Фермер з-пад Кіраўска за бясцэнак аддае памідоры, жадаючых – процьма

Фермер з вёскі Пархімкавічы Кіраўскага раёна запрасіў купляць у яго памідоры па 1 рублі за кілаграм пры ўмове самазбору. У жадаючых недахопу не было.

Відэа ў TikTok са сваёй прапановай фермер Міхаіл Міхайлюк выклаў каля тыдня таму. Такую нізкую цану ён патлумачыў не толькі самазборам з поля, але і тым, што памідоры па большай частцы зялёныя і бурыя, што называецца «не кандыцыя», ды і ўвогуле, калі іх не збяруць, то таматы проста прападуць, калі ўдараць маразы.

Праз пару дзён у новым відэа ён паказаў памідорнае поле з не менш чым дзясяткам згорбленых людзей, якія збіралі для сябе таматы. “Як вы думаеце, Тыкток працуе?” – задаецца пытаннем фермер.

Ён распавёў выданню Мagilev.by, што за некалькі дзён людзі ўжо купілі каля двух тон памідораў. “З таматам такім можна што заўгодна зрабіць. Людзі бяруць яго на аджыку, на леча, зялёныя, у асноўным, на закваску. На сённяшні дзень (6 лістапада) засталося каля 300 кілаграмаў” – адзначыў фермер.

Пархімкавічы

Паводле яго, у краме памідоры цяпер па 7-8, і нават па 11 рублёў за кіло. “На кірмашы ў Бабруйску мы нядаўна прадавалі па 3-3,50, тамат якасны з цяпліц прапануюць па 8 рублёў. Да таго ж людзі самі выбіраюць тое, што ім падабаецца, прынамсі ў першых пакупнікоў быў добры выбар” – сцвярджае гаспадар.

Нагадаем, што ў верасні ў Краснаполлі мясцовая сям’я вырашыла аддаць выгадаваную бульбу дарма любому, хто прыбярэ яе сваімі сіламі. Жадаюць доўга чакаць не прыйшлося.

Скрыншот з Тыктока mihail_mihauluk

Селекцыянеры ў Беларусі вывелі сенсацыйныя гатункі памідароў і бульбы

Спецыялісты сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках вывелі новы звышураджайны гатунак таматаў, а навукоўцы з Інстытута бульбаводства стварылі бульбу з ружовай і бэзавай мякаццю.

Новы гатунак памідораў пад назвай “Дывідэнд” спецыялісты ўжо называюць сенсацыйным – ён расце не ў парніку, а ў адкрытым грунце і не баіцца галоўнага ворага памідораў, фітафторы. Яшчэ адна яго перавага – высокая ўраджайнасць. З трох раслін можна будзе сабраць 12-13 кг – паўтара вядра.

Адна семечка новага віда тамата каштуе адзін еўра.

Над новымі гатункамі бульбы працуе ў Беларусі цэлы інстытут. Да канца 2023 года дзяржаўны рэестр папоўняць гатункі пад назвамі “Сапфір” і “Лекар”. У іх клубні з ружовай і бэзавай мякаццю. У абодвух гатунках адзначаецца павышанае ўтрыманне антыаксідантаў – больш за 2 тыс. адзінак, калі ў звычайнай бульбе іх 500-800 – паведамляе інфармацыйны партал “Мір-24”.

Яшчэ беларускія вучоныя распрацавалі новы сорт бульбы, які прыдатны для прыгатавання бульбы-фры ў прамысловых аб’ёмах.

Фота: “Мір-24”

Першыя свае гуркі на Магілёўшчыне чакаюцца ўжо напрыканцы лютага

Кіраўскае сельгаспрадпрыемства “Рассвет імя К. Арлоўскага” ўжо высадзіў першыя ў гэтым сезоне таматы і гуркі ў сваіх цяпліцах. Найбольш раннім чакаецца ўраджай гуркоў, якія павінны паявіцца ў фірменных крамах прадпрыемства ўжо ў канцы лютага. Збор ураджаю таматаў запланаваны на красавік.

Сёлета ў цяпліцах аграпрадпрыемствы высадзілі таматы на плошчы ў 3 гектары. На 2,5 га размясціліся таматы слівападобныя “Рамінда F1”, яшчэ 0,5 га займаюць таматы гатунку “Ксантэра F1”. Таксама ў цяпліцах высадзілі расаду агуркоў плошчай 4 га. Тут на 2 га размясціліся сярэднеплодны гатунак “Яні F1”, 1,2 га займае кароткаплодны гатунак “Б’ерн F1”. Яшчэ 0,8 га займае гатунак “Антысіпатар” – паведамляе БелТА.

Фота: БелТА