Кіраўскае сельгаспрадпрыемства “Рассвет імя К. Арлоўскага” ўжо высадзіў першыя ў гэтым сезоне таматы і гуркі ў сваіх цяпліцах. Найбольш раннім чакаецца ўраджай гуркоў, якія павінны паявіцца ў фірменных крамах прадпрыемства ўжо ў канцы лютага. Збор ураджаю таматаў запланаваны на красавік.
Сёлета ў цяпліцах аграпрадпрыемствы высадзілі таматы на плошчы ў 3 гектары. На 2,5 га размясціліся таматы слівападобныя “Рамінда F1”, яшчэ 0,5 га займаюць таматы гатунку “Ксантэра F1”. Таксама ў цяпліцах высадзілі расаду агуркоў плошчай 4 га. Тут на 2 га размясціліся сярэднеплодны гатунак “Яні F1”, 1,2 га займае кароткаплодны гатунак “Б’ерн F1”. Яшчэ 0,8 га займае гатунак “Антысіпатар” – паведамляе БелТА.
Пастановай Міністэрства культуры статус гісторыка-культурнай каштоўнасці быў нададзены тэхналогіі вырабу і традыцыйным вобразам гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя ў Крычаве і Магілёве. Гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны цяпер уключаны ў Дзяржаўны спіс каштоўнасцей Беларусі.
Яшчэ напрыканцы 2022 года на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Міністэрстве культуры, было прынята рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка гісторыка-культурнай каштоўнасці тэхналогіі вырабу і традыцыйным вобразам гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя.
Як адзначае гісторык і археолаг Андрэй Мяцельскі, толькі на Крычаўшчыне выраблялася цацка-свістулька “Крычаўскі конь”. Гэта архаічны выраб, які складаецца з галавы каня і тулава качкі (яе яшчэ называюць “качка-конь”), што з’яўляецца брэндам Крычава і сімвалам рэгіянальнага фестывалю “Крычаўскі канёк”. Дарэчы, доўгі час адраджэннем падняпроўскай цацкі і вывучэннем традыцыі вырабу займаўся народны майстар Беларусі і кіраўнік студыі “Свістулька” Вячаслаў Якавенка.
На цяперашні час старадаўную народную традыцыю спасцігаюць удзельнікі студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Свістулька” з Крычава і аб’яднання па інтарэсах магілёўскай школы № 44 “Чароўная гліна”. Яны вучацца не толькі правільна выляпляць з гліны цацкі-свістулькі, але і свістаць у іх.
Нагадаем, што на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ўсяго 17 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Цяпер, каб працягваць сваю дзейнасць надалей, уласнікі аграэкасядзібаў павінны да 1 ліпеня 2023 года прайсці працэдуру складанай перарэгістрацыі і атрымаць адпаведны дазвол.
Пасля ўступлення ў сілу ў 2023 годзе ўказа “Аб развіцці аграэкатурызму” паведамляльны прынцып праходжання рэгістрацыі сядзіб змяніўся на дазвольны.
Фармальна ўказ № 351 ад 4 кастрычніка 2022 года “Аб развіцці аграэкатурызму”, як раней паведамляліmogilev.media, скіраваны на ўдасканаленне рэгулявання дзейнасці ў гэтай сферы, павышэнне якасці паслугаў, выключэнне магчымасці вядзення гасцінічнага ці рэстараннага бізнесу, абарону правоў грамадзян, якія жывуць па суседстве з сядзібамі.
Ёсць абавязковыя ўмовы, якія павінны быць выкананы ў сукупнасці: наяўнасць жылога дома з не больш чым 10 пакоямі, зямельнага ўчастка, ажыццяўленне дзейнасці па вядзенні асабістай дапаможнай гаспадаркі ці вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, наяўнасць магчымасцяў для азнаямлення аграэкатурыстаў з прыроднымі, сельскагаспадарчымі, архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі мясцовасці.
Пашыраны спіс паслугаў, якія аказваюцца аграэкатурыстам. Напрыклад, туды ўключана правядзенне майстар-класаў па рамеснай і гаспадарчай дзейнасці. Таксама з’явілася патрабаванне, што такіх паслуг павінна быць не менш за дзве.
Сярод новых прапісаных указам абмежаванняў – адказнасць гаспадароў аграэкасядзібаў за грамадскі парадак на іх тэрыторыях, а таксама забарона праводзіць масавыя шумныя ўрачыстасці непасрэдна ля суседніх участкаў без узгаднення з суседзямі.
Ёсць дзясяткі нюансаў, якія тычацца падаткаабкладання, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, пажарнай бяспекі, грамадскага парадку.
Паколькі з 2023 года паведамляльны прынцып праходжання рэгістрацыі змяніўся на дазвольны, а гэта ўжо адміністрацыйная працэдура, то ва ўсіх раёнах ствараюцца камісіі па ажыццяўленні комплекснай ацэнкі 200-от аграэкасядзібаў, што ёсць у магілёўскіх вёсках.
У склад камісій, як правіла, уваходзяць прадстаўнікі сектара спорту і турызму райвыканкама, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзела ўнутраных спраў, гігіеністы і эпідэміёлогі, спецыялісты раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, аддела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, старшыні адпаведных сельскіх выканкамаў.
Чыноўнікі атрымалі яшчэ адзін рычаг уплыву, а залежнасць гаспадароў аграсядзібаў ад мясцовай улады ўзмацнілася.
У жылкамгасе Бялынічаў у рамках спартакіяды работнікаў арганізацыі, як паведаміла “Зара над Друццю”, прайшла праверка па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.
Кідаецца ў вочы, што і ў загалоўку, і ў фотагалерэі рэпартажа пра шараговае спартовае спаборніцтва найбольшы акцэнт быў зроблены менавіта па стральбе.
Тры з пяці фотаздымкаў прысвечаны спаборніцтвам па стральбе. А на двух стаяць работнікі з граматамі. Відавочна, што мясцовым ідэолагам і прапагандыстам было важна паказаць ваенны складнік спаборніцтваў. Менавіта таму на фотаздымках і паказаны толькі ўдзельнікі і ўдзельніцы спаборніцтваў па стральбе з вінтоўкамі ў руках.
Чаму работнікам жылкамгаса Бялынічаў, у тым ліку жанчынам, так важна ўмець страляць, што іх спатрэбілася на гэта правяраць – у паведамленні не ўказваецца.
Жыхар Віцебска абакраў некалькі крам у Магілёве – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Прыезжы 29-гадовы злачынец выбіраў па горадзе крамы і сацыяльныя ўстановы з харошай выручкай, але не абсталяваныя сістэмай трывожнай сігналізацыі. Па начах ён ускрываў дзверы магазінаў і аб’ектаў сацыяльнага абслугоўвання метадам падбору ключоў. Забраўшы грошы з касавых апаратаў, знікаў. За некалькі дзён яму ўдалося завалодаць сумай у 2 000 рублёў. Мужчына затрыманы, вядуцца следчыя дзеянні пра магчымае дачыненне яго да іншых крадзяжоў.
Такую лічбу даюць матэматычныя мадэлі дынамікі захворвання ў краіне на каранавірус.
Хвароба нікуды не падзелася – штодня ў свеце рэгіструюцца дзясяткі тысяч новых хворых, сотні памерлых. Так, па стане на раніцу 7 лютага 2023 года у свеце колькасць захварэўшых склала 676 416 246 (за суткі +92 978). Памерлых 6 773 425 (+700 за суткі).
Нажаль, актуальнай статыстыкі па COVID-19 на Беларусі мы не ведаем. Яна не публікуецца. Недахоп інфармацыі заўсёды нараджае чуткі, плёткі і пэўны недавер да арганізацый, якія абавязаны даваць справаздачу перад выбаршчыкамі і жыхарамі краіны.
Апошняя статыстыка была абнародавана 5 ліпеня: 994 037 выпадкаў. Гэтая ж лічба адлюстроўваецца і па стане на 8 лютага 2023 года. А 5 снежня 2022 года, міністр аховы здароўя Дз. Піневічзаявіў, што “колькасць хворых з COVID-19 не перавышае 3% ад пікавых лічбаў асенне-зімовага максімуму перыяду 2021-2022 года”. І больш ніякіх лічбаў, тым больш абсалютных.
Матэматычныя мадэлі з улікам 3% ад “пікавых лічбаў”, пра якія казаў Піневіч, даюць прырост хворых за перыяд з 5 ліпеня 2022 па 8 лютага 2023 года ад 8 720 да 17 794 хворых. Гэта азначае, што агульная лічба хворых можа скласці на сённышні момант ад 1 002 757 да 1 011 831 хворых.
Любая мадэль можа моцна адрознівацца ад рэальных лічбаў або ў адзін, або ў другі бок, тым больш пры недахопе ведаў пра апошнія трэнды.
Мапа Магілёва 1812 года захоўваецца ў картаграфічнай калекцыі Staatsbibliothek zu Berlin – Берлінскай дзяржаўнай бібліятэкі. Раней доступ да выявы мелі толькі даследчыкі і адмыслоўцы, цяпер жа выява размешчаная ў вольным доступе.
Мапа ўяўляе сабой план цэнтральнай часткі горада і ўмацаванняў, са схематычным указаннем асноўных вуліц. Звяртае на сябе ўвагу дэталізацыя менавіта ўмацаванняў Магілёва – акрамя тэрыторыі былога замка, які ўжо не існаваў амаль стагоддзе на той час, абазначаныя некалькі рэдутаў. Таксама выразна выдзеленыя лініі гарадскіх сцен, дакладна ўказаныя гарадскія брамы.
На плане горада ёсць чарнільныя надпісы на нямецкай мове, а рэчка Дубравенка падпісаная кірыліцай. У верхнім правым куце прастаўлена дата складання плана – 6 верасня. Таксама прысутнічаюць подпісы алоўкам, верагодна, пазнейшыя альбо нават сучасныя. Адзін з іх і дае падставу для дакладнай даціроўкі плана – 06.09.1812 года.
Дэталізацыя ўмацаванняў, нямецкая мова тэкстаў падштурхоўваюць да думкі, што аўтарам плана мог быць хтосьці з нямецкіх жаўнераў арміі Напалеона падчас знаходжання ў горадзе ў час вайны 1812 года.
Кітайскія навукоўцы бачаць сувязь паміж сейсмічнымі хвалямі на планеце і рухам зямнога ядра. Магчыма, што яно спынялася і пачало круціцца ў іншы бок.
Незвычайны ўзровень глабальнай сейсмічнай актыўнасці зафіксаваны 5-7 лютага 2023 года. За гэтыя дні ў свеце здарылася 892 землятрусы, з іх 10 наймацнейшых – з магнітудай 7,8-5,5 зазначаюць СМІ. Вялікая актыўнасць была і апошнія 2 сутак.
Самае кастрафічнае з самай вялікай інтэнсіўнасцю адбылося ў Турцыі і Сірыі 6 лютага.
Землятрусы магнітудай 4+ зафіксаваны на тэрыторыі Турцыі, Казахстана, Кіпра, Коста-Рыка, Сірыі, Румыніі, Тайваня, Лівіі, Грэцыі, Мексікі, Інданезіі, ЗША, Грузіі, Новай Зеландыі, Лівана, Аргенціны, Францыі, Гаваяў, ЗША, Германіі.
Нядаўна кітайскія навукоўцы шакавалі свет сваім сенсацыйным адкрыццём. Геолаг з Пекінскага ўніверсітэта Сяадун Сонг у 1996 годзе высветліў, што ядро Зямлі круціцца са сваёй хуткасцю – тады яна была вышэй, чым хуткасць кручэння планеты. Вядома ж, наўпрост дабрацца да ядра навукоўцы не могуць, але яны ацэньваюць яго стан праз сейсмічныя хвалі пасля землятрусаў.
Яны распаўсюджваюцца з рознай хуткасцю ў залежнасці ад шчыльнасці і тэмпературы пароды. У даследаванні вывучылі хвалі ад землятрусаў, якія праходзяць праз ядро і фіксуюцца на другім баку планеты. Гэтыя дадзеныя параўналі з дадзенымі ў розныя гады і прыйшлі ў высновы, што ядро запаволілася, амаль спынілася, а таксама магло змяніць кірунак кручэння.
Беларускі мастак. Акадэмік Акадэміі мастацтваў. Заснавальнік жанру акадэмічнага нацюрморта ў беларускім жывапісе.
Скончыў факультэт вольных мастацтваў Полацкага ліцэя (піярскае вучылішча), Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў.
Узнагароджаны шматлікімі медалямі. З 1845 года жыў і працаваў у сваім маёнтку Захарнічы каля Полацка.
Аўтар соцень прац, у тым ліку па замове свайго заступніка – мітрапаліта І. Сямашкі. Майстар партрэта, рэлігійных твораў, але аддаваў перавагу нацюрмортам. Яго стыль нацюрморта меў шмат прыхільнікаў і паслядоўнікаў у Расійскай імперыі.
Памёр 13 студзеня 1885 года і пахаваны на родавх могілках ў Захарнічах. Разам з ім пахаваны жонка, сын Восіп, унучка Алена, праўнучка – украінская мастачка Ядвіга Мацяеўская.
У яго гонар названы мясцовае возера, вуліцы ў Полацку, Мінску, Уле, дзіцячая мастацкая школа ў Наваполацку. У в. Палата працуе музей “Жыццё і творчасць дынастыі Хруцкіх”, у Наваполацку ўстаноўлены помнік. Яго імя ўнесена ў Пералік памятных дат ЮНЕСКА 2010 года.
Фрагмент карціны Хруцкага “Партрэт жонкі з кветкамі і садавінай”, 1838 выкарыстаны ў якасці выяўленчага элемента абаротнага бока купюры ў 1000 беларускіх рублёў 2000 года выпуска.
1837 год. Адбыўся двубой паміж А. Пушкіным і Ж. Дантэсам.
Двубой на пісталетах паміж вялікім рускім паэтам, камер-юнкерам Аляксандрам Пушкіным і паручнікам баронам Жоржам дэ Гекернам (Дантэсам) – адбыўся на ўскраіне Пецярбурга, у раёне Чорнай рэчкі. Справакаваны ананімнымі лістамі з намёкамі на нявернасць жонкі Пушкіна.
Пушкін быў смяротна паранены ў жывот. З месца дуэлі яго прывезлі дадому, на набярэжную Мыйкі, дзе ў пакутах ён пражыў два дні. І, нягледзячы на намаганні ўрачоў, сканаў 10 лютага 1837 года ад перытаніту.
1886 год. Нарадзіўся Васіль Дружчыц.
Беларускі гісторык. Правадзейны член Інбелкульта.
Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Літоўскую духоўную семінарыю, Юр’еўскі (Тартускі) універсітэт.
Выкладаў гісторыю ў Літве, Рэчыцы, Бабруйску, удзельнічаў у рабоце Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску. Працаваў прафесарам кафедры гісторыі Беларусі БДУ, кафедры гісторыі народаў СССР маскоўскага Літаратурнага інстытута, старшынёй камісіі Інбелкульта па гісторыі гарадоў, супрацоўнікам Інстытута гісторыі акадэміі навук. Даследаваў беларускае сярэднявечча, магдэбургскае права на Беларусі, гісторыю кнігадрукавання.
Арыштаваны, 19 снежня 1937 года асуджаны на расстрэл і расстраляны ў ноч на 20 снежня разам з Я. Афанасьевым, І. Валадзько, І. Суртам і іншымі – усяго больш за 200 чалавек)
1889 год. Нарадзіўся Фёдар Турук.
Беларускі гісторык і грамадскі дзеяч. Адзін з заснавальнікаў БДУ.
Скончыў Петраградскія гісторыка-філалагічны і археалагічны інстытуты.
Выкладаў у гімназіях Масквы, Мінска, загадваў аддзелам Белнацкама, беларускім пададдзелам у Наркамаце асветы РСФСР, удзельнічаў ў арганізацыі БДУ, Беларускага навуковага таварыства ў Маскве. Працаваў прафесарам БДУ, Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцяў Захаду ў Маскве, у 1923-1955 гадах – прафесар розных ВНУ Масквы.
Садзейнічаў выхаду ў свет першага зборніка Янкі Купалы на рускай мове (1919).
Аўтар прац па гісторыі Беларусі. У кнізе «Беларускі рух» (1921) гісторыю Беларусі разглядаў з аб’ектывісцкіх пазіцый. Аўтар прадмовы і складальнік «Курса беларусазнаўства» (1918-1920).
Памёр 20 жніўня 1960 года.
1893 год. Нарадзіўся Антон Неманцэвіч.
Каталіцкі святар, беларускі рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, выдавец, педагог, публіцыст. Адзін з ініцыятараў беларускага ўніяцкага руху ў Заходняй Беларусі. Беларускі экзарх.
Душпастырскую дзейнасць з 1915 года веў у Колпіне каля Петраграда, Маскве.
Неаднароза пераследаваўся бальшавікамі за рэлігійную дзейнасць: арыштоўваўся ў 1919, 1921 гадах.
Пасля дэпартацыі ў Польшчу абараніў доктарскую дысертацыю, служыў святаром, выкладаў у якасці прафесара ў розных каталіцкіх установах, займаўся аднаўленнем помніка абарончай архітэктуры – царквы ў Сынкавічах.
Выдаваў, рэдагаваў беларускія ўніяцкія часопісы «Да злучэння», «Злучэнне». З верасня 1939 года з’яўляўся Беларускім экзархам Грэка-Каталіцкай Царквы. Увёў беларускую мову ў царкоўнае справаводства і рэлігійнае жыццё.
4 ліпеня 1942 года арыштаваны гестапа ў сваёй рэзідэнцыі ў Альбярціне і дастаўлены ў вязніцу ў Мінск, дзе і памёр 6 студзеня 1943 года.
Беларуская Грэка-каталіцкая царква намагаецца распачаць працэс беатыфікацыі ў Каталіцкай Царкве айца Антона Неманцэвіча як пакутніка.
1909 год. Загінуў Мечыслаў Карловіч.
Беларускі і польскі кампазітар і дырыжор, вядомы сімфанічнымі кампазіцыямі, альпініст, аматар Татраў, фатограф, публіцыст і журналіст.
Нарадзіўся ў Вішневе (зараз Смаргонскі раён). Жыў, вучыўся і займаўся творчасцю ў Гайдэльбергу, Празе, Дрэздэне, Варшаве, Берліне, Закапанэ.
Аўтар 22 песень і розных аркестравых п’ес, у тым ліку 6 сімфанічных паэм, сімфоній, канцэртаў. Прадстаўнік пост-рамантычнага кірунку.
Яго імя носяць Шчэцінская філармонія, Дзяржаўны комплекс музычнай школы ў Кракаве, Шчэп Гарцэрскі ZHP «Orogen» у Кракаве – Новая Гута і Дзяржаўная музычная школа 1-й і 2-й ступені ў Катавіцах, вуліцы ў Быдгашчы, Гданьску, Шчэціне, Любліне і Закапанэ.
У памяць аб ім ўстаноўлены помнік ў Быдгашчы, каля Паморскай філармоніі.
Загінуў у Татрах пад снежнай лавінай падчас адзіночнай паездкі на горных лыжах, каля падножжа Малы Касцелец. Зараз там стаіць мемарыяльная дошка.
1920 год. Памёр ураджэнец в. Казелле (зараз Краснапольскі раён)Міхаіл Курака.
Металург, заснавальнік школы доменшчыкаў.
Працаваў на металургічных заводах Бранска, Данбаса, Сібіры. Удасканаліў канструкцыю доменных печаў і тэхналогіі працэсаў. На Юзаўскім заводзе (Данецк) стварыў школу доменшчыкаў – «куракінскую акадэмію», з якой выйшлі буйныя інжынеры, прафесары і акадэмікі.
У 1917 годзе пераехаў ў Сібір, на будаўніцтва металургічнага завода ў Кузбасе – пабудаваў першы ў Расіі доменны цэх з поўнай механізацыяй. У Томску напісаў кнігу па канструяванню доменных печаў.
Яго імем названы праспект у Навакузнецку, вуліцы у Данецку, Енакіева, Краматорску, Магнітагорску, Марыупале, Магілёве, Ліпецку, Гурьеўскіметалургічны завод Кемераўскай вобласці. Устаноўлены помнікі ў Енакіева, Краснаполлі, мемарыяльныя дошкі ў Навакузнецку, Магілёве, Краматорску, Данецку.
1921 год. Нарадзіўся Іван Мележ.
Народны пісьменнік Беларусі, Лаўрэат Ленінскай прэміі за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай і Літаратурнай прэмій імя Якуба Коласа. Старшыня Беларускага камітэта абароны Міру.
Аўтар вершаў, 9 зборнікі апавяданняў, шэрагу раманаў пра жыццё Палесся, п’ес. Выйшлі Зборы твораў у 6-ці і ў 10 тамах.
Беларускім тэлебачаннем пастаўлены спектакль «Людзі на балоце», тэлепастаноўкі «Сустрэчы і развітанні» (тэлефільм «Завеі, снежань») і «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»), купалаўскім тэатрам пастаўлены спектаклі «Людзі на балоце», Гомельскім тэатрам – «Подых навальніцы», «Страсці эпохі». Рэжысёрам В. Туравым зняты кінафільмы па яго творах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы».
Яго імем названы Мазырскі драматычны тэатр, цеплаход, вуліцы ў Мінску, Гомелі, Хойніках, Лельчыцах. У Хойніцкім раёне працуе літаратурны музей і ўсталяваны бюст І. Мележа.
Памёр 9 жніўня 1976 года.
1929 год. Нарадзіўся Леанід Лыч.
Беларускі гісторык, публіцыст. Доктар гістарычных навук, прафесар.
Працаваў у Інстытуце гісторыі акадэміі навук, старшынёй Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Беларусі.
Даследваў пытанні сацыяльна-класавых адносін у савецкі час, гісторыю беларускай культуры, моўную палітыку ў Беларусі ў XIX—XX стагоддзях, міжнацыянальныя адносіны.
Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», нязменны сябра Рады аб’яднання.
Суаўтар шэрагу кніг па гісторыі Мінска, Беларусі, культуры Беларусі, аўтар кніг «Беларуская нацыянальная ідэя: тэарэтычны і практычны аспекты», «Нацыянальна культурнае жыццё Беларусі на тэрыторыі функцыянавання нямецкага акупацыйнага рэжыму (чэрвень 1941 ― ліпень 1944 г.)», «Краязнаўства ў кантэксце сучаснага нацыянальна-культурнага жыцця Беларусі» «Беларусы на мяжы нацыянальнай катастрофы», манаграфій, сярод якіх «Беларуская нацыя і мова», «Назвы зямлі беларускай».
Памёр 17 студзеня 2021 года.
1938 год. Расстраляны НКУС Мікалай Гуткоўскі.
Беларуск юрыст, публіцыст. Брат графіка Паўла Гуткоўскага.
Скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта.
Удзельнічаў у стварэнні беларускіх арганізацый у Адэсе.
З 1921 года працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Інбелкульце, у БДУ, у Пастаянным прадстаўніцтве БССР пры ўрадзе СССР, у СНК БССР. У 1934-1937 гадах працаваў загадчыкам Фундамэнтальнай бібліятэкі БДУ, бібліятэкі Маскоўскага інжынерна-эканамічнага інстытута.
Даследаваў крыніцы заканадаўства БССР, функцыянаванне цэнтральных органаў улады. Удзельнічаў у распрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі. Аўтар успамінаў і артыкулаў па гісторыі беларускай культуры.
Арыштоўваўся ДПУ у 1930, 1937 гадах. Расстраляны ў Маскве на палігоне «Камунарка».
1947 год. Нарадзіўся Міхась Кенька.
Беларускі літаратуразнавец, перакладчык. Кандыдат філалагічных навук.
Закончыў Магілёўскі педагагічны інстытут. Працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы акадэміі навук,у выдавецтве «Юнацтва», дацэнт кафедры беларускай літаратуры БДУ.
Даследуе сучасную беларускую прозу і паэзію, тэорыю і практыку мастацкіх перакладаў, творчасць беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кніг «Майстэрства Аркадзя Куляшова – перакладчыка», «Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці».
Пераклаў з польскай мовы раман «Крыжакі» Г. Сянкевіча, апавяданні С. Гродзенскай, аповесці Ю. Крашэўскага, з чэшскай – «Клапзубава каманда» Э. Баса, апавяданні І. Кліма і іншых.
Сёння адбылося масавае адключэнне карыстальнікаў ад расійскай сацыяльнай сеткі ВКонтакте, паведамляюць нашы чытачы і шматлікія рэсурсы.
Гэта другі запар збой, пасля аналагічных праблем з сервісамі расійскай платформы Яндэкс, што адбыўся ўчора.
– Карыстальнікі ў некаторых рэгіёнах могуць адчуваць кароткатэрміновыя цяжкасці з загрузкай сацыяльнай сеткі. Цяпер мы завяршаем працы па аднаўленні доступу ў поўным аб’ёме. – пракаментавалі ў кампаніі.