У Магілёве павышалі «ўзаемны давер» дзяўчат-ваеннаслужачых

Паўсюдная мілітарызацыя Беларусі працягваецца: на Магілёўшчыне дзяўчаты-ваеннаслужачыя прайшлі марш-кідок

У Беларусі працягваецца курс на мілітарызацыю грамадскага і дзяржаўнага жыцця. Чарговым прыкладам стаў марш-кідок сярод дзяўчат-ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС, які прайшоў на Магілёўшчыне і быў прымеркаваны да набліжэння Дня Перамогі.

Удзельніцам трэба было прайсці складаны маршрут, прадэманстраваўшы вынослівасць, сілу, навыкі арыентавання, уменне дзейнічаць у камандзе і выконваць баявыя задачы.

Маршрут уключаў пераадоленне перашкод і воднай перашкоды, перанос скрыняў са зброяй, бег у процівагазах, аказанне дапамогі ўмоўным параненым і іх эвакуацыю на насілках. 

У лясным масіве дзяўчаты прайшлі шэсць кіламетраў па перасечанай мясцовасці, арыентуючыся па азімуце. Завяршылася выпрабаванне на стральбішчы: ваеннаслужачыя пераадолелі «паласу разведчыка», штурмавалі апорны пункт і выканалі агнявую задачу.

Нягледзячы на сур’ёзную нагрузку, усе ўдзельніцы справіліся з выпрабаваннем. Па выніках марш-кідка камандзір павіншаваў ваеннаслужачых з паспяховым праходжаннем дыстанцыі, а дзвюм з іх былі прысвоены афіцэрскія званні.

Прадстаўніца першаснай арганізацыі Беларускага саюза жанчын брыгады Ірына Сапраненка заявіла, што галоўная мэта мерапрыемства – умацаванне каманднага духу і «ўзаемнага даверу».

Аднак на фоне падобных заяў пра «ўзаемны давер» Беларусь усё часцей фігуруе ў паведамленнях пра рост ваеннай актыўнасці каля межаў з Украінай.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінская разведка фіксуе ўзмацненне актыўнасці на беларуска-ўкраінскай мяжы. Паводле яго слоў, гаворка ідзе ў тым ліку пра абсталяванне артылерыйскіх пазіцый і будаўніцтва дарог «на тэрыторыю Украіны».

Лукашэнка ж, хоць і асцерагаецца лёсу Мадура, працягвае прасоўваць мілітарызаваную павестку ў інтарэсах Расіі і ўцягваць у яе ўсё новыя групы грамадства.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

У Магілёве рыхтуюць да адкрыцця вулічную фудкорт-пляцоўку «Паляна»

У Магілёве з’явіцца новая гарадская прастора з фудкортам, забаўкамі і зонамі для адпачынку.

Праект атрымаў назву «Паляна» – па фармаце ён нагадвае папулярныя сталічныя стрытфуд-пляцоўкі кшталту «Пясочніцы».

Пляцоўку добраўпарадкоўваюць у цэнтральнай частцы горада – на вуліцы Піянерскай, недалёка ад асноўных гарадскіх славутасцяў.

На тэрыторыі ўжо ідуць будаўнічыя работы: устаноўлены першыя павільёны, дзе, верагодна, размесцяцца пункты хуткага харчавання. Аднак якія менавіта ўстановы будуць працаваць на пляцоўцы і калі адбудзецца адкрыццё, пакуль не ўдакладняецца.

Паводле задумы, «Паляна» павінна стаць не толькі месцам для вулічнай ежы. Арганізатары плануюць ператварыць яе ў паўнавартасную прастору для гарадскога адпачынку. Там хочуць праводзіць кінапаказы, фестывалі, майстар-класы і спартыўныя актыўнасці.

Такім чынам, фармат стрытфуд-пляцовак, ужо звыклы для Мінска, паступова дабіраецца і да абласных цэнтраў.

Для Магілёва «Паляна» можа стаць новай кропкай прыцягнення ў цэнтры горада – асабліва ў цёплы сезон.

Фота blizko.by.

У Магілёве мужчына фіктыўна ўладкаваў на працу жонку

Супрацоўнікі АБЭЗ Кастрычніцкага РАУС Магілёва выявілі крадзеж грошай у адной з мясцовых арганізацый.
Паводле даных праваахоўнікаў, 32-гадовы загадчык камбіната аформіў на працу сваю 33-гадовую жонку. Аднак, як устаноўлена, больш за год жанчына фактычна не выконвала службовыя абавязкі, пры гэтым штомесяц атрымлівала зарплату на банкаўскую картку.
Агульная сума незаконна атрыманых сродкаў перавысіла 16 тысяч рублёў.
Па факце крадзяжу, здзейсненага шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі групай асоб па папярэдняй змове, узбуджана крымінальная справа.
Фігурантам можа пагражаць да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Былому лідару магілёўскага БНФ збіраюць на дапамогу пасля інсульта

Пасля інсульта на стрыме ў блогера даўні дэмакратычны лідар з Магілёва Анатоль Фёдараў аднаўляе сваё здароўе.

Інсульт у Фёдарава адбыўся 23 студзеня 2026 года падчас яго ўдзелу ў жывой трансляцыі блогера Сяргея Пятрухіна. Пасля заканчэння эфіру яго тэрмінова шпіталізавалі.

У размове з «Нашай Нівай» Анатоль Фёдаравіч паведаміў, што стан паступова паляпшаецца. Паводле яго, у цэлым ён адчувае сябе задавальняюча, хоць час ад часу ўзнікае слабасць. Ён ужо можа самастойна хадзіць і абслугоўваць сябе, але пакуль з пэўнымі абмежаваннямі. Кагнітыўныя функцыі амаль не пацярпелі, аднак ёсць праблемы з маўленнем, якія ўсё ж паддаюцца карэкцыі.

Нягледзячы на прагрэс, працэс аднаўлення яшчэ далёкі ад завяршэння. Правая рука працуе дрэнна, таму неабходныя рэгулярныя заняткі з рэабілітолагам. Таксама патрабуецца дапамога лагапеда для аднаўлення маўлення. Акрамя таго, яму патрэбныя дапаможныя сродкі – кіёк і інвалідны вазок.

Фёдараў мае дзяржаўную медыцынскую страхоўку ў Польшчы, аднак яна не пакрывае патрэбны аб’ём рэабілітацыі. З 16 лютага па 20 сакавіка ён праходзіў курс у спецыялізаваным цэнтры ў Варшаве, а ў астатні час знаходзіцца ў адной з клінік горада, якая не прызначаная для рэабілітацыйнага лячэння.

Анатоль Фёдараў – ветэран нацыянальнага руху і актывіст БНФ, яшчэ ў савецкі перыяд быў звязаны з дысідэнцкай дзейнасцю. Раней займаў пасаду намесніка старшыні партыі і кіраваў магілёўскай арганізацыяй. У 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах, за што быў затрыманы. Пасля выезду за мяжу заснаваў «Нацыянальна-дэмакратычную платформу», падтрымлівае ініцыятывы палітолага Дзмітрыя Балкунца, у тым ліку «Ультыматум Лукашэнку» і выступае з крытыкай Офіса Святланы Ціханоўскай.

Калі вы хочаце дапамагчы Анатолю Фёдараву, напішыце ў тэлеграм актывісту Мікалаю Мінкову, які займаецца яго справамі: @gramadzianin. Можна, калі для вас гэта бяспечна, і пералічыць грошы (не з беларускіх і расійскіх банкаўскіх карт) на рахункі Анатоля Фёдаравіча (ANATOL FEDARAU) у Santander Bank:

48 1090 1883 0000 0001 5261 1260 (PLN)

21 1090 1883 0000 0001 5261 1261 (EUR)

Фотаздымак: Радыё Рацыя

Дзень у гісторыі. 28 красавіка. Першая ўзгадка Бабруйска. Пакаранне М. Аскеркі. Дзяржаўнасць беларускай мовы. Штурм Рэйхстагу

Сусветны дзень аховы працы (World day of labor protection, з 2001 года).

Устаноўлены Міжнароднай арганізацыяй працы з мэтай прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да маштабаў праблемы, да таго, як стварэнне і прасоўванне культуры аховы працы можа садзейнічаць зніжэнню штогадовай смяротнасці на працоўным месцы.

Штогод у выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў у свеце памірае 3 000 000 чалавек, прычым колькасць загінуўшых штогод расце да 10%. Акрамя гэтага штогод рэгіструецца да 200 мільёнаў чалавек, якія пакутуюць на прафесійныя захворванні.

Каля 4% сусветнага ВУП губляюцца ў выніку дрэнных умоў працы і няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Міжнародная арганізацыя працы ніколі не прызнавала таго сцвярджэння, што няшчасныя выпадкі і хваробы гэта “частка працы”.

1387 год – першая пісьмовая ўзгадка пра Бабруйск.

Бабруйск упершыню згадваецца ў дагаворнай грамаце вялікага князя Ягайлы і яго брата Скіргайлы.

Бабруйск
Від на Бабруйск. Малюнак, каля 1810 г.

1798 год. Падчас перамоў з Ватыканам, Павел І выдаў указ аб утварэнні Магілёўскага каталіцкага архібіскупства з 5 біскупствамі.

Утворана на базе Беларускай дыяцэзі (з 1773), Магілёўскага архібіскупства (з 1780), якія не былі зацверджаны Ватыканам.

Архібіскупам быў прызначаны С. Богуш-Сестранцэвіч.

На выяве – касцёл Святога Станіслава ў вёсцы Маляцічы ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці, пабудаваны С. Богуш-Сестранцэвічам.

1831 год. Памёр Каспар Цецішоўскі (1745–1831).

Каталіцкі архібіскуп магілёўскі і мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі.

Служыў у касцёлах ва Украіне, заснаваў жытомірскую семінарыю, спрыяў спыненню яўрэйскіх пагромаў у Бярдзічаве, у 1792 годзе дамогся прызначэння грошаў на будаўніцтва новых 24 касцёлаў на Кіеўшчыне і Брацлаўшчыне. Кіраваў Луцка-Жытомірскай дыяцэзіяй, спрыяў развіццю школьніцтва на Валыні.

Горача падтрымліваў Канстытуцыю 3 мая 1791 года.

27 красавіка 1827 года прызначаны магілёўскім архібіскупам.

1859 год. Нарадзіўся Кіпрыян Кандратовіч (1859–1932).

Вайсковы дзеяч, генерал ад інфантэрыі, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.

Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877–1878 гадоў, кітайскай кампаніі (1900), руска-японскай, Першай сусветнай.

Займаўся фарміраваннем беларускіх палкоў, віцэ-міністр абароны Літвы.

Аўтар вядомай кнігі “Плеўна і грэнадэры 28 лістапада 1877 г.”

1864 год. У Магілёве пакараны смерцю Міхал Аскерка (1836–1864).

Урач, паўстанцкі камісар у Магілёўскай і Мінскай губерніях у 1863–1864 гадах.

Скончыў Слуцкую гімназію, Маскоўскі ўніверсітэт.

Працаваў урачом у Сенненскім і Ашмянскім паветах.

Падчас паўстання стаў паўстанцкім камісарам у Магілёўскай губерні, у Пецярбургу гуртаваў патрыятычна настроеных афіцэраў. Каардынаваў паўстанцаў на Магілёўшчыне з 5 мая 1863 года. Пасля іх паражэння, перанёс сваю дзейнасць у Мінск і Ігуменскія лясы, стаў паўстанцкім камісарам Мінскай губерні.

Арыштаваны 21 кастрычніка 1863 годзе падчас чарговай паездкі ў Пецярбург. На следстве ў Санкт-Пецярбургу і Магілёве адмаўляўся даваць паказанні. Пакараны смерцю.

Подзвіг Аскеркі адлюстраваны У. Караткевічам у рамане «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»).

1883 год. Скончыў жыццё самагубствам ураджэнец Віцебскай губерні Уладзімір Кавалеўскі (1842–1883).

Беларускі сусветнавядомы прыродазнавец, заснавальнік эвалюцыйнай палеанталогіі, удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, муж “каралевы матэматыкі” Соф’і Кавалеўскай, брат заолога Аляксандра Кавалеўскага.

Паслядоўнік і прапагандыст вучэння Ч. Дарвіна. Працаваў у Францыі, Германіі, Англіі, у Пецярбургскім, Маскоўскім універсітэтах.

Аўтар працы па гісторыі развіцця канечнасцей капытных жывёл. Першым з палеантолагаў дастасаваў эвалюцыйнае вучэнне да праблем філагенезу пазваночных. Адкрыў узаемасувязь марфалогіі і функцыянальных змен у залежнасці ад умоў існавання, адзначыў, што існуе залежнасць узаемасувязі з геалагічнымі пераўтварэннямі. Пераклаў на рускую мову шэраг работ Ч. Дарвіна.

Надзеў на твар маску з хлараформам і пакончыў з сабой. Прычынай самагубства сталі фінансавыя растраты яго фірмы.

1914 год. У ЗША быў запатэнтаваны паветраны кандыцыянер.

Упершыню аб кандыцыянеры, як вынаходстве стала вядома ў 1815 годзе, калі француз Жан Шабанэс запатэнтаваў метад кандыцыянавання паветранага патоку і спосаб рэгулявання тэмпературы ў будынках.

У 1902 годзе ў ЗША інжынер-вынаходнік У. Карыер сабраў першы ў свеце прамысловы кандыцыянер для друкарні ў Нью-Ёрку.

Зразумеўшы ўсе плюсы такой тэхнікі, неўзабаве пачалася паўсюдная ўстаноўка кандыцыянераў у тэатрах і магазінах.

“General Electric” выпусціла ў 1929 годзе першы пакаёвы кандыцыянер і стала родапачынальнікам усіх сучасных кандыцыянераў і на доўгі час замацавалася ў спісе лідэраў па вырабе сістэм кандыцыянавання.

Сучасныя кандыцыянеры акрамя астуджэння паветра таксама могуць яго награваць, іянізаваць, асушваць, вентыляваць і чысціць, павялічваць утрыманне кіслароду ў паветры.

1918 год. Народны сакратарыят БНР зацвердзіў беларускую мову ў якасці дзяржаўнай і абавязковай у Беларусі, прыняў пастанову аб адкрыцці ў Мінску ўніверсітэту.

1919 год. У Вільні пачала выдавацца газета “Беларуская думка”

Выходзіла 3 разы на тыдзень.

У газеце супрацоўнічалі прадстаўнікі радыкальнай інтэлігенцыі пераважна сацыялістычнай арыентацыі. Мела рубрыкі «Беларусь», «Апошнія навіны», «3 газет», «У Вільні» і іншыя. Паслядоўна выступала за цэласнасць і непадзельнасць Беларусі, выкрывала анексійныя планы правых сіл Польшчы, польскіх нацыянал-дэмакратаў, заклікала да аб’яднання ўсе дэмакратычныя элементы краю без розніцы веравызнання і нацыянальнасці, узнімала надзённыя пытанні жыцця розных пластоў і груп насельніцтва.

Шырока асвятляла падзеі на Беларусі, змяшчала творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага, Старога Уласа, М. Арла, I. Нялепкі, 3. Вехаця, 3. Бядулі, нататкі А. Гурло, К. Лукашэвіча, пераклады на беларускую мову твораў Э. Ажэшкі, Пружанскага, публікацыі на навукова-папулярныя, агульнаасветныя, кааператыўныя тэмы.

Выйшла 56 нумароў. Закрыта польскай адміністрацыяй.

1945 год. Сіламі 150-й и 171-й стралковых дывізій 79-га стралковага корпуса 3-й ударнай арміі 1-га Беларускага фронта пачаўся штурм Рэйхстагу (доўжыўся да 2 мая).

1983 год. Палыкавіцкая крыніца пад Магілёвам атрымала статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння.

Побач з крыніцай знаходзіцца капліца Святой Параскевы і купальня.

Вядома з 1552 года.

Крыніца знаходзіцца на дне глыбокага яру, парослага лесам. З’яўляецца вытокам невялікага ручая, які ўпадае ў Дняпро. Расход вады складае больш за 100 м³ у суткі.

Вада гідракарбанатная, кальцыевая, канцэнтрацыя фтору адносна высокая – 0,49 мг/л. PН вады – каля 7,5.

2007 год. У сутарэннях Варонежскага ўніверсітэта супрацоўнікі навуковай бібліятэкі знайшлі дагэтуль невядомых 116 тамоў XVI стагоддзя, у тым ліку запіскі Сігізмунда Герберштэйна з апісаннямі беларускіх гарадоў і мястэчак.

Фота з адкрытых крыніц.

У Бабруйску выратавалі зайца, які трапіў у прыямак тэатру

Дзякуючы выпадковым прахожым удалося выратаваць зайца, які дзіўным чынам трапіў у прыямак будынку тэатра імя Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску.

Малады мянчук, які прыехаў у райцэнтр, даведаўся ад сваёй сяброўкі, што заяц-русак трапіў у пастку, а дакладней у прыямак цокальнага паверха тэатра. Шанцаў самастойна выбрацца адтуль у дзікай жывёліны не было, і гэта прымусіла хлопца звярнуцца ў адміністрацыю ўстановы.

Як распавяла Bobr.by загадчыца літаратурнай часткай тэатру Таццяна Мурамцава, заяц сядзеў у прыямку, не варухаючыся. Зразумела, пры такіх умовах заўважыць яго было б цяжка. 

Прыйшлося падняць краты прыямка. Малады чалавек, узяўшы вялікі кавалак тканіны, злавіў касога, выцягнуў яго з пасткі і выпусціў на волю. 

Як часцяком такое здараецца, імя выратавальніка даведацца не паспелі, і ён застаўся невядомым.

Фотаздымак: Bobr.by

У Магілёве бухгалтар-іграманка прайграла 268 тысяч рублёў прадпрыемства

У суд накіравана справа бухгалтара, якая пералічыла ў сваю кішэню звыш 268 тысяч рублёў прадпрыемства, каб гуляць у азартныя гульні.

Як высветлілі ў пракуратуры, 42-гадовая магіляўчанка са студзеня 2023 года па снежань 2025 года без усялякіх падстаў пералічвала на свой разліковы рахунак сродкі таварыства з абмежаванай адказнасцю, у якім працавала. З выкарыстаннем ключа электроннага лічбавага подпісу яна стварала плацежныя даручэнні, на падставе якіх ажыццяўляла неабгрунтаванае налічэнне сабе заработнай платы, матэрыяльнай дапамогі, адпускных і іншых выплат. 

Усё такім чынам налічанае жанчына траціла на гульні ў анлайн-казіно, бо, як аказалася, цярпела на гульнявую залежнасць.

Пасля таго, як нячыстую на руку бухгалтара злавілі і пачалі следства, яна часткова кампенсавала ўрон арганізацыі, аддаўшы каля 83 тыс. рублёў.

Цяпер жанчына знаходзіцца пад вартай у чаканні суда па артыкуле аб крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам у асабліва буйным памеры.

Фотаздымак: pixabay.com

Засакрэцілі кіраўніцтва БелРАА, якое плануе ядзерны магільнік пад Мсціславам

Зніклі даныя кіраўніцтва прадпрыемства БелРАА, якое разглядае месцы пад магільнік ядзерных адыходаў, у тым ліку на Магілёўшчыне.

Даныя зніклі пасля нядаўняга сыходу з пасады былога дырэктара прадпрыемства Дзмітрыя Логвіна і прызначэння на яго месца Міхаіла Кісяля (на здымку), выхадца з КДБ. Гэта заўважыла выданне “Флагшток”.

Такім чынам дзяржава паказвае, што знайсці адказных за прыняцце рашэнняў будзе не так ужо і лёгка, калі гэта не будзе на руку вышэйстаячым чыноўнікам. 

Нагадаем, што цяпер ідзе выбар месца будаўніцтва ядзернага магіьніка. Разглядаюцца Мсціслаўскі, Хойніцкі і Астравецкі раёны.

Фотаздымак: Мінэнерга

Магілёўская пракуратура пахвалілася барацьбой са свабодай слова

Больш за 130 інтэрнэт-рэсурсаў, якія не падабаюцца цяперашнім уладам у Беларусі, магілёўскія пракуроры абвесцілі экстрэмісцкімі за першы квартал 2026 года.

Паводле абласной пракуратуры, барацьбой са вабодай слова яна займаецца на сістэмнай аснове. Гэта значыць, маніторыць кантэнт паведамленняў, пастоў, відэафайлаў і іншага. Калі нешта не падабаецца, а часцей за ўсё гэта крытыка цяперашніх парадкаў у дыктатарскай Беларусі, то пракуроры абвяшчаюць гэта экстрэмісцкімі матэрыяламі, накіраванымі на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне, а таксама папулярызацыю пратэстнай актыўнасці. Потым суды ўключаюць гэтыя матэрыялы ў рэспубліканскі спіс так званых “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Таксама за першы квартал 2026 года магілёўская пракуратура абмежавала доступ да пяці інтэрнэт-рэсурсаў, “на якіх размяшчаліся забароненыя да распаўсюджання звесткі”.

Праўда, колькі сэнсу ў такой руплівай працы магілёўскіх пракурораў – не паведамляецца. Так, сама пракуратура сведчыць, што на рэсурсах “Флагшток” і “Глаўк” утрымліваліся матэрыялы, “якія раней былі прызнаныя экстрэмісцкімі па рашэннях судоў”. То бок прызнаныя “экстрэмісцкімі” матэрыялы ўсё адно публікуюцца, не зважаючы на “грозныя” пракурорскія словы. Як кажуць, сабака брэша, а караван ідзе.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Апублікавана праграма на майскія святы ў Магілёве

Дзе правесці час з сям’ёй і сябрамі ў Магілёве на майскія святы.

На наступным тыдні жыхароў Магілёва чакаюць працяглыя выхадныя – тры святочныя дні запар. Праграма святочных мерапрыемстваў, стартуе 29 красавіка, а асноўныя падзеі адбудуцца ў пятніцу. Удзельнікам свята прапануюцца разнастайныя варыянты адпачынку на адкрытых пляцоўках па ўсім горадзе, паведамілі ў гарадскім выканаўчым камітэце.

Што запланавана:

  • канцэртна-віншавальная праграма «У славу працы і мая» 29.04.2026, 16.30 дом культуры філіяла адкрытага акцыянернага таварыства «БЕЛАЗ» – «Магілёўскі аўтамабільны завод імя С.М. Кірава»;
  • бясплатныя атракцыёны «Батут», «Канструктар» 01.05.2026, 10.00 – 15.00 парк у Падніколлі;
  • бясплатныя атракцыёны «Лебедзі», «Рамонак», «Вясёлыя горкі», «Вясёлы святлафор» 01.05.2026, 11.00 – 14.00 парк атракцыёнаў, Пушкінскі праспект, 1;
  • канцэртна-забаўляльная праграма «Вясна Перамогі і Працы!» 01.05.2026, 11.00 адкрытая пляцоўка каля сярэдняй школы № 7 горада Магілёва, вуліца Аўтазаводская, 3;
  • спартыўна-забаўляльная праграма «Першае мая – свята вясны» 01.05.2026, 11.00 адкрытая пляцоўка каля сярэдняй школы № 13 горада Магілёва імя Героя Савецкага Саюза Е.І. Чайкінай, вуліца Алтайская, 26;
  • спартыўна-гульнявое мерапрыемства «Мелодыі вясны» 01.05.2026, 11.00 адкрытая пляцоўка каля сярэдняй школы № 17 горада Магілёва, вуліца Чалюскінцаў, 181;
  • спартыўна-забаўляльная пляцоўка «Май! Праца! Крута!» 01.05.2026, 11.00 адкрытая пляцоўка каля сярэдняй школы № 44 горада Магілёва, завулак Цютчава, 2В;
  • канцэртна-забаўляльная праграма «Першамайскі калейдаскоп» 01.05.2026, 11.00 адкрытая пляцоўка каля сярэдняй школы № 41 горада Магілёва, вуліца Фаціна, 12;
  • культурна-спартыўнае свята «Першамай сустракаем разам» 01.05.2026, 12.00 – 16.00 парк у Падніколлі;
  • літаратурная прастора «Адкрытыя старонкі» 01.05.2026, 12.00 – 15.00 тэатральны сквер;
  • вялікі велапрабег 01.05.2026, 13.00 плошча Леніна – праспект Міра – вуліца Касманаўтаў – праспект Шміта – вуліца Гагарына – Пушкінскі праспект – парк у Падміколлі;
  • святочная праграма «Няхай жыве 1 Мая!» 01.05.2026, 13.00 адкрытая пляцоўка каля Палаца гімнастыкі, вуліца Крупскай, 137;
  • канцэртна-гульнявая праграма «Вясёлы Першамай» 01.05.2026, 13.00 адкрытая пляцоўка на вуліцы А. Куляшова, 20;
  • канцэртна-гульнявая праграма «З святам вясны і працы!» 01.05.2026, 13.00 адкрытая пляцоўка на вуліцы Цыялкоўскага, 13;
  • канцэртна-гульнявая праграма «Гукі Першамая» 01.05.2026, 13.00 адкрытая пляцоўка на вуліцы Менжынскага, 14;
  • вечар адпачынку «Сквер жывой музыкі» 01.05.2026, 18.00 – 20.00 сквер 40-годдзя Перамогі.

Фото іллюстратыўнага характару.