Памятны крыж каля мясакамбіната ў Магілёве асвяцілі, хоць ён яшчэ недароблены

30 кастрычніка прайшла цырымонія асвячэння новага памятнага крыжа на месцы ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Чын асвячэння і памінальнае богаслужэнне правёў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроні.

Новы памятны крыж быў усталяваны замест крыжа, пастаўленага грамадскасцю – пісалі mogilev.media. Звяртае на сябе ўвагу тое, што аздабненне новага крыжа не завершанае – пакладзеная толькі частка пліткі на ніжнім кубе.  

Фота: mogilev.media, mogilevnews.by

Новы памятны крыж ахвярам рэпрэсій усталявалі каля мясакамбіната ў Магілёве – фота

Крыж драўляны, з пафарбаванай сасны. Папярэдні, усталяваны грамадскасцю, быў дубовы.

Падчас правядзення рэканструкцыі праспекта Дзімітрава ў Магілёве змены закранулі таксама месца ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Дубовы памятны крыж, усталяваны тут грамадскасцю, быў заменены на новы. Чатырохканцовы драўляны крыж выраблены з масіва сасны і пафарбаваны. Усярэдзіне надпіс – “Кресту твоему поклоняемся владыко и воскресение твоё славим”.

Верагодна, памятнае месца чакаюць далейшыя дапаўненні. На бетонным кубе, што выступае ў якасці пастамента, магчыма, дадаткова паставяць інфармацыйныя шыльды.

Яшчэ адзін крыж, невялікі, пастаўлены грамадскасцю, застаўся на ранейшым месцы. Да яго перанеслі таблічку з тэкстам пра ўшанаванне памяці ахвяр рэпрэсій.

Фота: mogilev.media

Што зараз на месцы памятнага крыжа каля магілёўскага мясакамбіната – фота

Працягваем сачыць за тымі зменамі, якія закранулі месца ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Магілёве. Нагадаем, падчас рэканструкцыі праспекта Дзімітрава ў абласным цэнтры, вялікі памятны крыж каля мясакамбіната быў прыбраны. Да таго месца, дзе ён стаяў, праклалі дарожку з тратуарнай пліткі. На месцы самаго крыжа паявілася аснова для наступнай канструкцыі. Паводле інфармацыі mogilev.media, тут будзе ўсталяваны новы крыж.

Вялікі шасціканцовы крыж зараз так і ляжыць на зямлі побач з месцам ушанавання памяці ахвяр.

Верагодна, новы крыж будзе ўсталяваны ў самы бліжэйшы час – рэканструкцыя праспекта Дзімітрава павінна завяршыцца на гэтым тыдні. Афіцыйнай інфармацыі наконт работ на месцы ўшанавання памяці ахвяр пакуль не было.

Фота: mogilev.media