Крычаўская цацка-свістулька ўключана ў Дзяржаўны спіс каштоўнасцей Беларусі

Пастановай Міністэрства культуры статус гісторыка-культурнай каштоўнасці быў нададзены тэхналогіі вырабу і традыцыйным вобразам гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя ў Крычаве і Магілёве. Гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны цяпер уключаны ў Дзяржаўны спіс каштоўнасцей Беларусі.

Яшчэ напрыканцы 2022 года на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Міністэрстве культуры, было прынята рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка гісторыка-культурнай каштоўнасці тэхналогіі вырабу і традыцыйным вобразам гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя.

Як адзначае гісторык і археолаг Андрэй Мяцельскі, толькі на Крычаўшчыне выраблялася цацка-свістулька “Крычаўскі конь”. Гэта архаічны выраб, які складаецца з галавы каня і тулава качкі (яе яшчэ называюць “качка-конь”), што з’яўляецца брэндам Крычава і сімвалам рэгіянальнага фестывалю “Крычаўскі канёк”.  Дарэчы, доўгі час адраджэннем падняпроўскай цацкі і вывучэннем традыцыі вырабу займаўся народны майстар Беларусі і кіраўнік студыі “Свістулька” Вячаслаў Якавенка.

На цяперашні час старадаўную народную традыцыю спасцігаюць удзельнікі студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Свістулька” з Крычава і аб’яднання па інтарэсах магілёўскай школы № 44 “Чароўная гліна”. Яны вучацца не толькі правільна выляпляць з гліны цацкі-свістулькі, але і свістаць у іх. 

Нагадаем, што на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ўсяго 17 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Фота з адкрытых крыніц