30 кастрычніка прайшла цырымонія асвячэння новага памятнага крыжа на месцы ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Чын асвячэння і памінальнае богаслужэнне правёў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроні.
Новы памятны крыж быў усталяваны замест крыжа, пастаўленага грамадскасцю – пісалі mogilev.media. Звяртае на сябе ўвагу тое, што аздабненне новага крыжа не завершанае – пакладзеная толькі частка пліткі на ніжнім кубе.
Крыж драўляны, з пафарбаванай сасны. Папярэдні, усталяваны грамадскасцю, быў дубовы.
Падчас правядзення рэканструкцыі праспекта Дзімітрава ў Магілёве змены закранулі таксама месца ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Дубовы памятны крыж, усталяваны тут грамадскасцю, быў заменены на новы. Чатырохканцовы драўляны крыж выраблены з масіва сасны і пафарбаваны. Усярэдзіне надпіс – “Кресту твоему поклоняемся владыко и воскресение твоё славим”.
Верагодна, памятнае месца чакаюць далейшыя дапаўненні. На бетонным кубе, што выступае ў якасці пастамента, магчыма, дадаткова паставяць інфармацыйныя шыльды.
Яшчэ адзін крыж, невялікі, пастаўлены грамадскасцю, застаўся на ранейшым месцы. Да яго перанеслі таблічку з тэкстам пра ўшанаванне памяці ахвяр рэпрэсій.
Працягваем сачыць за тымі зменамі, якія закранулі месца ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Магілёве. Нагадаем, падчас рэканструкцыі праспекта Дзімітрава ў абласным цэнтры, вялікі памятны крыж каля мясакамбіната быў прыбраны. Да таго месца, дзе ён стаяў, праклалі дарожку з тратуарнай пліткі. На месцы самаго крыжа паявілася аснова для наступнай канструкцыі. Паводле інфармацыі mogilev.media, тут будзе ўсталяваны новы крыж.
Вялікі шасціканцовы крыж зараз так і ляжыць на зямлі побач з месцам ушанавання памяці ахвяр.
Верагодна, новы крыж будзе ўсталяваны ў самы бліжэйшы час – рэканструкцыя праспекта Дзімітрава павінна завяршыцца на гэтым тыдні. Афіцыйнай інфармацыі наконт работ на месцы ўшанавання памяці ахвяр пакуль не было.
Рэканструкцыя праспекта Дзімітрава ў Магілёве закране таксама месца ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Яр насупраць сучаснага Мясакамбіната быў месцам расстрэлаў у 1930-х гадах. У канцы 1980-х грамадскасць усталявала тут памятны крыж, потым яшчэ адзін, большы.
Зараз вялікі крыж выкапаны, а на самім месцы памяці пракладаецца новая дарожка. Як расказалі нам будаўнікі, замест ранейшага крыжа будзе новы, але які канкрэтна – пакуль невядома.
Характэрна, што ўсталяваны грамадскасцю вялікі крыж – шасціканцовы, ён паўтарае форму крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Год таму, на восеньскія Дзяды прадстаўнікі грамадскасці традыцыйна ўскладалі кветкі да гэтага крыжа – пісалі mogilev.media. А ў лютым гэтага года прадстаўнікі праваслаўнай абшчыны арганізавалі да памятнага крыжа хросны ход.
Хросны ход і траўрная паніхіда ў памяць аб ахвярах, бязвінна забітых у гады ліхалецца ХХ стагоддзя адбыліся ў Магілёве. У шэсці прыняло ўдзел каля 350 чалавек.
Шэсце пачалося ад парка на Замкавай гары – цяпер парк Горкага і прайшло да крыжа каля Магілёўскага мясакамбіната, пастаўленага ў знак памяці пра ахвяр палітычных рэпрэсій.
Правядзенне хроснага хода да месца расстрэлаў так званых “ворагаў народу” у 1918 – 1930-х гадах стала новай традыцыяй праваслаўнай царквы – пісалі mogilev.media.
У нядзелю 5 лютага адбудзецца шэсце ад былога замкавага сквера да крыжа насупраць мясакамбіната і паніхіда біскупа ў памяць новых пакутнікаў праваслаўнай царквы.
Крыжы ля мясакамбіната – вядомае месца смутку і памяці нявінных ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Раней народны мемарыял па традыцыі грамадскасць наведвала на восеньскія Дзяды.
Але ў апошнія гады правядзенне хроснага хода да месца расстрэлаў так званых “ворагаў народу” у 1918 – 1930-х гадах стала новай традыцыяй праваслаўнай царквы.
Вось і 5 лютага на свята сабора новых пакутнікаў Рускай царквы ўладыка Магілеўскі і Мсціслаўскі Сафроній здзейсніць боскую літургію ў царкве царскіх мучанікаў, усіх новых пакутнікаў 20 стагоддзя. Пачатак а 9-й гадзіне.
А пасля літургіі ў 11.00 адбудзецца шэсце ад царквы да Паклоннага крыжа на праспекце Дзімітрава для выканання паніхіды ў памяць пра бязвінна забітых у гады ліхалецця мінулага стагоддзя.
Маршрут хроснага хода:
Храм царскіх пакутнікаў, новых пакутнікаў і спавядальнікаў 20-га стагоддзя (парк Горкага)
Пушкінскі праспект
праспект Дзімітрава (каля прыпынку “Мясакамбінат”)
Улады ў судовым парадку ліквідуюць грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій 1920 – 1980-х гадоў». Вярхоўны суд пачне разглядаць пазоў Мінюста аб гэтым 3 лютага.
Арганізацыя існуе з 1992 году, ставіць сваёй мэтай аказанне прававой, матэрыяльнай, сацыяльна-бытавой і іншай дапамогі пацярпелым ад палітычных рэпрэсій, займаецца ўшанаваннем памяці ахвяр рэпрэсій і асветніцкай дзейнасцю.
Паводле дадзеных праваабарончых арганізацый, за перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году і да канца снежня 2022 года грамадскі сектар Беларусі пазбавіўся самае малае 1 173 некамерцыйных арганізацый – абʼяднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый.
Большасць арганізацый закрываюцца рашэннем уладаў. Апошнім часам Mogilev.media паведамлялі пра скасаванне таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.