Грамадскасць супраць – плошчу Арджанікідзе ў Магілёве не будуць пераназываць у гонар Каніскага

З сярэдзіны верасня і па сярэдзіну кастрычніка ў Магілёве праходзіла грамадскае абмеркаванне пераназвання плошчы Арджанікідзэ. На прысуд грамадскасці былі вынесеныя наступныя варыянты – пакінуць назву “Плошча Арджанікідзэ”, памяняць назву на “Плошча Свяціцеля Георгія Каніскага” альбо можна было прапанаваць іншы варыянт.

Прычынай грамадскага абмеркавання стаў зварот ініцыятыўнай групы гараджан – піша Тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад”. Аднак адначасова з гэтай ініцыятывай з’явілася і петыцыя супраць пераназвання плошчы Арджанікідзэ ў гонар Георгія Каніскага – пісалі mogilev.media. У выніку зваротаў грамадзян, незадаволеных пераназваннем аказалася больш. Таксама супраць выказаліся прадстаўнікі гарадской тапанімічнай камісіі.

“Постаць свяціцеля і ў прынцыпе актыўнасць праваслаўнай царквы, нягледзячы на тое, што горад у іншых кутках краіны лічыцца праваслаўна-ватным, у самім горадзе – адзін з найбольш раздражняючых фактараў сярод гараджан. – адрэагавалі на навіну ў тэлеграм-канале “Спадчына”. – “Ужо не ведаюць, куды гэтага Каніскага ўвапхнуць!” – даводзілася асабіста чуць ад многіх мясцовых.”

Фота: mogilev.media

З’явілася петыцыя супраць плошчы Георгія Каніскага ў Магілёве

На сайце petitions by з’явілася петыцыя супраць перайменавання плошчы Арджанікідзэ ў плошчу імя Георгія Каніскага.

“Мы выступаем супраць перайменавання плошчы Арджанікідзэ ў Магілёве ў гонар Георгія Каніскага – гаворыцца ў петыцыі. Асоба Каніскага ўжо ўшанавана ў назве суседняй вуліцы Архірэйскі Вал Каніскага. Нядаўна ж пастаўлены помнік свяціцелю знаходзіцца не на плошчы, на вуліцы Карла Маркса. 

Куды больш гэтая назва пасавала б для трапецападобнай плошчы насупраць архіепіскапскага палаца, створанай па прыкладзе плошчы Капітолія ў Рыме, бо палац і комплекс увогуле з’явіўся па заказе Каніскага.

Што тычыцца плошчы Арджанікідзэ, то ўжо не першы раз прапануецца адраджаць у назвах плошчаў і сквераў гістарычную тапаніміку Магілёва. Гэты квартал паміж вуліцамі Болдзіна і Камсамольскай узнік толькі дзякуючы таму, што было знесена другое кола ўмацаванняў горада – Блізкі вал. Прапануем так і назваць плошчу – плошча Блізкі Вал. Для прыкладу ў Мінску ёсць вуліца Гарадскі Вал, а таксама плошча Стары Аэрапорт, якія адлюстроўваюць розныя гістарычныя аб’екты, што сёння ўжо цалкам зніклі з гарадской прасторы.”

Петыцыя была створаная 27 верасня. Збор подпісаў пад ёй будзе праходзіць да 4 кастрычніка.

Фота: mogilev.media