Магілёўскія студэнты разбіраюць навес у краснапольскім калгасе

Студэнты БРУ валодаюць інжынернай тэрміналогіяй і карыстаюцца ёю падчас дэмантажу старога кароўніка ў ААТ «Краснапольскі».

Прапагандысты з усіх сіл спрабуюць абгрунтаваць, з якой такой прычыны студэнты магілёўскай ВНУ бясплатна працуюць у ААТ «Краснопольскі», якое настолькі стратнае, што само яго існаванне супярэчыць законам сусвету.

Галоўны аргумент – фраза Лукашэнкі, якую ён кінуў на ўсебеларускім народным сходзе: нам трэба акуратненька, не адштурхоўваючы моладзь, прыстасоўваць яе да працы. Калі чалавек панюхае, што такое праца, ён будзе патрыётам і нармальным чалавекам.

Змусіць усю Беларусь «панюхаць працу» і, па магчымасці, працу бясплатную – крыштальная мара Аляксандра Рыгоравіча, які ніяк не можа дараваць народу свайго цяжкага дзяцінства.

І вось з 8 снежня ў ААТ «Краснопольскі» ўжо папрацавалі больш за 170 студэнтаў, а штодзённа туды ездзіць ад 15 да 30 чалавек. Навошта?

Аказваецца, што будучым:

  • інжынерам-механікам будзе цікава паглядзець на ўладкаванне камбайнаў;
  • інжынерам-будаўнікам будзе вельмі карысна папрацаваць на розных сельскагаспадарчых аб’ектах;
  • інжынерам-электрыкам не перашкодзіць разабрацца ў рамонце машын і механізмаў, знятых з вытворчасці.

І вось яно – першае заданне для будучых інжынераў: разабраць стары навес для цялят. Алею ў агонь гэтай бескарыснай задумы падлівае кіраўнік адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» Павел Марыненка, які лічыць, што «эканамічны факультэт БРУ дае студэнтам выдатныя тэарэтычныя веды, а наша задача – сумясціць іх з практычнымі пытаннямі і кейсамі прадпрыемстваў».

Асаблівасці кейса ААТ «Краснопольскі» Марыненка не называе. І гэта нядзіўна. Адзінае, чаму можна навучыцца ў Краснаполлі, гэта таму, як нельга працаваць. Толькі вось для вывучэння гэтай асаблівасці луканомікі зусім не абавязкова ў ёй удзельнічаць.

Фота: «Беларусь Сегодня».

У Клімавічах зазываюць у БРСМ, выйсця з якога няма

Можна зарэгістраваць асабісты кабінет – так у Клімавічах патлумачылі перавагі ўдзелу ў БРСМ. 

У клімавіцкім аграрным каледжы 23 першакурснікі атрымалі новенькія смарт-білеты ад першага сакратара райкама БРСМ Наталлі Судзілоўскай.

Судзілоўская расказала пра «бліскучыя перспектывы», якія дасць пластыкавая картка:

  • рэгістрацыя асабістага кабінета з магчымасцю рэдагавання даных, дадання фота і дакументаў;
  • сістэма балаў за ўдзел у мерапрыемствах;
  • апавяшчэнні пра апошнія навіны і карысную інфармацыю;
  • рэгістрацыя на мерапрыемствы праз дадатак у смартфоне;
  • інтэграцыя з сацыяльнымі сеткамі;
  • рэйтынг актыўнасці карыстальніка.

Навошта ўся гэтая мітусня, сакратар не патлумачыла. Бо і тлумачыць асабліва няма чаго – апісаныя функцыі даступныя кожнаму непартыйнаму карыстальніку любой сацсеткі.

Затое партал CityDog правёў апытанне сярод чальцоў БРСМ і высветліў, што білет арганізацыі не дае зусім нічога – ні розуму, ні сэрцу.

І галоўнае – у секту БРСМ прасцей уступіць, чым выйсці з яе:

  • заявы на выхад з арганізацыі не прымаюцца;
  • неаплата членскіх узносаў не дапамагае;
  • нават з’ехаўшы з Беларусі, усё адно лічышся чальцом БРСМ.

Чым не сапраўдная злачынная групоўка – пакінуць яе можна толькі паводле рашэння «талкавішча».

Дарэчы, для Беларусі тут няма нічога новага – большасць дзяржаўных структур працуе не паводле закона, а паводле крымінальных паняццяў.

Фота раённай газеты.

Магілёўскіх студэнтаў адправілі чысціць кароўнікі ў снежні

Магілёўскія тэндэнцыі: студэнты БРУ ўзялі шэфства над стратным калгасам Краснаполля, а студэнты дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання чысцяць кароўнікі калгаса на Кругляншчыне.

Студэнтаў другога курса магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання адправілі ў ААТ “Круглянская іскра” чысціць кароўнікі і выконваць іншыя, не менш карысныя функцыі.

У калгасе працаваць няма каму, таму традыцыйную паездку “на бульбу” ўлады  Магілёўшчыны замянілі падарожжам “на гной”, бо бульба зімой не расце.

На ведамасным сайце ўніверсітэта ці то жартам, ці то ўсур’ёз напісалі: “дзякуем студэнтам за адказнасць і старанне! Жадаем паспяховай здачы сесіі і новых перамог у вучобе і жыцці!”

Як чыстка гною можа спрыяць паспяховай здачы сесіі, ведае, напэўна, толькі сам “прадзюсар” усебеларускага калгаснага шоу. 

Бо за трыццаць гадоў кіравання Лукашэнкі працэс сцірання мяжы паміж разумовай і фізічнай працай запушчаны ў іншы бок.

Раскладаць малекулы на атамы недапушчальна, калі на палях краіны разлагаецца бульба, а каровы стаяць па калена ў гнаі.

Па сумных тварах студэнтаў відаць, што яны поўнасцю ўсведамляюць усю горкую іронію свайго становішча.

Фота сайта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.

Студэнты БРУ будуць рамантаваць тэхніку для адзінага краснапольскага калгаса

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт (БРУ) будзе дапамагаць працоўнымі рукамі ААТ “Краснапольскі” – адзінаму сельгаспрадпрыемству ў раёне.

Як паведамляе сайт БРУ, прадстаўнікі гэтага вну наведалі гаспадарку і падпісалі дамову аб супрацоўніцтве. Паводле яе, супрацоўнікі і студэнты ўніверсітэта акажуць дапамогу прадпрыемству ў рамонце складаных вузлоў і дэталяў сельскагаспадарчай тэхнікі.

Як адзначае тэлеграм-канал Mayday, гэта даволі нетыповае шэфства, бо раней калгасы аддавалі ў падшэфныя да заможных, прыбытковых прадпрыемстваў. Тут жа шэфамі стала арганізацыя, якая сама існуе за кошт дзяржаўнага бюджэта. 

Да таго ж, асноўны напрамак дзейнасці ААТ “Краснапольскі” – гэта вырошчванне і ўборка збожжавых і зернебабовых культур, што не мае нічога агульнага са спецыфікай БРУ. 

Па ўсім відаць, што галоўнай прычынай такой дапамогі – элементарны недахоп кадраў ў “Краснапольскім”. Паводле яго даных, штогод на прадпрыемстве хуткімі тэмпамі скарачаецца колькасць працуючых. Так, на 1 студзеня 2023 года іх сярэднеспісачная лічба была 366, праз год – 316, а сёлета на 1 студзеня – 307.

Фотаздымак: БРУ

Старшыня Цэнтрвыбаркама заклікаў магілёўскіх студэнтаў чытаць савецкія кнігі

Прафесар Праабражэнскі ў “Сабачым сэрцы” не раіў звяртаць увагу на савецкае друкаванае слова. Старшыні ЦВК Ігару Карпенку бліжэй пазіцыя іншага персанажа – камуністычнага актывіста Швондзера.

На мінулым тыдні ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова прыехаў старшыня Цэнтрвыбаркама, былы лідэр Кампартыі Беларусі Ігар Карпенка. Згодна з інфармацыяй на сайце Магілёўскага абвыканкама, гэта была інфармацыйная сустрэча. 

“Мерапрыемства прайшло ў фармаце дыялогу, і студэнты змаглі задаць пытанні Ігару Васільевічу, якія іх цікавілі. У ходзе абмеркавання былі ўзняты такія тэмы, як ўзрослая цікавасць маладога пакалення да палітыкі, дзейнасць ЦВК па-за электаральнай кампаніяй, важнасць вывучэння гісторыі. Таксама было абмеркавана пытанне грамадзянскай адказнасці моладзі. Напрыканцы сустрэчы старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі парэкамендаваў некалькі кніг, абавязковых для чытання, сярод якіх “Маладая гвардыя” і “Як гартавалася сталь” – гаворыцца ў паведамленні.

Як піша Mayday, на сустрэчу нагналі студэнтаў і выкладчыкаў, прычым некаторым навучэнца паручылі задаць патрэбныя пытанні. Сярод іх, зразумела, не магло быць такіх, чаму абавязковым для прачытання павінна быць савецкая прапагандысцкая літаратура, а не напрыклад “Сабачае сэрца” Булгакава, якое добра адлюстроўвала рэчаіснасць часоў усталявання савецкай улады. Магчыма таму, што такі камічны персанаж як камуністычны актывіст Швондзер і цяперашні глава беларускага ЦВК Ігар Карпенка маюць аднолькавы светапогляд, а прафесар Праабражэнскі раіў не чытаць савецкіх газет.

Фота: сайт Магілёўскага аблвыканкама

Прапіў шэсць курсавых – махляр у Бабруйску падмануў двоечнікаў

Шэсць студэнтаў з Бабруйска звярнуліся ў міліцыю са скаргай, што іх “кінуў” мясцовы жыхар, выканаўца курсавых работ. Студэнты замовілі яму напісанне прац, якія павінны былі выканваць самі, але прадпрымальны бабруйчанін нават не збіраўся іх пісаць і ўсе грошы пусціў на алкаголь – піша прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама. 

Прычым, даверлівыя двоечнікі і прагадалі двойчы. Агульная сума за шэсць прац, замоўленых праз інтэрнэт-пляцоўку, склала 1135 рублёў, што дае сярэдні кошт у 190 рублёў за адну курсавую. Гэта прыкладна ў тры разы вышэй чым звычайны кошт за падобную працу – у сеціве дастаткова прапаноў па напісанні курсавых за 60-80 рублёў і з тэрмінам у тры дні.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц