Журналіста Дзяніса Івашына асудзілі да 13 гадоў і 1 месяца калоніі

Дзяніс Івашын вядомы журналісцкімі расследаваннямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сірыю ды пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.

Журналіста ў няволі ўтрымліваюць ад 12 сакавіка 2021 году. Яго забралі за, нібыта, «умяшанне ў дзейнасць міліцыі». 30 кастрычніка стала вядома, што яму выставілі абвінавачванне яшчэ і ў «здрадзе дзяржаве». Сцвярджалася, што ён супрацоўнічаў з украінскімі спецслужбамі.

Справу на Дзяніса Івашына Гродненскі суд стаў разглядаць 15 жніўня 2022 году. Суддзя Валерый Раманоўскі пастанавіў працэс зрабіць закрытым на падставе таго, што ў матэрыялах справы ёсць «дадзеныя, якія складаюць дзяржаўную таямніцу».

Як паведамляюць праваабаронцы, 14 верасня журналіста прызналі вінаватым ва «умяшанні ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў» і «здрадзе дзяржаве».

Яго адправілі на 13 гадоў і 1 месяц у калонію, а таксама прысудзілі штраф у 4800 рублёў ды па 2 тысячы рублёў кампенсацыі 9-ці пацярпелым.