Ноччу тэрыторыя Украіны падверглася ўдару беспілотнымі дронамі-камікадзэ. Чатыры БПЛА тыпу “Shahed” атакавалі Адэскую вобласць, тры з іх былі збітыя – паведаляе агенцтва Unian. Таксама трывога ракетнага ўдару абвяшчалася ў цэнтральнай Украіне.
Падчас паветранай трывогі ў Кіеве адбыўся выбух у 16-павярховіку ў Дняпроўскім раёне. У выніку былі разбураныя чатыры кватэры. Папярэдняя версія – выбух газу. Аднак, у асобных Тэлеграм-каналах пераказваліся меркаванні жыхароў дома, якія нібыта чулі гукі прылётаў ракет.
Паводле інфармацыі на раніцу 22 чэрвеня, два чалавекі ў выніку выбуху загінулі, пацярпелі чатыры чалавекі – піша Unian.
Праблема з прыступкамі гандлёвага аб’екта у Камсамольскім мікрараёне, з’яўляецца ўжо не першы раз. Іх жудасны выгляд не здзіўляе крычаўлянаў, бо ў такім стане яны ўжо не першы месяц.
Друхпавярховы будынак з вялікай колькасцю крамаў – “Міла”, “Дабраном”, пункт выдачы “Вайлдберыз” і іншыя – размешчаны ў цэнтры горада і карыстаецца сярод крычаўлянаў вялікай папулярнасцю. Магчыма, менавіта з-за гэтага ганак будынка так хутка прыходзіць у непрыдатнасць.
Летась прыступкі ўжо рамантаваліся адпаведнымі службамі, але доўга прыгажосць не пратрымалася. Праз год прыступкі зноў апынуліся ў жудасным стане, а выпраўляць іх стан ніхто не спяшаецца – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.
Праблема тут заключаецца не толькі ў эстэтычным выглядзе цэнтра горада, але і ў бяспецы насельніцтва. У вячэрні час гэты гандлёвы цэнтр наведвае нямалая колькасць людзей, пагэтаму варта чакаць бяды, калі не выправіць будаўнічы недахоп своечасова і якасна.
Дзень памяці і смутку. Дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
22 чэрвеня 1941 года – адна з самых маркотных дат у гісторыі Беларусі – пачатак Вялікай Айчыннай вайны.
На досвітку 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія без аб’яўлення вайны напала на Савецкі Саюз. Супраць СССР выступілі Румынія, Італія, а праз некалькі дзён Венгрыя, Славакія і Фінляндыя. Цяжкая кровапралітная вайна доўжылася 1418 дзён і начэй, завяршылася 9 мая 1945 года.
Агульныя людскія страты СССР у ходзе вайны склалі 26,6 мільёнаў чалавек (з 61 мільёна ахвяр Другой Сусветнай вайны).
Сярод 34,4 мільёна савецкіх воінаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на франтах, звыш 1,3 мільёна – беларусы і ўраджэнцы Беларусі. На нашай зямлі вайна цягнулася 3 гады, 1 месяц і 6 дзён – з 22 чэрвеня 1941 да 28 ліпеня 1944 года.
На беларускай зямлі нямецкія захопнікі спалілі, разбурылі і разрабавалі 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў, 10 961 (раней лічылася 9 200) вёсак, знішчана 10 000 калгасаў, 1 200 000 сельскіх будынкаў. На тэрыторыі БССР забіта 2 219 316 чалавек грамадзянскага насельніцтва і ваеннапалонных, але з улікам ўскосных страт за гады вайны загінула ад 2,5 да 3,0 мільёнаў жыхароў Беларусі – кожны трэці.
Штогод у гэты дзень а 12:00 адбываецца нацыянальная хвіліна маўчання.
1633 год. Адрачэнне Галілеа Галілея ад сваіх поглядаў.
Гэта адбылося ў дамініканскім манастыры святой Мінервы. Галілей на каленях адрокся ад сваіх поглядаў на тым самым месцы, дзе Джардана Бруна выслухаў смяротны прысуд.
На наступны дзень Папа Рымскі ў парадку памілавання замяніў Галілею зняволенне ў турме інквізіцыі выгнаннем, і той мог вярнуцца на вілу Медычы. Там ён павінен быў жыць у строгай адзіноце.
1706 год. У Магілёў з Оршы прыбыў рускі цар Пётр І.
Яго, як кіраўніка саюзнай дзяржавы ў вайне са Швецыяй пышна сустрэлі члены гарадскога магістрату, рускія ваенаначальнікі, якія знаходзіліся з войскамі пад Магілёвам з сакавіка 1706 года.
Крыху пазней у Магілёўскі замак прывязлі паланянку – служанку марыенбургскага пастара Марыю Скаўронскую (пазней стала жонкай Пятра, імператрыцай Кацярынай І).
Літаральна праз два тыдні пасля гэтай падзеі горад быў заняты войскамі Карла XII.
У Магілёве няма помнікаў Пятру І, а вось у Горках, у гонар наведвання яго Пятром у 1706 годзе, 26 чэрвеня 2019 года памятную шыльду ўстанавілі.
Рускі цар наведаў Магілёў амаль праз год пасля таго, як Еўропа ўздрыганулася ад бессэнсоўнай жорсткасці каранаванай асобы: 11 ліпеня 1705 года ў полацкім Сафійскім саборы Пётр разам з світай забіў 5 манахаў-базыльянаў.
1888 год. Нарадзіўся Аляксандр Цвікевіч (1888-1937).
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, юрыст, філосаф, публіцыст, аўтар прац «Кароткі нарыс узнікнення БНР», «Западна-русізм».
Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады, міністр замежных спраў БНР, кіраўнік ураду БНР (1923-1925).
Працаваў вучоным сакратаром Інбелкульта, у Інстытуце гісторыі акадэміі навук. Арыштоўваўся ў 1930, 1937 гадах.
Расстраляны НКУС 30 снежня 1937 года.
1898 год. Нарадзіўся Браніслаў Туронак (1896-1938).
Беларускі грамадскі дзеяч, доктар лекарскіх навук, папулярызатар аховы здароўя. Бацька Ю. Туронка (1929-2019), беларускага гісторыка, аўтара кнігі «Беларусь пад нямецкай акупацыяй».
Арганізатар беларускіх школ на Дзісеншчыне, сустваральнік Беларускага сялянскага саюза, папулярызатар аховы здароўя, аўтар кнігі «Гігіена ўзгадавання дзіцяці».
Уваходзіў ва ўправу, быў старшынём управы Віленскага аддзела Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.
Памёр 19 верасня 1938 года.
1889 год. Германія стала першай краінай у свеце, якая ўвяла пенсіі па ўзросту.
Сучасная сярэдняя пенсія ў Германіі каля 782 еўра.
У СССР толькі ў 1930 года было прынята «Палажэнне аб пенсіях…», у 1932 годзе быў устаноўлены ўзрост выхада на пенсію: 55 гадоў для жанчын і 60 – для мужчын.
Час выхада на пенсію па ўзросту ў Беларусі – 58 гадоў для жанчын і 63 для мужчын.
Абавязковай умовай для атрымання пенсіі па ўзросту з’яўляецца наяўнасць страхавога стажа.
Кожны чацвёрты жыхар Беларусі – пенсіянер. Як гаворыцца на сайце Мінпрацы і сацабароны, на сёння ў краіне атрымальнікамі працоўных пенсій з’яўляюцца 2,3 мільёна чалавек. Сярэдняя працоўная пенсія па ўзросце ў краіне 705 рублёў (235 долараў), яна на ўзроўні 40% сярэдняга заробку ў эканоміцы.
Вялікія пенсіі маюць пенсіянеры Кувейта – 3000, Даніі – 2900, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў – 2800, Японіі – 2700, Фінляндыі – 2000, Аўстрыі – 1700, Ізраіля, Нідэрландаў, Францыі – 1600, ЗША, Канады – больш за 1500 долараў ЗША.
1941 год. Пачатак гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці.
Мужная барацьба 3 500 абаронцаў крэпасці скавала буйныя сілы гітлераўскіх захопнікаў. Арганізатарамі і кіраўнікамі абароны былі капітан І. Зубачоў, палкавы камісар Я. Фамін, маёр П. Гаўрылаў, лейтэнант А. Кіжаватаў.
Па разліках гітлераўцаў, крэпасць павінна была быць узятая да 12:00 22 чэрвеня, але супраціў асобных груп абаронцаў цягнуўся да 20 ліпеня.
Апошні надпіс абаронцаў на крэпасных сценах выдрапаны менавіта: “Паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма”.
8 мая 1965 года Брэсцкай крэпасці было прысвоена ганаровае званне “Крэпасць-Герой”. У 1971 годзе тут з’явіўся мемарыял: гіганцкія скульптуры “Мужнасць” і “Смага”, пантэон славы, плошча Цырыманіялаў, закансерваваныя руіны і адноўленыя казармы крэпасці.
1943 год. Выбух у Мінскім беларускім тэатры арганізаваны савецкімі партызанамі.
Ён адбыўся падчас цырымоніі заснавання Саюза беларускай моладзі. Міна, устаноўленая пад сцэнай, мусіла ўзарвацца ў той час, калі ў тэатры знаходзіўся гаўляйтар В. Кубэ. Але выбух прагучаў пазней, у час спектакля паводле камедыі «Пан міністар» Ф. Аляхновіча, на якім гаўляйтар ужо не прысутнічаў.
У час выбуху на сцэне быў артыст Б. Уладамірскі. Яго выбуховай хваляй шпурнула праз усю сцэну, але ён застаўся цэлы. Некаторых ўдзельнікаў спектакля выбуховай хваляй выкінула вонкі праз дзверы.
Загінулі некалькі сяброў Саюза беларускай моладзі, у тым ліку А. Братко, Я. Кушаль – сын паэтэсы Н. Арсенневай і Ф. Кушаля, К. Мокат, Т. Насеннік, М. Негіна, М. Сабалеўская, Л. Слаўнін і трое неапазнаных асоб, усяго 13 чалавек. Некалькі дзесяткаў былі цяжка параненыя. Паводле савецкіх крыніц было звыш 30 забітых і 100 параненых, таксама паведамлялася, што забіта 70 і паранена 110 нямецкіх салдат і афіцэраў.
Пасля рамонту тэатр зноў адкрыўся 2 красавіка 1944 года.
1999 год. Фаніпаль атрымаў статус горада.
18-тысячны горад у Дзяржынскім раёне, вядомы з 1856 года як вёска. Па паданнях, назва ад імёнаў дачок пана Багдашэўскага – Фані і Полі.
Вядомы сваімі птушкафабрыкай «Агракамбінат Дзяржынскі» і вырабам адна- і двухпавярховых электрацягнікоў і цягнікоў для метро «Штадлер-Мінск».
1913 год. Нарадзіўся Аляксандр Авечкін (1913-1980).
Ваенны лётчык, дзіцячы пісьменнік, журналіст.
Працаваў уласным карэспандэнтам газеты “Калгасная праўда”, загадчыкам аддзела брэсцкай абласной газеты “Зара”, старшым рэдактарам брэсцкай абласной студыі тэлебачання.
Аўтар шматлікіх аповесцяў для дзяцей, зборнікаў прозы.
А. Авечкін у цэнтры.
1976 год. Нарадзіўся Андрэй Жук (1976-2019).
Французскі вайсковец, ураджэнец Беларусі.
Кавалер ордэна Ганаровага Легіёна, удзельнік міжнародных антытэрарыстычных аперацый ў Афганістане, Гвіяне, Малі.
Загінуў у 25 лістапада 2019 года ў Малі.
Памятная цырымонія ў 2-м замежным інжынерным палку ў Сен-Крыстолі, дзе служыў А. Жук, адбылася 6 снежня, у дзень Св. Варвары (нябёснай заступніцы сапёраў), з удзелам камандзіра 27 брыгады генерала Пьера-Жозэфа Гіўрэ.
27 снежня 2019 года ўрну з прахам даставілі на радзіму ў Баранавічы. Пахаваны на баранавіцкіх могілках Русіно.
2003 год. Памёр Васіль Быкаў (1924-2003).
Народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыялістычнай працы.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, Ленінскай прэміі.
Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.
Адзін з заснавальнікаў БНФ. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Народны дэпутат СССР.
Большасць твораў – аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.
Па яго творах пастаўлены каля 20 кінафільмаў, у тым ліку «Альпійская балада», на беларускай мове з ўсіх экранізацый зняты толькі два фільмы — «На чорных лядах» і «Народныя мсціўцы».
Многія яго аповесці інсцэніраваны тэатрамі СССР, па іх створаны балет, сюіта, опера.
Працуюць мемарыяльны Музей-сядзіба В. Быкава ў в. Бычкі Ушацкага раёна і Музей-дача ў Ждановічах, пастаўлены помнік ва Ушачах.
У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Гродне, Лельчыцах, Ждановічах, Смалявічах, Фаніпалі.
У Віцебску, Мінску, ва ўкраінскай вёсцы Вялікая Севярынка ўсталяваны мемарыяльныя дошкі, ва Ушачах – помнік.
У літоўскай Клайпедзе працуе адзіны ў краіне рэгулярны экалагічны маршрут па ўнутраных водах – паведамляе atviraklaipeda.lt.
Два водныя аўтобусы пачалі курсіраваць у тэставым рэжыме з 16 чэрвеня па рацэ Данге, па маршруце Стары горад – мост Таўралаўкіа, хаця спачатку планавалася даць старт 15 мая. Маршрут пакуль працуе ў тэставым рэжыме.
Пра планы запусціць водны гарадскі транспарт у Клайпедзе 10 красавіка 2023 пісалі mogilev.media.
Пішам пра гарады-пабрацімы Магілёва і гарадоў Магілёўскай вобласці, каб нягледзячы на смугу прапаганды зразумець рэальнае развіццё блізкіх грамадстваў праз іх роднасныя адносіны з нашым рэгіёнам.
Водныя аўтобусы эксплуатуе муніцыпальнае прадпрыемства «Клайпедас паслаўгос» – былы Клайпедскі аўтобусны парк.
Паездка па рацэ прывабная тым, што можна ўбачыць горад з ракі. Гэта дае магчымасць мець зносіны з прыродай гараджанам і гасцям, з’яўляецца альтэрнатывай іншым відам гарадскога транспарту, цікавосткай для турыстаў.
Водны аўтобус умяшчае 10 чалавек, прадугледжана адно месца для інваліднага вазка. Кошт разавага білета – 3 еўра, дзейнічаюць і льготы. З Картай клайпедчаніна праезд – 2 еўра 40 цэнтаў.
Аплачваць паездкі можна электронным квітком, бескантактнай банкаўскай картай і іншымі электроннымі спосабамі, але не наяўнымі.
Паездка ў адзін бок займае 1 гадзіну 20 хвілін. Усяго на маршруце 6 прыпынкаў: «Стары горад», «Мост Ліепу», «Данэс зляняй», «Сянваге», «Батанікас содас» і «Мост Таўраўлаўкіа». Водныя аўтобусы курсіруюць па 8 разоў на дзень.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго, ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды – Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
Заведзена крымінальная справа ў дачыненні да загадчыцы аграрнага прадпрыемства, якую абвінавацілі ў фальшывых запісах у афіцыйныя дакументы.
Падчас следства вырашана, што абвінавачаная ўтойвала падзёж 39 галоў буйной рагатай жывёлы і птушак. У судовым паседжанні абвінавачаная прызнала віну і раскаялася ў здзейсненым – паведамляе генеральная пракуратура.
У выніку абвінавачанай назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займаць кіруючыя пасады на тэрмін у два гады.
Тыдзень таму mogilev.media са спасылкай на раённую газету “Крычаўскае жыццё” друкавалі матэрыял пра дарогу паміж дамамі 13 і 20 па вуліцы Мікрараён Камсамольскі, дзе па шырыні ўсяго асфальтавага палатна лакалізавалася шырокая выбоіна з ямамі, што пагражала мясцовым аўтамабілістам праблемамі.
Больш за тое, на вузкай дарозе заўсёды ўтваралася вымушаная пробка, калі кіроўцы сустрэчных напрамкаў руху прапускалі адзін аднаго, каб кожны мог пераадолець гэты ўчастак з мінімальнымі наступствамі для свайго аўто.
Як паведамляе газета “Крычаўскае жыццё”, праблема на цяперашні момант на гэтым участку дарожнага палатна вырашана. Гараджане, несумненна, гэтаму факту рады, бо ў бліжэйшы час на дарозе больш не будзе затору і можна ехаць не баючыся пашкодзіць уласную машыну.
Пачынаючы з сённяшняга дня і па 30 чэрвеня з раніцы і да вечара ў працоўныя дні на падрыўной пляцоўцы палігона “Асіповіцкі” ваеннай часткі №12147 будуць праводзіцца планавыя падрыўныя работы.
За гадзіну да пачатку падрыву тут будзе паднімацца чырвоны сцяг і выстаўляецца ачапленне. За 10 хвілін да пачатку будуць гучаць гукавы сігнал аўтамабіля або ўдары ў гільзу працягласцю 2-3 хвіліны.
У гэты час катэгарычна забараняецца з’яўленне людзей, праезд тэхнікі, выпас жывёлы і вытворчасць сельскагаспадарчых работ на тэрыторыі палігона радыусам не менш як 2 кіламетры – перадае “Асіповіцкі край”.
У сувязі з вострым недахопам вадзіцельскага саставу, а таксама з прычыны сыходу вялікай колькасці кіроўцаў на бальнічны, сёння 21 чэрвеня ў горадзе не будуць выконвацца ажно дзясяткі рэйсаў – піша “Камерцыйны кур’ер”.
Цела 50-гадовага пастуха было знойдзена ў старожцы – паведамляе прэс-служба МНС.
Пажар вартоўні адбыўся апоўначы з 20 на 21 чэрвеня. Загарэлася старожка на полі каля прадпрыемства “Прымежны-Агра” ў аграгарадку Звянчатка Клімавіцкага раёна. Ратавальнікі знайшлі на месцы трагедыі 50-гадовага мясцовага жыхара, які працаваў пастухом і даглядаў статак цялят на летнім выпасе. Прычына пажару высвятляецца, але гледзячы па публікацыі навіны на сайце МНС, супалі такія частыя фактары, як алкаголь і неасцярожнасць з агнём.
Спецыялісты сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках вывелі новы звышураджайны гатунак таматаў, а навукоўцы з Інстытута бульбаводства стварылі бульбу з ружовай і бэзавай мякаццю.
Новы гатунак памідораў пад назвай “Дывідэнд” спецыялісты ўжо называюць сенсацыйным – ён расце не ў парніку, а ў адкрытым грунце і не баіцца галоўнага ворага памідораў, фітафторы. Яшчэ адна яго перавага – высокая ўраджайнасць. З трох раслін можна будзе сабраць 12-13 кг – паўтара вядра.
Адна семечка новага віда тамата каштуе адзін еўра.
Над новымі гатункамі бульбы працуе ў Беларусі цэлы інстытут. Да канца 2023 года дзяржаўны рэестр папоўняць гатункі пад назвамі “Сапфір” і “Лекар”. У іх клубні з ружовай і бэзавай мякаццю. У абодвух гатунках адзначаецца павышанае ўтрыманне антыаксідантаў – больш за 2 тыс. адзінак, калі ў звычайнай бульбе іх 500-800 – паведамляе інфармацыйны партал “Мір-24”.
Яшчэ беларускія вучоныя распрацавалі новы сорт бульбы, які прыдатны для прыгатавання бульбы-фры ў прамысловых аб’ёмах.