Папараць-кветка, зёлкі, аголеныя дзявочыя ногі. Купалле у глыбінцы Магілёўшчыны

Мінулай ноччу беларусы шукалі таямнічую папараць-кветку са спадзевам, што яна прынясе ім шчасце.

Купальскі Мсціслаў

На Магілёўшчыне купалле, якое мае быць напоўненае эратызмам і таямнічасцю, адзначалі ў райцэнтрах. Ва ўмовах татальнага падпарадкавання ўладнай вертыкалі і праграме купальскага фэсту пад Шкловам, рэліктавымі і тым больш каштоўнымі выглядаюць спробы захаваць традыцыю народных гулянняў менавіта ў глыбінцы.

mstlife.by

Таму, Магілёў.media зазірнуў на купалле ў Мсціслаў. На фотаздымках, на сайце мясцовай раёнкі «Святло Кастрычніка», свята падавалася цнатлівым: традыцыйныя сцэны з выступленнямі самадзейных артыстаў, забавы для дзяцей і дарослых.

Усё выглядала б будзённа, каб не група дзяўчат, якія агаліўшы ногі, увайшлі ў раку, каб кінуць у яе купальскі вянок. Купальскага качання ў расе аголеных маладзіц камера не выхапіла. Па-за ўвагай засталася вандроўка ўдзельнікаў у лес па папараць-кветкі.

 

Асаблівасці святкавання купалля беларусамі

Першапачаткова паганскае свята трывала ўвайшло ў народны каляндар. У ноч з 6 на 7 ліпеня купалу славяць Хрысціяне праваслаўнай традыцыі.

У архаічныя часы яно святкавалася ў дзень летняга сонцастаяння, якое прыпадае на 23 чэрвеня. У гэты ж дзень цяпер адзначаюць Купалле ў заходніх рэгіёнах краіны, дзе больш распаўсюджанай застаецца каталіцкая святочная традыцыя.

Праваслаўнае насельніцтва  перанесла святкаванне на ліпень у сувязі з выкарыстаннем юліянскага календара.

На купалу палявыя зёлкі напаўняцца цудадзейнымі ўласцівасцямі.

Лічыцца, што на купалу ўсе жыццятворныя сілы зямлі набываюць найбольшую моц. Палявыя зёлкі напаўняцца цудадзейнымі ўласцівасцямі. Таму, ад раніцы, калі яшчэ не спала раса, дзяўчаты і жанчыны збіралі купальскае разнаквецце – купальскія зёлкі.

Яны захоўваліся ў доме на працягу ўсяго года як надзейны лекавы сродак і абярэг ад рознай злыбяды. Звітыя з кветак вянкі былі абрадавым галаўным уборам і сімвалізавалі дзявоцкую чысціню. На іх таксама варажылі пра будучую шлюбную долю.

фота: mstlife.by

 

Ці хапае Магілёву Янкі Купалы? Экскурс у гісторыю пытання на юбілей класіка

Сёння 140 гадавіна з дня яго народзінаў.

Янку Купалу натхніла легенда пра рамантычнага разбойніка Машэку на напісанне паэмы «Магіла Льва». Яна пабачыла свет у 1913 годзе. Такім чынам у творчасці класіка з’явіўся эпізод прысвечаны Магілёву.

 

Помнік Машэку ў выглядзе канаванай галавы

З мясцовага замчышча, якое гараджане і лічаць магілаю льва, экскурсаводы звычайна пачынаюць знаёміць гасцей з Магілёвам. На гары, якая ўзвышаецца над Дняпром, вандроўнік не знойдзе прыкметааўпадзякі Купалу за ўслаўленне гораду. Некаторыя сцвярджаюць, што тутэйшая скульптура ў выглядзе каранаванай галавы – помнік Машэку.

Штогод рупліўцы беларушчыны збіраюцца ля гэтай скульптуры, каб згадаць Янку Купалу, яго творчасці і паэму «Магіла льва». Чытаюць з яе ўрыўкі.

 

Вуліца Купалы заціснутая шматпавярхоўкамі

У Магілёве ёсць вуліца, названая ў гонар класіка беларускай літаратуры. Яна ў аддаленым кутку гораду, між завулкам Гогаля і вуліцай Кірава. Адшукаць гэтую мясціну не проста. Нават тутэйшыя жыхары не адразу падкажуць.

Вуліца Купалы – гэта заціснуты шматпавярхоўкамі прыватны сектар.На дзясятку дамоў прымацаваныя шыльды з імем літаратара. Мясцовыя жыхары кажуць, што выклікаючы хуткую дапамогу пазбягаюць згадваць, што жывуць на вуліцы Янкі Купалы, а паведамляюць пра Гогаля, ці Кірава. Так, хутчэй з медыкамі можна паразумецца, адзначаюць яны.

 

Бібліятэку назвалі імем Купалы, каб яно не згубілася

У 2016 годзе бібліятэцы імя Янкі Купалы выдзелілі новае памяшканне. З вуліцы будаўнікоў яна пераехала на праспект Дзімітрава.

«У горадзе была бібліятэка з імем Янкі Купалы. Месцілася яна ў заняпалым будынку. Яе зачынілі, і каб не згубілася імя, яго вырашылі надаць нашай бібліятэцы», – гаварылася на адкрыцці чытальні.

 

Не хапае настойлівасці

Гэтая бібліятэка на некалькі гадоў стала асяродкам адзначэння дня народзінаў Янкі Купалы. Акрамя імпрэзаў з музыкай і вершамі былі тут і дыскусіі.

«Магілёўцам не хапае настойлівасці, каб ушанаваць імя Янкі Купалы», – такая думка прагучала на першых Купалаўскіх чытаннях, якія правяла згаданая бібліятэка. Тое было ў 2017 годзе.

«Была цудоўная ініцыятыва паставіць помнік Янку Купалу, але, на жаль, ні ў Саюзу беларускіх пісьменнікаў, ні ў Саюзу пісьменнікаў Беларусі ды іншых арганізацый не хапіла настойлівасці, каб давесці справу да канца, – гаварыў адзін з удзельнікаў дыскусіі. – Трэба не проста заявіць пра жаданне, а яшчэ вызначыцца з месцам, дзе бачыцца такі помнік, як ён будзе выглядаць. Таму я лічу, што ў Магілёве не хапае настойлівасці саміх магілёўцаў у справе ўшанавання памяці Янкі Купалы».

Падчас дыскусіі заяўлялася, што Магілёў, якому Янка Купала прысвяціў паэму «Магіла льва», на пачатку ХХ стагоддзя быў самым беларускім.Адзначалася, што грамадскасці варта падумаць, што зрабіць, каб у Магілёве зʼявілася Купалава аблічча.

Прапаноўвалася тады паставіць помнік на Замчышчы. 10 гадамі раней па магілёве курсаваў тралейбус Янкі Купалы.

 

Прэм’ер-міністр Брытаніі Барыс Джонсан сышоў у адстаўку

Аб такім рашэнні ён афіцыйна заявіў на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 7 ліпеня. Пра гэта паведамляюць брытанскія мэдыі.

Палітык працягне выконваць абавязкі кіраўніка ўраду, пакуль не абяруць у кастрычніку новага.

Барыс Джонсан сыходзіць пасля таго, як яго адстаўкі запатрабавалі больш за 50 міністраў і высокапастаўленых чыноўнікаў. Урад пакінула каля паловы яго складу.

Гэта стала вынікам серыі рэзанансных скандалаў, у якіх быў замешаны прэм’ер-міністр.

Барыс Джонсан збіраецца пакінуць і пасаду старшыні кіроўнай Кансерватыўнай партыі.

Барыс Джонсан ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі актыўна падтрымліваў Ўкраіну. Выступаў за аказанне ёй ваеннай і фінансавай дапамогі. Ён двойчы быў у Кіеве і сустракаўся з прэзідэнтам Уладзімерам Зяленскім.

фота: bbci.co.uk

Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў чэрвені падраслі на 96,6 млн. долараў і часткова кампенсавалі майскае глыбокае прасяданне

У маі рэсурсаў паменела на 350 млн. долараў.

У чэрвені росту ў асноўным садзейнічала купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на біржавых таргах і  экспарцёры, якія пастаўлялі валютную выручку ў бюджэт, піша рэсурс Myfin.

myfin.by

Выдання адзначае, што поспех чэрвеня часткова кампенсаваў глыбокае травеньскае падзенне золатавалютных рэсурсаў больш чым на 350 млн. долараў.

Паводле Нацыянальнага банку на 1 ліпеня 2022 года памер золатавалютных рэсурсаў складаў 7506,2 млн долараў ЗША. 

фото: Andreas Gebert / Bloomberg

У лясгасе прэміямі працоўных сплачвалі выкрытую кантралёрамі шкоду ад махінацыяў адміністрацыі

У Бялыніцкім лясгасе падраблялі накладныя і сумысля завышалі нормы расходавання сыравіны на вытворчасць піламатэрыялаў, каб утоіць прапажу прадукцыі. Сума шкоды ацэненая ў 33 тысячы рублёў (амаль 12 тысяч долараў).

Гэтыя парушэнні выявілі кантралёры яшчэ ў сакавіку. Як вынікае з публікацыі інфармацыйнага агенцтва «Белта» адміністрацыя паабяцала сплаціць шкоду і скарысталася хітрыкамі.

Частка шкоды ў 10,5 тысяч рублёў была кампенсаваная за кошт выдачы прэміяў работнікам, якія не былі прыналежныя да выкрытых парушэнняў. Гэтыя прэміі ў іх забіралі, а далей накіроўвалі на пагашэнне шкоды.

Імя кіраўніка лясгасу не называецца. На сайце прадпрыемства пазначана, што ў ім начальствуе Аляксандр Ходас.

У 2016 годзе ў інтэрв’ю Беларускай лясной газеце на пытанне пра поспехі аднаго з падраздзяленняў лясгасу адказаў: «Галоўнае ў працы прадпрыемства – гэта атрыманне прыбытку ад вырабленай прадукцыі і скарачэнне затрат на яе вытворчасць».

фота: yandex.net

Ва Ўкраіне дэмантаваны манумент 300 годдзя ўз’яднання з Расіяй

Яго паставілі ў 1950-гадах у горадзе Пераяслаўлі, Кіеўскай вобласці. Дэмантаваць манумент пастанавіла мясцовая ўлада і грамадскасць.

scontent-frx5-1.xx.fbcdn.net

«Сёння пераяслаўцы канчаткова разбурылі савецкі міф пра вечнае сяброўства з Расіяй – сёння раніцай помнік да 300-годзьдзя Ўзʼяднання афіцыйна сыходзіць у гісторыю. Мы бяспечна дэмантавалі яго і перанясем у бяспечнае месца захоўвання», – напісаў у Фэйсбуку кіраўнік Пераяслаўскай гарадской думы Вячаслаў Савулка.

Дэмантаж манумента ў Пераяслаўлі працягнуў чараду зносу помнікаў па ўсёй Украіне, які апраўдвалі расійскую прысутнасць у краі і падкрэслівалі «дружбу» з краінамі, якія сталі для ўкраінцаў агрэсарамі.

На Чарнігаўшчыне ліквідавалі манумент «Тры сястры» у сяле Сянькоўка, прысвечаны «дружбе народаў» Украіны, Расіі і Беларусі.

У Харкаве быў знесены помнік наўгародскаму князю Аляксандру Неўскаму. 

У Карасцені Жытомірскай вобласці дэмантавалі помнік камсамольцам.

 

 

Быў час, калі пацалункі мужчыны і жанчыны лічыліся грахоўнымі, а мужчыны і мужчыны не – “дзень пацалунка” адзначылі ў Магілёве музейнай лекцыяй

Кожны чалавек за жыццё цалуецца каля двух тыдняў, а ў больш чым 60 краінах, пераважна ў Еўропе і Амерыцы, адзначаецца дзень пацалунка.

Дзень пацалунка з’явіўся ў Вялікабрытаніі больш за сто гадоў таму з ініцыятывы стаматолагаў. Адзначаюць яго 6 ліпеня.

У гэты дзень праводзяцца імпрэзы, звязаныя з філаматалогіяй – так называецца навука пра дакрананне вуснамі да кагосьці дзеля дэманстравання любові, альбо шанавання.

У Магілёве падобных дзействаў на вуліцах не назіралася. Не было бачна, каб маладыя людзі цалаваліся на публіцы, падкрэсьліваючы, што гэтым адзначаюць Дзень пацалунка. Выратавалі «пацалункавае свята» музейныя работнікі.

У музеі Бялыніцкага-Бірулі на прыкладзе жывапісных работ навуковая супрацоўніца музэю Святлана Сідарава разважала і паказвала самыя распаўсюджаныя жэсты любові, кахання, павагі. З веданнем справы яна распавяла пра «Пацалунак у выяўленчым мастацтве». Яе лекцыя называлася “ART гісторыі пацалункаў”.

З лекцыі стала вядома, што людзі не заўжды ведалі пра пацалункі. Але ўжо ў старажытнай Грэцыі на амфарах можна было пабачыць пацалункі мужчын, а публічныя пацалункі мужчыны і жанчыны лічыліся тады грахоўнымі.

Дзякуючы лекцыі магілёўцы цяпер адрозняць пацалунак кахання Мэры Касат ад рэлігійна-маральных пацалункаў Джота (“Пацалунак Юды”) або мукі творчасці ў Сезана “Пацалунак музы”, ад мацярынскага ці братэрскага пацалунка.

 

У Магілёве аднавілі «рэканструкцыю» даўгабуду. Працы ў 2017 годзе спынілі актывісты Таварыства аховы помнікаў

Рупліўцы магілёўскай даўніны ўгледзелі парушэнні ў рэканструкцыі тады яшчэ помніка архітэктуры і паскардзіліся ў пракуратуру.

Пра аднаўленне прац паведамілі Магілёў.media яго чытачы, даслаўшы фотаздымак.

Дом на вуліцы Лазарэнкі, 15 узяліся «рэстаўраваць» у 2013-ым. Чыноўнікі абяцалі, што яму вернуць гістарычнае аблічча і ён стане аб’ектам шматфункцыянальнага адміністрацыйна-гандлёвага і культурна-дзелавога прызначэння.

Абяцалася, што аднаўляльныя працы на помніку архітэктуры завершаць у найкарацейшыя тэрміны. У пашпарце аб’екту было пазначана, што «рэстаўрацыю нежылога будынку» меліся завяршыць у сакавіку 2015-га.

Пасля заяваў чыноўнікаў у справу ўмяшалася пракуратура. Туды звярнулася Таварыства аховы помнікаў. Яно давяло службоўцам, што працы з помнікам нельга лічыць рэстаўрацыйнымі.

«Дом у два і тры паверхі без фундаменту, стаіць на пяску, з драўлянымі перакрыццямі, каб быў лёгкі. А на ім дабудавалі яшчэ адзін паверх, і перакрыцці зрабілі жалезабетоннымі. То бок павялічылі нагрузку на сцены, і па іх пайшлі трэшчыны. Зразумела, уласнік не ўмацоўваў падмурак, а імкнуўся пры меншых затратах як найхутчэй здаць аб’ект у эксплуатацыю», – каментаваў сітуацыю актывіст Таварыства Ўладзімер Краўчанка.

У 2017 годзе «рэстаўрацыя» будынку спынілася. “У сувязі з прадпісаннем Міністэрства культуры”, тлумачылі ў гарвыканкаме. Арганізацыя, якая абяцала вярнуць гістарычнае аблічча помніку архітэктуры, збанкрутавала.

Урэшце і сам квартал дамоў на вуліцы Лазарэнкі, якой абяцалі вярнуць гістарычную назву Віленская, пазбавілі ахоўнага статусу. Будынкаў больш няма ў Рэспубліканскім спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Пазбаўленьне статусу тлумачылася тым, што ён палохае патэнцыйных інвестараў і яны не хочуць іх купляць.

З дому, які пакутліва пераносіць «рэстаўрацыю», быў скрадзены ганак, на якім быў пазначаны год яго ўзвядзення. Знікла і балконная агароджа.

Дамы, пазбаўленыя ахоўных шыльдаў, узведзеныя на пачатку 20 стагоддзя. Яны добра праглядаюцца з вышыні транспартнай развязкі з мостам праз Дубравенку. У 2007 годзе занядбаныя будынкі хавалі банернай сеткай ад Аляксандра Лукашэнкі, калі ён праяжджаў па новай тутэйшай гарадской магістралі.

 

Дзень у гісторыі. Памёр Леў Сапега. Нарадзіўся мастак Марк Шагал і архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Магілёў занялі войскі Карла XII

7 ліпеня 1572 года памёр Жыгімонт Аўгуст (1520-1572).

Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ, апошні з дынастыі Ягелонаў.

Знешняя палітыка Жыгімонта Аўгуста была накіравана на захаванне мірных стасункаў з суседнімі дзяржавамі.

Унутраная палітыка – на паляпшэнне становішча і павелічэнне ўплыву сярэдняй шляхты.

Праводзіў палітыку талерантнасці ў адносінах да ўсіх канфесіяў. Пацвердзіў роўнасць правоў праваслаўнага і каталіцкага баярства Вялікага Княства Літоўскага. Дазволіў дзейнасць езуітаў у Польшчы і Літве.

Зацвердзіў Статут Вялікага Княства Літоўскага.

Падтрымліваў мастакоў, архітэктараў, музыкантаў, актораў. Яго ўладарства было перыядам росквіту Рэнесансу ў Літве.

wikimedia.org


7 ліпеня 1633 года памёр Леў Сапега.

Уплывовы дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы.

Сапега падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі ў Літве, бо лічыў, што рэлігійнае адзінства спрыяе ўмацаванню дзяржавы і пазбаўляе ад унутраных канфліктаў.

Быў катэгарычным праціўнікам гвалту як сродку ўмацавання веры. Сам перайшоў з праваслаўя ў кальвінізм, а ў 1588 прыняў каталіцтва.

Ахвяраваў сваю маёмасць на ўтрыманне арміі Вялікага Княства.

Фундатар выдання трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ.

Помнікі Льву Сапегу стаяць у Лепелі і Слоніме.

wikimedia.org


7(18) ліпеня 1708 года Магілёў заняты войскамі Карла XII.

На горад накладзеныя абавязкі на ўтрыманне войска.

Кожны з 15 кварталаў горада штодня павінен быў шведам па 312 пудоў хлеба і 960 гарнцаў (3 тыс. літраў) піва.

Шведы вывезлі з гораду больш за 9 пудоў срэбра.

За 5 тыдняў валадарання знішчылі 1700 жылых дамоў.

Войскі шведаў стаялі на правым беразе Дняпро ля Буйніцкага манастыра – гэта частка называецца «Карлава Даліна».

pikabu.ru


7 ліпеня 1869 года нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869-1940).

Палітычны і грамадскі дзеяч, паэт, інжынер і архітэктар.

Збіральнік беларускага фальклору. Кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў у Мсціславе, Магілёве, Воршы, Крычаве, Свіслачы, Смальянах.

Член Беларускага нацыянальнага камітэту, галоўны архітэктар Беларускай Народнай Рэспублікі.

Нарадзіўся ў вёсцы Дубейкава пад Мсціславам.

wikimedia.org


7 ліпеня 1887 года нарадзіўся Марк Шагал (1887-1985).

Сусветна вядомы беларускі, яўрэйскі і французскі мастак.

Стваральнік Віцебскай народнай мастацкай школы, афарміцель спектакляў маскоўскага Камернага яўрэйскага тэатру.

Жыў у Парыжы, ЗША.

У Віцебску працуе мемарыяльны Дом-музей Марка Шагала, ёсць вуліца і праезд яго імя, у Іерусаліме названа плошча.

Нарадзіўся ў Лёзна, Віцебская вобласць. Магчыма яго продкі Сегалы жылі на Школішчы (Падміколлі) ў Магілёве. Існуе версія, што прадзед мастак Хаім Сегал распісаў драўляную халодную сінагогу ў Магілёве.

karavan.ua


7 ліпеня 1892 года памёр Іван (Ян) Чэрскі.

Геолаг, географ, удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага.

Даследчык Сібіры, заснавальнік байкалазнаўства, уладальнік трох Залатых медалёў Рускага геаграфічнага таварыства.

У гонар яго названы: хрыбты ва Усходняй Сібіры, у Забайкаллі, пасёлак у Якуціі, а таксама вуліцы ў гарадах Літвы, Украіны, Польшчы.

У беларускім Верхнядзвінску, і вёсцы Валынцы працуюць музей і экспазіцыі ў гонар Чэрскага. Яго імя носіць Іркуцкае таварыства беларускай культуры.

Памёр падчас экспедыцыі па Калыме.

wikimedia.org


7 ліпеня 1961 года нарадзіўся Вінцук Вячорка.

Мовазнаўца, журналіст, палітык і грамадскі дзеяч.

Адзін з стваральнікаў і кіраўнікоў моладзевых груп і арганізацый «Майстроўня», «Талака», Канфедэрацыі беларускіх маладзёжных аб’яднанняў, няўрадавай арганізацыі – Цэнтр «Супольнасць», старшыня працоўнай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі.

Быў старшынём руху і партыі БНФ.

ruski.radio.cz


У публікацыі выкарыстаныя зьвесткі з рэсурсу “Вікіпедыя” і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц


 

Расіяне пазбягаюць вяртацца на радзіму. Не баяцца дэпартацыі

У Кіраўскім раёне двое грамадзян Расіі не захацелі па сканчэнні тэрміну знаходжання выяжджаць з Беларусі.

Парушальнікаў міграцыйнага заканадаўства выявілі падчас аперацыі «Нелегал-2022». Міліцыя яе праводзіць, каб выкрыць каналы незаконнай міграцыі замежнікаў, яе арганізатараў ды асобаў, якія садзейнічаюць гэтаму.

Газета Кіраўскага райвыканкаму «Кіравец» не паведамляе пра лёс расіян. Дадае толькі, што разам з імі «Нелегал-2022» выявіў грамадзяніна Казахстану, які знаходзіўся ў Беларусі з парушэннем правілаў перасоўвання і выбару месца жыхарства.

У Беларусі за парушэнне міграцыйнага заканадаўства прадугледжаныя штраф, ці дэпартацыя.

Расіян найчасцей штрафуюць і страшаць дэпартацыяй. Дэпартуюць тых, за якімі цягнецца багатае крымінальнае мінулае. З такімі абыходзяцца без цырымоніяў.

Парушальнікі з гэтай катэгорыі спачатку зведаюць парадкі мясцовых ізалятараў часовага ўтрымання. У іх прабудуць пакуль не знойдуцца сродкі на адпраўку ў Расіі. Калі грошы ёсць, то абыйдзецца без зняволення. Развітанне з Беларуссю будзе не працяглым.

Што да грамадзяніна Казахстану, то ягоны лёс будзе залежыць ад таго, як «ляжыць карта». Супрацоўнікі міграцыйнай службы ўстановяць, што ён рабіў у Беларусі і як апынуўся ў беларускай глыбінцы. І далей вырашаць, што рабіць з парушальнікам заканадаўства.