Быў час, калі пацалункі мужчыны і жанчыны лічыліся грахоўнымі, а мужчыны і мужчыны не – “дзень пацалунка” адзначылі ў Магілёве музейнай лекцыяй

Кожны чалавек за жыццё цалуецца каля двух тыдняў, а ў больш чым 60 краінах, пераважна ў Еўропе і Амерыцы, адзначаецца дзень пацалунка.

Дзень пацалунка з’явіўся ў Вялікабрытаніі больш за сто гадоў таму з ініцыятывы стаматолагаў. Адзначаюць яго 6 ліпеня.

У гэты дзень праводзяцца імпрэзы, звязаныя з філаматалогіяй – так называецца навука пра дакрананне вуснамі да кагосьці дзеля дэманстравання любові, альбо шанавання.

У Магілёве падобных дзействаў на вуліцах не назіралася. Не было бачна, каб маладыя людзі цалаваліся на публіцы, падкрэсьліваючы, што гэтым адзначаюць Дзень пацалунка. Выратавалі «пацалункавае свята» музейныя работнікі.

У музеі Бялыніцкага-Бірулі на прыкладзе жывапісных работ навуковая супрацоўніца музэю Святлана Сідарава разважала і паказвала самыя распаўсюджаныя жэсты любові, кахання, павагі. З веданнем справы яна распавяла пра «Пацалунак у выяўленчым мастацтве». Яе лекцыя называлася “ART гісторыі пацалункаў”.

З лекцыі стала вядома, што людзі не заўжды ведалі пра пацалункі. Але ўжо ў старажытнай Грэцыі на амфарах можна было пабачыць пацалункі мужчын, а публічныя пацалункі мужчыны і жанчыны лічыліся тады грахоўнымі.

Дзякуючы лекцыі магілёўцы цяпер адрозняць пацалунак кахання Мэры Касат ад рэлігійна-маральных пацалункаў Джота (“Пацалунак Юды”) або мукі творчасці ў Сезана “Пацалунак музы”, ад мацярынскага ці братэрскага пацалунка.