“Kronospan” сышоў з Беларусі. Ён даваў 30% вытворчасці Магілёўскага раёна

З Беларусі сышоў адзін з буйнейшых інвестараў у эканоміку краіны. Агульны аб’ём інвестыцый прадпрыемства “Kronospan” ў яе ацэньваецца ў мільярд даляраў.

Пра ціхі сыход сумеснага аўстра-беларускага прадпрыемства “Kronospan” паведаміла выданне Office Life. Паводле інфармацыі рэсурса, яшчэ ў пачатку восені кампанія пазбавілася ад сваіх беларускіх актываў. Усе прадпрыемствы “Kronospan” былі прададзеныя эмірацкаму фонду Causa Foundation. 

Юрыдычныя асобы, якім належалі заводы “Kronospan” у Беларусі, правялі рэбрэндынг. Прадпрыемствамі ў Смаргоні цяпер кіруюць кампаніі “Ультрадэкор”, “Ультрадэкор Прапертыз” і “Ультрадэкор НТ”, у Віцебску – “Ультрабілд”, пад Магілёвам – “Ультрабілд Стыл” і “УльтраПлай ОСБ”. Перайменаваны і іншыя мясцовыя юрыдычныя асобы.

У 2022 годзе mogilev.media паведамлялі, што з-за санкцый эканоміка Магілёўшчына “прасела”. Гаспадарка трымалася па сутнасці на двух замежных прадпрыемствах – аўстра-беларускім прадпрыемстве “Kronospan” і літоўска-беларускім “ВМГ Індастры”. Сумарна гэтыя дзве кампаніі забяспечвалі 55% прамысловай вытворчасці ў Магілёўскім раёне. Вытворчасць “Kronospana” складала пры гэтым 30,7%, “ВМГ Індастры” – 23,3%. Апошняя кампанія 1 чэрвеня 2022 года прыпыніла сваю дзейнасць у Беларусі.

Фота: mogilev.media

Магілёўскія “Кронаспан” і “Омск Карбон” трапілі пад санкцыі Украіны

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб прымяненні санкцый у дачыненні да 185 кампаній і фізічных асоб. У спіс арганізацый, супраць каго ўведзены санкцыі, увайшлі сярод іншых магілёўскія прадпрыемствы “Кронаспан” і “Омск Карбон Магілёў”.

У сваім відэазвароце Зяленскі заявіў: “Гаворка ідзе аб 185 кампаніях і асобах. Іх актывы ва Украіне блакуюцца, маёмасць будзе выкарыстана для нашай абароны. І мы будзем працаваць над тым, каб аналагічная блакіроўка была прыменена і іншымі краінамі”.

Фота з адкрытых крыніц.

Праз санкцыі эканоміка Магілёўскага раёну «прасела». Гаспадарка трымаецца на двух замежных прадпрыемствах, адно больш не працуе

Многія вытворчасці з-за санкцыйнай палітыкі знізілі аб’ёмы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году, прызнаюць у Магілёўскім райвыканкаме. Мясцовая эканоміка трымаецца на двух прыватных прадпрыемствах з замежным капіталам. Адно з іх 1 чэрвеня прыпыніла дзейнасць у Беларусі.

Гаворка пра вынікі працы прамысловага комплексу першых шасці месяцаў гэтага году. За гэты час у раёне выраблена прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах на 503,8 мільёнаў рублёў.

Паводле намесніцы старшыні райвыканкаму Ірына Чындо доля двух прадпрыемстваў з замежным капіталам, у аб’ёме прамысловай вытворчасці арганізацыяў раёну сягае амаль 55 працэнтаў.

Доля сумеснага беларуска-аўстрыйскага прадпрыемства «Кранаспан» – 30,7 працэнтаў. Беларуска-літоўскае «ВМГ Індустры» дае раёну 23,3 працэнты. Гэтае прадпрыемства з 1 чэрвеня прыпыніла сваю дзейнасць у Беларусі. У Магілёве спынены дрэваапрацоўчы завод кампаніі.

Наколькі «прасела» эканоміка раёну ў параўнанні з аналягічным пэрыядам мінулым годам Ірына Чындо не паведаміла. Адзначыўшы, што ёсць таварныя пазіцыі, дзе назіраецца стабільны рост.

Паводле яе павялічыўся выраб зборных будаўнічых металаканструкцыяў, дзвярэй, а таксама мяса птушкі. Гэтая прадукцыя вырабляецца таксама на прыватных прадпрыемствах.

Інфармацыйнае агенцтва Белта, спасылаючыся на Ірыну Чындо, канстатуе: «многія вытворчасці праз з-за санкцыйнай палітыкі знізілі аб’ёмы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году».

Адшукаць звесткі пра сітуацыю ў эканоміцы раёну першых шасьці месяцаў мінулага году не ўдалося. У адкрытых крыніцаў падаюцца дадзеныя за 9 месяцаў. Паводле іх за гэты час аб’ём вырабленай прамысловай прадукцыі ў фактычных адпускных цэнах перавышаў адзін мільярд рублёў – 1 011,2.