Эстонія за тры месяцы выслала 12 грамадзян Беларусі. Семярым было адмоўлена наведваць краіну

Такія дадзеныя за тры летнія месяцы падае Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы Эстоніі.

«95 адсоткаў выпадкаў дэпартацыі – гэта калі замежнік уяўляў пагрозу грамадскаму парадку і бяспецы. Як правіла, у замежнікаў няма і/ці скончылася падстава для знаходжання ў краіне», – даводзіць прэс-сакратар ведамства Брыта Сеп.

Па яе словах, астатнія пяць працэнтаў былі высланы па іншых прычынах, як, напрыклад, адмова ў міжнароднай абароне або адмова ў прадстаўленні віду на жыхарства, піша выданне Postimees.

Акрамя беларусаў з Эстоніі высылалі і не ўпускалі на яе тэрыторыю расіян. 99 чалавек былі дэпартаваныя і 582 адмоўлена ў наведванні краіны.

Раней, краіны Балтыі дамовіліся істотна абмежаваць перасячэнне межаў грамадзянамі Расіі, у тым ліку тых, у каго ёсць шэнгенскія візы, даводзіў міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч.

Паводле яго, рашэнні будуць прыняты ўрадамі краін Балтыі згодна з працэдурамі нацыянальнага заканадаўства, і набудуць моц адначасова.

“Каб беларускіх артыстаў не выразалі з расійскага эфіру”, мара спявачкі Дарафеевай

На няправільныя паводзіны расіян паскардзілася Ірына Дарафеева на «Славянскім базары» падчас прэсавай канферэнцыі прызёраў розных гадоў конкурсу маладых выканаўцаў.

«У мяне ёсць адна мара, – казала яна, – каб беларускіх артыстаў не выразалі з расійскага эфіру. Мы ж, людзі мастацтва, заўсёды за кансалідацыю. У рамках Саюзнай дзяржавы рэалізавана мноства праектаў ва ўсіх сферах, але чамусьці культуры ўдзяляецца менш увагі. А гэта сапраўды тое, што нас аб’ядноўвае, што застанецца. Вядома, праца артыста незаўважанай не застаецца, але хочацца, каб яе ацаніла як мага больш людзей», – напісана на сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня».

Хто такая Ірына Дарафеева.

Спявачка, заслужаны артыстка Рэспублікі Беларусь (2007), дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтва, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі VI склікання.

Ірына Дарафеева – дэпутат мае падзяку ад Лукашэнкі.

Паводле прэсы ў 2007 годзе Дарафеева стала аб’ектам пільнай увагі кіраўніка дзяржавы і яго ўдзелу ў ейным лёсе.

На дзень нараджэння Лукашэнкі яна яму падарыла песню: ««Ангел мой несравненный, неземной и нереальный»». У адказ на гэта кіраўнік дзяржавы публічна павіншаваў спявачку ў дзень яе нараджэння з экрана тэлевізара.

фото: mk.ru

Расіяне пазбягаюць вяртацца на радзіму. Не баяцца дэпартацыі

У Кіраўскім раёне двое грамадзян Расіі не захацелі па сканчэнні тэрміну знаходжання выяжджаць з Беларусі.

Парушальнікаў міграцыйнага заканадаўства выявілі падчас аперацыі «Нелегал-2022». Міліцыя яе праводзіць, каб выкрыць каналы незаконнай міграцыі замежнікаў, яе арганізатараў ды асобаў, якія садзейнічаюць гэтаму.

Газета Кіраўскага райвыканкаму «Кіравец» не паведамляе пра лёс расіян. Дадае толькі, што разам з імі «Нелегал-2022» выявіў грамадзяніна Казахстану, які знаходзіўся ў Беларусі з парушэннем правілаў перасоўвання і выбару месца жыхарства.

У Беларусі за парушэнне міграцыйнага заканадаўства прадугледжаныя штраф, ці дэпартацыя.

Расіян найчасцей штрафуюць і страшаць дэпартацыяй. Дэпартуюць тых, за якімі цягнецца багатае крымінальнае мінулае. З такімі абыходзяцца без цырымоніяў.

Парушальнікі з гэтай катэгорыі спачатку зведаюць парадкі мясцовых ізалятараў часовага ўтрымання. У іх прабудуць пакуль не знойдуцца сродкі на адпраўку ў Расіі. Калі грошы ёсць, то абыйдзецца без зняволення. Развітанне з Беларуссю будзе не працяглым.

Што да грамадзяніна Казахстану, то ягоны лёс будзе залежыць ад таго, як «ляжыць карта». Супрацоўнікі міграцыйнай службы ўстановяць, што ён рабіў у Беларусі і як апынуўся ў беларускай глыбінцы. І далей вырашаць, што рабіць з парушальнікам заканадаўства.