пачынаецца кампанія абавязковай перарэгістрацыі ўсіх аграэкасядзіб

У Магілёўскай вобласці пачынаецца кампанія абавязковай перарэгістрацыі ўсіх аграэкасядзіб

Цяпер, каб працягваць сваю дзейнасць надалей, уласнікі аграэкасядзібаў павінны да 1 ліпеня 2023 года прайсці працэдуру складанай перарэгістрацыі і атрымаць адпаведны дазвол. 

Пасля ўступлення ў сілу ў 2023 годзе ўказа “Аб развіцці аграэкатурызму” паведамляльны прынцып праходжання рэгістрацыі сядзіб змяніўся на дазвольны.

Фармальна ўказ № 351 ад 4 кастрычніка 2022 года “Аб развіцці аграэкатурызму”, як раней паведамлялі mogilev.media, скіраваны на ўдасканаленне рэгулявання дзейнасці ў гэтай сферы, павышэнне якасці паслугаў, выключэнне магчымасці вядзення гасцінічнага ці рэстараннага бізнесу, абарону правоў грамадзян, якія жывуць па суседстве з сядзібамі.

Ёсць абавязковыя ўмовы, якія павінны быць выкананы ў сукупнасці: наяўнасць жылога дома з не больш чым 10 пакоямі, зямельнага ўчастка, ажыццяўленне дзейнасці па вядзенні асабістай дапаможнай гаспадаркі ці вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, наяўнасць магчымасцяў для азнаямлення аграэкатурыстаў з прыроднымі, сельскагаспадарчымі, архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі мясцовасці. 

Пашыраны спіс паслугаў, якія аказваюцца аграэкатурыстам. Напрыклад, туды ўключана правядзенне майстар-класаў па рамеснай і гаспадарчай дзейнасці. Таксама з’явілася патрабаванне, што такіх паслуг павінна быць не менш за дзве.

Сярод новых прапісаных указам абмежаванняў – адказнасць гаспадароў аграэкасядзібаў за грамадскі парадак на іх тэрыторыях, а таксама забарона праводзіць масавыя шумныя ўрачыстасці непасрэдна ля суседніх участкаў без узгаднення з суседзямі.

Ёсць дзясяткі нюансаў, якія тычацца падаткаабкладання, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, пажарнай бяспекі, грамадскага парадку.

Паколькі з 2023 года паведамляльны прынцып праходжання рэгістрацыі змяніўся на дазвольны, а гэта ўжо адміністрацыйная працэдура, то ва ўсіх раёнах ствараюцца камісіі па ажыццяўленні комплекснай ацэнкі 200-от аграэкасядзібаў, што ёсць у магілёўскіх вёсках. 

У склад камісій, як правіла, уваходзяць прадстаўнікі сектара спорту і турызму райвыканкама, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзела ўнутраных спраў, гігіеністы і эпідэміёлогі, спецыялісты раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, аддела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, старшыні адпаведных сельскіх выканкамаў. 

Чыноўнікі атрымалі яшчэ адзін рычаг уплыву, а залежнасць гаспадароў аграсядзібаў ад мясцовай улады ўзмацнілася.