Страх, гнеў, светлая будучыня. Шчымлівая фотасесія нявесты ўкраінкі ў разбураным ракетай доме дзяцінства

Фатограф з Вінніцы Аляксандр Дзем’яніў апублікаваў на сваіх старонках у сацыяльных сетках серыю фотаздымкаў з дзяўчынай у вясельным строі ў разбураным расійскай ракетай доме.

«За дзень да вяселля дом яе дзяцінства застаўся толькі ва ўспамінах, а ў яе вачах чыталіся змешаныя пачуцці страха, гневу і светлай будучыні», – суправаджае фота допіс да іх.

У адным з каментароў адзначана: «Фота вельмі шчымлівыя, дзякую Саша, табе ўдалося перадаць і прыгажосць і саму атмасферу».

 

Праблемы з высокатэхналагічным абсталяваннем, намеснік прэм’ер-міністра пра сітуацыю ў медыцыне

Паводле Ігара Петрышэнкі «санкцыйны ціск» сказывацца на пастаўцы высокатэхналагічнага абсталявання па тэрмінах і лагістыцы.

Па ягоных словах уся сістэма аховы здароўя скіраваная на захаванне ўстойлівасці ва ўмовах санкцыйнага ціску, перадае тэлеграм-канал “Официальный Минздрав”.

Урадовец кажа, што абсталяванне, тым не менш, падтрымліваецца ў належным стане. Калі нешта ламаецца, то прымаюцца меры, каб замяніць псаваную дэталь.

«Пацыент, які мае патрэбу ў тым, ці іншым даследаванні не павінен гэтага адчуць», – адзначае ён.

Запэўніванні Ігара Петрышэнкі практыкуючыя медыкі лічаць спробаю прыхарошыць рэальны стан у медыцыны. Паводле іх неабходныя дэталі да абсталявання паволі замяняцца таннымі аналагамі, а тэрміны рамонту павялічацца.

«Мы ўжо маем праблемы з расходнікамі, у вырабах медычнага прызначэння, у рэактывах. Кіраўнікоў тых структурных падраздзяленняў, дзе выявілі перарасходаванне матэрыялаў, караюць», – каментуе сітуацыю адзін з медыкаў.

Лічба дня. За выхадныя ДАІ на Магілёўшчыне злавіла пад тысячу парушальнікаў

23 затрыманых былі п’янымі за рулём, 37 – бяспраўнікамі.

Усяго за суботу і нядзелю да адміністратыўнай адказнасці прыцягнулі 934 чалавекі, піша БелТА.

Сярод іх 113 пешаходаў, 37 з якіх былі ў стане алкагольнага апʼянення.

 

«Улічваючы непрадказальную будучыню» кампанія H&M Group згортвае бізнес у Расіі

Шведская кампанія з найбуйнейшай у Еўропе сеткай раздробнага гандлю адзежы прыпыніла дзейнасць у Расіі 2 сакавіка 2022 году, неўзабаве пасля пачатку вайны ва Ўкраіне. Тады такі крок называўся часовым.

Цяпер жа на сайце кампаніі адзначана, што яна «вырашыла пачаць працэс згортвання бізнесу», «улічваючы бягучыя аперацыйныя праблемы і непрадказальную будучыню».

«Пасля ўважлівага аналізу мы лічым немагчымым з улікам бягучай сітуацыі працягваць наш бізнес у Расіі. Мы глыбока засмучаныя тым, што гэта паўплывае на нашых калег, і вельмі ўдзячныя за ўсю іх цяжкую працу і самаадданасць. Акрамя таго, мы хочам падзякаваць нашым кліентам за іх падтрымку на працягу многіх гадоў», – паведаміла генеральны дырэктар H&M Group Хелена Хельмерсан.

У рамках працэсу згортвання плануецца часова аднавіць працу крамаў на абмежаваны перыяд часу для продажу запасаў прадукцыі ў Расіі.

Расія для H&M Group – 6 па велічыні рынкам. Яе крамы з’явіліся тут у 2009 годзе. Усяго іх было 170. Сыход з расійскага рынку абыдзецца кампаніі ў 190 мільёнаў долараў стратаў.

фота: yandex.net

У Магілёве ўзводзяць мікрараён з дамамі на электрычным абагрэве. Спажываць энергію яны будуць з беларускай АЭС

Перавод новых дамоў на электрычны абагрэў – новы трэнд у праектаванні і будаўніцтве. Ён выкліканы неабходнасцю спажывання электраэнергіі з Беларускай атамнай электрастанцыі. Паколькі еўрапейскія краіны адмаўляюцца імпартаваць электрычнасць з яе, то выйсце чыноўнікі бачаць ва ўнутраным спажыванні.

У Магілёве абяцаюць, што ўсе дамы ў пяці мікрараёнах комплексу «Міжгор’е» будуць поўнасцю электрыфікаваны, а парковачныя месцы абсталяваныя электрычнымі зараднымі станцыямі.

Будаўніцтва «Міжгор’е» было запланавана некалькі дзесяцігоддзяў таму, а ў 2010-м быў распрацаваны праект. Ажыццяўленню задуманага перашкаджала ўзніклая праблема адводу зямлі сельскагаспадарчага прызначэння пад гарадскія патрэбы.

Калі з’явілася АЭС вырашылі дамы цалкам перавесці на электрычны абагрэў. Праект давялося прыводзіць у адпаведнасць і з улікам новых дзейных нарматываў па азеляненні, патрабаванняў адносна ўпарадкавання паркоўкі і транспартных развязак.

Вестуном пачатку будаўніцтва стаў выстаўлены на пляцоўцы вежавы кран і выкопванне катлавана.

Арыенціровачна ўзвядзенне першых дамоў расцягнецца на 5 гадоў. Увесь комплекс прац ахопіць цэлае дзесяцігоддзе.

На першай лініі забудовы ўзвядуць дамы спраектаваныя паводле індывідуальных праектах у 20-22 паверхі.

Насельніцтва «Міжгор’я» складзе 29,5 тысяч чалавек. Тут пабудуюць 13 тысяч кватэр. Узвядуць некалькі школ і дзіцячых садкоў.

У дакументацыі фігуруе працоўная назва «Саломенка-2». Але сам раён будзе мець даўнішнюю назву тутэйшай мясцовасці – Міжгор’е. Некалі існавала тут такое паселішча.

 

Мікалаеў расіяне атакуюць снарадамі ўзмоцненага разбуральнага ўздзеяння. На мяжы з Латвіяй сотні грузавікоў імкнуцца трапіць у Калінінградскую вобласць. У Літве эканамісты заклікаюць насельніцтва быць ашчаднымі

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў. media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


18 ліпеня, блізу трох гадзінаў ночы, горад зазнаў масіраваны ракетны абстрэл. 

Паводле кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма ракеты пацэлілі ў аўтасалон і салон па продажы сельгастэхнікі.

Паводле папярэдніх дадзеных ахвяраў сярод насельніцтва няма. Пра пашкоджанні сітуацыя ўдакладняецца.

Па Мікалаеву расійскія войскі страляюць снарадамі ўзмоцненага разбуральнага ўздзеяння.

17 ліпеня такімі снарадамі абстраляны некалькі мікрараёнаў гораду, паведаміла аператыўнае камандаванне «Поўдзень».

«Менавіта таму некалькі раёнаў Мікалаева маюць вялікія руйнаванні, – распавяла адзначаюць там.

korabelov.info

У выніку масіраванага абстрэлу ў той дзень былі пашкоджаныя аб’екты прамысловасці і гарадской інфраструктуры.

Днём раней ад абстрэлаў Мікалаеўскай вобласці паранена 37 чалавек. Дзяцей сярод іх няма.

Паводле старшыні абласнога савету Ганны Замазееву ў больніцах рэгіёну перабываюць 334 пацярпелых ад нападаў расійскіх войск.


Клайпеда, Літва

8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


У Літве фінансавыя эксперты раяць мясцоваму насельніцтву задумацца аб ашчадным расходаванні сродкаў, бо ў краіне фіксуецца высокая інфляцыя і можа надысці момант, калі не будзе працы. 

На погляд адмыслоўцаў, землякі цяпер радуюцца лету, водпуску і аб эканоміі не задумваюцца.

Паводле экспертаў выдання Delfi такое «марнатраўства» не з’яўляецца феноменам, бо такое назіраецца паўсюль – людзі засумавалі па адпачынку, паездкам.

Разам з тым, адзначаюць яны, літоўцы адчуваюць інфляцыю. Пакупкі мэблі, бытавой тэхнікі больш чым на 15%. Гэта значыць, што людзі больш асцярожна ацэньваюць свае магчымасці«,

“Трэба прызнаць, што інфляцыя ў 20% – сярэдняя. Для многіх людзей, асабліва з невялікімі даходамі, яна вышэйшая, а рост заробкаў нераўнамерны, у розных сферах ён адрозніваецца. Значыць, у многіх даходы рэальна скараціліся не на 4-5%, а больш”, – кажа адна з экспертак.

На «Славянскім базары» у Віцебску пабывала літоўская спявачка Бірутэ Петрыкітэ. Ейнае наведванне ўлюблёнага, як піша мясцовая прэса, фестывалю Лукашэнкі, называюць нечаканым. Бірутэ Петрыкітэ была суддзёй дзіцячага конкурсу і ўручала ўзнагароды.

g1.dcdn.lt

Адказваючы на пытанне, чаму паехала, нягледзячы на вайну ва Ўкраіне, артыстка адзначыла, што ёй падабаецца фестываль, а Беларусь – радзіма яе мужа.

«Што мне рабіць? Развадзіцца з мужам? Ці ёсць такі закон», – падае тлумачэнне спявачкі выданне Delfi.lt.

Петрыкітэ да вайны ставіцца адмоўна, але лічыць, што музыка з вайной не звязана.


Даўгаўпілс, Латвія

Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


На латвійска-беларускай мяжы сабралася 350 грузавікоў, якія спрабуюць транзітам трапіць у Калінінградскую вобласць Расіі.

Нягледзячы на ​​тое, што пераходны перыяд для большасці санкцыйных тавараў скончыўся і перавозчыкі павінны ведаць пра тое, але ўсё роўна спрабуюць у Расію перавозіць забароненыя тавары, піша выданьне Press.

press.lv/slir

«Мы вельмі спадзяваліся, што са сканчэннем 10 ліпеня пераходнага перыяду, у які асобныя катэгорыі тавараў яшчэ можна было ўвозіць, чэргі скароцяцца, але нашы чаканні не спраўдзіліся. Штодня пры кантролі грузаў у абодвух напрамках высвятляецца, што 14-15 аўтамабіляў спрабуюць абысці санкцыі», – даводзіць супрацоўніца аднаго з мытных пастоў.

На латвійска-расійскай мяжы чэргі яшчэ большыя. Трапіць у Калінінградскую вобласць намагаюцца 400 грузавікоў. Яны могуць прастаяць, чакаючы праверкі, тыдзень.

Ад 10 ліпеня, па заканчэнні пераходнага перыяду, запрацаваў пяты пакет санкцыяў Еўрапейскага саюзу супраць Расіі. Забараняецца перавозіць цэмент, спірт, дрэва, шкло, алюміній, вырабы з паперы, гіпс, суднавыя дэталі і іншыя тавары расійскага паходжання.


Мэр Даўгаўпілсу Андрэй Элксніньш, які трапіў у скандал па наведванні імпрэзы да Дня незалежнасці Беларусі, настойвае, што ён гэтым не парушаў Канстытуцыі, законаў і пастановаў Кабінету міністраў.


Паводле яго інфармацыю аб мерапрыемстве, арганізаваным генеральным консульствам Беларусі ў Даўгаўпілсе, мела Міністэрства замежных спраў, Служба дзяржаўнай бяспекі, але самакіраванне не атрымлівала ад гэтых устаноў прадпісанняў або рэкамендацый чыноўнікам устрымацца ад удзелу ў ім.

static.lsm.lv

Элксніньш падкрэслівае, што Даўгаўпілс – шматнацыянальны горад, а беларусы адна з самых шматлікіх этнічных груп у ім, піша партал «LSM.lv».

Таму, указвае чыноўнік, ён, як старшыня думы, прысутнічаў на мерапрыемстве консульства дзеля забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў жыхароў самакіравання.

Акрамя таго, ім было пастаўленае пытанне перад супрацоўнікамі консульства аб меркавана неабгрунтаваным ўтрыманні грамадзяніна Латвіі ў псіхіятрычнай лякарні ў Беларусі, пра што пісала прэса ў чэрвені.

У Службе дзяржбяспекі Латвіі лічаць, што ў існай геапалітычнай сітуацыі ўдзел службовых асоб самакіравання ў мерапрыемствах, якія праводзяцца агрэсарам – Расіяй, а таксама яе саюзнікам Беларуссю не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі.


Сынжэрэй, Молдова

Горад пабрацім Асіповічаў. Месціцца за 25 кіламетраў ад гораду Бельцы. Насельніцтва 15 тысяч чалавек.


У Малдове пасля двухтыднёвага перапынку зламыснікі зноў пачалі рассылаць паведамленні аб, нібыта, закладзеных выбуховых прыстасаваннях у дзяржаўных установах.

17 ліпеня невядомы пагражаў узарваць Парламент, Міжнародны аэрапорт, а таксама Цэнтральны рынак. Свае паведамленні ён адправіў на электронныя пошты ўстановам, паведамляе інтэрнэт-выданне «СБ».

esp.md

Аўтар сцвярджаў, што ён з арганізацыі »Dirlewanger Legion« і расчараваны тым, што ў малдаван не хапае смеласці атакаваць прыднястроўскі рэгіён.

Па ягоных словах ён заклаў 30 выбухованебяспечных прадметаў, якія ўзарвуцца, калі яму не перададуць 10 біткоінаў.

Праваахоўныя органы высветлілі, што паведамленні былі ілжывымі.

На пачатку ліпеня цягам двух дзён было атрымана больш за 50 паведамленняў аб пагрозах выбухаў у адміністрацыйных будынках і публічных месцах.

Міністр унутраных спраў Ана Рэвенка заявіла, што мэта папярэджанняў аб бомбах – стварэнне панікі ў грамадстве з улікам вайны ў суседняй Украіне.

Колькі студэнтаў з’явіцца ў Магілёве? ВНУ сталі прымаць дакументы

Вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны разлічваюць прыняць сёлета блізу 53 тысяч абітурыентаў. Магілёўскія — каля 3 600 студэнтаў, як на дзённую, так і завочную формы навучання.

Самы буйны прыём запланаваны ў «Беларуска-Расійскі універсітэт» – 1370 чалавек, 935 з якіх – дзённікі.

Другі радок па колькасці чаканых студэнтаў займае Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова – 912 чалавек, 555 з іх на дзённае навучанне.

550 студэнтаў чакае Інстытут Міністэрства ўнутраных спраў. Універсітэт харчавання разлічвае прыняць 445 чалавек, 100 з якіх – завочнікі.

У магілёўскім філіяле «БІП – Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогіяў» плануецца прыём 40 студэнтаў.

Залічэнне на бюджэтную форму навучання павінна завяршыцца да 4 жніўня, пасля чаго будзе этап дадатковага набору на бюджэт з 5 па 7 жніўня. Прыём дакументаў на платную форму навучання таксама стартуе 18 ліпеня і працягнецца да 10 жніўня.

 

Праз санкцыі эканоміка Магілёўскага раёну «прасела». Гаспадарка трымаецца на двух замежных прадпрыемствах, адно больш не працуе

Многія вытворчасці з-за санкцыйнай палітыкі знізілі аб’ёмы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году, прызнаюць у Магілёўскім райвыканкаме. Мясцовая эканоміка трымаецца на двух прыватных прадпрыемствах з замежным капіталам. Адно з іх 1 чэрвеня прыпыніла дзейнасць у Беларусі.

Гаворка пра вынікі працы прамысловага комплексу першых шасці месяцаў гэтага году. За гэты час у раёне выраблена прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах на 503,8 мільёнаў рублёў.

Паводле намесніцы старшыні райвыканкаму Ірына Чындо доля двух прадпрыемстваў з замежным капіталам, у аб’ёме прамысловай вытворчасці арганізацыяў раёну сягае амаль 55 працэнтаў.

Доля сумеснага беларуска-аўстрыйскага прадпрыемства «Кранаспан» – 30,7 працэнтаў. Беларуска-літоўскае «ВМГ Індустры» дае раёну 23,3 працэнты. Гэтае прадпрыемства з 1 чэрвеня прыпыніла сваю дзейнасць у Беларусі. У Магілёве спынены дрэваапрацоўчы завод кампаніі.

Наколькі «прасела» эканоміка раёну ў параўнанні з аналягічным пэрыядам мінулым годам Ірына Чындо не паведаміла. Адзначыўшы, што ёсць таварныя пазіцыі, дзе назіраецца стабільны рост.

Паводле яе павялічыўся выраб зборных будаўнічых металаканструкцыяў, дзвярэй, а таксама мяса птушкі. Гэтая прадукцыя вырабляецца таксама на прыватных прадпрыемствах.

Інфармацыйнае агенцтва Белта, спасылаючыся на Ірыну Чындо, канстатуе: «многія вытворчасці праз з-за санкцыйнай палітыкі знізілі аб’ёмы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году».

Адшукаць звесткі пра сітуацыю ў эканоміцы раёну першых шасьці месяцаў мінулага году не ўдалося. У адкрытых крыніцаў падаюцца дадзеныя за 9 месяцаў. Паводле іх за гэты час аб’ём вырабленай прамысловай прадукцыі ў фактычных адпускных цэнах перавышаў адзін мільярд рублёў – 1 011,2.

Фотафакт. Магілёўскія пенсіянеры на танцах

Шмат год у скверы 40-гадзьдзя Перамогі збіраюцца пенсіянеры на танцы пад жывую музыку. Арганізуе вячоркі Гарадскі дом культуры.

Да тутэйшага фантану, згадаць маладосць і засведчыць, што жыццё на пенсіі не сканчаецца, прыходзіць немалая грамада пасівелых, але актыўных людзей паважнага веку.

Танцавальныя вечары ля фантана настолькі папулярныя, што наведваць іх не толькі жыхары прылеглых да цэнтральнай часткі гораду раёнаў, але, нават прыязджаюць з ускрайкаў. Сумна тут не бывае.

Гарадскія вячоркі для гараджанаў ладзяць у нядзелі, ажно да кастрычніка.

Гомель у навальніцу. Рух у горадзе паралізаваны, дарогі ператварыліся ў бурлівыя патокі.

Непагадзь да Магілёўшчыны не дабралася. Увесь патэнцыял расходавала на Гомель.

Суседні з Магілёвам абласны цэнтр перажыў небывалую залеву. Фотаздымкі з затопленымі вуліцамі і машынамі ператворанымі ў чаўны запаланілі сацыяльныя сеткі.

За няпоўную гадзіну на горад вылілася практычна месячная норма ападкаў.

Дождж з градам абрынуўся на Гомель апоўдні. Залева суправаджаецца грымотамі. Рух у горадзе быў паралізаваны, дарогі сталі бурлівымі патокамі. Людзей з затопленых аўтобусаў і вуліц ратавальнікі вывозілі на гумавых чаўнах.

«Рэйсавы аўтобус, які накіроўваўся з Зяброўкі, апынуўся наўпрост пасярэдзіне ўтворанага возера», – апісвалі сітуацыю на гарадзкіх вуліцаў відавочцы.

«Узровень вады амаль па грудзі ратавальнікам. І чалавек з нізкім ростам практычна па шыю можа апынуцца ў вадзе», – каментаваў убачанае гараджанін у сацыяльных сетках.

Самымі небяспечнымі для аўтамабілістаў аказаліся ўчасткі дарог на праспекце Леніна, вуліцах Інтэрнацыянальнай, Жаркоўскага, Бочкіна, Багдана Хмяльніцкага, Барыкіна, Палескай, піша   выданне «Белка».

З 11-38 да 12-29 у Гомелі, паводле звестак метэаролагаў, выпала 7,6 мм ападкаў. Сярэднемесячная норма складае 9,1 мм.