У Магілёўскім раёне 18 чалавек кантактавалі з шалёным сабакам, яшчэ двух ён пакусаў

У пачатку верасня магілёўскія эпідэміёлагі зафіксавалі выпадак кантакту людзей з хворым на шаленства хатнім сабакам, што не быў прывіты. У Магілёўскім раёне два чалавекі пацярпелі ад яго ўкусаў, а яшчэ 18 чалавек мелі з ім кантакт – гладзілі, лашчылі і кармілі, паведамляе прэс-служба абласнога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Усе пацярпелыя былі шпіталізаваны, зараз ім праводзіцца курс антырабічных прышчэпак супраць шаленства. У сярэдзіне жніўня ў населеным пункце была заўважаная ліса, пазней побач з населеным пунктам быў знойдзе труп лісы, хворай на шаленства.

Фота ілюстрацыйнае

“Не памніце мне грыбы” – у начным тумане выратавалі быхаўскага грыбніка

Познім вечарам 27 верасня ў выратавальную службу Быхава звярнулася жыхарка вёскі Цешым’е. Яе 82-гадовы муж адправіўся па грыбы яшчэ ў 15.00, але заблукаў у лесе. Першым часам муж адзваньваўся па мабільным тэлефоне, але потым тэлефон стаў недасягальным. Сітуацыю ўскладніў моцны туман, які ўпаў на вечаровы лес.

Супрацоўнік выратавальнай службы Быхаўскага раёна распавёў пра пошукі прэс-службе МНС.

“Жонка нам прыкладна апісала квадрат пошукаў. Сітуацыя пагаршалася шчыльным туманам. Рухаючыся на аўтамабілі, мы падавалі сігнал у гучнагаварыцель. І пошукі далі свае станоўчыя вынікі: грыбнік выйшаў з ляснога гушчару на гук. Дзядуля не пацярпеў і перш за ўсё папрасіў: «Не высыпце і не памніце мне грыбы».

Фота: МНС

Асіповіцкая пенсіянерка, якую выратавалі на пажары, памерла ад апёкаў

Учора mogilev.media паведамлялі пра выратаванне пенсіянеркі на пажары ў Асіповічах. Суседка Таццяна Самахвалава пабачыла дым на верандзе і выцягнула з полымя жанчыну 1939 года нараджэння. Сёння стала вядома, што пацярпелая атрымала апёкі 70% цела. Больш за суткі за яе жыццё змагаліся медыкі, але выратаваць жанчыну не ўдалося – піша прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Асудзілі Алега Сарнацкага, магілёўскага фігуранта “справы артапедаў-траўматолагаў”

Магілёўскія фігуранты “справы артапедаў-траўматолагаў” – былы загадчык артапедычнага аддзялення Магілёўскай бальніцы №1 (Лаўсанаўскай) Алег Сарнацкі і былы загадчык траўматалагічнага аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы Алег Абелевіч былі арыштаваныя разам з 35-цю іншымі медыкамі-траўматолагамі па ўсёй краіне ў 2022 годзе. Пазней яны былі вызвалены з-пад варты і накіраваны працаваць па спецыяльнасці шараговымі медработнікамі – паведамлялі mogilev.media.

Так, Алег Абелевіч быў накіраваны працаваць шараговым траўматолагам у Магілёўскую гарадскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, а Алег Сарнацкі – на аналагічную пасаду ў Магілёўскую абласную бальніцу.

27 верасня Генеральная пракуратура абвясціла пра прысуд аднаму з іх. Паводле інфармацыі беларускіх СМІ, размова ідзе пра Алега Сарнацкага (на фота), хоць імя абвінавачанага ў матэрыялах пракуратуры не ўказваецца.

Паводле пракуратуры, абвінавачаны з 2018 года да сакавіка 2022-га нібыта сістэматычна атрымліваў грашовыя сродкі ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый, пастаўшчыкоў эндапратэзаў за кожную праведзеную аперацыю па татальным эндапратэзаванні тазасцегнавога або каленнага суставаў з матэрыялаў іх вытворчасці.

За ўвесь час былы загадчык аддзялення нібыта атрымаў узнагароджанне ў памеры 750 даляраў ЗША і звыш 15 тыс. еўра. Паведамляецца, што ў ходзе судовага следства абвінавачаны чыстасардэчна раскаяўся і кампенсаваў у поўным аб’ёме даход, атрыманы незаконным шляхам.

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва вынес абвінаваўчы прысуд, але ў калонію Алега Сарнацкага пакуль не адправяць. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады з адтэрміноўкай яго выканання на 2 гады са штрафам у памеры 600 базавых велічынь (22,2 тыс. рублёў).

Фота: Адміністрацыя Кастрычніцкага раёна г. Магілёва

Што зараз на месцы памятнага крыжа каля магілёўскага мясакамбіната – фота

Працягваем сачыць за тымі зменамі, якія закранулі месца ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Магілёве. Нагадаем, падчас рэканструкцыі праспекта Дзімітрава ў абласным цэнтры, вялікі памятны крыж каля мясакамбіната быў прыбраны. Да таго месца, дзе ён стаяў, праклалі дарожку з тратуарнай пліткі. На месцы самаго крыжа паявілася аснова для наступнай канструкцыі. Паводле інфармацыі mogilev.media, тут будзе ўсталяваны новы крыж.

Вялікі шасціканцовы крыж зараз так і ляжыць на зямлі побач з месцам ушанавання памяці ахвяр.

Верагодна, новы крыж будзе ўсталяваны ў самы бліжэйшы час – рэканструкцыя праспекта Дзімітрава павінна завяршыцца на гэтым тыдні. Афіцыйнай інфармацыі наконт работ на месцы ўшанавання памяці ахвяр пакуль не было.

Фота: mogilev.media

Мілая і трохі бязглуздая. У Семукачах Магілёўскага раёна стварылі этнахатку

У аграгарадку Семукачы Магілёўскага раёна адбылося адкрыццё архітэктурна-этнаграфічнага комплексу “Мая Бацькаўшчына”. Тут была прадстаўлена сапраўдная беларуская сядзіба, з дэталёвым аднаўленнем побыту вясковых жыхароў 1940-х і 1950-х гадоў.

Хату прывезлі з вёскі Смалярня і паставілі ў самым цэнтры Семукач. Унутранае начынне сабралі самі жыхары аграгарадка – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”.

Печ, ложак, выкананы майстрамі мінулага стагоддзя. Стогадовы куфар на драўляных колцах – з Брэсцкай вобласці. Яшчэ ў інтэр’еры – фіранкі з мудрагелістым узорам, студня-журавель, радыёпрымач, абрус, жорны, пернік для мыцця ў рацэ, газа, калаўрот, драўляны плуг.

Мілата экспазіцыі крыху губляецца, калі прыглядаешся да фотаздымку сямейнай пары, якія нібта вядуць тут сваю гаспадарку. Каля бацькоўскага ложка – люлька з немаўляткай, таму варта было б чакаць зусім маладых бацькоў на галоўным (звычайна – шлюбным) фотаздымку ў хаце.

А тут.

Фота: Прыдняпроўская ніва

За гвалт над шасцігадовай затрыманы педафіл

Па гарачых слядах быў затрыманы 66-гадовы жыхар аднаго з раённых цэнтраў Магілёўскай вобласці, які здзейсніў сэксуальны гвалт над 6-гадовай дзяўчынкай. Як паведамляе прэс-служба УУС, пенсіянер пазнаёміўся з дзяўчынкай у гандлёвым цэнтры і прапанаваў праводзіць дадому. Замест гэтага ён завёў малалетнюю ў бязлюднае месца, дзе здзейсніў з ёй гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару.

Дзяўчынка расказала пра гэта сваёй маці, і тая тэрмінова выклікала міліцыю. Праз некалькі гадзін мужчына быў затрыманы.

Фота: УУС, скрыншот

На дзень пажылога чалавека магілёўскія цырульні зробяць зніжкі

Больш за дзясятак магілёўскіх цырульняў зробяць зніжкі для пенсіянераў на дзень пажылога чалавека, што адзначаецца 1 кастрычніка, і ў бліжэйшыя даты. Так, ужо з 29 верасня простая стрыжка для пенсіянераў у цырульні ў гасцініцы “Турыст” будзе каштаваць 5 рублёў. З 1 па 3 кастрычніка цырулні на вуліцы Крывуліна і Каштанавай прапануюць зніжкі ад 10% да 50% за мадэльную стрыжку і на ўсе віды паслуг. Поўны спіс прапановаў па акцыі можна знайсці тут.

Фота ілюстрацыйнае

Ад старой лядоўні ў Бабруйску ўспыхнула кватэра

На шчасце, гаспадароў не было дома. Днём 26 верасня пажар здарыўся ў кватэры на чацвёртым паверсе пяціпавярховіка па вуліцы Крылова ў Бабруйску. Ратавальнікі паспелі загасіць полымя і не далі перакінуцца яму на суседнія кватэры – паведамляе прэс-служба МНС.

Прычынай узгарання стала маразільная камера 2004 года выпуска, тэрмін эксплуатацыі якой даўно мінуў. На момант пажару гаспадары знаходзіліся на лецішчы, таму пацярпелах няма.

Фота: МНС

Кошты завышаліся ў восем разоў – дзяржкантроль накрыў кампанію, пастаўшчыка ў бальніцы і школы

Магілёўская арганізацыя пастаўляла ва ўстановы адукацыі і аховы здароўя садавіну і гародніну па завышаных цэнах – заяўляюць у Камітэце дзяржкантроля. У асобных выпадках аптовая надбаўка перавышала дапушчальную ў 8 разоў.

У прыватнасці, пры пастаўцы цыбулі магілёўскаму цэнтру па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый прымянялася аптовая надбаўка 250 працэнтаў. Пры пастаўцы бульбы адной з раённых бальніц – 280 працэнтаў пры дазволеным узроўні не больш як 30 працэнтаў. Нанесены дзяржаве ўрон склаў больш за 85 тыс. рублёў.

Фота: Дзяржкантроль