Шчанячы патруль – у Магілёве адзначылі дзень нараджэння АМАПу

Магілёўскія АМАПаўцы дзяліліся з журналістамі “баявым” досведам.

22 лістапада спаўняецца 37 гадоў з дня заснавання АМАП Рэспублікі Беларусь. У Магілёве прайшоў першы турнір, прысвечаны дню ўтварэння АМАПу.

Гэтую ідэалагічную бадзягу, скіраваную на ўмацаванне «сяброўства» паміж АМАПам і журналістамі, афіцыйная прэса асвятляла як суровае аднадзённае выпрабаванне трываласці цела і духу.

Штатныя журналісты і блогеры прымерылі форму цуда-волатаў, пастралялі з пісталета і «прачулi фізічныя нагрузкі, якія з’яўляюцца часткай паўсядзённай працы» АМАПаўцаў. Потым «паспыталі смачнай салдацкай кашы з вайсковай палявой кухні, якая разам з салодкай армейскай гарбатай выдатна аднавіла сілы журналістам і блогерам, што выйшлі са сваёй зоны камфорту ў гэты дзень».

Калі перакласці ўсё гэта на звычайную мову, то «воіны святла» з АМАПу даўно прывыклі да фізічных нагрузак у фармаце групавых нападаў на бяззбройных людзей – чым і дыскрэдытавалі сябе канчаткова яшчэ ў 2020 годзе. 

Ну, а журналісты праўладных СМІ з той зоны камфорту, па сутнасці, ніколі і не выходзілі – кожны дзень атрымліваючы сытную і смачную кашу за трансляцыю хлусні беларускіх уладаў.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Mogilev.media ў трэці раз прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”

Суд Ленінскага раёна горада Магілёва ў чарговы раз унес у спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” сайт нашага выдання і некалькі сацыяльных сетак. Праўда, пераблытаўшы рэсурс з іншым выданнем, але гэта не павінна здзіўляць – беларускія сілавікі ўжо даўно блытаюць mogilev.media з 6tv.by. Гэтым разам, як паведамляе БАЖ,  у рэспубліканскі “Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” трапілі:

  • Telegram-канал (ідэнтыфікатар t.me/mogilevme);
  • TikTok-акаўнт (ідэнтыфікатар tiktok.com/@6tvby);
  • Instagram-акаўнт (ідэнтыфікатар instagram.com/6.tv_by);
  • Х‑акаўнт (ідэнтыфікатар x.com/6tvby).

Раней наша выданне ўжо двойчы абвяшчалася “экстрэмісцкім”. Той жа самы суд Ленінскага раёна даваў такое званне нашаму сайту і соцсеткам 22 снежня 2023 года. тады ў “Спіс” трапілі сайты mogilev.media i mogilev.news, а таксама:

А 29 лістапада 2023 наш сайт і ўсе нашыя сацсеткі “экстрэмісцкім фармаваннем” абвяшчаў КДБ.


Фота: LookByMedia

Сілавікі хлусліва заявілі аб затрыманні двух магілёўцаў з пашпартамі Новай Беларусі

ГУБАЗіК заявіў пра затрыманне двух магілёўцаў, якія нібыта яны ехалі ў Беларусь з пашпартамі Новай Беларусі. Офіс Ціхаўноўскай выкарыў хлусню сілавікоў.

“Адзін затрыманы пад арыштам, другі спадзяецца адкупіцца”

Паводле заявы губазікаўцаў, аднаго з затрыманых яны «яшчэ ў мінулым годзе папярэджвалі пра наступствы атрымання» такога пашпарта і, як пішуць, яны прапаноўвалі ад дакумента адмовіцца.

 

Цяпер мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК Беларусі – «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», што можа цягнуць да шасці гадоў пазбаўлення волі. Ён змешчаны пад арышт, пішуць губазікаўцы.

 

Другі магілёвец знаходзіцца пад падпіскай – паводле губазікаўцаў, ён пагадзіўся заплаціць 10 тысяч долараў – у «сторазовым памеры кампенсацыі», спадзеючыся на «спыненне крымінальнай справы за фінансаванне экстрэмізму».

Пашпарты аказаліся муляжамі

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў каментарыі «Нашай Ніве» адзначыў, што пашпарты, якія трапілі на фотаздымак тэлеграм-канала сілавкіоў – падробленыя. На іх не так напісана назва краіны, як на арыгінальным пашпарце Новай Беларусі.

На пашпарце Новай Беларусі краіна напісана як «Беларусь», а на фота губазікаўцаў — «Рэспубліка Беларусь».

пашпарт новай беларусі

Вячорка упэўнены, што падробку дакумента зрабілі беларускія спецслужбы. «Аблажаліся яны. Нават муляж не могуць зрабіць нармальна», — сказаў Вячорка.

Фота: тэлеграм-канал сілавікоў

Чэрыкаў накрыла чарговая хваля мілітарысцкага ўгару

У Чэрыкаўскім райвыканкаме сабралі чыноўнікаў і вайскоўцаў з усёй Магілёўшчыны для чарговых вучэбна-метадычных заняткаў па пытаннях грамадзянскай абароны.

У мерапрыемстве ўдзельнічаюць старшыні гарадскіх і раённых выканкамаў, сілавікі і ваенныя камісары. У праграме — «арганізацыя і каардынацыя дзеянняў органаў кіравання і сіл тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый», а прасцей кажучы — сцэнары таго, як кіраваць насельніцтвам у выпадку вайны ці іншых надзвычайных абставінаў.

“Сёння мы адпрацоўваем на практыцы парадак дзеянняў тэрытарыяльнай абароны ва ўмовах ваеннага становішча. З кожным годам расце і маштаб такіх мерапрыемстваў, і ўзровень падрыхтоўкі службовых асоб. Нам яшчэ трэба вырашыць шэраг праблемных пытанняў, але галоўная задача застаецца нязменнай — абарона суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі”, — заявіў ваенны камісар Магілёўскай вобласці Віталь Ядзевіч.

Асабліва ён засяродзіў увагу на гатоўнасці органаў мясцовай улады ў выпадку абвастрэння знешнепалітычнай абстаноўкі. Паводле Ядзевіча, такія вучэнні патрэбныя таму, што «ўзмацняецца ваенная актыўнасць у суседніх рэгіёнах, працягваецца канфлікт ва Украіне», а Захад нібыта «вядзе гібрыдную вайну супраць Беларусі». Праўда, у паведамленні аб вучэннях у тэлеграм-канале Mogilevnews няма ні слова пра ўдзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны і выкарыстанне мігрантаў для стварэння напружанасці на мяжы з Еўразвязам.

“Аперацыі КДБ па спыненні дзейнасці замежных агентаў пацвярджаюць, што супраць нас працягваецца эканамічны і псіхалагічны ціск. Расслабляцца нельга”, — палохаў ваенкам і без таго напалоханых чыноўнікаў.

На першы погляд, гучыць лагічна: краіна павінна ўмець абараняцца ў выпадку пагрозы. Але за гэтай «трывожнай рыторыкай» гадамі хаваецца іншая рэальнасць: замест паўнавартаснага развіцця сістэмы грамадзянскай абароны, сховішчаў, запасаў лекаў і прадуктаў — акцэнт робіцца на «ворагаў звонку» і «замежных агентаў».

Пры пастаянным паўторы наратыву «асаджанай крэпасці» на фоне вайны ва Украіне падобныя зборы мясцовых чыноўнікаў — чарговы штрышок жыцця ў мілітарысцкім ўгары, які ўслед за Расіяй накрыў Беларусь.

Фота: Mogilevnews

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Канстанцін Ермаловіч, Віталій Мінкевіч, Ігар Казлоў, Павел Нікіценка, Сяргей Кірыковіч.

Прызнаныя палітзняволенымі.

Праваабарончая супольнасць лічаць іх справы палітычна матываванымі. Яны асуджаныя на закрытых працэсах.

Праваабаронцы настойваюць: разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў на закрытых судовых пасяджэнняў груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку праўдзівасці, дастатковасці, дапушчальнасці доказаў абвінавачвання.

Вадзім Слівінскі

Затрыманы.

Паводле праваабаронцаў нагодай для зняволення стаў бел-чырвона-белы сцяг.

У відэа сілавікоў Слівінскі кажа, што фатаграфаваўся з ім, калі скараў Эльбрус, а таксама ва Узбекістане і Кіргізіі падчас вандровак у горы.

Слівінскаму 38 гадоў. Ён дырэктар ТАА «Муссорт», якое займаецца перапрацоўкай адкідаў. Ён аматар экстрэмальных відаў спорту.

Міхаіл Юрынок

Затрыманы.

Паводле праваабаронцаў нагодай для зняволення сталі сталі татуіроўкі. Пра затрыманне 20-гадовага заўзятара паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Вольга Ялцэвіч

Прысудзілі 2 гады калоніі за аплачванне штрафаў і паслугаў адваката затрыманым пратэстоўцам.

Суд Маскоўскага раёну Брэста 15 ліпеня юрыстку з Докшыцаў прызнаў вінаватай у «фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Ялцэвіч затрымалі 16 снежня 2021 году. 18 студзеня 2022 году праваабарончыя арганізацыі абвясцілі яе палітзняволенай.

Зняволеная мае юрыдычную адукацыю і да затрымання аказвала юрыдычныя паслугі як прыватны прадпрымальнік.


Масавыя затрыманні ў Драгічыне

У руках сілавікоў апынулася больш за два дзясяткі чалавек.

Пра аблаву на мясцовых жыхароў дазналіся праваабаронцы і журналісты.

На працягу некалькіх дзён у райцэнтры забіралі людзей. Большасць затрыманых былі прадпрымальнікамі. Судзілі за непадпарадкаванне і прызначалі штрафы.

Зняволенні ажыццяўляла не мясцовая міліцыя, а сілавікі са сталіцы, настойваюць жыхары райцэнтру.

Сярод затрыманых аказаўся былы намеснік начальніка Іванаўскага РАУС Андрэй Беленькі. З міліцыі ён звольніўся да пратэстаў 2020 году. Яго зямлячак Тамару Падымаку аштрафавалі 30 базавымі велічынямі, а Марына Кіявец атрымала 29.

Вядома, што адну з затрыманых пасадзілі на 15 дзён за непадпарадкаванне міліцыі.

Пра лёс Алены Пуцыковіч, якая адбывае «хатнюю хімію» за два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў невядома.