Расіяне пазбягаюць вяртацца на радзіму. Не баяцца дэпартацыі

У Кіраўскім раёне двое грамадзян Расіі не захацелі па сканчэнні тэрміну знаходжання выяжджаць з Беларусі.

Парушальнікаў міграцыйнага заканадаўства выявілі падчас аперацыі «Нелегал-2022». Міліцыя яе праводзіць, каб выкрыць каналы незаконнай міграцыі замежнікаў, яе арганізатараў ды асобаў, якія садзейнічаюць гэтаму.

Газета Кіраўскага райвыканкаму «Кіравец» не паведамляе пра лёс расіян. Дадае толькі, што разам з імі «Нелегал-2022» выявіў грамадзяніна Казахстану, які знаходзіўся ў Беларусі з парушэннем правілаў перасоўвання і выбару месца жыхарства.

У Беларусі за парушэнне міграцыйнага заканадаўства прадугледжаныя штраф, ці дэпартацыя.

Расіян найчасцей штрафуюць і страшаць дэпартацыяй. Дэпартуюць тых, за якімі цягнецца багатае крымінальнае мінулае. З такімі абыходзяцца без цырымоніяў.

Парушальнікі з гэтай катэгорыі спачатку зведаюць парадкі мясцовых ізалятараў часовага ўтрымання. У іх прабудуць пакуль не знойдуцца сродкі на адпраўку ў Расіі. Калі грошы ёсць, то абыйдзецца без зняволення. Развітанне з Беларуссю будзе не працяглым.

Што да грамадзяніна Казахстану, то ягоны лёс будзе залежыць ад таго, як «ляжыць карта». Супрацоўнікі міграцыйнай службы ўстановяць, што ён рабіў у Беларусі і як апынуўся ў беларускай глыбінцы. І далей вырашаць, што рабіць з парушальнікам заканадаўства.