Памятнае месца ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Магілёве пераробліваюць

Памятнае месца ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Магілёве пераробліваюць, будзе новы крыж

Рэканструкцыя праспекта Дзімітрава ў Магілёве закране таксама месца ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Яр насупраць сучаснага Мясакамбіната быў месцам расстрэлаў у 1930-х гадах. У канцы 1980-х грамадскасць усталявала тут памятны крыж, потым яшчэ адзін, большы.

Зараз вялікі крыж выкапаны, а на самім месцы памяці пракладаецца новая дарожка. Як расказалі нам будаўнікі, замест ранейшага крыжа будзе новы, але які канкрэтна – пакуль невядома.

Характэрна, што ўсталяваны грамадскасцю вялікі крыж – шасціканцовы, ён паўтарае форму крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Год таму, на восеньскія Дзяды прадстаўнікі грамадскасці традыцыйна ўскладалі кветкі да гэтага крыжа – пісалі mogilev.media. А ў лютым гэтага года прадстаўнікі праваслаўнай абшчыны арганізавалі да памятнага крыжа хросны ход.

Фота: mogilev.media