Штраф! – нашы чытачы падзяліліся вясёлай карцінкай

Вось такая аб’ява вісіць у адным з магілёўскіх пад’ездаў, паведамляюць нашы падпісчыкі. Штраф і ўсё тут! За што, пра што?

“Ну, вы самі ўсё разумееце” – горка іранізуюць з беларускай рэчаіснасці чытачы.

Бакаса, казулю, ваўка, лісіцу і нават шэрую варону. Іх дазволена страляць у ліпені

Гэты сумны спіс дапаўняюць кабан, сарока, янотападобны сабака, баклан, шэрая і белыя чаплі.

Пра тое, што на згаданых жывёлаў можна паляваць інфармуе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Нагодай, каб нагадаць аб гэтым стала адкрыццё палявання на бакаса – невялікай птушкі з даўгой і вострай дзюбай. Бакас папулярны аб’ект палявання з сабакам. Птаха, аднак, здабыць не проста. Паляваньне на яго вымагае карплівай працы.

Птушку страляць дазваляецца з другой суботы ліпеня па другую суботу жніўня, абавязкова ў дзень. На трох паляўнічых мае быць адзін сабака. Паляваць можна са стрэльбай і без яе, нагадвае газета «Прыдняпроўскі край», спасылаючыся на Таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Страляць дазваляецца ў ліпені, акрамя бакаса, самца казулі, кабана, ваўка, лісіцу, шэрую варону, сароку, янотападобнага сабаку, баклана, шэрую чаплю і чаплю белую вялікую.

фота з адкрытых крыніц

Спартовай школе з глыбінкі спонсар дапамог прыдбаць рыштунак. Больш за выхаванцаў радаваліся чыноўнікі

З аказання спонсарскай дапамогі кіраўніцтва раёну зрабіла паказушную імпрэзу з фотасесіяй удзельнікаў.

Поруч з гадаванцамі школы на фотаздымках зафіксаваныя мужчыны з выгляду не падобныя на спартоўцаў, ці трэнераў, але апранутых у стыльную ўніформу.

slavgorod.by

Гэта гісторыя адбылася ў Слаўгарадскім раёне. Як вынікае з публікацыі газеты «Прысожскі край» у мясцовай спартовай дзіцячай школы не было сродкаў, каб прыдбаць неабходны інвентар. Дапамог спонсар, акцыянернае таварыства «Бабушкіна крынка».

Для перадачы рыштунку арганізавалі свята «Твори добро». На яго прыехаў кіраўнік раёну Сяргей Міхалюта з групай падначаленых. Старшыня райвыканкаму і дзякаваў спонсару за дапамогу. 

slavgorod.by

На фотаздымках выхаванцы вінавата пазіруюць перад камерай, а чыноўнікі стрымана задаволеныя.

Спонсару ўручылі ліст падзякі.

 

Урад аднавіў забарону на вываз пшанічнай мукі і грэчкі

Забарона будзе трываць тры месяцы для абароны ўнутранага рынку.

Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністар, гаворыцца ў тэлеграм-канале “Урад Беларусі”.

У адзначаецца: забаронена вывозіць з Беларусі муку з пшаніцы, круп грубага памолу з грэчкі, грэчкавага збожжа абрушанага, гатовых харчовых прадуктаў з грэчкі.

Падобную пастанову ўрад выдаваў у сакавіку. Тады таксама забаранялася вывозіць  пшанічную муку і грэчку. Абмежаваньні трывалі тры месяцы да 16 чэрвеня.

фота з адкрытых крыніц

Грамадзяніна Расіі арыштавалі за махлярства. Ён падманам завалодаў грашыма 87-гадовай жыхаркі Магілёўскага раёну

Ён патэлефанаваў кабеце, назваўшыся следчым, паведаміў, што яе дачка ўчыніла дарожна-транспартнае здарэнне і каб яе выбавіць ад адказнасці патрабуецца 20 тысяч долараў. У жанчыны было толькі васямнаццаць, якія яна аддала махляру.

Каб пераканаць кабету ў праўдзівасці гісторыі з ДТЗ ёй далі пагутарыць па тэлефоне, нібыта, з дачкой і тая заплаканая папрасіла дапамогі.

Затрыманы расіянін меў саўдзельнікаў, якія падтрымлівалі з пацярпелай сувязь пакуль іх завадатар ездзіў да яе па грошы. Яны не давалі магчымасці пажылой жанчыне звязацца з дачкой, піша l газета «СБ. Беларусь сегодня».

Крымінальнай справа займаецца Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэту. Пракурор санкцыянаваў арышт абвінавачанага з улікам абставін злачынства, яго цяжкасці і дадзеных аб асобе расіяніна.

Абмяленне Дняпра і Бярэзіны перашкаджае суднаходству

Абмяленне Дняпра ў Магілёве, хоць і крытычнае, але да рэкорднага не дацягвае. Разам з тым, за апошні дзень глыбіня ракі стала меней на 7 сантыметраў.

Да канца тыдня спад вады ў рэках Беларусі будзе працягвацца з інтэнсіўнасцю ад 1 да 22 сантыметраў за суткі.

Паводле Рэспубліканскага цэнтру па гідраметэаралогіі, радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды на Дзвіне ў Віцебску, Нёмне ў Гродна, Дняпры ў Магілёве і Бярэзіне ў Бабруйску назіраюцца неспрыяльныя ўмовы для працы рачнога транспарту, піша інфармацыйнае агенцтва Белта.

Аб праблемах на Дняпры для суднаходства Белгідрамет яшчэ месяц таму. Тады гараджане заўважылі, што прагулачнае судна, якое курсуе па рацэ, вымушанае было скарэктаваць маршрут.

Паводле рэсурсу Allrivers  Дняпро змялеў на 32 сантыметры. За апошнія суткі на сем.

Абсалютны мінімум абмялення фіксаваўся ў 2015 годзе. Тады Дняпро «скінуў» 46 сантыметраў глыбіні.

Сапраўднае Купалле адсвяткуюць у Дрыбіне і Мсціславе – для астатніх рыхтуецца шклоўская версія

Хрысціяне праваслаўнай традыцыі адзначаюць свята Купалля ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Гэтае першапачаткова паганскае свята трывала ўвайшло ў народны каляндар. З 2010-х гадоў яно паступова ператварылася ў афіцыйнае дзейства, якое мала чым нагадвае старажытнае купалле.

У архаічныя часы яно святкавалася ў дзень летняга сонцастаяння, якое прыпадае на 23 чэрвеня. У гэты ж дзень зараз святкуюць Купалле ў заходніх рэгіёнах краіны, дзе больш распаўсюджанай застаецца каталіцкая святочная традыцыя. Праваслаўнае насельніцтва змясціла святкаванне Купалля на ліпень у сувязі з доўгім выкарыстаннем юліянскага календара.

kormanews.by

На Магілёўшчыне пачынаючы з 2010-х гадоў гэтае свята паступова ператварылася ў персанальнае мерапрыемства “Александрыя збірае сяброў” і перастала наогул прывязвацца да народнага календара. Сёлета “Купалле” ў Александрыі запланаванае на 9-10 ліпеня.

sp-ao.shortpixel.ai

Ва ўмовах татальнага падпарадкавання ўладнай вертыкалі праграме купальскага фэста пад Шкловам, рэліктавымі і тым больш каштоўнымі выглядаюць спробы захаваць традыцыю народных гулянняў у некаторых рэгіёнах вобласці.

Так, 6 ліпеня народнае свята Купалля пройдзе ў Дрыбіне і Мсціславе. У Дрыбіне яно пачнецца ў 21.00 на вуліцы Раснянскай. Чакаюцца тэатралізаваная праграма, купальскі касцёр, пошукі “папараць-кветкі” і дыскатэка.

Такая самая праграма запланаваная ў Мсціславе на пляжы “Пяты пясочак”, пачынаючы з 21.30.

Фота: horki.info

У Клімавіцкім раёне згарэла 250 тон сена, у Асіповіцкім гарэла трава

Як паведамляе Магілёўскі рэгіянальны аддзел МНС, за мінулыя суткі ў вобласці былі зарэгістраваныя два пажары.

З аграгарадка Макеевічы ў 01:57 ночы паступіў званок пра ўзгаранне навеса з сенам. Усе 250 тон сена разам з навесам згарэлі. Пацярпелых няма, прычыны пажару высвятляюцца.У Асіповіцкім раёне палала сухая расліннасць.

Фота: “Родная ніва”

 

У Бабруйску ўзяліся адрамантаваць мост. Сродкі інвеставаў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які сышоў з Беларусі

Рамонт маста праз Бярэзіну пачалі яшчэ ў канцы мінулага году. Працы трывалі да першых дзён сакавіка, а потым спыніліся на пяць месяцаў.

Тым часам, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які ў 2020 годзе выдзеліў 259 мільёнаў еўра на рамонт 12 мастоў, сярод якіх быў і бабруйскі, як пачалася вайна ва Ўкраіне згарнуў дзейнасць у Беларусі. Разам з ім сышлі і падрадчыкі, што ўзяліся рэканструяваць аб’ект.

Увесь комплекс прац вымагае амаль 90 мільёнаў рублёў. Акрамя фактычнай замены старой пераправы, узведзенай у 1957 годзе, абяцалася злучыць два бярэзінскія берагі новым мостам, піша выданне «Бобркуйский курьер».

З неабходнай на рамонт сумы з рэспубліканскага бюджэту выдзяляць 21 мільён рублёў.

Рэканструкцыю абяцаюць завяршыць у 2024 годзе.

фота: babruysk.by

У прыфрантавой Мікалаеўскай вобласці прагназуюць сабраць удвая меншы ўраджай, чым летась. У Літве за чэрвень гадавы рост кошту харчоў сягне 30%. У Латвію з 24 лютага ўехала амаль 24 тысячы грамадзян Расіі


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў.media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


7 шматпавярховых дамоў пашкоджана ракетным абстрэлам Мікалаева 5 ліпеня.

У многіх выбуховай хваляй і абломкамі выбіта больш за 200 вокнаў, у пад’ездах пашкоджаныя ўваходныя дзверы, у  кватэрах людзям давялося зрываць замкі, каб выбрацца з дому, адзначае выданне LB.ua.

21 чалавек пацярпеў 4 ліпеня ў выніку абстрэлу расійскімі войскамі Мікалаеўскай вобласці. 

Сярод іх няма дзяцей, піша выданне «Гордон».

gordonua.com


4 ліпеня ракетным абстрэлам разбураны Палац культуры. 

Абышлося без ахвяраў.

Палац культуры ў Карабельным мікрараёне гораду ўзвялі больш за паўсотню гадоў таму, паведамляе «Миколаївська правда».

static2.gazeta.ua

У Мікалаеўскай вобласці прагназуюць сабраць удвая меншы ўраджай зерневых, чым летась.

У мінулых годзе ў рэгіёне сабралі 3,9 мільёна тон збожжа, сёлета чакаецца больш за два мільёны.

«Асноўная прычына – неспрыяльныя для азімых умовы надворʼя. Збіраем ураджай нават там, дзе лётаюць снарады» – каментуе сітуацыю кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім.

Па яго словах, «галоўная праблема для фермераў – нізкая цана і рызыкі знішчэння вырашчанага», піша «Корабелов.инфо».

«Буйныя кампаніі не жадаюць тут працаваць і несці страты, – тлумачыць урадовец. – Гэта значыць, няма каму плаціць фермерам і няма куды вывозіць. Ураджай людзі збяруць, а што далей?»

5 ліпеня падчас абстрэлу Мікалаеўскай вобласці выгарэла 4,9 гектараў поля з ячменем, паведаміла выданне «Ноколаевские новости».


Улацлавек, Польшча

Дамова аб сяброўскіх адносінах падпісаная з Магілёвам 8 снежня 1995 года. Горад у Куяўска-Паморскім ваяводстве (цэнтральная Польшча). Насельніцтва – 115 тысяч чалавек.


У Куяўска-Паморскім ваяводстве на прафілактыку алкагалізму і наркаманіі, а таксама рэалізацыю праектаў падтрымкі семʼяў залежных сёлета пойдзе 680 тысяч злотых (150 962 долараў).

Сродкі з бюджэту ваяводства будуць размеркаваныя на конкурснай аснове між няўрадавымі арганізацыямі.

У рамках конкурсу «Развязанне праблемаў, звязаных з алкаголем у Куяўска-Паморскім ваяводстве», фінансаванне выдзялялася на правядзенне розных відаў прафілактычных праграмаў, адукацыйных кампаній, лячэбных заняткаў і адкрыццё спецыялізаваных клінік.

На сайце гарадской управы Улацлавека напісана, што сёлета на розныя мэты размеркавана 7 мільёнаў злотых у 20 конкурсах.


Каменскае, Украіна

Пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Паселішчы Днепрапятроўшчыны расейцы абстрэльваюць, але разбурэнняў такіх, як у прыфрантавых гарадах няма. Мясцовыя прадпрыемствы працуюць. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным.


У Каменскім махляры ад імя мэра вымагаюць у прадпрымальнікаў дапамогу нібыта ўзброеным сілам Украіны.

dndz.tv

Кіраўнік гораду Андрэй Белавусаў просіць бізнесоўцаў паведамяць пра махляроў у праваахоўныя органы. Ён заклікае прадпрымальнікаў быць асцярожнымі, бо ў Каменскім дзейнічаюць злачынцы, піша выданне «Информатор».

«У выпадку неабходнасці аказання дапамогі – даводзіць Белавусаў – я асабіста сустракаюся з кіраўнікамі прадпрыемстваў. Будзьце пільныя! Чакаем ад праваахоўных органаў аператыўнага расследавання і спынення злачынных дзеянняў».

У парку Каменскага паставілі тапіярную фігуру быка.

gorod.dp.ua

Арт-абʼект «Бык» падарыла гораду студыя «ОМИ». Аб’ёмная фігура з металакаркасу, пакрытая штучным газонам, падобная на скульптуру быка, які «ахоўвае» выезд з Дняпра ў Каменскае. Той скульптуры больш за сорак гадоў, піша рэсурс Gorod.dp.ua.


Клайпеда, Літва

8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


У Літве за чэрвень гадавы рост кошту прадуктаў харчавання сягне 30%. На столькі ж павялічыцца і кошт кошыка самых танных прадуктаў.

Паводле дадзеных «Еўрастата», у еўразоне гадавы рост на прадукты і безалкагольныя напоі склаў 8,9 працэнтаў. У параўнанні з маем прадукты падаражэлі на 1,1 працэнт.

Эксперт выдання Delfi, прадстаўнік парталу Pricer.lt Пятрас Чапкаўскас кажа, што літоўцы могуць толькі марыць аб такіх паказчыках. Паводле яго гадавога росту ў 30 працэнтаў у Літве даўно не было.

Паводле дадзеных нацыянальнага Дэпартаменту статыстыкі, у студзені гадавы рост коштаў на прадукты і безалкагольныя напоі склаў 11, 8%, у лютым – 14, 7%, а ў сакавіку 17, 1%, у красавіку гэты паказчык перавысіў 20% і склаў 21, 7%, а ў траўні – 24, 8%.


Даўгаўпілс, Латвія

Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


Па ўварванні Расіі ва Украіну ў Латвіі не назіраецца ўзмоцненага перасячэння расійскімі грамадзянамі сухапутных пагранічных пунктаў.

Паводле прэс-сакратар Дзяржаўнай пагранічнай аховы Крысціны Петэрсонэ з 24 лютага па 3 ліпеня ў Латвію ўехалі 23 923 грамадзяніны Расіі, а выехалі 26 446 грамадзян суседняй краіны.

press.lv

Пагранахова выконвае свае абавязкі на знешняй мяжы краіны ва ўзмоцненым рэжыме, у тым ліку ацэньвае рызыкі бяспекі і ажыццяўляе пагранічны кантроль усіх асоб, якія перасякаюць дзяржаўную граніцу, піша выданне Рress. 

Па словах Петэрсонэ, некаторым людзям было адмоўлена ва ўездзе ў Латвію з меркаванняў бяспекі.

галоўнае фота: niknews.mk.ua