Гомель у навальніцу. Рух у горадзе паралізаваны, дарогі ператварыліся ў бурлівыя патокі.

Непагадзь да Магілёўшчыны не дабралася. Увесь патэнцыял расходавала на Гомель.

Суседні з Магілёвам абласны цэнтр перажыў небывалую залеву. Фотаздымкі з затопленымі вуліцамі і машынамі ператворанымі ў чаўны запаланілі сацыяльныя сеткі.

За няпоўную гадзіну на горад вылілася практычна месячная норма ападкаў.

Дождж з градам абрынуўся на Гомель апоўдні. Залева суправаджаецца грымотамі. Рух у горадзе быў паралізаваны, дарогі сталі бурлівымі патокамі. Людзей з затопленых аўтобусаў і вуліц ратавальнікі вывозілі на гумавых чаўнах.

«Рэйсавы аўтобус, які накіроўваўся з Зяброўкі, апынуўся наўпрост пасярэдзіне ўтворанага возера», – апісвалі сітуацыю на гарадзкіх вуліцаў відавочцы.

«Узровень вады амаль па грудзі ратавальнікам. І чалавек з нізкім ростам практычна па шыю можа апынуцца ў вадзе», – каментаваў убачанае гараджанін у сацыяльных сетках.

Самымі небяспечнымі для аўтамабілістаў аказаліся ўчасткі дарог на праспекце Леніна, вуліцах Інтэрнацыянальнай, Жаркоўскага, Бочкіна, Багдана Хмяльніцкага, Барыкіна, Палескай, піша   выданне «Белка».

З 11-38 да 12-29 у Гомелі, паводле звестак метэаролагаў, выпала 7,6 мм ападкаў. Сярэднемесячная норма складае 9,1 мм.