Дзень у гісторыі: 14 верасня. Нарадзіліся: святар, прыхільнік беларусізацыі касцёлу Фабіян Абрантовіч і музыка Лявон Вольскі. Расстраляны паэт Сяргей Астрэйка. Памёр паэт Язэп Пушча. Пабачылі свет газеты «Наша Доля» і «Беларускія ведамасьці»

1408 год. Заключэнне «вечнага міру».

Дамова была заключаная паміж вялікім князям літоўскім Вітаўтам і вялікім князям маскоўскім Васілём I.

Ёю завяршылася вайна 1406-1408 гадоў за панаванне ва Усходняй Еўропе.

Масква прызнала дамінаванне Літвы у рэгіёне.

Жонка Васіля I – Соф’я Вітаўтаўна, па смерці мужа аддала маскоўскае княства ў васальную залежнасць Літве, а Вітаўт стаў апекуном дзевяцігадовага цара Васіля II.

Мірныя адносіны паміж Літвой і Масквой трывалі да 1492 году.

1884 год. Нарадзіўся Фабіян Абрантовіч.

Рэлігійны і грамадскі дзеяч, каталіцкі святар, прыхільнік беларусізацыі касцёлу.

Рэктар Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі.

Адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя, тэарэтык і практык беларускага ўніяцтва.

У 1939 году быў арыштаваны савецкімі органамі і больш за 5 гадоў утрымліваўся ў няволі. 

Памёр ад катаванняў у Бутырскай турме. Месца пахавання невядомае.

1906 год. Пабачыла свет газета «Наша доля”.

Першая легальная газета на беларускай мове.

Выдавалася ў Вільні. Свет пабачыла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны, 7-ы быў знішчаны яшчэ ў наборы.

11 студзеня 1907 годзе выданне было забаронена.

Разавы наклад 1-га нумару склаў 10 тысяч асобнікаў. У рэдакцыю ўваходзілі Францішак Умястоўскі, Алаіза Пашкевіч, браты Луцкевічы.

1920 год. Пачаў дзейнасць Беларускі дзяржаўны тэатр.

Цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

На адкрыцці паказалі інсцэніроўку аповесці Элізы Ажэшкі «Рысь» (беларуская трупа), п’есу Шолам-Алейхема «Людзі» (яўрэйская трупа), Антона Чэхава «Вяселле» (руская трупа).

Усеагульнай славе тэатру спрыяла майстэрства і талент актораў: Стафаніі Станюты, Здзіслава Стомы, Галіны Макаравай, Генадзя Гарбук, Генадзя Аўсяннікаў і іншых.

Пасля выбараў 2020 года калектыў Купалаўскага тэатру запатрабаваў спыніць гвалт і выступіў за перападлік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў.

Павел Латушка, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін і яшчэ 58 супрацоўнікаў тэатру звольнілі.

100-гадовы юбілей галоўная сцэна Беларусі сустрэла пустой: усе спектаклі былі скасаваны.

1921 год. Выйшаў першы нумар тыднёвіка «Беларускія ведамасьці».

Рэдагаваў газету, якая выходзіла ў Вільні, Максім Гарэцкі.

Выданне асвятляла эканамічнае і палітычнае жыццё беларусаў Сярэдняй Літвы і Заходняй Беларусі, публікавала этнаграфічныя, фальклорныя матэрыялы, вершы і апавяданні.

Выйшла 19 нумароў.

Газета была закрыта ўладамі Сярэдняй Літвы 15 студзеня 1922 году, а рэдактар кінуты ў Лукішскую турму.

1937 год. Расстраляны савецкімі органамі Сяргей Астрэйка.

Паэт, перакладчык.

Працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва, у Камісіі па складанні слоўнікаў.

Яго паэму «Бенгалія» ухваліў Янка Купала.

Паэму лічылі «антысавецкай», бо меркавалася, што, апісваючы змаганне бенгальцаў з брытанскімі каланізатарамі, аўтар меў на ўвазе Беларусь.

Паэтычны зборнік «Смарагды кроз» не быў надрукаваны, а паэма «Смарагды кроз» – роздум пра шляхі развіцця краіны – апублікавана толькі ў 1990 годзе.

Першы раз быў арыштаваны ў 1933 годзе па справе «Беларускай народнай Грамады» і высланы ў Свярдлоўскую вобласць Расіі.

Другі раз арыштавалі ў 1937 годзе і расстралялі.

Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

1938 год. Нарадзіўся Леанід Левановіч.

Пісьменнік.

Аўтар кніг з нарысамі, зборнікаў аповесцяў і апавяданняў, цыклу раманаў-хронік, п’ес, сцэнарыяў да фільмаў і радыёпастановак.

Родная вёска пісьменніка Клеявічы ў Касцюковіцкім раёне.

1964 год. Памёр Язэп Пушча (Іосіф Плашчынскі).

Паэт, настаўнік.

Адзін з заснавальнікаў літаратурнага абʼяднанняў «Маладняк», «Узвышша».

Аўтар паэтычных кніг, зборнікаў вершаў, паэм.

Асобныя творы Пушчы пакладзены на музыку.

У 1931 годзе асуджаны як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў пазбаўлення волі. 

Вызвалены ў 1935 годзе. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

Вярнуўся Беларусь у 1958-ым, жыў у Мінску.

1965 год. Нарадзіўся Лявон Вольскі.

Беларускі рок-музыка, літаратар, мастак.

Сын пісьменніка Артура Вольскага, унук пісьменніка Віталя Вольскага-Зэйдэля.

Заснавальнік музычных гуртоў «Мроі», N.R.M і «Крамбамбулі», граў і спяваў у гуртах «Новае Неба» і «Zet».

Сумесныя праекты з яго ўдзелам – «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут» – сталі ў Беларусі культавымі.

Уладальнік шматлікіх прызоў, прэміяў, у тым ліку FreeMuse Award-2016 і USMA-2019 у намінацыі «Лепшыя тэксты песень», лаўрэат фестываляў і конкурсаў.

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Ігар Арцюх

Асуджаны да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары пра «справу Зельцара».

37-гадовага мужчыну абвінавацілі ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці». Справу на закрытым працэсе разглядала суддзя Жана Брысіна.

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры.

Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Аляксей Біжко

Асуджаны на 1,5 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – «хатняй хіміі».

Праваабаронцы паведамляюць, што Біжко абвінавачаны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Нагодай для крымінальнага пераследу стаў яго ўдзел у пратэстах 2020 году.

Святлана Кіндзель

Асуджаная да 3 гадоў «хатняй хіміі».

Праваабаронцы пішуць, што жанчыну Ленінскі суд Мінску абвінаваціў у «актыўных дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак».

Нагодай для крымінальнага пераследу стаў яе ўдзел у пратэстах 2020 году.

Алена і Андрэй Бармуты, Вольга Рахуба

Асуджаныя да 3 гадоў «хатняй хіміі».

Паводле праваабаронцаў, трое асуджаных – гэта сямейнай пара і сястра мужа. Іх суд Ленінскага раёну Мінска абвінаваціў у «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Доказамі іх удзелу ў пратэстах 2020 году сталі фотаздымкі, якія яны дасылалі адзін аднаму.

Павел Сінькоў

Асуджаны да 2,5 гадоў «хатняй хіміі».

Праваабаронцы пішуць, што мужчыну Ленінскі суд Мінску абвінаваціў у «актыўных дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак».

Нагодай для пераследу стаў удзел у пратэстах 2020 году. Доказам віны быў фотаздымак у тэлефоне абвінавачанага.

Справу разглядала суддзя Юлія Інчына.

Аляксей Бондар

Асуджаны да 3 гадоў «хатняй хіміі».

Паводле праваабаронцаў, ён абвінавачаны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

У зняволенні Бондара ўтрымлівалі больш за тры месяцы. Справу разглядала Вольга Неборская з суду Кастрычніцкага раёну Мінска.

Урад спадзяецца, што замест арыштаваных Украінай беларускіх вагонаў у Магілёве зробяць новыя

Праблемы з наяўнасцю ў Беларускай чыгункі мінералавозаў прызнаў віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак. Ён кажа, што рухомы састаў застаўся ва Украіне, таму неабходна абзавесціся новым.

Арыштаваныя ўкраінскімі ўладамі вагоны для перавозкі беларускіх калійных угнаенняў збіраецца замяніць тымі, што вырабіць Магілёўскі вагонабудаўнічы завод.

minsknews.by

Паводле Сівака, развязаннем пытання займаецца магілёўскае прадпрыемства ў межах кантракту, заключанага з «Белкаліем».

Урадовец таксама прызнае, што санкцыі стварылі пэўныя змяненні ў геаграфіі паставак. Ён, аднак, спадзяецца, што «для таго і бізнес, каб гэтыя змяненні вырашаць з карысцю ў свой бок», піша партал “Минск-новости”.

Сівак кажа: цяпер працуюць пагадненні, падпісаныя з Расіяй аб выкарыстанні партовай інфраструктуры, каб да перавозак падключаліся іншыя віды транспарту.

Паводле віцэ-прэмʼера, працэс знаходзіцца ў дынаміцы. У гэтым задзейнічаны беларускія транспартнікі і іхныя калегі з Расіі, сусветныя кампаніі, «таму будзе толькі рост перавозак», – абнадзейвае ён.

Ва Ўкране арыштаваная маёмасць расійскіх і беларускіх прадпрыемстваў на 8 мільёнаў долараў

На патрабаванне Генеральнай пракуратуры Ўкраіны арышт накладзены на верталёт, запчасткі да яго ды іншую маёмасць, якія ацэненыя ў 300 мільёнаў грыўнаў (8 203 759 долараў ЗША на 13 верасня, ММ).

У паведамленні ведамства прадпрыемствы не называюцца. Адзначаецца, што іх маёмасць была завезеная для рамонту на некалькі ўкраінскіх прадпрыемстваў перад поўнамаштабным уварваннем Расіі ва Ўкраіну.

Заказчыкам выступала Міністэрства абароны Беларусі, беларускія ды расійскія прадпрыемствы. Цяпер вырашаецца пытанне аб перадачы арыштаванай маёмасці ўзброеным сілам Украіны.

Акрамя таго, дадае Генеральная пракуратура Ўкраіны, беларускія прадпрыемствы знаходзяцца пад санкцыямі ЗША. Што да расійскіх прадпрыемстваў, то асноўнымі іхнымі заказчыкамі былі нацыянальная гвардыя Расіі, а таксама Міністэрства ўнутраных справаў, ды адміністрацыя Пуціна.

фота: t.me/pgo_gov_ua

Не хочуць заставацца рускімі. У Латвіі пачасціліся выпадкі змены нацыянальнасці

Вайна ва Украіне паўплывала на тое, што сёлета жыхары Латвіі сталі актыўней мяняць прозвішча і нацыянальнасць, імкнучыся пазбавіцца сувязі са славянскімі каранямі.

Паводле Міністэрства юстыцыі, за сёлетнія восем месяцаў імя, прозвішча або нацыянальнасць памянялі 1365 чалавек. Нацыянальнасць пажадалі змяніць 76 чалавек. Летась такіх выпадкаў было 20. Часцей за ўсё запіс «рускі» мяняюць на «латыш», «украінец», «яўрэй», «немец», ці «паляк», піша выданне Delfi.lv.

“Людзі, як правіла, паказваюць, што іх вельмі хвалююць падзеі ва Украіне, і яны баяцца, што іх прозвішча можа негатыўна паўплываць на адносіны са сваякамі, сябрамі і суседзямі, ці тое, што яны нават могуць страціць працу. Таму, нярэдка жыхары жадаюць памяняць імя ці прозвішча на балтыйскія. Да таго ж, іх прасцей выкарыстоўваць за мяжою”, – даводзіць супрацоўніца Міністэрства юстыцыі Солвіта Саўкума-Лаймеры.

Часцей за ўсё, мяняюць асабістыя дадзеныя жанчыны. Ад агульнай колькасці жыхароў за восем месяцаў бягучага года змянілі імя 76 працэнтаў жанчын і 24 працэнты мужчын. Нацыянальнасць памянялі 63 працэнты жанчын і 37 працэнтаў мужчын.

У Магілёве перакрылі шашу на Шклоў. Для кіроўцаў гэта стала неспадзяванкай

Каб трапіць у славуты райцэнтр кіроўцам даводзіцца аб’язджаць з дзясятак кіламетраў іншай дарогаю.

Чыгуначнікі рамантуюць рэйкавыя пуці на выездзе з Магілёва, які мясцовыя называюць «пераездам». Работы будуць трываць 13 верасня да 18 гадзінаў. Пра тое пісалі мясцовыя медыі напярэдадні.

«У сувязі з правядзеннем рамонтна-дарожных работ у Магілёве будуць часова перакрытыя для руху аўтамабільнага транспарту некаторыя чыгуначныя пераезды», – гаварылася ў адным з паведамленняў.

«Машыну вымушаны разварочваць і пхаць праз вуліцу Крупскую», – абураецца адзін з не інфармаваных кіроўцаў.

У Магілёве, тым часам, пагаворваюць пра наведванне Шклова Лукашэнкам. Кажуць, што ён прабудзе ў Шклоўскім раёне да 15 верасня.

«Ім гэта падабаецца!». Магілёўскіх студэнтаў кінулі ў палі на моркву, а вучоба іх чакае

У медыйнай прасторы адшукаць публікацыі, ці выпраўляюць студэнтаў Гарвардскага, ці Кембрыджскага ўніверсітэтаў дапамагаць мясцовым фермерам не ўдалося.

А вось, у восеньскую пару ўбачыць беларускіх навучэнцаў на «калгасных палетках» звыклая справа. Тое паўтараецца з году ў год. Адпраўка студэнтаў у палі ўспрымаецца як будзённасць і штораз падкрэсліваецца: «моладзевы дэсант працуе з ахвотаю».

«Хлопцы і дзяўчаты старанныя, працуюць не горш за дарослых, і не чакаюць патуранняў. Да таго ж разумеюць, што ад асабістага ўкладу залежыць агульны канчатковы вынік», – цытуе працаўніка прыгараднай гаспадаркі «Кадзіна» рэсурс Mogilevnews.by.

На тутэйшыя палі «кінулі» студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту харчовых і хімічных тэхналогіяў ды навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжу.

«Кожны год нашы студэнты з задавальненнем ездзяць на ўборку гародніны. Ім гэта падабаецца», – настойвае выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту ўніверсітэту харчавання Алег Арлоў.

Колькі заробяць за працу студэнты высветліць не ўдалося.

А, ці падабалася чытачам Магілёў.media «гнуцца» у палях замест вучобы? Вашы ўражанні і згадкі пра мінулае абавязкова апублікуем. Допісы чакайма ў [email protected].

фота: mogilevnews.by

Дзіцячы садок у Магілёве шукае смецяра «з пазітыўным поглядам на свет». Варта дапамагчы!

Фотаздымак аб’явы з патрэбай у дворніку «з пазітыўным поглядам на свет» даслала Магілёў.media адна з чытачак. У абвестцы яшчэ гаворыцца, што такі работнік не павінен быць пенсійнага веку і не мець шкодных звычак. Адно з пытанняў, дзе ж такога ўзяць?

Адказ: выгадаваць свайго! У любым разе зычым дзіцячаму садку работніка з такімі якасцямі адшукаць і тады тэрыторыя ўстановы будзе не толькі дагледжанай, але і «сонечна вясёлай».

Навіны пабрацімаў. У Мікалаўскай вобласці за апошні дзень адзін чалавек загінуў, сямёра параненыя, разбурана 60 дамоў

Ад расійскіх абстрэлаў пацярпела двое дзяцей. Ракеты пацэлілі ў шматпавярхоўкі ды прыватныя жылыя дамы.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Расійскія войскі абстралялі шэраг паселішчаў вобласці. Тры ракеты трапілі ў элеватар з запасамі пшаніцы.

«У Мікалаеўскай вобласці праціўнік нанёс ракетны ўдар па сельскагаспадарчаму прадпрыемству, размешчанаму на тэрыторыі горада Вазнясенска. Абломкамі пашкоджаныя не менш за 40 жылых дамоў. Пацярпелі 5 чалавек, у тым ліку дзіця», – піша ў тэлеграм-канале старшыня абласнога савету Ганна Замазеева.

Па яе словах, «у цэлым за прамінулыя содні ў Мікалаеўскай вобласці сярод пацярпелых 2 дзяцей».

Аддзел камунікацыі паліцыі Мікалаеўскай вобласці ўдакладняе, што атрымалі раненні сем мірных грамадзян. Адзін чалавек загінуў. Разбураныя 15 шматпавярховак і 45 прыватных жылых дамоў, а таксама офісныя, складскія памяшканні, транспартныя сродкі ды крама, паведамляе выданне «Новости N».

Паводле Замазеевай, па стане на 12 верасня ў шпіталях Мікалаева перабывае 652 грамадзяніна, пацярпелых ад расійскіх атак на рэгіён. Яшчэ 58 лечацца амбулаторна.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

фото: myc.news

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Уладзіслаў Рабіч

Асуджаны да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу – «хатняй хіміі».

Мужчыну з інваліднасцю, які перасоўваецца на вазку, абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі».

9 жніўня 2022 года ў дом, дзе знаходзіліся Рабіч і ягоны малодшы брат, уварваліся сілавікі. Пагражаючы яны змушалі яго, адрачыся ад каментару. Рабіч адмовіўся выконваць загад міліцыянтаў. Тыя ў адказ паабяцалі распачаць супраць яго крымінальную справу.

Справу на Рабіча разглядаў суддзя з Баранавічаў Мікалай Кміта.

Сцяпан Хадатовіч

Асуджаны да 2,5 гадоў абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу – «хіміі».

Паводле праваабаронцаў, нагодай для крымінальнага пераследу сталі «выявы бел-чырвона-белага і жоўта-блакітнага сцягоў« на тэрыторыі вайсковага пахавання і трубаправодзе.

Суд Чашніцкага раёну абвінаваціў яго ў «апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці». Справу на 23-гадовага мужчыну разглядала суддзя Таццяна Заруба.

Яраслаў Пашкоў

Асуджаны да 1 года і 9 месяцаў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 3 200 рублёў.

Праваабаронцы пішуць, што справу Пашкова разглядала суддзя Галіна Кніжонак-Максімава, якая абвінаваціла яго ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» і «абразе Лукашэнкі».

Нагодай для крымінальнага пераследу, прызнанага праваабарончай супольнасцю палітвязня, сталі каментары пра «справу Зельцара».

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры.

Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Рыгор Грыг

Асуджаны да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Нагодай для яго крымінальнага пераследу сталі каментары пра «справу Зельцара».

Паводле праваабаронцаў, Рыгора Грыга затрымалі летась, 29 верасня, і ўжо зняволенаму выставілі абвінавачванне ў «абразе Лукашэнкі» і «закліках да санкцыяў».

Справу на 52-гадовага мужчыну, прызнанага праваабарончай супольнасцю палітвязнем, разглядаў суддзя Мікалай Рачынскі.

Іван Кузюр

Асуджаны да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 3200 рублёў

Нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары пра «справу Зельцара».

Паводле праваабаронцаў, Кузюра абвінавацілі ў «абраза прадстаўніка ўлады».

Праваабаронцамі Казюр прызнаны палітвязнем. Яго справу разглядаў суддзя з Іванава Мікалай Стасевіч.

Ілля Багданаў

Асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў абвінавачаны ў «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў». Справу разглядаў суддзя Віктар Баліка.

Багданаў – юрысконсульт. У 2019 году вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Полацку. Яго затрымлівалі падчас пратэстаў 2020 году.

Анатоль Лазар

Асуджаны на 15 адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронцы пішуць, што падчас затрымання ў яго адбыўся ператрус, забралі камп’ютар і тэлефон.