Чэрыкаў накрыла чарговая хваля мілітарысцкага ўгару

У Чэрыкаўскім райвыканкаме сабралі чыноўнікаў і вайскоўцаў з усёй Магілёўшчыны для чарговых вучэбна-метадычных заняткаў па пытаннях грамадзянскай абароны.

У мерапрыемстве ўдзельнічаюць старшыні гарадскіх і раённых выканкамаў, сілавікі і ваенныя камісары. У праграме — «арганізацыя і каардынацыя дзеянняў органаў кіравання і сіл тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый», а прасцей кажучы — сцэнары таго, як кіраваць насельніцтвам у выпадку вайны ці іншых надзвычайных абставінаў.

“Сёння мы адпрацоўваем на практыцы парадак дзеянняў тэрытарыяльнай абароны ва ўмовах ваеннага становішча. З кожным годам расце і маштаб такіх мерапрыемстваў, і ўзровень падрыхтоўкі службовых асоб. Нам яшчэ трэба вырашыць шэраг праблемных пытанняў, але галоўная задача застаецца нязменнай — абарона суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі”, — заявіў ваенны камісар Магілёўскай вобласці Віталь Ядзевіч.

Асабліва ён засяродзіў увагу на гатоўнасці органаў мясцовай улады ў выпадку абвастрэння знешнепалітычнай абстаноўкі. Паводле Ядзевіча, такія вучэнні патрэбныя таму, што «ўзмацняецца ваенная актыўнасць у суседніх рэгіёнах, працягваецца канфлікт ва Украіне», а Захад нібыта «вядзе гібрыдную вайну супраць Беларусі». Праўда, у паведамленні аб вучэннях у тэлеграм-канале Mogilevnews няма ні слова пра ўдзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны і выкарыстанне мігрантаў для стварэння напружанасці на мяжы з Еўразвязам.

“Аперацыі КДБ па спыненні дзейнасці замежных агентаў пацвярджаюць, што супраць нас працягваецца эканамічны і псіхалагічны ціск. Расслабляцца нельга”, — палохаў ваенкам і без таго напалоханых чыноўнікаў.

На першы погляд, гучыць лагічна: краіна павінна ўмець абараняцца ў выпадку пагрозы. Але за гэтай «трывожнай рыторыкай» гадамі хаваецца іншая рэальнасць: замест паўнавартаснага развіцця сістэмы грамадзянскай абароны, сховішчаў, запасаў лекаў і прадуктаў — акцэнт робіцца на «ворагаў звонку» і «замежных агентаў».

Пры пастаянным паўторы наратыву «асаджанай крэпасці» на фоне вайны ва Украіне падобныя зборы мясцовых чыноўнікаў — чарговы штрышок жыцця ў мілітарысцкім ўгары, які ўслед за Расіяй накрыў Беларусь.

Фота: Mogilevnews

Навіны Мікалаева: Знішчана 42% аб’ектаў культуры, з’явіўся новы сімвал украінскай трываласці

Абстрэлы расійскімі акупантамі Мікалаева і гарадоў вобласці працягваюцца. Толькі за апошнія два дні ад ракет і артылерыі пацярпелі пасяленні Ачакаўскай (на фотаздымку) і Куцурубскай абшчын. Ппашкоджаны жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы – паведамляе korabelov.info.

А ўсяго, па папярэдніх дадзеных, агульная плошча разбурэнняў у Мікалаеве складае больш за 650 000  квадратных метраў. 77% пашкоджанняў прыйшлося на жыллёвы сектар горада.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


42% культурных аб’ёктаў Мікалаеўскай вобласці знішчылі рускія акупанты. Гэта 2-гі паказчык пасля Данецкай вобласці, дзе знішчана 85% – паведамляе Мінкультуры

Пашкоджанні і разбурэнні атрымалі клубныя ўстановы, бібліятэкі, музеі, тэатры, філармоніі, установы мастацкай адукацы і аб’екты культурнай спадчыны.

А гадзіннік усё яшчэ ідзе

Своеасаблівым помнікам расійскіх разбурэнняў і 100%-м новым прэтэндэнтам на сімвал трываласці ўкраінцаў з’яўляюцца рэшткі аднаго з мікалаеўскіх дамоў. У разбураным жылым доме засталіся вісець гадзіннік і дыван. Гадзіннік усё яшчэ ідзе. Адлічвае час да ўкраінскай перамогі.

Нягледзячы на складаную перадфрантавую абстаноўку, на тое, што ў Чорнае мора зайшлі 13 варожых караблёў з агульным залпам у 20 крылатых ракет, у Мікалаеўскую вобласць вяртаюцца жыхары, якія раней з’ехалі ў іншыя рэгіёны. Гэта дае магчымасць фарміраваць з патрыятычных грамадзян новыя батальёны МУС і стралецкія батальёны – пішуць мясцовыя СМІ.

У Мікалаеве адмовіліся ад пераднавагодніх планаў па аднаўлённі школьных заняткаў оф-лайн у бягучым навучальным годзе, але плануюць у канцы красавіка – пачатку мая аднавіць працу дашкольных дзіцячых устаноў.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».