Заснавальніка крамы Symbal.bу перавялі ў магілёўскую турму

У магілёўскай турме №4 цяпер знаходзіцца палітвязень, заснавальнік крамы Symbal.bу Павел Белавус.

Паводле інфармацыі былых палітвязняў, у турму ў Магілёве Паўла перавялі ў лютым без рэчаў і без біркі. Ёсць верагоднасць, што ў дачыненні да яго распачалі новую справу. 

Белавуса затрымалі ў лістападзе 2021 году і пасля 45 дзён адміністрацыйных арыштаў завялі крымінальную справу. Ён асуджаны на 13 гадоў зняволення. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за нібыта «здраду дзяржаве». Акрамя таго, яго прызналі вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак, у публічных закліках да захопу ўлады, у кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем.

Паўлу Белавусу цяпер 38 гадоў. На волі палітвязня чакаюць жонка і двое дзяцей.

Фотаздымак: Белсат

Палітвязня Паўла Белавуса накіравалі ў шклоўскую калонію

Вядомы грамадзянскі актывіст і папулярызатар беларушчыны, стваральнік крамы symbal.by Павел Белавус быў асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волі.

Яго жонка напісала на сваёй старонцы ў Facebook, што Паўла перавялі ў шклоўскую калонію №17. «Кажа, што ўспрымае гэта як вандроўку, але крыху іншы фармат» – напісала яна.

Зараз яму можна дасылаць лісты ў Шклоў з пазнакай «каранцін»: Белавус Павел Мікалаевіч 1987 года нараджэння, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8.

Фота з адкрытых крыніц