Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічых тых, хто зазнае яго.

______________________________________________________________________________________________________

Ганна Кандраценка

Жыхарку Магілёва прысудзілі да трох гадоў калоніі за абразу Лукашэнкі, старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму, суддзі і міліцыянтаў.

Паводле праваабаронцаў, абвінавачанне сцвярджала, што жанчына размяшчала «абразлівыя каментары ў некалькіх дэструктыўных тэлеграм-каналах» на працягу 2021 года.

Суддзя Наталля Панасенка пастанавіла спагнаць з Кандраценкі штраф у памеры 3200 рублёў.

______________________________________________________________________________________________________

Ягор Лебядок

Вайсковаму эксперту прысудзілі 15 сутак арышту за, нібыта, «непадпарадкаванне». Адміністрацыйную справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня.

Лебядка затрымалі раніцай 12 ліпеня. Пасля на праўладных каналах з’явілася «пакаяльнае» відэа з ім. Падчас вобшуку ў Лебядка забралі сістэмны блок і мабільны тэлефон.

______________________________________________________________________________________________________

Канстанцін Рудніцкі

Суддзя Кацярына Груда прызначыла палітвязню 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 3200 беларускіх рублёў. Пад вартай яго трымалі сем месяцаў.

23-гадовага былога студэнта-праграміста за «Дапамога ў незаконных дзеяннях з персанальнымі звесткамі» ды «Дапамога ў распальванні варожасці».

______________________________________________________________________________________________________

Мікалай Шарах

Асуджаны на 15 сутак за аватарку ў Фэйсбук.

паводле калегаў, старшыню Свабоднага прафсаюзу беларускага затрымалі, калі ён вяртаўся з Вярхоўнага суда, дзе разглядалася справа аб ліквідацыі гэтага прафсаюзу.

______________________________________________________________________________________________________

Анастасія Малашук і Аляксей Кедыш

Пасля чатырох месяцаў у следчым ізалятары заснавальнікаў брэнда керамікі Piuceramics асудзілі на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Іх прызналі вінаватымі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Па абвяшчэнні прысуду абодва былі вызваленыя ў зале суда.

______________________________________________________________________________________________________

Аксана Каспяровіч

На волі.

Пад крымінальны пераслед трапіла за каментар па «справе Зельцара».

Вырак вынеслі 29 чэрвеня ў Гарадзенскім абласным судзе. Настаўніцу музычнай школы з Ліды пакаралі 1 годам і 2 месяцамі агульнага рэжыму, прызнаўшы вінаватай у «распальванні варожасці». З улікам тэрміну, які Аксана ўжо правяла ў СІЗА, сядзець ёй заставалася менш за два тыдні і 8 ліпеня Аксану вызвалілі.

Два жыхары Горацкага раёна злавілі злодзея – ён паспеў абнесці вясковую краму

Аляксандр Міхайлоўскі і Аляксандр Ляўтко праходзілі міма сельскага магазіна ў роднай вёсцы Копцеўка, калі заўважылі, што адно з вокан узламанае. Пашкоджанымі былі рашотка і шклопакет. 

Неўзабаве, побач з крамай два Аляксандры пабачылі незнаёмага нецвярозага мужчыну. Пры сабе ў яго былі і скрадзеныя ў краме тавары – паведамляе  Магілёўскае абласное Упраўленне ўнутраных спраў. 

Жыхары Копцеўкі на месцы затрымалі падазроную асобу і выклікалі міліцыю. Віна затрыманага была ўстаноўленая ў ходзе далейшых следчых мерапрыемстваў, а пільныя сяльчане атрымалі падзякі і каштоўныя падарункі.

У Беларусі – новы варыянт «Амікрону» ВА.5. Беражыце сябе.

Гэту навіну паведаміў тэлеграм-канал «Официальный Минздав», спасылаючыся на намесніка міністра аховы здароўя – галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Аляксандра Тарасенкі.

«Штам «Амікрон» матуе, як мы бачым у Заходняй Еўропе, Амерыцы рост захворванняў, нягледзячы на дастатковую колькасць вакцынаваных«, – кажа ён.

Па ягоных словах, «у Беларусі ўздыму захворвання няма, краіна знаходзіцца ў міжэпідэмічным перыядзе».

«Захворванне рэгіструецца менш, чым за ўсе два з невялікім гады пандэміі. Гэта адзінкавыя выпадкі», – адзначае ўрадовец.

___________________________________________________________________________________________

Пра «Амікрон» пакуль няшмат вядома, таму праводзяцца даследаванні па ацэнцы яго перадачы, цяжкасці захворвання і рызыках паўторнага заражэння.

Папярэднія назіранні сведчаць аб тым, што «Амікрон», у адрозненне ад «Дэльты», выклікае менш цяжкае развіццё захворвання. Але для канчатковых высноў неабходна больш звестак.

Паколькі вірус інтэнсіўна распаўсюджваецца і выклікае шматлікія інфекцыі, узрастае верагоднасць яго мутацыі.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя паведамляе, што «Амікрон», верагодна, ужо ёсць у большасці краін, нават калі ён яшчэ не знойдзены.

З’яўленне новых варыянтаў, такіх як «Амікрон», нагадвае нам аб тым, што канец пандэміі COVID-19 не блізкі. Вось чаму важна, каб людзі вакцынаваліся пры першай жа магчымасці.

Падтып Амікрона BA.5 мае больш высокую хуткасць перадачы, што ў апошні час дазволіла яму пераважаць над іншымі цыркуляванымі падтыпамі, напрыклад, у Партугаліі.

Без масак. Прадстаўнікі Міністэрства абароны не падтрымалі кітайскіх калегаў у нашэнні сродкаў індывідуальнай абароны

На сустрэчы з супрацоўнікамі апарату аташэ ў пытаннях абароны пры Пасольстве Кітаю ў Беларусі беларускія вайскоўцы былі без масак. Кітайцы ж іх не здымалі нават пад час фатаграфавання. Фотазмкі апубліканыя ў тэлеграм-канале “Министерство обороны Республики Беларусь”.

Супрацоўнікі Дэпартаменту міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва сустракаліся з кітайскімі вайскоўцамі, бо ў тых скачалася дыпламатычная місія, а таксама з нагоды акрэдытацыі новага аташэ.

Дзяржаўная камісія па ахове здароўя Кітая ў сувязі з улікам рызыкаў распаўсюджвання штаму «дэльта» рэкамендавала сваім грамадзянам насіць маскі для абароны ад COVID-19 не толькі ў закрытых грамадскіх месцах, але на адкрытых пляцоўках падчас канцэртаў, спаборніцтваў, у шматлюдных парках.

Вызначаны тры групы грамадзян, якія абавязаны з асаблівай увагай падыходзіць да нашэння масак. Сярод іх вайскоўцы, якія аднесены да службоўцаў, якія часта знаходзяцца ў месцах павышанай колькасці людзей.

У Асіповічах цэх алюмініевага ліцця вырабляе «канкурэнтаздольную» прадукцыю на абсталяванні 1970 гадоў, але спадзяецца на мадэрнізацыю

Цэх падраздзяленне мясцовага заводу аўтаагрэгатаў. Алюмініевую вытворчасць пры ім запусцілі ў 1976 годзе. Нямала тутэйшага абсталявання працуе з таго часу. На той момант яно лічылася сучасным і эксклюзіўным.

«Тыя індукцыйныя печы для плаўкі металу, што былі ўстаноўлены ў сярэдзіне 70-х і маюць серыйныя нумары 001 і 002, працуюць і цяпер, – адзначае газета Асіповіцкі край. – Але гэтыя печы ўжо фізічна і маральна састарэлі, патрабуюць вялікіх намаганняў працаўнікоў цэху для іх абслугоўвання, таму ў планах прадпрыемства іх замена – адзін з прыярытэтных пунктаў».

Цэх мае патрэбу ў набыцці новай печы і аўтаматычнага комплексу для ліцця пад высокім ціскам, але няма фінансавання.

«Гэта дазволіць істотна пашырыць наменклатуру выпусканых сплаваў. Абмежаванасць у выбары гатункаў алюмініевых сплаваў можна лічыць галоўным вузкім месцам асіповіцкай металургіі», – спадзяецца на прарыў кіраўніцтва.

Паводле яго ўласная каляровая металургія «у сённяшніх геапалітычных рэаліях» – важны элемент эканамічнай бяспекі краіны і інструмент для ўмацавання пазіцый нашага машынабудавання на знешніх рынках».

Спажыўцы вырабаў цэху алюмініевага ліцця – МАЗ, БелАЗ, ды расійскія прадпрыемствы. У цэху працуе 126 чалавек.

 

Пчаляры збіраюць першы мёд, але з-за надвор’я мала надзеі на ліпавы

У Магілёўскім раёне лясгасы сабралі 0,5 тоны мёду. Для разумення, усяго за год усе лясгасы Магілёўскай вобласці летась сабралі 2,6 тоны. Гэта ў 1,75 разы больш, чым было ў 2020, але ў 2019 годзе збіралі цэлых 5,5. 

Такую статыстыку, падае газета  “Прыдняпроўская ніва”.

Гэтыя афіцыйныя лічбы даюць уяўленне пра агульны стан пчалярства на Магілёўшчыне.

Па эфектыўнасці магілёўская пчалярныя гаспадаркі лідарствуюць у Беларусі. Так, адна пчаліная сям’я ў сярэднім па Магілёўшчыне здабывала мёду больш, чым у сярэднім па краіне ў 2021 годзе, паказваючы 26,1 кілаграмы на вулей. У Клічаўскім раёне пчолы давалі рэкордныя 50 кілаграмаў на сям’ю – паведамляла “Лясная газета”. 

Што да прыватных пасек, 75 кілаграмаў збірае вопытны пчаляр Іван Клімко з Пастаўшчыны. 

Для Беларусі гэта выдатны паказчык, але рэгіёны з лепшымі прыродна-кламатычнымі ўмовамі – найперш, з даўжэйшым летам – дэманструюць удвая большую ўраджайнасць.

Сёлетняя ўраджайнасць пакуль радуе пчаляроў, хоць надвор’е пачынае трывожыць. Пастаянныя дажджы перашкаджаюць збору ліпавага мёду. 

“На ліпе працавалі толькі дзве раніцы – піша на форуме плаляроў Беларусі адзін з карыстальнікаў – потым то спёка, то дождж. Суквецці ўжо цямнеюць. Як заўсёды, з ліпавым мёдам у пралёце.”

 

Кармленне дзетак у садках даражэе на 8-10%

Пастанаўленне Савета міністраў краіны зацвердзіла новыя нормы харчавання і грашовыя нарматывы ў дашкольных установах і школах. Цяпер колькасць прыёмаў ежу не абмяжоўваецца чатырма разамі, а ўводзіцца пяціразовае харчаванне. Адначасова вырастае кошт кампенсацыі бацькамі за яго. 


  Раней Цяпер
10,5 гадзін перабывання ў дзіцячых садках для 1-3 гадовых 2,96 3,26
10,5 гадзін перабывання ў дзіцячых садках для 3-7 гадовых 3,78 4,24
12 гадзін перабывання ў дзіцячых садках для 1-3 гадовых 3,85 4,16
12 гадзін перабывання ў дзіцячых садках для 3-7 гадовых   5,14
6-8 гадзін перабывання ў школах для пачатковых класаў 2,52 2,82
6-8 гадзін перабывання ў школах для сярэдніх і старэйшых класаў 2,94 3,26

Пададзеныя кошты ў беларускіх рублях.

Змены таксама закрануць усе іншыя формы навучання – кругласутачнага перабывання, навучання ў школах Алімпійскага рэзерва і г.д.

Фота мае ілюстратыўны характар

Нарвежскі вытворца ўпакоўкі Elopak сыходзіць з Расіі і не збіраецца вяртацца

Кампанія з гэтай скандынаўскай краіны вырабляе кардонныя ўпакоўкі з двухсхільным верхам Pure-Pak.

Такая прадукцыя папулярная ў вытворцаў малака, кефіру, сокаў і вадкіх і пюрэпадобных прадуктаў, бо валодае мноствам перавагаў у параўнанні з іншымі падобнымі ўпакоўкамі.

«Пасля рашэння Elopak прыпыніць дзейнасць у Расіі ў сакавіку 2022 года кампанія правяла пільны аналіз усіх магчымых даступных варыянтаў. На гэтай аснове было дасягнутае пагадненне аб перадачы свайго расійскага бізнесу (АТ »Элапак«) мясцоваму кіраўніцтву шляхам продажу 100% сваіх акцый», – гаворыцца ў паведамленні кампаніі.

З яго вынікае, што вяртацца на расійскі рынак Elopak не збіраецца.

Сума здзелкі па перадачы бізнэсу, якую мае зацвердзіць урадавая камісія, не называецца.

Выручка кампаніі ў 2021 годзе склала 7387000000 расійскіх рублёў (125116083 долараў ЗША), а прыбытак 295800000 расійскіх рублёў (5010063 долараў ЗША па курсе на 15 ліпеня 2022 году).

 

.

 

У росце інфляцыі да 17,6 працэнтаў абвінавачаныя знешнія фактары

Рост цэн на сыравіну ды аслабленне беларускага рубля да расійскага – асноўныя прычыны, якія, як лічаць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання, прывялі да росту інфляцыі. Цяпер яна сягае 17, 6%.

«Захоўваецца ціск на спажывецкі рынак ад павелічэння сярэдніх коштаў імпарту на фоне росту сусветных коштаў, коштаў у сумежных краінах, краінах – асноўных гандлёвых партнёрах», – тлумачаць сітуацыю ведамства.

Паводле яго мяса і мясапрадукты за год, у параўнанні з леташнім чэрвенем, падаражэлі на 17 працэнтаў, хлеб і хлебабулачныя вырабы – 14,7 працэнтаў, малако і малочныя прадукты – 12,7%, мыйныя сродкі – 21,5%, электратавары – 25,7%.

Цэны на аўтамабільнае паліва за мінулыя дванаццаць месяцаў вырасла на 25%.

У снежні 2021 году, за два месяцы да ўварвання Расіі ва Ўкраіну, якое прывялося да нестабільнасці сусветнага рынку, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання тлумачыла рост коштаў на харчовыя тавары павышэннем цэн на сыравіну на знешніх рынках, што негатыўна сказалася на фармаванне рознічных цэн у краіне.

Дзень у гісторыі. Гадавіна бітвы пры Грунвальдзе. Нарадзіўся паэт Ўладзімір Дубоўка, стваральнік літараў «дж» і «дз». Адноўлены Беларускі камітэт у Варшаве

15 ліпеня 1410 года адбылася бітва пры Грунвальдзе.

Войскі Польскага Каралеўства і ВКЛ перамаглі войска Дзяржавы Тэўтонскага ордэна.

Палітычнае значэнне бітвы: спынена нямецкая экспансія на балтыйскія і ўсходнеславянскія землі.

Вялікае Княства Літоўскае атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі і ў Еўропу.

У гонар бітвы названы вуліцы ў Брэсце, Гарадку, Гродне, Полацку, Магілёве.

У гонар гадавіны бітвы ў Дудутках 23-24 ліпеня 2022 года пройдзе маштабны беларускі фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд».


15 ліпеня 1901 года нарадзіўся Уладзімір Дубоўка.

Паэт, празаік, перакладчык, крытык.

Паэт незалежніцкай арыентацыі, член кіраўніцтва літаратурнае аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Ініцыятар стварэння адмысловых літар для перадачы на пісьме ўнікальных гукаў беларускай мовы: «дж», «дз».

У 1926 годзе напісаў палітычны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…», які быў надрукаваны ананімна ў часопісе «Беларуская культура». Савецкія спецслужбы выявілі аўтара верш і ён быў выкарыстаны для абвінавачвання паэта ва ўдзеле ў неіснуючым «Саюзе вызвалення Беларусі».

Быў арыштаваны ў 1930 года. Тройчы яго судзілі з абвінаваўчым прысудам. Па рэабілітацыі з 1958 году жыў у Маскве.


15 ліпеня 1925 года адноўленая дзейнасць Беларускага камітэту ў Варшаве.

Грамадска-палітычная арганізацыя, створаная ў верасні 1919 года пад старшынствам ураджэнца Мсціслаўшчыны Лявона Дубейкаўскага для «культурна-асветнай працы і дабрачыннасці на карысць беларусаў, якія жылі ў Польшчы.

Адноўлены камітэт узначалілі Лявон Більдзюкевіч і Янка Пачопка.


15 ліпеня 1938 года ў Гомелі адкрыўся Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі.

У 1950 годзе пераехаў у Мінск.

Заслужаны калектыў Беларусь. Тэатр вядомы па гастролях гледачам у Балгарыі, Бельгіі, Германіі, Латвіі, Літве, Нідэрландах, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славеніі, Францыі, Харватыі, Чарнагорыі, Эстоніі.

 


15 ліпеня 1949 года нарадзіўся Леанід Лісоўскі.

Географ, краязнавец, байкапісец.

Выхаванец геаграфічнага факультэту Магілёўскага педагагічнага інстытуту. Дацэнт Мазырскага педагагічнага ўніверсітэту. Даследчык прыроды Палесся, яго экалагічных праблем. Аўтар больш за 250 навуковых прац. Аўтар баек для часопісу «Вожык».


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыі» і іншых адкрытых у інтэрнэце звестак