Для ўсведамлення трагічнай гісторыі беларускага народа яны недарэчныя – ліст чытача.
У цэнтры колішняга Прапойска размешчаны банеры з надпісам “Вместе мы Беларусь”. Акрамя надпіса-лозунга ў цэнтры банера знаходзіцца выява Свята-Петра-Паўлаўскага храма-помніка і манумента, на якім бронзавы арол стаіць на зрынутым шведскім сцягу. Гэта праваслаўная святыня была закладзены з нагоды 200-гадовага юбілея перамогі пры Лясной расійскіх войск пад кіраўніцтвам Пятра І над шведскім корпусам генерала Левенгаўпта.
З пункту гледжання беларускай гісторыі Паўночная вайна з’яўлялася страшным выпрабаваннем, бо ні рускія, ні шведскія войскі не шкадавалі мясцовае насельніцтва, вынішчаючы цэлыя паселішчы. Як сведчаць тагачасныя гістарычныя крыніцы, пасля сыходу рускага і шведскага войскаў, Усходняя Беларусь (Магілёўшчына і Мсціслаўшчына) уяўляла сабой выпаленыя землі. Усе гарады апроч Шклова былі зруйнаваныя, вёскі спаленыя.
Тысячы непахаваных трупаў жаўнераў абодвух войскаў прынеслі пошасць, перадусім чуму, ад якой у Беларусі памерла 34 тысячы чалавек. Голад быў страшнейшы, людзі елі сабак, з’явілася нават людажэрства. Больш за тое, Паўночная вайна мела і прыкметы грамадзянскага вайсковага канфлікту, бо мясцовая шляхта падзялілася ў падтрымцы ваюючых бакоў. Пагэтаму, што з’яўляецца слаўнай і гераічнай старонкай гісторыі для мінуўшчыны Расіі, адначасна з’яўляецца трагічнай падзеяй для беларускіх зямель.
Аматары фестываляў пад адкрытым небам маюць магчымасць адпачыць у гэтыя выхадныя ў Слаўгарадзе на даўнім свяце “Дажынкі”. Гасцей чакаюць цырымонія адкрыцця Слаўгарадскай цэнтральнай раённай бальніцы пасля рэканструкцыі, тэматычныя пляцоўкі, конкурсы, канцэртная праграма і феерверк.
На канцэртнай праграме будзе ўсё досыць традыцыйна. Выступяць не толькі Аляксандр Саладуха і Ірына Дарафеева (без іх ніяк), але і артысты і музыкі Магілёўскай абласной філармоніі: аркестр народных інструментаў імя Л.Іванова, ансамбль песні і танца “Медуніца”, вакальны ансамбль “Весялуха”.
8 кастрычніка ў аграгарадку Лясная пройдзе штогадовая акцыя “Лясная – месца воінскай славы”. Расказваем, якое месца займае гэтая бітва і ўся вайна ў гістарычнай памяці беларусаў.
Мерапрыемства праводзіцца да гадавіны бітвы рускай арміі са шведамі, якая адбылася 9 кастрычніка 1708 года. З праграмы вынікае, што будзе ўсхваляцца расійскі Петр І, які забіў манахаў ў Полацку, вынішчыў будынак Сафійскага сабора, выпаліў шматлікія беларускія гарады, у тым ліку Магілёў 8 верасня 1708 года, зноў будзе ўхваляцца воінская слава іншай дзяржавы.
Цікава, ці ўспомняць у Лясной пра тое, што пад час Паўночнай вайны загінула 700 тысяч беларускага насельніцтва (кожны трэці).
Адзіная прамова на беларускай мове ў гісторыі святкаванняў
5 кастрычніка 2008 года ў Лясной прайшлі мерапрыемствы, якія былі прымеркаваны 300-годдзю бітвы. Было шмат гасцей з розных краін, беларускіх чыноўнікаў.
Усе казалі быццам бы правільныя прамовы, але ўсе – ў славу расійскай зброі, хаця магілёўскія землі да 1772 года ўваходзілі ў склад іншай дзяржавы.
І толькі адзін выступоўца ўспомніў, якія страты панеслі беларусы ў той жудаснай вайне і толькі ён, адзіны, казаў на беларускай мове – шведскі амбасадар.
Кароткая гісторыя падзей.
Сённяшні аграгарадок Лясная стаіць на рачулцы Ляснянка. Лясная вядома з 1675 года як уладанне Войцеха Серафіновіча.
10 верасня 1708 года, ужо пасля знішчэння Магілёва, каля сяла Добрае пад Маляцічамі і Мсціславам рускія войскі ўпершыню за Паўночную вайну правялі баі ўнічыю са шведамі.
А 9 кастрычніка 1708 года рускія войскі пад Лясной ўпершыню атрымалі перамогу: разбілі шведскі корпус Адама Левенгаўпта і сарвалі планы паходу на Маскву па варшаўскай дарозе, якая ідзе праз Прапойск, сённяшні Слаўгарад.
Ход бітвы
У корпусе Левенгаўпта было 5500 пяхоты і 3000 кавалерыі, а таксама значная колькасць абознікаў – латышоў, эстонцаў, немцаў, магчыма і магілёўцаў. Рускае войска складалі 4830 ваяроў інфантэрыі і 6795 кавалерыі.
У бітве шведы страцілі каля 6500 забітымі, рускія – 1111 забітымі. Параза корпусу Левенгаўпта значна паслабіла пазіцыі Карла ХII. Па словах Пятра I, бітва пры Лясной — «маці Палтаўскай бітвы», якая адбылася роўна 9 месяцамі пазней.
Вынікі вайны.
Рэч Паспалітая патрапіла пад уплыў замежных дзяржаў, у тым ліку Расіі. Гэтая залежнасць паступова прывяла да знішчэння дзяржавы.
Ушанаванне памяці аб бітве.
У 1908 годзе, на грамадска-палітычным фоне пасля паразы Расіі ў руска-японскай вайне, да 200-гадовага юбілею падзеі, царскі ўрад прыняў рашэнне ўвекавечыць месца перамогі рускай арміі.
На ахвяраванні грамадзян быў збудаваны помнік у выглядзе скалы, на вяршыні якой размешчаны бронзавы арол, які стаіць на зрынутым шведскім сцягу.
wikipedia.org
Адначасова быў закладзены каменны храм-помнік у псеўдарускім стыле, які быў адкрыты 12 ліпеня 1912 года ў дзень свята Святога Пятра.Царква дзейнічала да 1930 года, потым была пераўтворана ў склад.
Да 250-й гадавіны 12 кастрычніка 1958 г. у будынку былога храма быў адкрыты музей гісторыі Бітвы пры Лясной з 250 экспанатамі.
У 1990-я гады музей быў зачынены, экспанаты вывезены ў Магілёўскі краязнаўчы музей, а будынак царквы быў перададзены праваслаўнай абшчыне і асвечаны як Свята-Петра-Паўлаўская царква.
Гэта звязваюць з прызначэннем новага старшыні райвыканкама
Па раёну паўзуць самыя неверагоднія чуткі з прычыны невызначанасці даты абласных дажынак. Жыхары раёна павінны былі ў гэтыя выхадныя прыйсці на доўгачаканае свята, але яго чамусьці перанеслі на наступныя выхадныя. Калі свята яшчэ раз перанеслі на нявызначаную дату ўсім стала не да жартаў.
“Не, ну сапраўды – дзеляцца сваімі перажываннямі з Магілёў.media мясцовыя – асфальт і плітка дзе трэба і не трэба пакладзеныя. Бальніца адрамантавана. Сцэнар гатовы і даўно адрэпетаваны. Што робіцца? Чаму свята пераносяць?”
Гэтыя пераносы нарадзілі шматлікія і самыя неверагоднія чуткі.
Напачатку грашылі на дажджы і чаканне добрага надвор’я. Потым сталі казаць, што хтосьці не па рангу скраў на будаўнічых работах. Затым здагадаліся, што “павінен прыехаць адзін чэл з Мінску, але ніяк не збярэцца”.
І тут з учорашняга дня ў раёне прызначалі новага главу вертыкалі – Андрэя Кажамякіна.
Змена кіраўніцтва раёна толькі падліла масла ў агонь чутак. Цяпер усе ўпэўнены, што “былое кіраўніцтва штосьці намуціла пры падрыхтоўцы да дажынак”. Большасць разважанняў зноў далей думак пра карупцыю не ідзе.
Трэба супакоіць слаўгарадцаў. Спецыяльнай задачы выкаранення карупцыі на Слаўгарадчыне новы старшыня не атрымаў. Перад ім пастаўлена задача ажыццяўлення аднаго праекта ў год. Цяпер кожны раён Беларусі павінен стварыць адно “новае перспектыўнае добрае прадпрыемства і да 100 працоўных месцаў”, прадукцыю якога можна прадаць на знешніх і на ўнутраным рынках.
З гаспадарчай будыніны бібліятэкары зрабілі «кніжную паліцу». На ёй размясцілі творы знакавых беларускіх літаратараў: Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Івана Мележа.
«Кожны грамадзянін проста абавязаны наведаць бібліятэку, каб узяць кнігу і ўзгадаць вядомыя радкі знакамітых беларусаў!», – заклікае мясцовая раёнка «Прысожскі край».
Абмежаванні ў продажы алкагольных напояў на «Дзень ведаў» чыноўнікі тлумачаць прапагандай здаровага ладу жыцця і прафілактыкай п’янства.
Набыць алкаголь дазволена для рытуальных абрадаў, вясельных і юбілейных урачыстасцяў, а таксама на абʼектах грамадскага харчавання ў разліў.
У Бялыніцкім і Слаўгарадскім раёнах абмежаванні продажу алкаголю будуць трываць 1 верасня да 24.00. Так пастанавілі мясцовыя райвыканкамы.
Антыалкагольную акцыю «Дзень цвярозасці» тлумачаць неабходнасцю правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду здаровага ладу жыцця, прафілактыку пʼянства і алкагалізму ды барацьбу з імі.
Тым часам, у суседніх раёнах набыць спіртовыя напоі можна без абмежаванняў.
Як удалося высветліць, толькі ў Бялыніцкім і Слаўгарадскім раёнах наважыліся на «Дзень ведаў» праводзіць «Дзень цвярозасці». Антыалкагольныя акцыі 1 верасня арганізавалі і ў шэрагу іншых раёнаў краіны, піша рэсурс «Близкие новости».
«Узровень п’янства тут не пры чым. Праводзілася рэспубліканская акцыя «Дзень цвярозасці». Гэтым разам раёнам далі свабоду выбару, вось яны яшчэ ўвесну ці напачатку лета і выбралі тыя даты, якія ім падаліся лагічнымі» – тлумачыць прычыну такога разнабою былы магілёўскі чыноўнік.
Лічыцца, што чалавек, які тройчы перайшоў Блакітную крыніцу, надоўга засцеражэ сябе ад хворасці, а жыццё будзе доўгім і здаровым.
Штогод пад Слаўгарад на Мядовы спас крыніца, якую яшчэ называюць Сінім калодзежам, збірае немалую грамаду людзей. Да мясцовага прыроднага феномену прыязджаюць здалёк. Іхная мэта – прайсці праз крыніцу і запасціся вадою з яе. Лічыцца, што 14 жніўня яна мае асаблівую гаючую моц.
Раней з крыніцы неслі і гліну. Цяпер тое катэгарычна забаронена рабіць. Навукоўцы даказалі, што яна хвароб не лечыць.
Штогод ля крыніцы гандляры разгортваюць кірмаш, а праваслаўныя святары ладзяць набажэнствы. Сёлетні Мядовы спас не стаў выключэннем.
Блакітная крыніца для Ўсходне-Еўрапейскай раўніны – ўнікальная прыродная з’ява. Вада ў ёй блакітна-бірузовага колеру з высокім утрыманнем фтору і крэмнію, з 180,6 мг/л раствораных рэчываў.
Лічыцца, што гэта мясціна была сакральнай для радзімічаў – тут, нібыта, было іхнае капішча. Паводле легенды, у крынічнай вадзе ў 988 годзе прадстаўнікі гэтага племяннога аб’яднання прынялі хрышчэнне.
З прыходам хрысціянства крыніцу асвяцілі, а побач з ёю ўзвялі царкву. 14 жніўня, на праваслаўны Макавей, тут ладзяцца малебны. На свята збіраюцца тысячы паломнікаў.
Больш пра Блакітную крыніцу чытайце ў матэрыяле Магілёў.media, клікнуўшы па спасылцы.
Слаўгарад рыхтуюць да абласных «Дажынак». Дата іх правядзення застаецца невядомай.
Кіраўнік абласной уладнай вертыкалі выправіўся ў райцэнтр аглядаць зробленае да іх. Гатоўнасцю гораду да фестываля працаўнікоў сяла Анатоль Ісачанка не задаволіўся.
Па словах жыхароў Слаўгарада, горад цяпер суцэльная будоўля. Будынкі сацыяльнай інфраструктуры перарабляюць. Будаўнікі стараюцца працы найхутчэй скончыць, кажуць гараджане.
slavgorod.by
Анатоль Ісачанка ж пабываў на рэканструкцыі паліклінікі раённай больніцы, якую рамантуюць ужо год, а таксама раённага Цэнтру культуры і народнай творчасці.
Мясцовая раёнка «Прысожскі край» называе візіт чыноўніка інспекцыяй. Паводле выдання Ісачанка скрытыкаваў «невыкананне тэрмінаў здачы аб’ектаў, у той час як фінансаванне работ было забяспечана» ды «адзначыў нізкую якасць будаўнічых работ ва ўстановах аховы здароўя, што хвалюе насельніцтва рэгіёну».
Кіраўнікам будаўнічых арганізацыяў, членам арганізацыйнага камітэту Магілёўскага аблвыканкаму, Слаўгарадскага раённага штабу па каардынацыі работ па правядзенні «Дажынак» Ісачанка загадаў у найкарацейшыя тэрміны выправіць хібы падрыхтоўкі гораду да «Дажынак».
slavgorod.by
Дата правядзення фестывалю не называецца. Не агучваецца і бюджэт, закладзены на падрыхтоўку гораду да «Дажынак». У публікацыях праўладных мэдыяў згадваюцца толькі сумы некаторых з аб’ектаў.
Адзначаецца, што ў працы ўцягнутыя ўсе арганізацыі райцэнтру, а таксама ёсць адкамандзіраваныя з вобласці. Мясцовае насельніцтва чакае завяршэння будаўнічых прац і самаго фэсту, бо маштабныя святы ў Слаўгарадзе ладзяцца зрэдку.
З аказання спонсарскай дапамогі кіраўніцтва раёну зрабіла паказушную імпрэзу з фотасесіяй удзельнікаў.
Поруч з гадаванцамі школы на фотаздымках зафіксаваныя мужчыны з выгляду не падобныя на спартоўцаў, ці трэнераў, але апранутых у стыльную ўніформу.
slavgorod.by
Гэта гісторыя адбылася ў Слаўгарадскім раёне. Як вынікаез публікацыі газеты «Прысожскі край» у мясцовай спартовай дзіцячай школы не было сродкаў, каб прыдбаць неабходны інвентар. Дапамог спонсар, акцыянернае таварыства «Бабушкіна крынка».
Для перадачы рыштунку арганізавалі свята «Твори добро». На яго прыехаў кіраўнік раёну Сяргей Міхалюта з групай падначаленых. Старшыня райвыканкаму і дзякаваў спонсару за дапамогу.
slavgorod.by
На фотаздымках выхаванцы вінавата пазіруюць перад камерай, а чыноўнікі стрымана задаволеныя.
Выстава-кірмаш хатніх сыроў, традыцыйнай і эксперыментальнай прадукцыі беларускіх малочных камбінатаў з Магілёўскай, Мінскай і Гомельскай абласцей пачнецца ў суботу, у 9.00 – паведамляюць“Магілёўскія ведамасці”.
Акрамя сырных пачастункаў, удзельнікам прапануюць мёд і вырабы мясцовых рамеснікаў, а таксама насычаную святочную праграму.
Кулінарны фестываль праводзіцца каля вёскі Кліны Слаўгарадскага раёна, недалёка ад помніка прыроды Рэспубліканскага значэння “Блакітная крыніца”.