Вайна ва Ўкраіне. У Крывым Рогу расійскія войскі атакавалі гідратэхнічныя збудаванні і транспартную інфраструктуру

Горад у Днепрапятроўскай вобласці абстралялі 7 ракетамі.

Паводле кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Валянціна Разнічэнкі, ракеты пацэлілі па аб’ектах крытычнай і транспартнай інфраструктуры. Сурʼёзныя пашкоджанні зазналі гідратэхнічныя збудаванні.

«Папярэдне абышлося без пацярпелых. Некалькі раёнаў Крывога Рога засталіся без вады. Працуюць МНС і ратавальнікі, якія ліквідаваць наступствы разбурэнняў», – піша Валянцін Разнічэнка.

Начальнік ваеннай адміністрацыі гораду Аляксандр Вілкул паведамляе, што ў Крывым Рогу ўжо пачалі падаваць ваду  насельніцтву. Ён заклікае гараджанаў захоўваць спакой і запэўнівае, што сітуацыя кантралюецца.

Паводле яго, расійскія войскі ўдарылі па адным з абʼектаў гідратэхнічнай інфраструктуры гораду.

«Мы разумеем, што рабіць. Падача вады насельніцтву ўжо пачалася. Калі да вас вада не дайшла, то дойдзе бліжэйшым часам», – адзначае ён.

Інфармацыйная агенцтва «УНІАН» паведамляе, што па Крывым Рогу ракетны ўдар быў нанесены а 17 гадзіне. Выданне, спасылаючыся на тэлеграм-каналы, піша, што ракеты  пашкодзілі дамбу Карачуноўскага вадасховішча. У выніку, у рацэ Інгулец рэзка павысіўся ўзровень вады.

 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Кацярына Еўдакімава, Паліна Палавінка, Уладзіслаў Мальцаў, Дар’я Кароль, Раман Багрый, Іна Панова, Юрый Караткевіч, Алег Кірычэнка, Арцём Крылоў, Дзмітрый Таратынаў.

Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітзняволенымі, а іх крымінальны пераслед палітычна матываваным.

Яўген Гукаў

Асуджаны да 1 году і 10 месяцаў калоніі.

Паводле праваабаронцаў, нагодай для крымінальнага пераследу былі каментары ў сацыяльных сетках. Абвінавацілі яго ў «абразе Лукашэнкі і міністра ўнутраных справаў Караева».

Яўген Меркіс

Затрыманы ў межах крымінальнай справы.

Праваабаронцы паведамляюць, што журналіста забралі 13 верасня. У доме яго бацькі 14 верасня быў праведзены ператрус – забралі тэлефоны і ноўтбук.

У пастанове на ператрус было пазначана, што ён праводзіцца ў межах крымінальнай справы за “заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”. Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне да 6 гадоў зняволення.

Міхаіл Макараў і Анастасія Сагановіч

Затрыманыя.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што адвакаты схопленыя за, нібыта, «незаконнае распаўсюджванне канфідэнцыйнай інфармацыі», у тым ліку «персанальных дадзеных».

Віктар Пархімчык

Вызвалены па адбыванні прысуджанага.

Праваабаронцы пішуць, што Пархімчыка абвінавацілі ў раскіданні самарэзаў ля адміністрацыйнага будынку памежнага камітэту.

Уладзімір Целяпун

Вызвалены па адбыванні 10 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў, на яго былі складзены тры пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння за «распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў».

 

Журналіста Дзяніса Івашына асудзілі да 13 гадоў і 1 месяца калоніі

Дзяніс Івашын вядомы журналісцкімі расследаваннямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сірыю ды пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.

Журналіста ў няволі ўтрымліваюць ад 12 сакавіка 2021 году. Яго забралі за, нібыта, «умяшанне ў дзейнасць міліцыі». 30 кастрычніка стала вядома, што яму выставілі абвінавачванне яшчэ і ў «здрадзе дзяржаве». Сцвярджалася, што ён супрацоўнічаў з украінскімі спецслужбамі.

Справу на Дзяніса Івашына Гродненскі суд стаў разглядаць 15 жніўня 2022 году. Суддзя Валерый Раманоўскі пастанавіў працэс зрабіць закрытым на падставе таго, што ў матэрыялах справы ёсць «дадзеныя, якія складаюць дзяржаўную таямніцу».

Як паведамляюць праваабаронцы, 14 верасня журналіста прызналі вінаватым ва «умяшанні ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў» і «здрадзе дзяржаве».

Яго адправілі на 13 гадоў і 1 месяц у калонію, а таксама прысудзілі штраф у 4800 рублёў ды па 2 тысячы рублёў кампенсацыі 9-ці пацярпелым.

 

Памілаваны Лукашэнкам чыноўнік-карупцыянер курыруе ідэалогію і натхняе моладзь да патрыятызму

14 верасня намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва Яўген Дуплеўскі адкрыў гарадскую Вахту памяці і ў сваёй прамове гаварыў пра патрыятызм.

У 2014 годзе Дуплеўскага абвінавацілі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Ён, быўшы начальнікам упраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму, чатыры гады быў аформлены ў школе па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў. Пры гэтым ніякіх заняткаў не праводзіў, але атрымліваў заробак. Ва ўчыненні злачынства Дуплеўскі, якому пагражала 7 гадоў пазбаўлення волі, прызнаўся. Аляксандр Лукашэнка задаволіў яго прашэнне аб памілаванні, калі карупцыянер кампенсаваў суму шкоды.

Сёння Дуплеўскі ўдзельнічаў у адкрыцці штогадовай Вахты памяці. Яе прыдумалі для вучняў магілёўскіх школ. Яны стаяць па вайсковаму ля вечнага агню на плошчы Славы. Вахту памяці Дуплеўскі назваў «марафонам патрыятызму».

«Мы пэўныя, што тут стаяць маладыя людзі, на якіх радзіма можа разлічваць, бо яны сапраўдныя ўнукі і праўнукі сапраўдных герояў, якія баранілі наш горад, нашу краіну і не дазволілі чужой варожай назе застацца тут надоўга», – прамаўляў чыноўнік, які па памілаванні працягнуў працу ў сістэме адукацыі.

Яго прызначалі дырэктарам гімназіі №4. Бацькі вучняў пратэставалі супраць таго, каб навучальнай установай кіраваў службовец абвінавачаны ў карупцыі, але гэта не дало плёну. У 2021 годзе Дуплеўскі стаў намеснікам старшыні адміністрацыі Ленінскага раёну. Ён курыруе ідэалогію.

фота: t.me/mogilevnewsby

«Рэгіструецца невялікі рост», міністр Піневіч пра сітуацыю з захворваннямі на грып і кавід

У Беларусі рэгіструецца невялікі рост вострых рэспіраторных захворванняў, грыпу і кавіду, аднак тэмп прыросту ў два разы ніжэйшы, чым восенню 2021 года, перадае словы міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч тэлеграм-канал “Официальный Минздрав”.

Па словах урадоўцы, рост захворвальнасці звязаны, у тым ліку, з умовамі надвор’я. «У гэты час заўсёды рост інфекцыйнай захваральнасці», цытуе яго БелТА.

«Цяпер невялікі рост існуе, але ён значна меншы, чым у летась. Мы працуем у зусім спакойным рэжыме», – кажа Дзмітрый Піневіч.

Ён заўважае, што ў параўнанні з нагрузкай, якую адчувалі медыкі летам, зараз яна, вядома, вышэйшая.

У Горацкім раёне згарэла вясковая крама

Пажар адбыўся ў пасёлку Сенькава, верагодна з-за электрапрыбораў.

Паведамленне пра ўзгаранне вясковай крамы паступіла да пажарнай службы ноччу 14 верасня. Як выявілася па прыездзе пажарных экіпажаў, полымя ахапіла ўнутранае памяшканне магазіна, пашкодзіўшы тавары і вітрыны. Дзве халадзільныя ўстаноўкі аказаліся пашкоджанымі, а таксама прагарэла аздабленне столі на плошчы 2 квадратных метры. Пацярпелых няма. Прэс-служба МНС паведамляе, што верагоднай прычынай пажару з’яўляюцца парушэнні ў правілах эксплуатацыі электраабсталявання і электрасетак.

Вёска Сенькава знаходзіцца амаль у васьмі кіламетрах ад раённага цэнтра. 

Натарыўсы Беларусі правядуць бясплатныя кансультацыі 16 верасня

У дабрачыннай акцыі прымуць удзел усе натарыяльныя канторы і бюро краіны

Пра правядзенне акцыі паведамляе Беларуская натарыяльная палата, адзначаючы, што мерапрыемства прымеркаванае да афіцыйнага свята. 

Падчас бясплатнай кансультацыі як звычайныя грамадзяне, так і прадстаўнікі юрыдычных асоб змогуць атрымаць адказы на пытанні, якія іх цікавяць, якія ўваходзяць у кампетэнцыю натарыуса. Напрыклад, па тэме афармлення спадчынных правоў, складання тэстаменту, шлюбных дамоваў, адчужэння нерухомасці, здзяйснення выканаўчых подпісаў, прадастаўлення электронных дакументаў для дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычных. 

Для таго, каб знайсці натарыяльную кантору, альбо бюро ў сваім населеным пункце, можна скарыстацца сервісам “Знайсці натарыўса”. 

Прыгожае відэа з краявідамі Магілёва. Наведаем Пячэрскі лесапарк

Пячэрскі лесапарк – найпапулярнейшая ў Магілёве мясціна адпачынку і пазнання прыроды. Тут яшчэ застаюцца адгалоскі лета, але восень апаноўвае яе.

 

Магілёў.media працягвае прагулкі па вядомым мясцінам гораду. Мы стараемся паказаць у сваіх відэазамалёўках хараство магілёўскіх краявідаў. Яны дапамагаюць адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.

Дзень у гісторыі: 14 верасня. Нарадзіліся: святар, прыхільнік беларусізацыі касцёлу Фабіян Абрантовіч і музыка Лявон Вольскі. Расстраляны паэт Сяргей Астрэйка. Памёр паэт Язэп Пушча. Пабачылі свет газеты «Наша Доля» і «Беларускія ведамасьці»

1408 год. Заключэнне «вечнага міру».

Дамова была заключаная паміж вялікім князям літоўскім Вітаўтам і вялікім князям маскоўскім Васілём I.

Ёю завяршылася вайна 1406-1408 гадоў за панаванне ва Усходняй Еўропе.

Масква прызнала дамінаванне Літвы у рэгіёне.

Жонка Васіля I – Соф’я Вітаўтаўна, па смерці мужа аддала маскоўскае княства ў васальную залежнасць Літве, а Вітаўт стаў апекуном дзевяцігадовага цара Васіля II.

Мірныя адносіны паміж Літвой і Масквой трывалі да 1492 году.

1884 год. Нарадзіўся Фабіян Абрантовіч.

Рэлігійны і грамадскі дзеяч, каталіцкі святар, прыхільнік беларусізацыі касцёлу.

Рэктар Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі.

Адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя, тэарэтык і практык беларускага ўніяцтва.

У 1939 году быў арыштаваны савецкімі органамі і больш за 5 гадоў утрымліваўся ў няволі. 

Памёр ад катаванняў у Бутырскай турме. Месца пахавання невядомае.

1906 год. Пабачыла свет газета «Наша доля”.

Першая легальная газета на беларускай мове.

Выдавалася ў Вільні. Свет пабачыла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны, 7-ы быў знішчаны яшчэ ў наборы.

11 студзеня 1907 годзе выданне было забаронена.

Разавы наклад 1-га нумару склаў 10 тысяч асобнікаў. У рэдакцыю ўваходзілі Францішак Умястоўскі, Алаіза Пашкевіч, браты Луцкевічы.

1920 год. Пачаў дзейнасць Беларускі дзяржаўны тэатр.

Цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

На адкрыцці паказалі інсцэніроўку аповесці Элізы Ажэшкі «Рысь» (беларуская трупа), п’есу Шолам-Алейхема «Людзі» (яўрэйская трупа), Антона Чэхава «Вяселле» (руская трупа).

Усеагульнай славе тэатру спрыяла майстэрства і талент актораў: Стафаніі Станюты, Здзіслава Стомы, Галіны Макаравай, Генадзя Гарбук, Генадзя Аўсяннікаў і іншых.

Пасля выбараў 2020 года калектыў Купалаўскага тэатру запатрабаваў спыніць гвалт і выступіў за перападлік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў.

Павел Латушка, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін і яшчэ 58 супрацоўнікаў тэатру звольнілі.

100-гадовы юбілей галоўная сцэна Беларусі сустрэла пустой: усе спектаклі былі скасаваны.

1921 год. Выйшаў першы нумар тыднёвіка «Беларускія ведамасьці».

Рэдагаваў газету, якая выходзіла ў Вільні, Максім Гарэцкі.

Выданне асвятляла эканамічнае і палітычнае жыццё беларусаў Сярэдняй Літвы і Заходняй Беларусі, публікавала этнаграфічныя, фальклорныя матэрыялы, вершы і апавяданні.

Выйшла 19 нумароў.

Газета была закрыта ўладамі Сярэдняй Літвы 15 студзеня 1922 году, а рэдактар кінуты ў Лукішскую турму.

1937 год. Расстраляны савецкімі органамі Сяргей Астрэйка.

Паэт, перакладчык.

Працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва, у Камісіі па складанні слоўнікаў.

Яго паэму «Бенгалія» ухваліў Янка Купала.

Паэму лічылі «антысавецкай», бо меркавалася, што, апісваючы змаганне бенгальцаў з брытанскімі каланізатарамі, аўтар меў на ўвазе Беларусь.

Паэтычны зборнік «Смарагды кроз» не быў надрукаваны, а паэма «Смарагды кроз» – роздум пра шляхі развіцця краіны – апублікавана толькі ў 1990 годзе.

Першы раз быў арыштаваны ў 1933 годзе па справе «Беларускай народнай Грамады» і высланы ў Свярдлоўскую вобласць Расіі.

Другі раз арыштавалі ў 1937 годзе і расстралялі.

Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

1938 год. Нарадзіўся Леанід Левановіч.

Пісьменнік.

Аўтар кніг з нарысамі, зборнікаў аповесцяў і апавяданняў, цыклу раманаў-хронік, п’ес, сцэнарыяў да фільмаў і радыёпастановак.

Родная вёска пісьменніка Клеявічы ў Касцюковіцкім раёне.

1964 год. Памёр Язэп Пушча (Іосіф Плашчынскі).

Паэт, настаўнік.

Адзін з заснавальнікаў літаратурнага абʼяднанняў «Маладняк», «Узвышша».

Аўтар паэтычных кніг, зборнікаў вершаў, паэм.

Асобныя творы Пушчы пакладзены на музыку.

У 1931 годзе асуджаны як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў пазбаўлення волі. 

Вызвалены ў 1935 годзе. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

Вярнуўся Беларусь у 1958-ым, жыў у Мінску.

1965 год. Нарадзіўся Лявон Вольскі.

Беларускі рок-музыка, літаратар, мастак.

Сын пісьменніка Артура Вольскага, унук пісьменніка Віталя Вольскага-Зэйдэля.

Заснавальнік музычных гуртоў «Мроі», N.R.M і «Крамбамбулі», граў і спяваў у гуртах «Новае Неба» і «Zet».

Сумесныя праекты з яго ўдзелам – «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут» – сталі ў Беларусі культавымі.

Уладальнік шматлікіх прызоў, прэміяў, у тым ліку FreeMuse Award-2016 і USMA-2019 у намінацыі «Лепшыя тэксты песень», лаўрэат фестываляў і конкурсаў.

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Ігар Арцюх

Асуджаны да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары пра «справу Зельцара».

37-гадовага мужчыну абвінавацілі ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці». Справу на закрытым працэсе разглядала суддзя Жана Брысіна.

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры.

Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Аляксей Біжко

Асуджаны на 1,5 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – «хатняй хіміі».

Праваабаронцы паведамляюць, што Біжко абвінавачаны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Нагодай для крымінальнага пераследу стаў яго ўдзел у пратэстах 2020 году.

Святлана Кіндзель

Асуджаная да 3 гадоў «хатняй хіміі».

Праваабаронцы пішуць, што жанчыну Ленінскі суд Мінску абвінаваціў у «актыўных дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак».

Нагодай для крымінальнага пераследу стаў яе ўдзел у пратэстах 2020 году.

Алена і Андрэй Бармуты, Вольга Рахуба

Асуджаныя да 3 гадоў «хатняй хіміі».

Паводле праваабаронцаў, трое асуджаных – гэта сямейнай пара і сястра мужа. Іх суд Ленінскага раёну Мінска абвінаваціў у «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Доказамі іх удзелу ў пратэстах 2020 году сталі фотаздымкі, якія яны дасылалі адзін аднаму.

Павел Сінькоў

Асуджаны да 2,5 гадоў «хатняй хіміі».

Праваабаронцы пішуць, што мужчыну Ленінскі суд Мінску абвінаваціў у «актыўных дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак».

Нагодай для пераследу стаў удзел у пратэстах 2020 году. Доказам віны быў фотаздымак у тэлефоне абвінавачанага.

Справу разглядала суддзя Юлія Інчына.

Аляксей Бондар

Асуджаны да 3 гадоў «хатняй хіміі».

Паводле праваабаронцаў, ён абвінавачаны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

У зняволенні Бондара ўтрымлівалі больш за тры месяцы. Справу разглядала Вольга Неборская з суду Кастрычніцкага раёну Мінска.