Як Вітаўт перахітрыў рыцараў: сакрэты самай вялікай перамогі Сярэднявечча

15 ліпеня 1410 года на палях паміж Танэнбергам і Грунвальдам вырашалася будучыня Усходняй Еўропы. Як Вітаўт здолеў перахітрыць лепшую армію таго часу і спыніць крыжовыя паходы на ўсход – разбіраемся ў нашым матэрыяле.

Сустрэча дзвюх магутных армій

15 ліпеня 1410 года на ўзгорыстым полі паміж прускімі мястэчкамі Танэнбергам і Грунвальдам сышліся дзве вялізныя арміі. Тэўтонскі ордэн на чале з вялікім магістрам Ульрыхам фон Юнгінгенам падрыхтаваўся грунтоўна: армія займала фронт 2,5 кіламетра, была падзелена на дзве лініі і мела ў сваім складзе рыцараў з Англіі, Францыі, Швейцарыі ды іншых краін.

Асаблівасці тэўтонскай тактыкі ўключалі «воўчыя ямы», замаскаваныя дзёрнам пасткі для конніцы, а таксама арбалетнікаў і бамбардзіраў у рэзерве. Усяго тэўтонцы выставілі 51 харугву – больш за 30 тысяч ваяроў.

Саюзныя харугвы і план Вітаўта

Супраць крыжакоў выступілі злучаныя сілы Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. На правым фланзе стаялі сорак харугваў Вітаўта, у тым ліку татарская кавалерыя хана Джэлал-ад-Дзіна. Ягайлава войска налічвала яшчэ 51 харугву, да якіх далучыліся чэхі і маравы.

У агульнай колькасці войска саюзнікаў складала каля 40 тысяч чалавек. Крыжакоў было прыкладна на 10 тысяч менш, але іх армія лічылася наймацнейшай у Еўропе. Гістарычныя крыніцы падаюць розныя лічбы, але бітва Грунвальдская застаецца адной з самых маштабных у Сярэднявеччы.

Хітрасць Вітаўта і ход бітвы

Фармальным кіраўніком аб’яднаных сіл лічыўся Ягайла, але непасрэдна арміяй камандаваў Вітаўт. Ён асабіста прысутнічаў на вайсковай радзе перад боем і кіраваў баямі на полі.

Пасля малітвы «Багародзіцы» першымі пайшлі ў атаку харугвы Вялікага Княства. Частка вершнікаў трапіла ў пасткі крыжакоў, але астатнія змаглі прарваць абарону. Асабліва вызначылася татарская конніца, якая выкарыстоўвала арканы для разбуральных нападаў.

Артылерыя тэўтонцаў аказалася неэфектыўнай – яна была хутка знішчаная. Тым не менш крыжакі мелі перавагу ў цяжкай кавалерыі і пасля гадзіны баёў ліцьвіны пачалі адыходзіць да абозу.

Тактычны манёўр, які вырашыў бітву

Крыжакі кінуліся ў пагоню, перакананыя ў сваёй перамозе. Але «ўцёкі» ліцвінаў былі часткай хітрага плану Вітаўта. Ён хацеў расцягнуць шэрагі ворага і вырваць іх з-пад абароны асноўных сіл.

Вынікам стаў поўны разгром тэўтонцаў. Харугвы вялікага магістра апынуліся ў «катле» і былі знішчаныя. Вялікі магістр, камтуры і амаль усё кіраўніцтва ордэна загінулі ў баі.

Грунвальдская бітва

Перамога з важкімі наступствамі

Перамога пад Грунвальдам каштавала саюзнікам вялікіх ахвяраў – палова войска Вялікага Княства загінула. Вітаўт і Ягайла маглі цалкам знішчыць ордэн, але не пайшлі на гэта, бо гэта магло ўзмацніць Польшчу.

Бітва пад Грунвальдам спыніла шматгадовую нямецкую экспансію на ўсход. Паводле Торунскага міру 1411 года крыжакі мусілі вызваліць захопленыя землі і заплаціць вялікую кампенсацыю ў 300 тысяч дукатаў.

Грунвальдская бітва назаўжды засталася ў гісторыі як сімвал еднасці і мужнасці. Яна паказала, што нават наймацнейшыя арміі можна перамагчы дзякуючы разумнай тактыцы і з’яднанасці народаў.

Дзень у гісторыі. 27 кастрычніка. Дзень памяці Вітаўта Вялікага, вынаходніка ксілафона Міхаіла Гузікава са Шклова, паўстанца Зыгмунта Чаховіча. Беларусь становіцца бяз’ядзернай тэрыторыяй

 Міжнародны дзень школьных бібліятэк (International School Library Day, 4-ы чацвер кастрычніка, з 1999 года) накіраваны на прыцягненне ўвагі грамадства да стану школьных бібліятэк, фарміравання і папаўнення іх літаратурных фондаў. 

Сёння мэта кожнай школьнай бібліятэкі – забяспечыць усім членам супольнасці ўстановы адукацыі роўны доступ да інфармацыі, а галоўнае адрозненне школьных бібліятэк ад публічных заключаецца ў тым, што яны арыентаваны галоўным чынам на вучняў і каардынуюць усе інфармацыйныя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ва ўстановах адукацыі. 

Доступ да ўсіх рэсурсаў школьных бібліятэк бясплатны. 

Гэта дазваляе вучням незалежна ад іх сацыяльна-эканамічнага статусу атрымліваць неабходныя для навучання веды.

Сусветны дзень аўдыёвізуальнай спадчыны (з 2005 года). 

Устаноўлены ў гонар дня прыняцця ў 1980 годзе Рэкамендацыі аб ахове і захаванні рухомых выяў, прыняцці мер па прызнанні важнасці і неабходнасці аўдыёвізуальнай спадчыны самабытнасці народаў.

Аўдыёвізуальныя дакументы, такія як фільмы, радыё- і тэлевізійныя праграмы, аўдыё і відэазапісы з’яўляюцца асноўнымі носьбітамі першаснай інфармацыі ХХ і ХХI стагоддзяў. 

1430 год. Ва ўзросце 80 гадоў памёр Вітаўт Вялікі. 

Вялікі князь літоўскі (1392-1430), кароль гусітаў. 

Адзін з найбольш вядомых кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, яшчэ пры жыцці празваны Вялікім.

Ахрышчаны першы раз па каталіцкаму абраду пад імем Віганд (1382), другі раз па праваслаўнаму (1384), трэці раз (1386) па каталіцкаму абраду пад імем Аляксандр.

Разам з Ягайлай разграміў нямецкіх рыцараў у Грунвальдскай бітве 1410 года. Праводзіў палітыку цэнтралізацыі дзяржавы, паступова ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы.

За ім ВКЛ дасягнула найбольшай магутнасці і памераў: ад Пскоўскай мяжы да Чорнага мора і ад Акі і Курска да Галіцыі, пры ім беларускія гарады пачалі атрымліваць Магдэбургскае права.

У гонар вялікага князя Вітаўта названа мноства аб’ектаў у Літве, Беларусі і Польшчы. Пастаўлены шматлікія помнікі.

Выявы Вітаўта змешчаны на помніках “Тысячагоддзе Расіі» у Вялікім Ноўгарадзе (1862) і “990-годдзе Брэста” (2009).

wikimedia.org

 1837 год. У нямецкім Ахене памёр ураджэнец Шклова Міхаіл Гузікаў. 

Беларускі музыка, які распрацаваў уласную мадэль ксілафона.

Удасканаліў беларускі народны інструмент брусочкі, з чаго і атрымаўся сучасны ксілафон. 

Гастраляваў з ім у Аўстрыі, Германіі, Бельгіі і Францыі, выконваючы творы Паганіні, Вебера і Гумеля, а таксама беларускія народныя мелодыі.

У 1836 годзе ў Вене выйшла кніга вядомага музыказнаўца Шлёзінгера «Міхаіл Гузікаў і яго інструмент з дрэва і саломы».

wikimedia.org

 1890 год. Нарадзіўся Віктар Шутовіч. 

Беларускі каталіцкі святар, прыхільнік беларусізацыі касцёла.

Пад час службы ў касцёле Святога Іосіфа ў Барадзенічах Браслаўскага павета быў асуджаны польскімі ўладамі за казанні на беларускай мове.

Служыў вікарыям  і прэфектам каля Беластока, у мінскім Чырвоным касцёле (1944-1945).

У 1945 годзе арыштаваны НКУС, асуджаны на 10 гадоў турмы.

У 1955 годзе атрымаў парафію (нелегальна) ў Барысаве, дзе і памёр у 1960 годзе.

Апрацаваў зборнік «Калядныя песні», выдадзены Нінай Абрамчык у Берліне.

wikimedia.org

 1907 год. Памёр Зыгмунт Чаховіч. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг., бібліяфіл.

За ўдзел у паўстанні прыгавораны да расстрэлу, які заменены 12 гадамі катаргі ў Нерчынскіх рудніках. 

У ягоным маёнтку Малыя Бясяды (цяпер Лагойскі раён) Янка Купала ўпершыню пазнаёміўся з нелегальнай літаратурай, даведаўся пра паўстанне, карыстаўся багатай бібліятэкай. 

Гэты «ідэаліст і летуценнік» паўплываў на фарміраванне светапогляду Купалы. 

Вобраз Чаховіча адлюстраваны ў п’есе У. Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц».

wikimedia.org

1911 год. Нарадзіўся Мікола Лобан. 

Беларускі пісьменнік і мовазнавец. Заслужаны работнік культуры. Кандыдат філалагічных навук.

Працаваў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя».

Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці. У 1986 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 3-х тамах.

Адзін са складальнікаў «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М. Суднікам, 1948), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), кіраваў падрыхтоўкай «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977-1984).

medvestnik.by

 1986 год. Памёр Аркадзь Мардвілка. 

Беларускі лінгвіст, перакладчык. Кандыдат філалагічных навук.

Аўтар вершаў, твораў прозы, крытычных матэрыялаў. Член «Маладняка».

Выкладаў англійскую мову ў вну Мінску, Ташкента, быў перекладчыкам англійскай тэхнічнай літаратуры ў Маскве.

Арыштаваны ДПУ ў 1933 годзе. Прыгавораны да 3 гадоў высылкі. З 1935 года і да смерці жыў у Ташкенце.

Падрыхтаваў працы па методыцы выкладання англійскай мовы і рускай фразеалогіі. Перакладаў на рускую мову з англійскай і узбекскай.

1989 год. Беларусь зрабіла першы крок каб стаць бяз’ядзернай тэрыторыяй. 

На вайсковай базе пад в. Станькава Дзяржынскага раёна, паводле савецка-амерыканскага дагавору пра ліквідацыю ракет сярэдняй і малой дальнасці, знішчана апошняя ракета ОТР-23 (SS-23). 

Станькава ўзгадваецца з 1407 года. Належыла Радзівілам, Чапскім. Тут размешчаны сядзібна-паркавы комплекс Чапскіх, Царква Святога Мікалая, магіла піянера-героя Марата Казея.

stankovo.by

1990 год. У польскай Гайнаўцы ў новым будынку адкрыўся Беларускі этнаграфічны музей Таварыства «Музей і асяродак белару́скай культуры ў Га́йнаўцы»

Таварыства зарэгістравана 20 чэрвеня 1984 года. Мэта Таварыства – захаванне культурнай спадчыны беларусаў Польшчы. Аб’ядноўвае каля 100 сяброў.

Будаўніцтва будынку пад асяродак і музей вялося 20 гадоў. Удзел у ім бралі польскія прадпрымальнікі, установы і простыя жыхары, беларусы замежжа.

2011 год. Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь выпусціў у абарачэнне памятныя манеты “Максім Багдановіч – 120 гадоў”: срэбную наміналам 10 рублёў і медна-нікелевую ў 1 рубель. 

Наклад па 2000 адзінак. Манеты адчаканены Манетным дворы Польшчы.

На аверсе маецца арнамент, які выкарыстаны пры афармленні зборніка вершаў “Вянок”, на рэверсе – рэльефная выява партрэта Максіма Багдановіча, надпісы: “Максім Багдановіч”, “1891–1917”, арнаментальны матыў з васількоў.

nlb.by

Дзень у гісторыі. Гадавіна бітвы пры Грунвальдзе. Нарадзіўся паэт Ўладзімір Дубоўка, стваральнік літараў «дж» і «дз». Адноўлены Беларускі камітэт у Варшаве

15 ліпеня 1410 года адбылася бітва пры Грунвальдзе.

Войскі Польскага Каралеўства і ВКЛ перамаглі войска Дзяржавы Тэўтонскага ордэна.

Палітычнае значэнне бітвы: спынена нямецкая экспансія на балтыйскія і ўсходнеславянскія землі.

Вялікае Княства Літоўскае атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі і ў Еўропу.

У гонар бітвы названы вуліцы ў Брэсце, Гарадку, Гродне, Полацку, Магілёве.

У гонар гадавіны бітвы ў Дудутках 23-24 ліпеня 2022 года пройдзе маштабны беларускі фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд».


15 ліпеня 1901 года нарадзіўся Уладзімір Дубоўка.

Паэт, празаік, перакладчык, крытык.

Паэт незалежніцкай арыентацыі, член кіраўніцтва літаратурнае аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Ініцыятар стварэння адмысловых літар для перадачы на пісьме ўнікальных гукаў беларускай мовы: «дж», «дз».

У 1926 годзе напісаў палітычны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…», які быў надрукаваны ананімна ў часопісе «Беларуская культура». Савецкія спецслужбы выявілі аўтара верш і ён быў выкарыстаны для абвінавачвання паэта ва ўдзеле ў неіснуючым «Саюзе вызвалення Беларусі».

Быў арыштаваны ў 1930 года. Тройчы яго судзілі з абвінаваўчым прысудам. Па рэабілітацыі з 1958 году жыў у Маскве.


15 ліпеня 1925 года адноўленая дзейнасць Беларускага камітэту ў Варшаве.

Грамадска-палітычная арганізацыя, створаная ў верасні 1919 года пад старшынствам ураджэнца Мсціслаўшчыны Лявона Дубейкаўскага для «культурна-асветнай працы і дабрачыннасці на карысць беларусаў, якія жылі ў Польшчы.

Адноўлены камітэт узначалілі Лявон Більдзюкевіч і Янка Пачопка.


15 ліпеня 1938 года ў Гомелі адкрыўся Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі.

У 1950 годзе пераехаў у Мінск.

Заслужаны калектыў Беларусь. Тэатр вядомы па гастролях гледачам у Балгарыі, Бельгіі, Германіі, Латвіі, Літве, Нідэрландах, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славеніі, Францыі, Харватыі, Чарнагорыі, Эстоніі.

 


15 ліпеня 1949 года нарадзіўся Леанід Лісоўскі.

Географ, краязнавец, байкапісец.

Выхаванец геаграфічнага факультэту Магілёўскага педагагічнага інстытуту. Дацэнт Мазырскага педагагічнага ўніверсітэту. Даследчык прыроды Палесся, яго экалагічных праблем. Аўтар больш за 250 навуковых прац. Аўтар баек для часопісу «Вожык».


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыі» і іншых адкрытых у інтэрнэце звестак