Пчаляры збіраюць першы мёд, але з-за надвор’я мала надзеі на ліпавы

У Магілёўскім раёне лясгасы сабралі 0,5 тоны мёду. Для разумення, усяго за год усе лясгасы Магілёўскай вобласці летась сабралі 2,6 тоны. Гэта ў 1,75 разы больш, чым было ў 2020, але ў 2019 годзе збіралі цэлых 5,5. 

Такую статыстыку, падае газета  “Прыдняпроўская ніва”.

Гэтыя афіцыйныя лічбы даюць уяўленне пра агульны стан пчалярства на Магілёўшчыне.

Па эфектыўнасці магілёўская пчалярныя гаспадаркі лідарствуюць у Беларусі. Так, адна пчаліная сям’я ў сярэднім па Магілёўшчыне здабывала мёду больш, чым у сярэднім па краіне ў 2021 годзе, паказваючы 26,1 кілаграмы на вулей. У Клічаўскім раёне пчолы давалі рэкордныя 50 кілаграмаў на сям’ю – паведамляла “Лясная газета”. 

Што да прыватных пасек, 75 кілаграмаў збірае вопытны пчаляр Іван Клімко з Пастаўшчыны. 

Для Беларусі гэта выдатны паказчык, але рэгіёны з лепшымі прыродна-кламатычнымі ўмовамі – найперш, з даўжэйшым летам – дэманструюць удвая большую ўраджайнасць.

Сёлетняя ўраджайнасць пакуль радуе пчаляроў, хоць надвор’е пачынае трывожыць. Пастаянныя дажджы перашкаджаюць збору ліпавага мёду. 

“На ліпе працавалі толькі дзве раніцы – піша на форуме плаляроў Беларусі адзін з карыстальнікаў – потым то спёка, то дождж. Суквецці ўжо цямнеюць. Як заўсёды, з ліпавым мёдам у пралёце.”