З’явілася петыцыя супраць плошчы Георгія Каніскага ў Магілёве

На сайце petitions by з’явілася петыцыя супраць перайменавання плошчы Арджанікідзэ ў плошчу імя Георгія Каніскага.

“Мы выступаем супраць перайменавання плошчы Арджанікідзэ ў Магілёве ў гонар Георгія Каніскага – гаворыцца ў петыцыі. Асоба Каніскага ўжо ўшанавана ў назве суседняй вуліцы Архірэйскі Вал Каніскага. Нядаўна ж пастаўлены помнік свяціцелю знаходзіцца не на плошчы, на вуліцы Карла Маркса. 

Куды больш гэтая назва пасавала б для трапецападобнай плошчы насупраць архіепіскапскага палаца, створанай па прыкладзе плошчы Капітолія ў Рыме, бо палац і комплекс увогуле з’явіўся па заказе Каніскага.

Што тычыцца плошчы Арджанікідзэ, то ўжо не першы раз прапануецца адраджаць у назвах плошчаў і сквераў гістарычную тапаніміку Магілёва. Гэты квартал паміж вуліцамі Болдзіна і Камсамольскай узнік толькі дзякуючы таму, што было знесена другое кола ўмацаванняў горада – Блізкі вал. Прапануем так і назваць плошчу – плошча Блізкі Вал. Для прыкладу ў Мінску ёсць вуліца Гарадскі Вал, а таксама плошча Стары Аэрапорт, якія адлюстроўваюць розныя гістарычныя аб’екты, што сёння ўжо цалкам зніклі з гарадской прасторы.”

Петыцыя была створаная 27 верасня. Збор подпісаў пад ёй будзе праходзіць да 4 кастрычніка.

Фота: mogilev.media

Крык душы ў лесе пад Магілёвам

Забаўную таблічку заўважылі ў лясным масіве каля вёскі Галынец Магілёўскага раёна карыстальнікі соцсетак. 

Фота: Анатоль Прасаловіч

Зніклую дзяўчынку і жанчыну, што яе суправаджала, знайшлі

Валанцёрскі пошукавы атрад “Фенікс”, які абвяшчаў пра пошук чатырохгадовай Ксеніі Шэмель і 51-гадовай Алены Вядзяжкінай, заявіў сёння раніцай, што яны знайшліся.

“Алена Іванаўна і Ксенія былі знойдзены падчас сумесных пошукаў, у якіх бралі ўдзел валанцёры пошукава-выратавальнага атрада “Фенікс”, сваякі зніклых, супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС г. Магілёва, валанцёры пошукава-выратавальнага атрада “Пульс” і добраахвотнікі” – гаворыцца ў паведамленні.

Фота: Атрад “Фенікс”

Наперадзе апошнія цёплыя выходныя – прагноз

Пятніца і субота парадуюць жыхароў Магілёўскага рэгіёна цеплынёй і камфортным надвор’ем без дажджоў. А ўжо пачынаючы з нядзелі – сапраўдная восень.

Сёння днём паветра на Магілёўшчыне прагрэецца да +24 градусаў. Будзе воблачна, але ападкаў не прагназуецца. Заўтра, у суботу 30 верасня чакаецца таксама цёплае і нават спякотнае надвор’е. Ноччу +12 +13°С, днём да +25. Без ападкаў.

У нядзелю 1 кастрычніка днём надвор’е будуць вызначаць няўстойлівыя прахалодныя паветраныя масы, якія паступаюць з Балтыйскага мора. Уначы чакаюцца кароткачасовыя дажджы, слабы туман. Тэмпература паветра мінімальная ноччу +4 +11°С, максімальная днём +13 +20°С – паведамляе Белгідрамет.

Чакаецца, што пасля гэтых выходных восень уступіць у свае правы. Тэмпература паветра днём на наступным тыдні не будзе перавышаць +19°С, будзе воблачна, з туманамі і дажджамі. Прыблізна такое ж надвор’е прагназуецца на ўвесь кастрычнік.

Фота: mogilev.media

У Слаўгарадзе прайшоў першы марафон па скандынаўскай хадзьбе – відэа

Напярэдадні Дня пажылых людзей у Слаўгарадзе раённы аддзел дзённага перабывання для інвалідаў і пажылых людзей сумесна з Цэнтрам фізкультурна-аздараўленчай працы і Чырвоным Крыжам правялі марафон па скандынаўскай хадзьбе  – піша газета “Прысожскі край”.

Мерапрыемства праходзіла на возеры Маладзёжным. Пра дыстанцыю марафона не паведамляецца. Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя дыпломы. Гэта першае падобнае мерапрыемства ў раёне. Больш фота можна знайсці тут.

Фота, відэа: Прысожскі край 

Чатырохгадовая дзяўчынка і яе няня прапалі ў Магілёве, аб’яўлены пошук

Пошукава-выратавальны атрад “Фенікс” абвясціў у тэрміновы вышук Ксенію Шэмель 2019 года нараджэння і 51-гадовую Алену Вядзяжкіну, што яе суправаджала. Дзяўчынка з няняй зніклі днём 28 верасня з дома па бульвары Непакораных і ў той жа вечар іх абвясцілі ў вышук. Верагодна, могуць знаходзіцца непадалёк ад Буйніч. 

Пры наяўнасці інфармацыі пра зніклых, атрад “Фенікс” просіць звяртацца па тэлефоне +375(29)222-10-19 (Viber, WhatsApp, Telegram), альбо 102.

Фота: ПВА “Фенікс”

Вось якія маркі цыгарэт падаражэюць з 1 кастрычніка

У Беларусі з 1 кастрычніка падаражэюць некаторыя маркі цыгарэт. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве па падатках і зборах.

На 20-45 капеек падаражэюць некаторыя віды цыгарэт Магнат, Мінск, Прэм’ер, Фэст, Dove, Credo, NZ, Queen, Matrix, portal, Pall Mall, Rigins, Kent, Vogue, Rothmans, RB ад Гродзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман”.

“Тытунь-інвест” павышае цэны на 5-40 капеек на некаторыя віды цыгарэт Mac, Карона, Форт, Kalipso, LD, Pall Mall, Camel, Richmond, Kent, Rothmans, Vogue, Lucky Strike.

У «Інтэр-Табака» на 40-45 капеек даражэюць некаторыя віды цыгарэт Dove і Red Bor.

Фота з адкрытых крыніц

Клічаўскі прадпрымальнік пазычаў грошы на бізнэс, а спускаў на онлайн-казіно

Бізнэсмен з Клічава пачынаючы са студзеня і па травень гэтага года пазычыў у розных жыхароў райцэнтра каля 50 000$ – паведамляе Следчы камітэт. Першапачаткова гэта былі невялікія сумы грошай, якія ён хутка вяртаў. Пазней памеры пазычанага пачалі расці – прадпрымальнік абгрунтоўваў гэта неабходнасцю развіваць бізнэс у сферы фаст-фуда, а таксама цяжкай хваробай жонкі. Як высветлілася, насамрэч мужчына траціў грошы ў онлайн-казіно і на стаўках на спорт. Узбуджана крымінальная справа за махлярства ў асабліва буйным памеры.

Фота ілюстрацыйнае

Перакрыццё вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве працягнулі яшчэ на адзін месяц

Рух транспарту па пуцеправодзе праз вуліцу Завадскую і па вуліцы Чалюскінцаў будзе перакрыты да 30 кастрычніка. Гэта звязана з правядзеннем рэканструкцыі пуцеправода, паведамілі рэсурсу mycity.by ў Магілёўскім гарвыканкаме.

Нагадаем, што рух па вуліцы Чалюскінцаў перакрылі 10 верасня. Меркавалася, што рамонтныя работы будуць завершаныя да канца месяца.

Фота: mogilev.media

У Магілёве ў верасні пабачылі цвіценне рэйнутрыі – прыгожай і надзвычай небяспечнай азіяцкай расліны

Карыстальнікі сацыяльных сетак абмяркоўваюць цвіценне ў Магілёве кветак рэйнутрыі. “Вельмі прыгожая і дэкаратыўная расліна. – каментуюць карыстальнікі – Але калі не даглядаць, то разрастаецца джунглямі.” Пікантнасці гэтаму назіранню дадае той факт, што расліна зацвіла ў абласным цэнтры ў самым канцы верасня.

Рэйнутрыя пры гэтым уваходзіць у спіс самых небяспечных інвазіўных відаў раслін. Яе радзіма – Японія, Кітай і Карэя. Пачынаючы з сярэдзіны ХІХ стагоддзя гэтую травяністую расліну (іншая назва – “японскі горац”) пачалі культываваць у еўрапейскіх садах, пасля чаго рэйнутрыя захапіла многія сады на нашым кантыненце. Ва Ўсходняй Еўропе яе распаўсюджванне стрымлівалася суровым кліматам, але цяпер, верагодна, павышэнне сярэдніх тэмператур паспрыяла пранікненню рэйнутрыі ў наш рэгіён.

Фота: сацыяльныя сеткі