвед, звязаны з удзелам у ваенных кантрактах за мяжой, у тым ліку ў Афрыцы, дзе праходзіў падрыхтоўку і разглядаў магчымасць удзелу ў баявых аперацыях.

Паводле былога сукамерніка, Шлетгаўэр меў пэўныя ідэалагічныя погляды, і яны, паводле яго, былі неафашысцкімі, што, зразуімела, магло выклікаць цікавасць сілавых структур. Ён таксама сцвярджае, што хлопец добра разбіраўся ў тэме зброі і выбуховых рэчываў і мог з падручных матэрыялаў вырабляць небяспечныя сумесі.

Сям’я Шлетгаўэра жыла ў Камянцы. Сам ён меў расійскае грамадзянства і, паводле суразмоўцы, спрабаваў наладзіць кантакт з расійскім консульствам у Брэсце. Пасля сустрэчы з консулам яму не рэкамендавалі дамагацца дэпартацыі ў Расію з-за магчымых праблем.

Мужчына таксама сцвярджае, што Шлетгаўэр знаходзіўся ў полі ўвагі КДБ. Паводле яго версіі, пасля прыезду ў Беларусь той нібыта ўступіў у кантакт са спецслужбамі і мог выконваць пэўныя заданні. Аднак, нібыта, адно з такіх заданняў, звязанае з ліквідацыяй чалавека, ён не выканаў.

Падчас знаходжання ў СІЗА Шлетгаўэр, як распавядае сведка, нават сустрэўся з чалавекам, якога, паводле яго слоў, мусіў ліквідаваць. “Калі ён пра гэта расказваў, у мяне, дарослага чалавека, валасы дыбам станавіліся” – адзначае мужчына.

Паводле яго, у зняволенні да Шлетгаўэра з боку супрацоўнікаў нібыта не ўжывалася фізічнага гвалту, і нават, як ён кажа, да яго ставіліся “з пэўнай павагай”.

Шлетгаўэр быў жанаты на грамадзянцы Беларусі, і ўжо пасля яго затрымання ў іх нарадзілася дзіця. Аднак падчас суда шлюб быў скасаваны ў сувязі з пазбаўленнем яго віду на жыхарства. Родныя пасля прысуду прадалі дом у Камянцы і выехалі ў Расію.

Былы знаёмы хлопца падкрэслівае, што Шлетгаўэр пісаў шмат пісьмаў. Яго лісты маглі займаць дзясяткі старонак, што, на яго думку, сведчыць пра моцныя пачуцці да сям’і.

Разам з тым, мужчына катэгарычна адмаўляе версію самагубства. “Ён нават не думаў пра смерць. У 21 год – якая смерць? Ён быў поўны энергіі і быў упэўнены, што хутка выйдзе” – кажа ён. “І тое, што з ім адбылося, наколькі я даведаўся, ён не пакончыў з сабой. Яго забілі і забілі па замове КДБ” – падкрэслівае былы сядзелец.

Ён мяркуе, што хлопец мог валодаць інфармацыяй, якая ўяўляла небяспеку, і таму мог быць ліквідаваны.

Паводле інфармацыі, распаўсюджанай раней рэсурсам dissidentby, у калоніі на Дзмітрыя Шлетгаўэра аказваўся сістэматычны псіхалагічны і фізічны ціск, яго рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА, нягледзячы на наяўнасць хранічнага захворвання. Займаліся гэтым аператыўныя работнікі выпраўленчай калоніі Юрый Арлоў і Ілля Кіслякоў пад кіраўніцтвам начальніка калоніі Аляксея Лазарэнкі.

Прычынай жорсткага абыходжання, па звестках крыніц рэсурса dissidentby, было тое, што Дзмітрый Шлетграўэр адмаўляўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй калоніі, “не здаваў” іншых і адкрыта выказваў нязгоду з дзеяннямі адміністрацыі. “Ён трымаўся, але яны рабілі ўсё, каб зламаць” – паведамлялі сведкі.

1 лістапада 2024 года Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што ў калоніі ў Магілёве памёр 22-гадовы грамадзянін Расіі, ураджэнец Алтая Дзмітрый Шлетгаўэр. У пасведчанні аб смерці напісалі “механічная асфіксія”. Раней Брэсцкі абласны суд прызнаў Шлетгаўэра вінаватым па артыкулах аб шпіянажы і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, прыгаварыўшы да 12 гадоў. Сутнасць абвінавачанняў невядомая да гэтага часу – працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Фотаздымак: spring96.org

У магілёўскай калоніі №15 забаранілі сродкі касметыкі

У калоніі №15 Магілёва цяпер зняволеным нельга перадаваць ніякія касметычныя сродкі, акрамя крэмаў да і пасля галення.

У папраўчай калоніі №15 у Магілёве істотна ўзмацніліся правілы прыёму перадач для зняволеных. Абмежаванні, уведзеныя з пачатку года, аказаліся значна больш жорсткімі, чым меркавалася раней.

Яшчэ ў студзені паведамлялася, што на тэрыторыі калоніі адкрыўся ўласны магазін турэмнага адзення. Пасля гэтага супрацоўнікі перасталі прымаць элементы гардэробу, набытыя на волі, нават калі яны ўваходзяць у пералік дазволеных Дэпартаментам выканання пакаранняў. Адначасова былі ўведзены абмежаванні на парфуміраваныя крэмы і касметыку на аснове натуральных цвёрдых алеяў.

Аднак, як высветлілася, фактычныя меры аказаліся яшчэ больш жорсткімі. Адміністрацыя калоніі забараніла перадачу практычна ўсіх відаў крэмаў, у тым ліку для твару і рук. Выключэнне пакінулі толькі для крэмаў да і пасля галення.

У студзені і лютым гэтыя правілы выконваліся неаднародна. У асобных выпадках, у залежнасці ад змены кантралёраў, некаторыя сродкі ўсё ж прымаліся. Аднак з 1 красавіка забарона стала поўнай: цяпер любыя касметычныя сродкі, знойдзеныя ў перадачах, падлягаюць канфіскацыі і ўтылізацыі.

Падобныя абмежаванні фіксуюцца і ў іншых установах. Так, у бабруйскай калоніі №2 з сярэдзіны сакавіка забаранілі перадачу сродкаў догляду за скурай у слоіках і флаконах, дазволеныя толькі пластыкавыя тубы. Гэта можа сведчыць пра каардынаванае ўвядзенне больш жорсткіх правілаў у папраўчых установах, прынамсі, на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

Фотаздымак: БелаПАН