У лясгасе прэміямі працоўных сплачвалі выкрытую кантралёрамі шкоду ад махінацыяў адміністрацыі

У Бялыніцкім лясгасе падраблялі накладныя і сумысля завышалі нормы расходавання сыравіны на вытворчасць піламатэрыялаў, каб утоіць прапажу прадукцыі. Сума шкоды ацэненая ў 33 тысячы рублёў (амаль 12 тысяч долараў).

Гэтыя парушэнні выявілі кантралёры яшчэ ў сакавіку. Як вынікае з публікацыі інфармацыйнага агенцтва «Белта» адміністрацыя паабяцала сплаціць шкоду і скарысталася хітрыкамі.

Частка шкоды ў 10,5 тысяч рублёў была кампенсаваная за кошт выдачы прэміяў работнікам, якія не былі прыналежныя да выкрытых парушэнняў. Гэтыя прэміі ў іх забіралі, а далей накіроўвалі на пагашэнне шкоды.

Імя кіраўніка лясгасу не называецца. На сайце прадпрыемства пазначана, што ў ім начальствуе Аляксандр Ходас.

У 2016 годзе ў інтэрв’ю Беларускай лясной газеце на пытанне пра поспехі аднаго з падраздзяленняў лясгасу адказаў: «Галоўнае ў працы прадпрыемства – гэта атрыманне прыбытку ад вырабленай прадукцыі і скарачэнне затрат на яе вытворчасць».

фота: yandex.net